Сцаць ’выдзяляць мачу’ (Нас., Сержп. Прымхі), сцяць ’тс’ (ашм., Стан.), сца́цца ’мачыцца пад сябе’ (Нас.; ашм., Стан.). Укр. сця́ти, рус. сцать, польск. szczać, в.-луж. ščeć, н.-луж. scaś, šcaś, чэш. scáti, славен. scáti, серб.-харв. старое і дыял. ścati, ст.-слав. сьцати ’тс’. Прасл. *sьcati < *sьkati у выніку трэцяй палаталізацыі; сюды ж стараж.-рус. сьчь ’мача’, ц.-слав. сьчь, серб.-харв. са̏ч, славен. sə̀č ’тс’; гл. Фасмер, 3, 815–816. Першапачаткова ’выдзяляць вадкасць, пушчаць сокі’ (Борысь, Etymologie, 54). Да і.-е. кораня *sei̯k‑ ’выліваць; цячы’ (Борысь, 594). Гл. яшчэ Махэк₂, 538; Глухак, 541; Шустар-Шэўц, 1408; ЕСУМ, 5, 492; параўн. сі́каць. Сюды ж сца́кі ’мача’, сцо́ха перан. ’сварлівая жанчына’, сцулі́ ’мача’, сцуль, сцу́лля ’той, хто мочыцца пад сябе’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарас1, ст.-бел. тарасъ ’рухомае абложнае прыстасаванне; заслону’ (1568 г., КГС), ’заслона; турма’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. та́ра́с ’хмызняк; галлё для гаці’, рус. та́рас ’апора’, ст.-рус. тарасъ ’рухомае прыстасаванне пры аблозе’, польск. taras ’штучны насып; тэраса; вежа, турма’. Выводзяцца праз польскую мову з с.-в.-ням. tarraz ’земляны насып’, франц. terrasse ’тс’ з нар.-лац. *terrācea ад лац. terra ’зямля’ (Брукнер, 565; Булыка, Лекс. запазыч., 190; Трубачоў, Дополн., 4, 23; ЕСУМ, 5, 521; Махэк₂, 636). Параўн. тэраса, гл.

Тара́с2 ’пра жанчыну або дзяўчыну, што сваім выглядам або паводзінамі падобна да мужчыны’ (мазыр., Грыгор’еў, вусн. паведамл.). Да мужчынскага імя Тарас (< грэч. Τεράσιος), магчыма, пад уплывам Кур’ян (Бірыла, Бел. антр. 2), суадноснага з кур’ян ’курыца з прыкметамі пеўня’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́лезны ’такі вялікі, такі шматлікі’ (Ласт., Некр. і Байк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з суф. ‑(е)зн‑, параўн. велічэ́зны, вялі́зны (гл. вялікі), што ўзыходзіць да прасл. *toli, *tolě ’так, столькі’, параўн. укр. дыял. толь ’тс’, тіль ’трохі, не надта многа’, рус. дыял. то́ли, толь ’столькі, настолькі’, стараж.-рус. толи ’потым, і, а’, польск. tyle ’так многа’, дыял. toli ’вось, толькі, а як жа’, чэш. дыял. toli ’столькі, так многа’, н.-луж. toli ’таму што’, a toli ’ўсё ж, аднак, тым не менш’, славен. toli ’так, столькі’, старое серб.-харв. toli, tolje ’настолькі, так’, ст.-слав. толи, толь ’столькі, настолькі’. Спалучэнне дэманстратыўнага займенніка *to з часціцай *li, суадноснае з літ. tõlei ’да таго часу’ і роднаснымі tõl, tolì ’далёка’ (ESSJ SG, 2, 675; Фасмер, 4, 70; Шустар-Шэўц, 1514).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казадро́ст ’расліна Anemone nemorosa (казадрост белы)’, казарост ’расліна Anemone ranunculoides’ і ’Anemone nemorosa’, ’расліна Veronica beccabunga’ (Кіс., фіксацыі Аненкава, Верас і Кісялеўскага з захаду і поўначы Беларусі’). Укр. раст, раст білий, расць, раст зазулин ’Anemone nemorosa’ (Верхратскі, Жэляхоўскі–Нядзільскі і інш.). Можна меркаваць, што тэрыторыя, дзе сустракаецца назва, зах.