«СОЦИАЛИ́СТ-РЕВОЛЮЦИОНЕ́Р»,

газета Мінскага абл. к-та партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Выходзіла з 23.10 да 19.12.1917 у Мінску на рус. мове штодзённа. Прытрымлівалася правай плыні партыі эсэраў. Змяшчала звароты ЦК, артыкулы парт. дзеячаў, перадрукоўкі з газ. «Дело народа», паведамляла пра парт. рух сярод вайскоўцаў. Друкавала адозвы А.​Ф.​Керанскага, ЦК і фракцыі эсэраў, 2-га Усерас. з’езда Саветаў, К-та выратавання рэвалюцыі Зах. фронту і інш. Выступала ў абарону дэмакр. свабод, за наданне паўнамоцтваў Устаноўчаму сходу ў вырашэнні праблем рас. грамадства, у падтрымку дзяржаўнасці Беларусі, земскага і гар. самакіравання, салдацкіх, сял. і рабочых арг-цый. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць у Мінску 2-га франтавога, 3-га сял., Усебел. і інш. з’ездаў, справаздачы аб пасяджэннях Аблвыкамзаха, паведамленні на тэмы агульнарас. і бел. жыцця, нарысы, вершы. Закрыта 19 снеж. загадам СНК Зах. вобласці і фронту. Выйшла 48 нумароў.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 15, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРА́САЎ Вячаслаў Аляксеевіч (17.10.1938, г. Растоў Яраслаўскай вобл., Расія — 20.1.1997),

бел. мастак. Скончыў Маскоўскі тэкстыльны ін-т (1962). Працаваў у Рэсп. доме мадэлей у Мінску (1963—70), Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (1971—75), з 1976 на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў спектаклі «Пэпі — доўгая панчоха» (1970) і «Новыя прыгоды Карлсана» (1973) паводле А.​Ліндгрэн, «Зялёная птушка» К.​Гоцы, «Авадзень» Э.​Л.​Войніч (абодва 1972), «Дзяўчына і красавік» Т.​Ян (1971) і інш. Мастак мультфільмаў «Папяровая казка» (1976), «Светлячок і расінка» (1978), «Казка пра вясёлага клоуна» (1980), «Песня пра зубра» (1982), «Каўбойскія гульні» (1986) і інш. Працаваў таксама ў кніжнай графіцы (ілюстрацыі да твораў В.​Вольскага, К.​Кірэенкі, Лопэ дэ Вэгі, Ю.​Свіркі, А.​Твардоўскага, А.​Сімурава і інш.), станковым жывапісе («Салдаты», «Юнацтва», «Зялёны луг», «Акно», «Дзяцінства» і інш.).

В.Тарасаў. Ілюстрацыя да кнігі «П’есы» Лопэ дэ Вэгі. 1981.

т. 15, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДЗЬКА Дамінік Цэзары (1800, б. маёнтак Яварова Віленскага пав. — 1863),

бел. фалькларыст, этнограф, літаратар. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Чл. т-ва філарэтаў. Зблізіўся з Я.​Чачотам, Т.​Занам. Чл. Віленскай археалагічнай камісіі. Настаўнічаў у Вільні, на Случчыне. Апублікаваў успаміны і нататкі пра жыццё і дзейнасць К.​Брадзінскага (1845), Я.​Ходзьку (1858), Л.​Бароўскага, Ю.​Крашэўскага і інш., урывак са «Збору некаторых успамінаў... да гісторыі Віленскага ун-та. I. Віленская акадэмія ў часы езуітаў» (1862). Збіраў і апрацоўваў бел. вусную нар. творчасць. Аўтар працы пра рэкі Беларусі і Літвы (рукапіс перадаў Віленскай археал. камісіі). Супрацоўнічаў з А.​Кіркорам, Я. і К. Тышкевічамі. Распрацаваў біяграфію З.​Даленгі-Хадакоўскага і надрукаваў яе ў польскай энцыклапедыі Я.​Глюксберга, потым у час. «Athenaeum» («Атэнэум», 1842, т. 1, 4) і «Teka Wileńska» («Віленскі зборнік», 1857, № 2).

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 17, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ́НКУ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць цынк у ступені акіслення +2. Найб. шырока выкарыстоўваюць цынку аксід, а таксама сульфат ZnSO4, сульфід ZnS і хларыд ZnCl2.

Цынку сульфат — бясколерныя крышталі, раствараецца ў вадзе. З раствораў крышталізуецца гептагідрат ZnSO4∙7H2O — цынкавы купарвас (у прыродзе мінерал гасларыт). Атрымліваюць узаемадзеяннем цынку або яго аксіду з сернай к-той. Выкарыстоўваюць у вытв-сці віскозы, як мікраўгнаенне, кампанент электраліту пры атрыманні цынку электролізам і цынкаваннем, пратраву пры фарбаванні тканін, адбельвальнік паперы і інш. Цынку сульфід — бясколерныя крышталі; не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў мінер. к-тах. У прыродзе мінералы сфалерыт і вюрцыт. Выкарыстоўваюць сінт. ZnS як люмінафор для экранаў электронна-прамянёвых і рэнтгенаўскіх трубак, кампанент літапону, паўправадніковы матэрыял. Цынку хларыд — бясколерныя, вельмі гіграскапічныя крышталі, добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць як антысептык для драўніны, кампанент травільных раствораў і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 17, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАХО́ВІЧ (Чаховіч-Ляхавіцкі) Зыгмунт Бярнардавіч

