ЗАГРАБЕ́ЛЬНЫ (Павел Архіпавіч) (н. 25.8.1924, в. Салошына Палтаўскай вобл., Украіна),

украінскі пісьменнік. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1951). Дэбютаваў як навеліст (зб-кі «Стэпавыя кветкі», 1955; «Настаўнік», 1957; «Навелы марскога ўзбярэжжа», 1958). Вял. Айч. вайне прысвяціў аповесць «Дума пра неўміручага» (1957) і раманы «Еўропа 45» (1959), «Еўропа. Захад» (1961). Гісторыі Украіны прысвечаны раманы «Дзіва» (1968), «Першамост» (1972), «Смерць у Кіеве» (1973; за 2 апошнія Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1974), «Еўпраксія» (1975), «Раксалана» (1980), «Я,Багдан» (1983). Праблемы духоўнага і матэрыяльнага ў сучасным жыцці асэнсаваны ў раманах «Спякота» (1960), «Пераходзім да любові» (1971), «Разгон» (1976; Дзярж. прэмія СССР 1980), «Львінае сэрца» (1978), «Паўднёвы камфорт» (1984) і інш. Яго творы вызначаюцца вастрынёй сюжэта, дынамічнасцю дзеяння, публіцыстычнасцю. На бел. мову паасобныя творы З. пераклалі Л.Салавей, У.Паўлаў.

Тв.:

Твори. Т. 1—6. Київ, 1979—81;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. М., 1986—87.

Літ.:

Фащенко В. Павло Загребельний. Київ, 1984;

Шпиталь А.Г. Історична проза Павла Загребельного. Київ, 1986.

В.А.Чабаненка.

т. 6, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)