Ба́йда 1 ’барка, лайба’ (Гарэц.), рус. ба́йда ’баржа’, укр. ба́йда (паўдн.) ’від пласкадоннай лодкі’. Паводле Фасмера, 1, 107, сюды ж рус. байда́к ’баржа; брус’, байда́ра ’рачное судна’. Усе гэтыя словы лічацца запазычаннямі з усх. моў. Паводле Шанскага, 1, Б, 12, усе гэтыя словы ўтвораны ад ба́йда рознымі суфіксамі, а ба́йда < бадья ’пасудзіна’ (цюрк., параўн. бадзе́йка, бадзя́га). Параўн. ба́йда 2 і байда́к.

Ба́йда 2 ’паля’ (Нас., Гарэц.). Параўн. ст.-укр. (XVII ст.) байда ’паля, вялікае завостранае бервяно’, якое Цімчанка (50) лічыць запазычаннем з ням. Beute ’карыта; вулей’ (> польск. bajda ’начоўкі’). Гл. таксама Клюге, 71–72 (дзе прыводзяцца роднасныя герм. формы; між іншым са значэннем ’дошка; край лодкі, чаўна’). Усё ж такі паходжанне слова застаецца няясным. Параўн. яшчэ рус. дыял. байда́к ’тоўстая дошка для падлогі або столі’, якое Фасмер, 1, 107, звязвае з байда́к ’лодка’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тушава́цца 1 ‘стамляцца, задыхацца’: я буду тушавацца, бо трэба спяшыць (глыб., Рэг. сл. Віц.), сюды ж, відаць, тушы́цца ‘харчавацца вельмі дрэнна’, тушы́ць ‘карміць зусім дрэнна’ (Юрч. СНЛ), тушава́ць ‘кватараваць, быць на харчаванні’ (сен., Рэг. сл. Віц.), тушыва́цца ‘хвалявацца’, тушыва́ць ‘хваляваць, непакоіць’ (Яўс.). Няясна. Зыходзячы са значэння ‘задыхацца’, можна суаднесці з тхаць ‘дыхаць’, тушы́ць ‘гасіць, заглушаць’ (гл.), параўн. рус. дыял. туши́ть ‘сціскаць, ускладняючы дыханне’ (СРНГ), што належаць да дзеясловаў, якія адрозніваюцца ў колькасных адносінах паводле каранёвага вакалізму: прасл. *tušiti, *tъxnǫti, гл. Цемчын, Baltistica, 22, 2, 34.

Тушава́цца 2 ‘саромецца, бянтэжыцца’ (ТСБМ). Запазычана літаратурным шляхам з рус. тушева́ться ‘тс’, больш звычайнага ў форме стушева́ться ‘збянтэжыцца’. Паводле КЭСРЯ (456), утворана ад тушевать ‘накладваць цені’ ў выніку даволі складанага пераносу значэння ‘рабіць менш прыметным’ → ‘адчуваць няёмкасць’. Арол (4, 123) адсылае непасрэдна да туш гл. туш 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аб’ём м. Úmfang m -s; матэм. Ráuminhalt m -(e)s; Volúmen [vo-] n -s, - і -mina (скар. V);

агу́льны аб’ём Gesámtvolumen n;

аб’ёмам з адзі́н літр mit éinem Fássungsvermögen von éinem Líter;

аб’ём ве́даў Úmfang des Wíssens, Wíssensschatz m -es;

аб’ём вы́пушчанай праду́кцыі эк. Output [´aʊtpʊt] m -s;

аб’ём па́мяці камп. Spéicherkapazität f -;

чы́сты аб’ём падатко́вых паступле́нняў фін., эк. réines Stéuereinnahmevolumen n -s;

аб’ём по́пыту эк. Náchfragevolumen;

чы́сты аб’ём трансфе́ртных плацяжо́ў фін. Néttotransfer , -s;

аб’ём паво́дле ко́штаў камерц. wértmäßiger Úmfang;

ва ўсім аб’ёме in vóllem Úmfang

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

АПТЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА вымяральная,

прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону. З дапамогай аптычнай прылады вымяраюць лінейныя і вуглавыя памеры, некаторыя фіз. велічыні, параўноўваюць форму вырабу ці стан апрацаваных паверхняў з эталонам. Адрозніваюць рабочыя (для практычных вымярэнняў) і ўзорныя, па якіх вывяраюць рабочыя аптычныя прылады.

