зануры́цца, ‑нуруся, ‑нурышся, ‑цурыцца; зак., у што.

Разм.

1. Паглыбіцца, апусціцца. Плуг глыбока занурыўся ў зямлю. // перан. Цалкам аддацца якой‑н. рабоце. Занурыцца ў кнігі.

2. Залегчы, зарыцца ў што‑н. І штодня — Ад працы хоць і занурыцца, У пасцелі Мікіта раздзеты, Змрокам моўчкі, Ад сэрца любуецца Закурэлым ад дыму партрэтам. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. пабярог, ‑берагла, ‑берагло; зак., каго-што.

1. Не растраціць, прыберагчы, захаваць. Паберагчы грошы. Паберагчы прадукты.

2. Аднесціся з увагай, асцярожнасцю да каго‑, чаго‑н., праявіць клопат аб кім‑, чым‑н. Паберагчы дзіця. Паберагчы здароўе. □ Спакойна, спакойна, сэрца, не стукай так моцна, паберажы свае сілы. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́хканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тахкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. «Трэба заснуць і мне», — шапнуў [Алесь] у душы, без слоў, палажыўшы на грудзях далоні. Пад імі спакваля адчулася цяпло і маладое, упартае тахканне сэрца. Брыль. Пад тахканне вагонных колаў .. [Стэфа] задрамала і абудзілася, калі поезд падыходзіў да незнаёмага прыстапцыйнага будынка. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уздрыгану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Тое, што і уздрыгнуцца. Гучны вокліч «Стой!» прымусіў Гудовіча ўздрыгануцца. Пятніцкі. «Дарагія землякі і зямлячкі!» — голас Любы крыху ўздрыгануўся. Васілевіч. Калі Дзямід Сыч вярнуўся на папялішча роднай вёскі, сэрца яго ўздрыганулася ад невымернай жальбы. Паслядовіч. У танк маёра ўдарыў снарад, машына ўздрыганулася і стала. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Паглыбіцца ў чытанне, унікнуць у змест, сэнс напісанага. Дастала [Ганна] газету з сумкі, але ўчытацца не паспела: пачула знаёмую назву — Есяновікі... Аж сэрца замерла.. Хто тут яе зямляк. Лось. Учытаўся я [у кніжку баек Кандрата Крапівы] і ўсцешыўся вялікім адкрыццём: ага, можна пісаць пра ўсё, што адбываецца ў жыцці людзей, у жыцці вёскі. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цясні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.

1. Прымушаць адступіць, адцясняць. Партызаны цяснілі карнікаў.

2. Абмяжоўваць каго‑н. у прасторы, плошчы. [Дзям’ян Данілавіч:] — Не буду я вас цясніць, ды і мне там вальготней будзе. Новікаў.

3. Спіраць, сціскаць (грудзі, дыханне). Ева спынілася. Яна адчувала, як расло ў грудзях сэрца, як цясніла ёй дыханне. Маеўская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́гадка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Памянш.-ласк. да ягада. Гэта толькі кветачкі, а ягадкі яшчэ будуць. Прыказка.

2. (звычайна ў зваротку). Разм. Ласкавая назва каго‑н. (часцей жанчыны). — Паплач, ягадка, і табе лягчэй стане... Сэрца адпусціцца. Бядуля.

•••

Аднаго поля ягадкі — тое, што і аднаго поля ягады (гл. ягада).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕ́ЛАЎ ((Bellow) Сол) (н. 10.6.1915, г. Лашын, Канада),

