стро́гасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць строгага. Строгасць настаўніка. Строгасць закона. Строгасць ліній. □ І дабрата, і строгасць рыс, І косы, спушчаны ўніз, Што з плеч на грудзі віснуць зграбна, І стужка сіняя ядвабна, І твару ветлага абрыс. Колас.

2. Строгія адносіны да каго‑, чаго‑н., строгае абыходжанне з кім‑н. Сцёпка здрыгануўся, бо запытанне было для яго нечаканым, а ў голасе незнаёмага чалавека .. чулася начальніцкая строгасць. Колас. // Строгі выраз (у позірку і пад.). І не тая яна: гэтая строгасць у позірку [Доні], гэтая беглая стоеная ўсмешка на пахудзелым твары — усё незнаёмае, чужое. Вышынскі.

3. толькі мн. (стро́гасці, ‑ей). Разм. Строгія парадкі, строгія меры. Паліцэйскія строгасці супроць ліберальнага друку ўзмацняюцца не днямі, а гадзінамі. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэ́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ісці, робячы частыя крокі. За .. [Сцяпанам], на пэўнай адлегласці, трымаючы перад сабой белы клуначак з харчамі, дробна тэпала старэнькая Сцяпанава маці. Ракітны. // Уходжвацца з якой‑н. работай; тупаць. [Аня] выйгравала ў часе — пакуль тэпала ў калідоры і кухні Мар’я Андрэеўна. Хадановіч.

2. Ісці, хадзіць наогул. Міця з бацькам выйшлі на парог і доўга стаялі, пазіраючы на чорны шлях, па якім тэпала шэсць няўклюдных фігур. Навуменка. [Незнаёмы:] — Тады давай пайшлі. Бо нам яшчэ тэпаць ды тэпаць. Карпюк.

3. Хадзіць няўпэўнена, пачынаць хадзіць (пра дзяцей). Аднаго разу .. [Галя] паставіла Вадзімку на ножкі, адпусціла рукі, трошкі адышлася, прысела .. і папрасіла: — Вадзічак, хлопчык мой, тэпай да мяне... Сабаленка. Дома пачынаў тэпаць ад крэсла да канапы яшчэ адзін наследнік — Станіслаў. Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Абмішу́ліць, абмішульваць ’ашукаць, падмануць’ (Бяльк.), абмішуліцца ’прыкра памыліцца’ (Юрч. Сін.). Рус. мишуля ’дурань’ звязваецца з уласным імем Міхаіл. Фасмер (2, 631) аспрэчвае версію Ільінскага (ИОРЯС, 20, 3, 76) аб сувязі мишуля з рус. обмихнуться, якое, аднак, у сваю чаргу не мае яснай этымалогіі. Калі бел. абмішуліць утворана як абдзяжуліць, тады яно ўзыходзіць да аб‑міх кантамінацыйнай формы ад бел. абмах ’памылка’ і бел. абвіхнуцца ’памыліцца’ (гл.). Іншая версія можа быць звязана з літ. mišulỹs ’блытаніна думак’ да mìsti ’заблытацца, аканфузіцца’, ’страціць розум’. Тады абмішуліць балтыйскага паходжання. Як аб гэтым сведчыць фанетыка, запазычанне магло адбыцца толькі пасля падзення рэдукаваных. Гэта версія таксама не надзейная, бо застаецца неўдакладненай непасрэдная крыніца запазычання. Трэцяе рашэнне: рускі дублет обмишулить/обмишурить гаворыць аб л/р дублетнасці ў гэтых формах. Тады абмішурыцца, магчыма, да рус. (зах.) мишурис, польск. miszures ’слуга на пастаялым двары’ (< ідыш meszores ’слуга’). Нарэшце, параўн. абмішуліцца ’памыліцца’ і абмішэніцца ’не папасці ў цэль’ (Бяльк., Дабр., Этн.). Апошняе магло кантамінавацца з абакуліць ’ашукаць’. Магчымасць усіх гэтых версій стварае вялікія цяжкасці на шляху вырашэння пытання. Хутчэй за ўсё ў дадзеным выпадку мелі месца надзвычай складаныя кантамінацыйныя працэсы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жарло́ 1, жерло́ ’абжора’ (Нас.). Рус. дыял. свярдл., арханг. жорло́ ’абжора, п’яніца’, лайл. жерло́, жерело́ ’зяпа’. Ст.-рус. жьрло, жерло ’горла’. Назва чалавека — пераносная ад жерло́ ’горла, рот’, ’той, які мае «вялікі» рот’. Параўн. жарло́ 3. Параўн. жарля́ць ’жэрці’ (Нас.): дзеяслоў, утвораны ад жарло́. Параўн. польск. żarło ’ежа’. Прасл. зыходная форма для сучасных форм тыпу жарло́ была *žьrlo або *žьrdlo. Яна, відаць, суадносілася з *žьr‑ti (> жэрці), бо суфікс ‑lo звычайна далучаецца да дзеяслоўнай асновы і ўтварае nomina instrumenti (SP, 1, 103). Параўн. горла, жарало.