Асноўная частка аптычнай прылады — аптычная сістэма з лінзаў, люстэркаў, прызмаў і інш., прызначаных для ўтварэння відарысаў прадметаў на сятчатцы вока, экране і інш. або перадачы светлавой энергіі. Для іх разліку карыстаюцца формуламі геам. оптыкі. Канструкцыя прылады абумоўлена метадам вымярэнняў. Паводле прынцыпу дзеяння аптычнай прылады бываюць з аптычным візіраваннем і мех. (электронным або інш. неаптычным) адлікам перамяшчэння пунктаў кантакту з аб’ектам вымярэння (праектары, інстр. мікраскопы, праекцыйныя насадкі), аптычным візіраваннем і аптычным адлікам перамяшчэння (вымяральныя мікраскопы, інтэрферэнцыйныя кампаратары), з мех. кантактам з аб’ектам вымярэння і аптычным адлікам перамяшчэння (аптыметры, кантактныя інтэрферометры, аптычныя даўжынямеры). Выкарыстоўваюцца ў машына- і прыладабудаванні, геадэзіі і інш.

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБІ́ТА ў астраноміі,

траекторыя руху нябеснага цела ў касм. прасторы. У найпрасцейшым выпадку прыцягненне двух целаў, адно з іх рухаецца адносна другога паводле Кеплера законаў па кеплеравай (няўзбуранай) арбіце, што мае форму эліпса, у фокусе якога знаходзіцца цэнтр. цела S.

Арбіта цела ляжыць у нязменнай плоскасці, што праходзіць праз пачатак каардынат (цела S). Лінія SN перасячэння плоскасці арбіты з асн. каардынатнай плоскасцю (плоскасцю экліптыкі) наз. лініяй вузлоў. Няўзбураную арбіту вызначаюць элементы: i — нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі і Ω — даўгата ўзыходнага вузла (становішча арбіты ў прасторы); a — вял. паўвось і e — эксцэнтрысітэт (памеры і форма арбіты); w — вуглавая адлегласць перыцэнтра П ад узыходнага вузла (становішча арбіты ў яе плоскасці); T — момант праходжання цела праз перыцэнтр. Адхіленні рэальнай арбіты ад кеплеравай наз. ўзбурэннямі (гл. Узбурэнні нябесных целаў). Для вызначэння элементаў узбурэнняў арбіце неабходны сістэматычныя назіранні (астраметрыя, радыёлакацыя, аптычная лакацыя).

Эліптычная арбіта планеты P у прасторы: S — Сонца; П — перыгелій; N — узыходны вузел. Вось SX накіравана ў пункт веснавога раўнадзенства.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕТЫ́П (ад грэч. archē пачатак + typos вобраз),

агульначалавечы першавобраз, персанаж, што паслядоўна паўтараецца ў міфах, літаратуры і індывідуальным мысленні; спосаб сувязі вобразаў, што пераходзяць з пакалення ў пакаленне; цэнтр. паняцце аналітычнай псіхалогіі. Ідэю архетыпа ў аб’ектыўна-ідэаліст. форме можна знайсці ў творах Платона, Аўгусціна, схаластаў. Як навук. тэрмін «архетып» уведзены швейц. псіхолагам К.Г.Юнгам і адаптаваны філасофіяй, літаратура- і мастацтвазнаўствам, тэорыяй міфалогіі, фалькларыстыкай і інш. Паводле тэорыі Юнга пра калект. неўсвядомленае, мадэлі чалавечага вопыту пэўным чынам генетычна закадзіраваны і пераходзяць да наступных пакаленняў. Тоесныя архетыпныя матывы і вобразы (сімвал сусветнага дрэва ці міф пра патоп) сустракаюцца ў няроднасных культурах і сферах мастацтва, што тлумачыцца іх універсальным і пастаянным пачаткам у чалавечай прыродзе. Маючы выток у далагічным мысленні, архетып выклікае аналагічныя пачуцці і асацыяцыі і ў аўтара твора, і ў спажыўца незалежна ад разбежкі ў часе. Архетып ляжыць у аснове сімволікі творчасці, розных рытуалаў, сноў і інш.

І.​М.​Дубянецкая.

т. 1, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭ́РЫІ (ад грэч. baktērion палачка),

група мікраскапічных, пераважна аднаклетачных арганізмаў. Вядома больш за 2000 відаў, якія належаць да пракарыётаў, што не маюць аформленага клетачнага ядра. У сучаснай класіфікацыі на аснове сукупнасці марфалагічных, культуральных і фізіёлага-біяхім. прыкмет усіх бактэрый падзяляюць на эўбактэрыі і архебактэрыі. Бактэрыі маюць палачкападобную (бацылы, кластрыдыі, псеўдаманады), шарападобную (кокі), звілістую (вібрыёны, спірылы, спірахеты) форму: дыяметр 0,1—10 мкм, даўж. 1—20 мкм, а ніткаватыя шматклетачныя бактэрыі — 50—100 мкм. Некаторыя бактэрыі ўтвараюць споры. Многія рухомыя, маюць жгуцікі. Паводле спосабу жыўлення вылучаюць аўтатрофы і гетэратрофы. Залежна ад тыпу дыхання бактэрыі падзяляюць на аэробы і анаэробы. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, ачышчэнні асяроддзя ад арган. рэшткаў, фарміраванні структуры і ўрадлівасці глебы; падтрымліваюць запасы вуглякіслага газу ў атмасферы. Выкарыстоўваюцца ў харч., мікрабіял., хім. і інш. галінах прам-сці. Патагенныя (хваробатворныя) бактэрыі — узбуджальнікі хвароб раслін, жывёл і чалавека.