амерыканскі пісьменнік. З сям’і эмігрантаў-яўрэяў з Расіі. Скончыў ун-т у Манрэалі (1937), пасяліўся ў ЗША. У цэнтры твораў — праблема асобы, якую даследуе праз экзістэнцыялісцкія антыноміі: свабода і выбар (раман «Непрыкаяны чалавек», 1944), ахвяра і кат (аповесць «Ахвяра», 1947), індывід. і грамадская прырода чалавека (аповесць «Лаві момант», 1956; раман «Гендэрсан, кароль дажджу», 1959). Пошукі чалавекам сябе і свайго месца ў свеце, вера ў духоўныя каштоўнасці і культ. традыцыі і адначасова цвярозае ўсведамленне антаганізмаў сучаснай цывілізацыі ў раманах «Прыгоды Огі Марча» (1953), «Герцаг» (1964), «Планета містэра Самлера» (1970; за ўсе Нац. прэміі ЗША 1953, 1964, 1970), «Снежань дэкана» (1982), «Больш паміраюць ад разбітага сэрца» (1987), зб. апавяданняў «Разявака і іншыя апавяданні» (1984) і інш. Скептыцызмам прасякнуты раман пра інтэлектуальную Амерыку «Дар Гумбальта» (1975, Пулітцэраўская прэмія). Проза Белава філасофская, інтэлектуальная, псіхалагічная. Нобелеўская прэмія 1976.

Тв.:

Рус. пер. — Родственники: Повести. М., 1991;

Герцог: Роман. М., 1991.

С.Белаў.

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЖАЕ́ЎСКІ ((Andrzejewski) Ежы) (19.8.1909, Варшава — 19.4.1983),

польскі празаік і публіцыст. У 1927—31 вучыўся ў Варшаўскім ун-це. Першае апавяданне «Хлусня» (1932). Вядомасць прынесла аповесць «Лад сэрца» (1938). У зб. апавяд. «Ноч» (1945) адлюстраваў жыццё суайчыннікаў у час ням. акупацыі. Раман «Попел і дыямент» (1948; экранізацыя А.​Вайды, 1958) пра супярэчлівую грамадска-паліт. і маральную атмасферу ў пасляваеннай Польшчы. У метафарычных аповесцях «Цемра ахінае зямлю» (1957), «Брама раю» (1960) праблемы быцця чалавека ў складанай гіст. плыні часу, пошукі справядлівасці, веры, сэнсу існавання. У аповесці «Ужо амаль нічога» (1976) даследуе душэўны стан і памкненні мастака, у аповесці «Ніхто» (1983) праз міфалагічную прызму спрабуе асэнсаваць месца і прызначэнне чалавека ў Сусвеце. Яго творам уласцівы філасафічнасць, нетрадыцыйнае светаўспрамынне, экзістэнцыяльная праблематыка.

Тв.:

Popiół i diament. Warszawa, 1964;

Trzy opowieści: Ciemnści kryją ziemię. Bramy raju. Idzie skacząc po górach. Warszawa, 1973: Nikt. Warszawa, 1987;

Рус. пер. — Сочинения. Т. 1—2. М., 1990.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬЦ-МІ́ЛЕР (Іван Іванавіч) (9.12.1842, г. Іанішкеліс, Літва — 17.8.1871),

удзельнік рэв.-дэмакр. руху, рус. паэт. Скончыў Мінскую гімназію (1859). У 1860 паступіў на юрыд. ф-т Маскоўскага ун-та. У 1861 арыштаваны як удзельнік рэв. гуртка П.​Р.​Заічнеўскага па справе аб друкаванні і распаўсюджванні нелегальнай л-ры. З турмы вярнуўся ў Мінск, адкуль неўзабаве высланы ў г. Карсун Сімбірскай губ. У 1867—69 жыў у Мінску, вандраваў па Расіі. Памёр і пахаваны ў Арле. Друкаваўся ў час. «Современник», «Отечественные записки». У Мінску напісаў вершы «З верай за справу», «Сум раз’ядае мне сэрца» і інш. Яго лепшы верш «Слу-хай!» (1864) пакладзены на музыку П.​Сакальскім, стаў папулярнай песняй.

Тв.:

Поэт-революционер И.​И.​Гольц-Миллер /Сост. Б.​Козьмин, Г.​Лелевич. М., 1930.

Літ.:

Бас І. «...Не памерла слова яго!» // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. Мн., 1971;

Кісялёў Г.В. Яго помніць Мінск // Кісялёў Г.В. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.​В.​Кісялёў, І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)