-укр. раст, растик, расть, раст ’Scilla autumnalis’, раст, расть ’Primula officinalis’, ласт, раст, рост, росторопша ’Aristolochia clematis’, раст, рапа білий, бычий, расть, ряст ’Corydalis cava’, ряс жовтий ’Corydalis marschalliana’, ряс, ряска, раст, ряст ’Corydalis solida’, рус. дыял. раст ’Primula veris; Primula officinalis; Aristolochia rotunda’, рост ’Tulipa Gessnericma, ростика ’Scilla cernua’, магчыма, арханг. дрозд ’Ranunculus anricomus’, чэш. kozi dříst ’расліна Anemone nemorosa’ (сілез., паводле Котта). Даль прыводзіць таксама козий‑ростъ, козья‑ростъ, козья‑морда ’расліна Veronica beccabunga’, паводле даных СРНГ, 14, 64, яны зафіксаваны акадэмічным слоўнікам 1847 г. Сувязі з каза1 бясспрэчныя. На ўсходзе толькі адна форма (рус. дыял. козий рост), якую можна ўпэўнена суаднесці з бел. словамі. На жаль, тэрыторыя рус. слова не адзначана і цяжка меркаваць аб характары сувязей бел. і рус. лексем. Рус. форма тэарэтычна можа з’яўляцца поўнай і першапачатковай, а можа ўяўляць сабой спробу «праэтымалагізаваць» незразумелае казадрост. Калі прыняць версію, што казарост складанае слова (каза + рост), цяжка вытлумачыць, як магло ўтварыцца такое слова: па беларускіх крыніцах слова рост, раст у назвах раслін не адзначаецца. Можна меркаваць, што гэтыя словы маглі трапіць у гаворкі з перасяленцамі. У такім выпадку верагодна, што слова не вытрымала канкурэнцыі з мясцовымі казелец, кураслеп, курыная слепата і іншымі назвамі гэтых раслін, аднак па мадэлі кураслеп у гэты час было ўтворана і казарост. Казадрост, такім чынам, неабходна разглядаць або як з нерэгулярным устаўным ‑д‑, або як уплыў іншага слова (гл. вышэй). Той факт, што назва казарост і рост адносіцца да розных раслін, можа тлумачыцца іх роднаснасцю паводле народнай наменклатуры (знешняе падабенства, функцыянальная адэкватнасць) або пераносам (розныя адзнакі: вясеннія расліны, аднолькавы колер кветак і інш.). Іншая назва расліны казялец (гл.) вядомая на поўначы славянскага свету і ў сувязі з казёл сумнявацца не прыходзіцца. Лексемы рост, раст, ряст і інш. па геаграфіі гэта ўсх.-слав. (укр. і, відавочна, рус., пра бел. матэрыял нельга пакуль што нічога сказаць) утварэнне, магчыма, да рости (гл. рост). Вяртаючыся да этымалогіі слова казадрост, можна адзначыць, што на магчымасць яшчэ адной версіі ўказвае зафіксаванае ў цэнтральным Палессі конодрок ’Anemone nemorosa’. Статус слова няясны; не выключныя, што яно ўтварае самастойны арэал (працяг або рэшткі зах.-бел. арэала, дзе ведалі слова). Аднак сама фіксацыя вельмі каштоўная, паколькі пацвярджае законнасць злучэння ‑др‑ у іншых формах і вымушае шукаць сувязі з раслінамі, якія носяць назву дрок, дрост, хоць, магчыма, і не з’яўляюцца блізкімі да Anemone, як вышэй разгледжаныя расліны. Лексему дрост можна суаднесці з в.-луж. drěst ’расліна Potamogeton’, dróst ’Bigens tripartitus’, drósinika ’Potamogeton’, н.-луж. drest, drost, што пацвярджае як архаічнасць гэтай формы, так і значэнне ’расліна Polygonum і падобныя да яе’. Этымалогія гэтых слоў няпэўная: Мяркулава (Очерки, 42) прапануе: *derstъ, *dersьnъ, *drestъ, *dresьnъ, якія да прасл. dristati, параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 3, 168–169; Махэк, Jména rostl., 86–87, 262. Трубачоў (Эт. сл., 5, 110) пад прасл. *drestъ прыводзіць побач з чэш., славац., в.