КАЗНАЧЭ́ЙСКІЯ АБАВЯЗАЦЕЛЬСТВЫ,

дзяржаўныя каштоўныя паперы (аблігацыі, вэксалі і інш.), якія выпускаюцца ў абарачэнне казначэйствам або інш. упаўнаважаным на гэта фін. органам. Рэалізуюцца сярод банкаў, крэдытна-фін. устаноў, насельніцтва на розныя тэрміны і на розных умовах. Даюць права атрымліваць фіксаваны даход на працягу ўсяго тэрміну валодання гэтымі паперамі. Мэта выпуску К.а. — мабілізацыя грашовых сродкаў для папаўнення даходнай ч. бюджэту (пакрыццё дэфіцыту), афармленне дзярж. доўгу.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКТЫ́ЎНЫЯ СРО́ДКІ ЗАСЦЯРО́ГІ,

збудаванні і сродкі для групавой аховы войск і насельніцтва ад сродкаў паражэння. Уключаюць: фартыфікацыйныя збудаванні (акопы, бліндажы, сховішчы, траншэі, укрыцці, шчыліны, збудаванні агнявыя і пунктаў кіравання і інш.); ахоўныя збудаванні грамадзянскай абароны; герметызаваныя мед. палаткі, спец. аўтамашыны з фільтравентыляцыйным абсталяваннем. Бываюць герметызаваныя (забяспечваюць ахову ад радыеактыўных, хім. і біял. сродкаў паражэння) і негерметызаваныя. Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. letalis смяротны),

смяротнасць, паказчык мед. статыстыкі: адносіны колькасці людзей, што памерлі ад хваробы, ранення ці няшчаснага выпадку да колькасці людзей, што хварэлі гэтай хваробай (параненыя, пацярпелыя, у %) за пэўны прамежак часу. Адрозніваюць Л. бальнічную, пазабальнічную, агульную і інш. Л. — адзін з паказчыкаў эфектыўнасці тэрапеўт. прэпаратаў, метадаў лячэння, тэрмінаў і паўнаты шпіталізацыі і інш. Л. адрозніваецца ад смяротнасці — частаты смерцяў сярод насельніцтва.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НДЗЕЕ,

энеалітычная культура Верхняй Аўстрыі і Зальцбурга (2-я пал. 3—1-я пал. 2-га тыс. да н.э.). Назва ад аднайм. паселішча на па́лях (у Аўстрыі). Для М. характэрны паселішчы на вяршынях пагоркаў, умацаваныя равамі і частаколамі. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, выкарыстоўвала медзь для вырабу плоскіх сякер, ромбападобных кінжалаў і ўпрыгожанняў. Адметныя рысы керамікі — канцэнтрычныя кругі, спіралі і зоркі, запоўненыя белай пастай.

І.​М.​Язэпенка.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСУСЕ́ДНІКІ, падсуседзі, суседзі,

назва катэгорый насельніцтва ў Расіі і ВКЛ 16—17 ст. У ВКЛ 16—1-й пал. 17 ст. П. — беззямельныя сяляне, што жылі ў вёсках і гарадах на чужых дварах (адсюль назва; гл. ў арт. Каморнікі). У Расіі П. — сяляне і пасадскія людзі, што разарыліся і не мелі ўласнай гаспадаркі. Пасяляліся ў дварах цяглых сялян і дапамагалі весці гаспадарку іх уладальнікам.

т. 11, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕБЕ́ЙСТВА,

прынятая ў гістарычнай л-ры назва бяднейшай ч. насельніцтва сярэдневяковых гарадоў Зах. Еўропы. У П. ўваходзілі збяднелыя цэхавыя рамеснікі, чорнарабочыя і падзёншчыкі, якія не ўваходзілі ў цэхавую арг-цыю, часткова чаляднікі, бадзягі, жабракі. З-за неаднароднасці сац. складу паліт. лінія П. была няўстойлівай. Найчасцей далучалася да сял. выступленняў (напр., сялянска-плебейскі кірунак Рэфармацыі ў Германіі і інш.). Актыўна ўдзельнічала ў ранніх бурж. рэвалюцыях.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК САЦЫЯ́ЛЬНАЙ АБАРО́НЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь высокапрафес. работнікам органаў, устаноў і прадпрыемстваў сістэмы сац. абароны насельніцтва, што працуюць у гэтай галіне 15 і больш гадоў, за заслугі ў арганізацыі сац. дапамогі грамадзянам, іх пенсіённага забеспячэння, укараненні розных форм і відаў дабрачыннасці, развіцці навук. даследаванняў па найважнейшых кірунках сац. абароны насельніцтва. Устаноўлена 13.4.1995. У 1981—88 існавала званне засл. работнік сац. абароны Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя работнікі сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь

1981. В.​В.​Алфёраў, М.​У.​Алфіменкава, В.​Дз.​Дзенісевіч, З.​С.​Ермаковіч, Ф.​П.​Жураў, Ю.​М.​Заруцкая, М.​У.​Зуёнак, І.​П.​Карбоўскі, К.​І.​Клюцавая, Л.​В.​Кожар, В.​Г.​Кончыц, М.​А.​Косарава, М.​П.​Лук’янаў, К.​В.​Маршаленка, П.​В.​Мацяцюк, Р.​Ф.​Попчанка, М.​С.​Садаўнічы, С.​З.​Серакова, М.​С.​Хулялеў, М.​А.​Ціцкая, М.​П.​Шарко.