(19.8.1831, в. Сурвілішкі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.10.1907),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. Скончыў Віленскі дваранскі ін-т (1851), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Дэмакрат, прыхільнік партыі «чырвоных». У 1862—63 чл. Літоўскага правінцыяльнага камітэта, паплечнік К.​Каліноўскага па падрыхтоўцы і кіраўніцтве паўстаннем. Пасля ліквідацыі к-та экспедытар (загадваў канспіратыўнымі сувязямі) пры Аддзеле кіраўніцтва правінцыямі Літвы і Выканаўчым аддзеле Літвы. 31.7.1863 арыштаваны і засуджаны на 12 гадоў катаргі, якую адбываў у Нерчынскіх рудніках. Пасля жыў у маёнтку Бясяды Вілейскага пав. (цяпер Лагойскі р-н), дзе з ім пазнаёміўся і карыстаўся яго вял. бібліятэкай малады Я.​Купала. Вобраз Ч. гэтага перыяду адлюстраваны ў п’есе У.​Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц».

Літ.:

Киселев Г. Бесядские пути-дороги // Неман. 1984. № 3.

Г.​В.​Кісялёў.

З.Б.Чаховіч.

т. 17, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРКЕ́ВІЧ Сяргей Пятровіч (14.12.1910, Баку — 27.1.1985),

расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў муз.-тэатр. студыю ў Харкаве (1930). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1934—37). З 1930 працаваў у т-рах Чарнігава, Кіева, Новакузнецка, з 1952 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. і характарных роляў. Яго творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў сутнасць характараў, мастацтва пераўвасаблення, тонкі гумар. Найб. значныя ролі ў Брэсцкім т-ры: Дзяржынскі, Траўбе («Брэсцкі мір», «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Дзед, Камендант, дзед Цыбулька («Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Чарнавус («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Галутвін («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Жавакін («Жаніцьба» М.​Гогаля), Пярчыхін («Мяшчане» М.​Горкага), Худзякоў («Характары» паводле В.​Шукшына), Дулітл («Пігмаліён» Б.​Шоу). Здымаўся ў кіно.

Р.​М.​Бакіевіч.

т. 18, кн. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАЎЧЫК Клімент Марцінавіч (1898, в. Свіслач Гродзенскага р-на — 5.7.1941),

бел. і рускі паэт, перакладчык. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя Брусава ў Маскве (1925). Адзін з ініцыятараў-заснавальнікаў асацыяцыі па вывучэнні бел. маст. л-ры пры Цэнтр. бел. клубе ў Маскве. Пісаў вершы (публ. ў газетах і часопісах Масквы і Ленінграда); часта пад псеўд. К.​Кундзіш. Пераклаў на рус. мову аповесці Я.​Коласа «У палескай глушы» (1929), «Аповесці і апавяданні» (1929), раман «Язэп Крушынскі» (1931) З.​Бядулі, аповесць «Спалох на загонах» (1933) і раман «Праз гады» (1935) П.​Галавача, зб. апавяданняў «На зломе» Я.​Нёманскага (1930), асобныя творы Ц.​Гартнага, М.​Чарота, К.​Чорнага. Аўтар крытычных артыкулаў пра паэзію Ц.​Гартнага, А.​Александровіча (1927), у якіх не пазбег памылковых ацэнак і перагібаў у характарыстыцы творчасці пісьменнікаў.

А.​П.​Цыхун.

т. 18, кн. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШЧЭ́ПКАЎ Павел Кандратавіч (24.6.1908, в. Зуевы Ключы, Удмурція, Расія — 1.12.1992),

расійскі фізік; вынаходнік радыёлакатара, інтраскапіі і энергаінверсіі. Д-р тэхн. н. (1958). Засл. дз. нав. і тэхн. Расіі. Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1931). З 1932 служыў у войсках ПВА, распрацаваў тэорыю радыёлакацыі, у 1934 выпрабаваў першы ў свеце радыёлакатар (з 1937 іх пастаўлялі ў часці ПВА Чырв. Арміі). У 1937—47 рэпрэсіраваны (арыштаваны па лжывым абвінавачанні па «справе М.​М.​Тухачэўскага»). З 1947 нач. лабараторыі НДІ Мін-ва абароны СССР, з 1954 дырэктар Ін-та інтраскапіі. У 1967—92 кіраваў створаным ім ін-там Энергетычнай інверсіі (пасля смерці А. носіць яго імя).

Тв.:

Жизнь и мечта. М., 1984.

Літ.:

Алексеенко С. Электронные глаза земной цивилизации: (К 90-летию рождения изобретателя радиолокации П.​К.​Ощепкова) // Свет. 1998. №6.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 18, кн. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каменсалі́зм

(ад фр. commensal = сатрапезнік, ад лац. com = сумесна + mensa = стол)

форма сумеснага жыцця жывёл розных відаў, пры якой адзін арганізм жыве за кошт другога, не робячы яму шкоды (напр. рыба-прыліпала на целе акулы); к. больш блізкі да сімбіёзу, чым да паразітызму 1.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

карка́с

(фр. carcasse = шкілет)

1) касцяк якога-н. збудавання, канструкцыі, які складаецца з асобных змацаваных паміж сабой элементаў (напр. к. карабля);

2) дрэва сям. ільмавых, пашыранае на Каўказе, у Крыме і Сярэд. Азіі; цвёрдая драўніна гэтага дрэва ідзе на выраб духавых інструментаў; каменнае дрэва.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)