-луж., н.-луж., польск. рус. і інш. адпаведнікі бел. дрост ’расліна Poligonum nodosum’. Там жа звяртаецца ўвага на тое, што, нягледзячы на шматлікія пераўтварэнні формы, найбольш верагодным неабходна лічыць тлумачэнне Мяркулавай. Такім чынам, можна вытлумачыць форму бел. казадрост, рус. козий рост, чэш. kozídříst, аднак цяжка высветліць паралельную назву казарост. Не выключана, што трэба разумець гэту форму як другасную ў выніку зацямнення ўнутранай формы, аднак, магчыма, што менавіта разуменне ўнутранай формы прыводзіла да «эўфемістычнай» карэкцыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Какалю́ка ’кій з самаробнай папярочкай’ (Дразд.). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Бел. слова знаходзіцца ў празрыстай сувязі з клюка ’тс’, параўн. рус., укр. клюка ’тс’ прасл.: в.-луж. kluka ’крук’, серб.-харв. кљу̏ка ’крук і інш.’ і г. д. Галосны ‑а‑ ў другім складзе ў выніку праяснення прыгуку (у форме каклюка) або, што не выключана, указвае на ўплыў іншай лексемы (тыпу какоўка ’папярочка’). Аналагічнае рус. пск. коколячка ’драўляны цвік, на які вешаюць умывальнік’, аднак відавочна, што калі галосны ‑(j)а‑ тут быў і ў зыходнай лексеме, генезіс яго іншы. Можна думаць, колячка адпавядае таксама пск. колка ’драўляны цвік, на які вешаюць шапкі, рушнікі і да т. п.’, дэмінутыў ад кол, параўн. бран., смал., кур. і інш. колок ’драўляны цвік у якасці вешалкі’. Калі гэта так, пск. слова ўтворана хутчэй за ўсё рэдуплікацыяй першага складу.’ Верагодна думаць і пра архетып кляч‑ (кокляч‑), параўн. кастр. клячик ’маленькі клін, драўляны гваздок’, ярасл. ’драўляная палачка, на якой вісіць аўчына, калі яе мнуць’. Пры такім тлумачэнні і бел. і пск. словы, як аналагічныя па ўтварэнню (коклюка, коклячка), можна параўнаць з рус. коклюха ’палка, дубінка’, коклюшка (паўдн.-урал.) ’папярочка ў лапаце’, аднак, рус. паралель патрабуе агаворкі. Па сутнасці, толькі адзінкавыя значэнні рус. коклюха (форма наогул рэдкая), коклюшка суадносяцца з семемамі, адзначанымі ў клюка, клюшка. Параўн. коклюшка ’палкі; рукаятка, верхні канец якой зроблены шыйкай з перахватам; верацяно з пражай; цэўка ў кроснах; карункі; вузел, якім сцягваецца пасярэдзіне перавясла і да т. п.’ і клюка, клюха ’дарожная палка, посах; качарга, крук; палка з загнутым канцом і інш.’, ключка ’невялікая палка або мыліца з загнутым верхнім канцом’, клюшка ’палка з загнутым канцом; качарга; драўляныя жэрдкі з загнутымі канцамі, якія падтрымліваюць латок у даху; дзерава, вырубленае з коранем і інш.’, гл. падрабязней СРНГ, 14, 88–89; 13, 319–320, 326–327. Падобныя недакладнасці вымушаюць сумнявацца ў прапанаваным яшчэ Мацэнаўэрам чляненні ко‑клюха, аднак і для версіі кокл‑юва за адзінкавымі прыкладамі (параўн. астрах. кокляк ’камень, кусок дрэва, качарга і да т. п. на дне рэчкі, за якія можа зачапіцца вудачка’) нельга знайсці падтрымку. Старыя параўнанні Праабражэнскага, 1, 331, з літ. kãklas ’шыя’, грэч. κύκλος ’круг, калясо’ ўяўляюцца таксама мала