1983. В.​І.​Варанкова, Л.​А.​Садзіна.

1985. А.​Р.​Шапуля. 1996. Я.​І.​Папко.

1997. Ф.​Л.​Гольдшміт.

т. 6, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА́ЯЦ-БЯЛЯ́К»

(«Schneehase»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупац. улад супраць партызан і насельніцтва Расонска-Асвейскай партыз. зоны Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася 28.1—13.2.1943 сіламі 4 палкоў 201-й ахоўнай дывізіі, паліцэйскага палка і шэрагу мясц. гарнізонаў пры падтрымцы 281-й ахоўнай і 391-й вучэбна-палявой дывізій з мэтай прыціснуць партызан да чыг. Полацк—Ідрыца (праходзіла праз Расоны, цяпер не існуе) і знішчыць сустрэчным ударам з боку воз. Асвейскае. Ім процістаялі 1, 3, 5-я Калінінскія і Дрысенская брыгады, З атрады брыгады «За Савецкую Беларусь», Асобны латышскі партыз. і інш. атрады брыгад Асвейскай, Расонскай і «Спартак». Пасля працяглых баёў партызаны 11 лют. перайшлі ў контрнаступленне і да 15 лют. выбілі ворага з тэр. Расонскага р-на. У ходзе аперацыі «З.-б.» карнікі загубілі 877 чал. (па няпоўных звестках) мясц. насельніцтва, у т. л. разам з жыхарамі знішчылі вёскі Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Ніўё, Плігаўкі, Ражнова (не аднавіліся) і інш. Як рэванш за няўдачу, гітлераўцы пачалі новыя карныя аперацыі — «Шаравая маланка» і «Зімовае чараўніцтва».

т. 7, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́ЧЫНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 3-й чвэрці 1-га тыс. н.э. (храналаг. рамкі: канец 4—9 ст., найб. абгрунтаваная дата 5—7 ст.) насялялі большую частку бас. Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл, Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе, ніжняе цячэнне Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром. Назва ад гарадзішча каля в. Калочын Рэчыцкага р-на. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і хатнімі промысламі. Асн. тыпам пасяленняў былі неўмацаваныя селішчы; нешматлікія гарадзішчы служылі сховішчамі на выпадак ваен. небяспекі. Жыллё — аднакамерныя паўзямлянкі зрубнай ці слупавой канструкцыі (часта з апорным слупам ў цэнтры), чатырохвугольныя ў плане. Характэрны адкрытыя агнішчы, трапляюцца печы-каменкі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахаванняў на бескурганных і курганных могільніках, пахаванні урнавыя і ямныя. Насельніцтва вырабляла ляпныя гаршкі пераважна слоіка- і цюльпанападобных рабрыстых форм, а таксама прылады працы і зброю з жалеза, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. Этнічная прыналежнасць К.к. спрэчная: В.​В.​Сядоў, І.​П.​Русанава, А.​Р.​Мітрафанаў, В.​Б.​Перхаўка адносяць яе да балтаў; П.​М.​Траццякоў, ЭА.​Сымановіч, Я.​А.​Гаруноў, Л.​Д.​Побаль — да славян.

Алег Макушнікаў.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗУ́РЫ (Mazury),

гістарычна-геагр. раён у Польшчы, размешчаны пераважна ў Мазурскім Паазер’і, у складзе Вармінска-Мазурскага ваяв. У раннім сярэдневякоўі заселены прусамі, у 14—17 ст. — польскімі сялянамі і дробнай шляхтай з Мазовіі. У 12 ст. — 1525 належалі Тэўтонскаму ордэну (з 1466 у леннай залежнасці ад Польшчы). У 1525—1701 у складзе Брандэнбургска-прускай дзяржавы (з 1657 незалежнай ад Польшчы), потым у каралеўстве Прусія. Прускія ўлады вызначалі гэту тэр. як «польскія староствы». Назва «М.» замацавалася ў 1-й пал. 19 ст. Насельніцтва М. захавала польскую мову, звычаі, прытрымлівалася пратэстантызму; з 1842 тут пачалі выдавацца польскія газеты, у 1896 засн. Мазурская нар. партыя. Паводле плебісцыту 1920 (праводзіўся ва ўмовах тэрору з боку ням. улад) М. ў складзе Германіі. Праследаванні польскіх дзеячаў і арг-цый узмацніліся ў 1928—32 і пасля прыходу да ўлады А.​Гітлера (1933). У студз. — лютым 1945 М. вызвалены войскамі 1-га і 2-га Бел. франтоў і ўключаны ў склад Польшчы. Непрыхільнае стаўленне камуніст. улад да польскага насельніцтва М. выклікала яго эміграцыю ў Германію. Значная частка М. заселена рэпатрыянтамі пераважна з Віленшчыны.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)