Жарло́ 2 ’джала (пчалы)’ (пін., бяроз., Шатал.). Рус. дыял. лаянк. жерло́, жерело́ ’рот’. Назва джала — перанос ад жерло́ ’горла’, ’рот’, засведчанага ў ст.-рус. Гл. жарло́ 1.

Жарло́ 3, жэрло ’крыніца’ (саліг., Нар. словатв., 108; Яшкін). Рус. жерло́ смал. ’адтуліна ў печы’, пск., куйбыш., урал. ’частка рабалоўнай снасці’, урал. ’рот’, пск. ’пратока’, паўд.-зах. крыніца’, алан. ’топкае месца ў балоце’, укр. жерло ’адтуліна ў гармаце, печы, іншых прадметах’, дыял. ’крыніца’, в.-луж. žórło ’тс’, серб.-харв. далм. ждр́ло ’тс’. Гл. таксама іншаслав. паралелі ў артыкуле жарало́. Геаграфічнае значэнне — пераноснае ад першаснага ’рот, горла’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казяло́к 1 ’расліна Tragopogon pratensis’ (Дэмб., Касп.). Дакладная паралель ва ўкр. козелок ’некаторыя віды Tragopogon’. Рус. маск. козёлик і дыял. козелька ’розныя віды казлабародніку’. Здаецца, ёсць падставы лічыць гэту назву ўсх.-слав. Да бел. і ўкр. можна дадаць яшчэ рус. ніжнегар. козелок ’расліна Sonchus oleraceus’. Гэтыя расліны не вельмі падобныя, аднак падабенства можна ўбачыць у істотных дэталях іншай расліны (Sonchus arvensis), апрача таго, можна меркаваць і аб функцыянальным пераносе (ядомыя расліны). Ва ўсякім разе фармальна ўсх.-слав. характар слова рус. прыкладам не столькі даводзіцца, колькі падмацоўваецца, бо няма падстаў лічыць бел. фіксацыі залежнымі ад укр. матэрыялу. Мяркуем, што ў даным выпадку для назвы расліны быў ужыты заонім казялок ’казляня’.

Казяло́к 2 ’жалезная падстаўка ў выглядзе трыножніка’ (карэліц., нясвіж., Нар. словатв.). Укр. козелець ’штатыў у вітушцы’, усх.-палес. козлік, козюлок ’вітушка’, рус. халмаг., арханг. козелок ’некалькі калоў, жэрдак, пастаўленых разам у шацёр’, арханг. козёл (козлы) ’бярвенні, пастаўленыя ў піраміду для прасушкі’, козла ’трыножнік з жэрдак, палак для вогнішча’ (перм.); бел. канкрэтная (мясцовая) рэалізацыя, магчыма, усх.-слав. тэрміна для розных невялікіх перакрыжаваных (козлы) канструкцый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́печ 1, прі́печь, пры́печак, пры́пэчэк, пры́пэчка, прэ́пічок, прі́пачак, пры́печча, пры́пяшнік ’прыпек’, ’выемка для вуголля, попелу ў печы’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., Янк. 1, Янк. 2, Ян., Стан., Растарг., Шат., ЛА, 4). Рус. при́печь, припе́чек, припе́чье ў аналагічных значэннях, укр. припі́чок ’прыпек; ляжанка на печы’, польск. przypiecek ’ляжанка на печы’. Прэфіксальная (пры́печ) і конфіксныя (пры́печак і пад.) дэрываты ад печ (гл.).