верагоднымі. Да бел. і пск. слоў яўна далучаецца і алан., арханг. коклёвка, коллевка (апошняя форма не вельмі надзейная, гл. СРНГ, 14, 88) ’палка з крывым верхнім канцом для апоры; кульба (звычайна ў старцаў), аднак нельга не адзначыць, што і тут вычляненне другой часткі слаба пацвярджаецца семантычна, — рус. калуж., пск. клёвка ’матыга, молат’, іншыя варыянты толькі ўскосна дазваляюць меркаваць аб сувязі гэтых слоў і вычлененай часткі клевка. Апрача гэтага, не вельмі ясна і з’яўленне ко‑ ў разгдядаемых словах, паколькі ўмоў для рэдуплікацыі быццам бы няма. Таму тут нельга выключыць уплыў лексікі з блізкай семантыкай, у структуры якіх аналагічная першая частка (ко‑) з’яўляецца заканамернай. Фасмер (2, 282) меркаваў аб прэфіксе ко‑ ў адносінах да рус. коклюха, але як у тым выпадку, так і ў дачыненні да бел. слова такую версію нельга прыняць, паколькі гэта лексіка не з’яўляецца тыповай у шэрагу ўтварэнняў з такім суфіксам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калужа́нка, калу́жынка ’кошык’ (Мат. Гом.). У іншых беларускіх крыніцах не адзначаецца, аднак сумнявацца ў дэфініцыі як быішам няма прычыны, няглсдзячы на непераканаўчыя ілюстрацыі. Параўн.: «Ой якія добрыя яблыкі стаяць у калужанцы. У цябе новая калу́жынка такая харошчая» (Мат. Гом., 199). Нягледзячы на супадзенне фармальна і па акцэнтуацыі з калужына. ’лужына’ суаднесці гэтыя лексемы, як здаецца, нельга. З магчымых паралелей звяртаюць на сябе ўвагу адзначанае Далем рус. усх.-сіб. калуга ’кошык, кашолка’ і больш блізкае фармальна тамб. калужка ’драўлянае самаробнае выдзеўбніце блюда’. Не выключана, што сюды неабходна аднесці і арханг., халмаг. калуга ’драўляная скрыня, рыбнік з прарэзамі, зроблены ў выглядзе лодкі, які выкарыстоўваецца для перавозкі жывой рыбы па вадзе’; на гэту рэалію назва магла перайсці з больш даўняга плеценага вырабу. У такім выпадку’, нягледзячы на іншую суфіксацыю, гэты прыклад неабходна кваліфікаваць як больш дакладны адпаведнік у параўнанні з калужка ’драўлянае блюда’. Апошнюю лексему, відаць, неабходна супастаўляць з вядомай назвай драўлянай міскі (у рус. гаворках калга, калгашка, калган, калгушка, колган і да т. п.). Беларускія і паўн.-рус. прыклады дазваляюць узнавіць аснову кал‑, хаця, відавочна, поўнасцю выключыць іншай магчымасці нельга. Значэнне асновы пакуль што неабходна разумець як ’плецены выраб’, пры гэтым, відавочна, назва характарызавала або яго форму, або нейкую спецыфічную прымету. Дакладных адпаведнікаў у іншых слав. мовах намі не выяўлена, аднак калі дапускаць архаічнасць утварэння, усх.-слав. прыклады можна параўнаць з каш. (славін.) kalizńa ’пустое, нежылое памяшканне’ і, магчыма, больш падыходзячае па семантыцы рус. с.-ур. калспа ’гняздо собаля ў кучы ламачча’, разглядаючы іх як роднасныя на узроўні асноў. Пры гэтым рускі прыклад не вельмі ясны фармальна, а зах.