«СОЦИАЛИ́СТ-РЕВОЛЮЦИОНЕ́Р»,
газета Мінскага абл. к-та партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Выходзіла з 23.10 да 19.12.1917 у Мінску на рус. мове штодзённа. Прытрымлівалася правай плыні партыі эсэраў. Змяшчала звароты ЦК, артыкулы парт. дзеячаў, перадрукоўкі з газ. «Дело народа», паведамляла пра парт. рух сярод вайскоўцаў. Друкавала адозвы А.Ф.Керанскага, ЦК і фракцыі эсэраў, 2-га Усерас. з’езда Саветаў, К-та выратавання рэвалюцыі Зах. фронту і інш. Выступала ў абарону дэмакр. свабод, за наданне паўнамоцтваў Устаноўчаму сходу ў вырашэнні праблем рас. грамадства, у падтрымку дзяржаўнасці Беларусі, земскага і гар. самакіравання, салдацкіх, сял. і рабочых арг-цый. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць у Мінску 2-га франтавога, 3-га сял., Усебел. і інш. з’ездаў, справаздачы аб пасяджэннях Аблвыкамзаха, паведамленні на тэмы агульнарас. і бел. жыцця, нарысы, вершы. Закрыта 19 снеж. загадам СНК Зах. вобласці і фронту. Выйшла 48 нумароў.
М.Я.Сяменчык.
т. 15, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)