Пры́печ 2 ’пясчаныя берагі; пляж’ (Жучк., Стан.), ’пясчаны спадзісты бераг’, ’пясчаны нанос каля берага ракі’ (Яшк.); відаць, сюды ж прыпічак ’тоня (участак вадаёма)’ (віл., Сл. ПЗБ), пры́печок ’абрыў’ (ТС), ’выступ (не абавязкова каля печы)’ (Ян.). Рус. пск. при́печь ’пясчаны бераг ракі (без расліннасці)’, ’пясчаны нанос’, волжск. ’уступ, прыпечак на дне ракі ўздоўж берага’. Этымалагічна тое ж, што і прыпеч 1, першапачаткова ’абрыў, спадзісты бераг у выглядзе прыпечка’. Інакш Куркіна (Этимология–1985, 15), якая лічыць, што ў падобных утварэннях, параўн. яшчэ рус. опе́чь ’пясчаная мель у рацэ’, опе́чек ’вал пяску, каменняў, намыты вадой’, захоўваецца першапачатковае значэнне *pektь ’скала, камень’ (гл. печ, пячына), бо прымітыўная печ мела форму ачага, складзенага з каменняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расе́я ’Расія, Вялікаросія’ (Байк. і Некр.); сюды ж Расейшчына ’тс’, расе́йскі ’расійскі, рускі’ (Байк. і Некр.), росе́йка ’прыежджая з Расіі’ (ТС). Параўн. рус. дыял. Росе́я, сіб. росе́ец, росе́йцы ’людзі, прышлыя з цэнтральнай Расіі’. Магчыма, запазычана з рускіх дыялектаў, а не праз пісьмовыя крыніцы, бо ў апошніх амаль не сустракаецца, не выключае і самастойнае ўтварэнне. Не нясе абражальнай семантыкі. Лічылася на Русі першасным, “народным” словам у адрозненні ад штучнай назвы Расія (Россия), што распаўсюджваецца ў Масковіі з пачатку XVI ст. як слова высокага стылю непасрэдна пад уплывам грэч. Ρως, Ρωσσία ў асяроддзі, дзе валодалі грэчаскай мовай, з патрыяршай канцылярыі ў Канстанцінопалі (Фасмер, 3, 505). Чаргаванне е/і, імаверна, залежыла ад націску і адпавядала фанетычнаму чаргаванню, пазней знікламу, параўн. Еўла́мпія — Лампе́я, рус. ли́лия — бел. ліле́я, падобна, як Індыя — індзеец, маглі ўтварыцца асабовыя формы Расія — расе́ец, расе́йка; параўн. таксама варажы́ць — варожэ́я, варажэ́йка, падары́ць — падарэ́йка ’жабрак’ і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 36, 37). Пэўнай мадэллю маглі паслужыць жаночыя імёны тыпу Саламея, Пелагея, Надзея, суадносныя з мужчынскімі імёнамі на ‑ей, накшталт Цімафей, Аляксей. Гл. падрабязней Кур’ян, Роднае слова, 2005, 4, 24.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руно́ 1 ’шэрсць авечкі’ (ТСБМ), ’воўна з адной авечкі’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС), ’воўна з ягнят і маладых авечак’ (малар., Сл. Брэс.), ’неразабраная воўна з авечкі’, ’пух у качкі’ (ТС), ру́на ’шэрсць’ (Касп.), ’воўна з адной авечкі’, ’скрутак воўны’ (Сл. ПЗБ, Нас.), ст.-бел. руно ’адзінка колькасці воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ру́но, рус. руно́, польск. runo, чэш. rouno, славац. rúno, славен. rúno, серб.-харв. ру́но, балг. ру́но, макед. руно, ст.-слав. руно. Прасл. *runo [< *rou̯‑no] ’воўна на целе авечкі; скура авечкі з воўнай’ — вытворнае з суфіксам ‑no ад таго ж кораня, што і рваць < прасл. *rъvati з карнявым вакалізмам, як у літ. ráuti ’рваць, вырываць, скубці’, лат. raût ’вырываць, дзерці’. Прасл. *runo першасна — ’тое, што вырвана, выскубана’ > ’воўна, выскубаная з авечкі’, бо калісьці воўну бралі, выскубаючы яе з авечкі. Параўн. лац. vellus ’авечая воўна’ ад vellō ’рву, вырываю, скубу’ (Борысь, 527–528; Міклашыч, 284; ESJSt, 13, 783; Глухак, 534).