-слав. — семантычна, што не дазваляе лічыць гэтыя супастаўленні надзейнымі. Калі разглядаць прыведзеныя лексемы як усходнеславянскія, можна паспрабаваць разгледзець іх як дэрываты ад kalъ падобныя фармальна да рус. наўг. калюх ’пасудзіна для адыходаў (з якой звычайна кормяць свойскіх жывёл)’ (як вытворнае ад fta/ъ гэта слова разглядае Трубачоў, Эт. сл., 9, 125, аднак з іншай матывацыяй). Магчыма, архетып рэаліі (калужанка, калуга) неабходна разумець як плецены выраб, аблеплены, абмазаны глінай. Пацвердзіць гэта цяжка, хаця як на нейкі аналаг можна спаслацца на ўтворанао іншым спосабам серб.-харв. каленица ’сноп саломы, змочаны растворам гліны, які ўжываецца для пакрыцця даху’, ’гліняная міска’, чэш. дыял. kalenec ’тс’. Рус. алан. колисанка ’кошык, абмазаны гноем і абліты вадой, прыстасаваны катацца з горак’, пск., цвяр., кастрам. колыжка ’невялікі вазок’, тульск., раз. ’калыска’ і паводле тлумачэння Даля «лубяное лукошко или плетюшка» (ярасл., вяц.). Паходжанне гэтых лексем зразумелае, параўн., напрыклад, рус. тульск. колиска ’плеценая калыска для дзіцяці’ або ярасл. колышка ’плецены кошык’, ’плецены кошык для cena’, ’вялікі дрэннай работы кошык для бульбы і да т. п.’, каляз., цвяр. ’каробачка з бяросты, пасудзіна для вады’. Відавочна, што назва плеценай калыскі магла пераносіцца на іншыя плеценыя вырабы. Не выключана, што ў выпадку з бел. лексемай назіраецца падобны працэс. Словаўтварэнне можна тлумачыць як вынік субстытуцыі суфікса (пры зацямненні ўнутранай формы?);⇉першапачаткова, магчыма, чыста фанетычны працэс (калыб‑ калуб‑), хаця не выключана, што была толькі мена суфікса.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кама́ндаваць ’аддаваць каманду’, ’быць камандзірам чаго-небудзь’, ’загадваць’ (ТСБМ, Яруш.), камендаваць ’тс’ (Сержп. Прымхі). Аналагічна да папярэдняга, — з рус. командовать ’тс’, якое (у XVIII ст.) з франц. commander ’тс’ < с.-лац. commandare < commendare ’даручаць’, ’давяраць’ (Фасмер, 2, 300; Шанскі, 2 (К), 223). Аднак форма камендаваць з польск. komendować, komendywać < komenda вясельны маршалак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кныр ’самец свінні, якога пакінулі на племя’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., ТС. Шат., КЭС, лаг., Жыв. сл., Нік. Напаў., Сцяшк., Сержп. Грам., Кліх, ДАБМ, Янк. I–II). Укр. кнур, рус. кнур ’тс’, польск. knur ’тс’, чэш. kňour ’дзік’. Скарочаная форма да kъnorzъ. Гл. кнораз. Унікальная агаласоўка ў беларускай мове не мае надзейнага тлумачэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́даль ’на невялікай адлегласці (ад чаго-небудзь), убаку’ (Нас., Касп., Бяльк., КТС), во́даля ’тс’ (Шат.). Рус. о́даль, укр. дыял. о́даль ’тс’. З о‑ і даль (гл.) у форме він. або род. скл. адз. л.; прыстаўка о‑ надае значэнне непаўнаты якасці (Шуба, Прыслоўе, 113). Форма водаля, відавочна, у выніку кантамінацыі з воддаля (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярхо́вы ’размешчаны вышэй па цячэнню ракі’ (БРС), укр. верхови́й ’тс’, рус. верхово́й ’які знаходзіцца вышэй па рацэ; параўн. таксама верховье ’мясцовасць, якая ляжыць бліжэй да вяршыні ракі’, верховщик, верховец, верхота, верховщина ’жыхары, якія жывуць у верхнім цячэнні ракі’. Да верх (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ов‑ы (< прасл. vьrx‑ov‑ъ ’верхні’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)