ЧАХО́ВІЧ (Чаховіч-Ляхавіцкі) Зыгмунт Бярнардавіч

(19.8.1831, в. Сурвілішкі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.10.1907),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. Скончыў Віленскі дваранскі ін-т (1851), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Дэмакрат, прыхільнік партыі «чырвоных». У 1862—63 чл. Літоўскага правінцыяльнага камітэта, паплечнік К.​Каліноўскага па падрыхтоўцы і кіраўніцтве паўстаннем. Пасля ліквідацыі к-та экспедытар (загадваў канспіратыўнымі сувязямі) пры Аддзеле кіраўніцтва правінцыямі Літвы і Выканаўчым аддзеле Літвы. 31.7.1863 арыштаваны і засуджаны на 12 гадоў катаргі, якую адбываў у Нерчынскіх рудніках. Пасля жыў у маёнтку Бясяды Вілейскага пав. (цяпер Лагойскі р-н), дзе з ім пазнаёміўся і карыстаўся яго вял. бібліятэкай малады Я.​Купала. Вобраз Ч. гэтага перыяду адлюстраваны ў п’есе У.​Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц».

Літ.:

Киселев Г. Бесядские пути-дороги // Неман. 1984. № 3.

Г.​В.​Кісялёў.

З.Б.Чаховіч.

т. 17, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)