Руно́ 2 ’густая рунь’ (ТС), ру́на (ру́но) ’пушыстая зелень на засеяным полі’ (Нас.), укр. ру́но ’усходы’, рус. руно́ ’пучок хмелю з карэннаму. Гл. рунь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіння́ 1 ‘парнакапытная млекакормячая жывёліна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, Пятк. 2), свіня́ ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Цых.) свінья́ ‘тс’ (ТС). Укр. свиня, рус. свинья́, ст.-рус. свинья, польск. świnia, в.-луж. swinjo, н.-луж. swinja, чэш. svině, славац. sviňa, серб.-харв. сви́ња, славен. svínja, балг. свиня́, макед. свиња. Прасл. *svinьja, дэрыват ад прыметніка ж. р. *svini < прасл. *svinъ (гл. свіны), якому адпавядае лац. suīnus ‘свіны, свінячы’. Паводле Крэтава (Этимология–1994–1996), адбылася падвойная субстантывацыя: спачатку прыметніка *svinъ, ад якога пры дапамозе суф. ‑ьj‑ утвораны прыметнік свин‑ьj‑, субстантывацыя якога ў ж. р. дала назоўнік свинья. Гл. Фасмер, 3, 579; Слаўскі, SP, 1 , 84; Шустар-Шэўц, 1387–1388; Борысь, 623; Сной₁, 624; БЕР, 6, 551. Агляд апошніх меркаванняў гл. Жураўлёў, Язык и миф, 383–384.

Свіння́ 2 ‘скляпенне ў печы’ (Мат. Маг. 2, Мат. Гом.), свы́нка, свэ́нка ‘частка дымахода паміж чалеснікамі і комінам’ (Сл. Брэс., Шушк.). Відавочна, ад свіння 1, параўн. рус. дыял. свинья́ ‘частка дымахода на гары, якая злучае печ з комінам’, інакш бо́ров, бо напамінае ляжачую свінню, параўн. таксама кабыла 2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смуро́д ‘непрыемны, агідны пах’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Касп., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), смо́рад ‘тс’ (Нас., Бяльк., Ласт., Байк. і Некр.), сюды ж смуро́д, сморо́д ‘чорныя парэчкі’ (ТС), смуро́да ‘тс’ (Бяльк.), смуро́ды ‘тс’ (Касп., Нік. Очерки). Укр. смо́рід, рус. смо́род, стараж.-рус. смородъ, польск. smród, в.-луж. smród, н. -луж. smrod ‘смурод; кал; чаромха’, чэш., славац. smrad, серб.-харв. смра̑д, славен. smrȃd, балг. смра́д, макед. смрдеа, ст.-слав. смрадъ. Прасл. *smordъ (іншая ступень чаргавання ў смярдзець, гл.) дакладна адпавядае літ. smárdas ‘смурод, агідны пах’, лат. smar̂ds ‘пах’, smarda ‘пах; апетыт; жаданне’, гоц. smarna ‘кал’, грэч. μορύσσω ‘рабіць чорным, пакрываць сажай, копаццю’; гл. Фасмер, 3, 691–692; Махэк₂, 561–562. Галосны ‑у‑ ў першым складзе тлумачыцца ўплывам кораня смур‑/хмур‑ (параўн. рус. пасмурный ‘пахмурны’), а таксама польск. smród. Фанетычная змена о > у, што сустракаецца ў некаторых дыялектах, не можа вытлумачыць такі пераход, бо ў час такой змены корань павінен быў гучаць як *smaród‑ (Векслер, Гіст., 115). Сной₂ (563) разглядае *smordъ як дэвербатыў ад прасл. *smorditi (параўн. польск. smrodzić), каузатыўнага дзеяслова ад прасл. *smŕ̥děti ‘смярдзець’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)