Літ.:

Гусев М.В., Минеева Л.А. Микробиология. 3 изд. М., 1992.

Да арт. Бактэрыі: 1 — кокі; 2 — бацылы; 3 — спірылы; 4 — вібрыёны.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНЕ́ЖЫЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад Пінска, 173 км ад Брэста, на аўтатрасе Гомель—Брэст. 1197 ж., 367 двароў (1995). Забудоўваюцца паводле праекта планіроўкі 1968 (БелНДІдзіпрасельбуд; карэкціроўка 1980, аўтар забудовы арх. Н.​Нядзелька, інж. В.​Хандогін). Гал. вось кампазіцыі — шырокі бульвар, які звязвае асн. ўезд у вёску з боку Пінска з цэнтр. плошчай, дзе знаходзяцца адм. будынак, гандл. цэнтр, Дом культуры з залай на 600 месцаў. Цэнтр вёскі забудоўваецца 2—3-павярховымі 8-12-кватэрнымі секцыйнымі і 2—4-кватэрнымі жылымі дамамі з кватэрамі ў 2 узроўнях. Унутрыквартальная прастора азялененая і добраўпарадкаваная, мае малыя арх. формы — пляцоўкі для адпачынку і інш. У паўн. частцы вёскі сканцэнтравана індывід. забудова сядзібнага тыпу, на ПнЗ — вытв. зона. На У ад цэнтр. плошчы створаны парк з зонамі адпачынку і спорту. Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

Цэнтральная вуліца вёскі Аснежыцы.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАШО́НАК (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 1.6.1954, Мінск),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1976). Працаваў перакладчыкам у Алжыры, рэдактарам у БелЭн, штотыднёвіку «ЛІМ», у час. «Крыніца». Аўтар кніг прозы «Фарбы душы» (1989) і «П’яная кніга, або Жоўты колер белага снегу» (1996), п’ес «Іскры ўначы» (паст. 1982, апубл. 1986) і «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (паст. 1984, апубл. 1985), «Рэпетыцыя», «Спагада», «Ахвяра» (усе 1994). Творы Асташонка адметныя псіхалагізмам, філасафічнасцю, шырынёй жанрава-тэматычнага дыяпазону. Паводле сцэнарыяў Асташонка пастаўлены маст. тэлефільмы «Камедыянт» (1987) і «Сон» (1989, 1-я прэмія Міжнар. тыдня кіно ў Тэруэлі, Іспанія, 1989). Пераклаў на бел. мову з англ. раманы Б.​Стокера «Дракула», Г.​Макай «Бывай, жыццё, бывай, каханне!» (абодва 1992—93), Р.​Стывенсана «Востраў скарбаў» (1993) і інш., п’есу Ю.​О’Ніла «Поўня для пасынкаў лёсу» (паст. 1994), з франц. раман П.​Буля «Планета малпаў» (1990), кн. Ж.​Сіменона «Пад страхам смерці» (1992) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎГУСТ II (August) Моцны

(12.5.1670, Дрэздэн — 1.2.1733),

курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст I; 1694—1733), кароль Рэчы Паспалітай [1697—1706, 1709—33]. Сын саксонскага курфюрста Іагана Георга III. Стаў курфюрстам у Саксоніі пасля смерці брата Іагана Георга IV. У 1697 перайшоў у каталіцтва і пасля смерці караля Яна III Сабескага выбраны на трон Рэчы Паспалітай. У 1699 завяршыў польска-тур. войны (гл. Карлавіцкі кангрэс 1698—99). Меў намер ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай манархіяй. Удзельнічаў на баку Расіі ў Паўночнай вайне 1700—21. Шведскі кароль Карл XII на тэр. Беларусі і Літвы разбіў яго войскі і паводле Альтранштацкага міру 1706 прымусіў Аўгуста II адрачыся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. Пасля паражэння швед. арміі каля Палтавы (1709) вярнуўся на трон Рэчы Паспалітай. У 1716 спрабаваў усталяваць тут абсалютызм. У змаганні з самавольствам шляхты абапіраўся на падтрымку Прусіі і Расіі, што прывяло да ўмяшання апошняй ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Празваны Моцным за фіз. сілу і любоўныя прыгоды.

Аўгуст II Моцны.

т. 2, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)