правілы атрымання ў спадчыну прыкмет, адкрытыя Г.Мендэлем (1865). Першы М.з. (закон аднароднасці гібрыдаў) — патомства 1-га пакалення ад скрыжавання ўстойлівых форм, што адрозніваюцца па адной прыкмеце, маюць аднолькавы фенатып па ёй. Другі М.з. (закон расшчаплення) — пры скрыжаванні гібрыдаў 1-га пакалення паміж сабой сярод гібрыдаў 2-га пакалення ў пэўных суадносінах з’яўляюцца асобіны з фенатыпамі зыходных бацькоўскіх форм і гібрыдаў 1-га пакалення. Трэці М.з. (закон незалежнага камбінавання прыкмет) — пара альтэрнатыўных прыкмет паводзіць сябе ў пакаленнях незалежна адна ад адной (паяўляюцца асобіны з новымі камбінацыямі прыкмет). З М.з. вынікае, што гены адносна пастаянныя, могуць знаходзіцца ў розным стане, парныя ў саматычных клетках і адзінкавыя ў гаметах; дыскрэтныя, могуць паводзіць сябе незалежна адзін ад аднаго. Законы праяўляюцца ў пэўных умовах і маюць універсальны характар для дыплоідаў. М.з. спрыялі развіццю генетыкі. Гл.таксамаМендэлізм.
Літ.:
Мендель Г. Опыты над растительными гибридами: Пер. с вем. М., 1965. Гайсинович А.Е. Зарождение и развитие генетики. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЦЭЛЬ ((Menzel) Адольф фон) (8.12.1815, г. Вроцлаў, Польшча — 9.2.1905),
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся літаграфіі ў свайго бацькі (з 1832 кіраваў яго майстэрняй) і ў Берлінскай АМ (1830). У творчасці часта звяртаўся да адлюстравання гісторыі і значных тагачасных падзей Прусіі: 200 дрэварытаў для ілюстравання «Гісторыі Фрыдрыха Вялікага» Ф.Куглера (1839—42), карціны «Ушанаванне загінуўшых у сакавіцкія дні» (1848), «Круглы стол у Сан-Сусі» (1850), «Канцэрт Фрыдрыха II у Сан-Сусі» (1852), «Фрыдрых Вялікі ў Гохкірсе» (1856), «Прамова Фрыдрыха II перад яго генераламі перад боем пад Лойтэнам» (1858—60), «Ад’езд Вільгельма I у армію ў 1870 годзе» (1871) і інш. Ствараў таксама пейзажы, інтэр’еры, жанравыя карціны: «Пакой з балконам» (1845), «Сястра мастака са свечкай у інтэр’еры» (1847), «Тэатр Жымназ у Парыжы» (1856), «У садзе Цюільры» (1867) і інш. Адзін з першых у еўрап. мастацтве звярнуўся да індустр. тэмы («Жалезапракатны завод», 1875). Майстар малюнка, акварэлі, гуашы, афорта, літаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СНІЦТВА,
сістэма размеркавання службовых пасад («месцаў», адсюль назва) у Рас. дзяржаве з 14—15 ст. пры назначэнні на ваен., адм. і прыдворную службу з улікам паходжання, службовага становішча продкаў чалавека і яго асабістых заслуг. Перавага аддавалася прадстаўнікам больш старадаўніх і засл. родаў. Складаныя адносіны ўнутры знатных родаў і недакладнасць генеалагічных звестак выклікалі спрэчкі, якія вырашалі цар і баярская дума. У сярэдзіне 16 ст. М. з асяроддзя баяр і нашчадкаў удзельных князёў пашырылася на дваран, а ў 17 ст. нават на вярхі купецтва і гараджан. Прынцып М. часта закрываў шлях да заняцця значных вайск. і дзярж. пасад здольным, але недастаткова радавітым людзям, што супярэчыла рэальным інтарэсам дзяржавы. Развіццё ў 17 ст. ў Расіі абсалютызму, які прадугледжваў стварэнне строга падначаленага цэнтр. ўладзе бюракратычнага апарату, таксама вяло да выцяснення М., якое афіцыйна скасавана земскім саборам 1682. У сучасным значэнні М. — прытрымліванне вузкамясц. інтарэсаў, якое прычыняе шкоду агульнай справе.
Літ.:
Шмидт С.О. Местничество и абсолютизм // Абсолютизм в России (XVII—XVIII вв.). М. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕ́СЯЦ»,
серыя сав.аўтаматычных міжпланетных станцый (АМС) для даследавання Месяца і касм. прасторы, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў. Створаны для дасягнення паверхні Месяца і мяккай пасадкі на яе, вываду на калямесяцавую арбіту, транспарціроўкі месяцавых самаходных апаратаў, вяртання на Зямлю і інш.
«М.-1» (запуск 2.1.1959) — першая ў свеце АМС, запушчаная ў бок Месяца, першы штучны спадарожнік Сонца. «М.-2» (запуск 12.9.1959) упершыню ў свеце дасягнула паверхні Месяца (14.9.1959). «М.-3» (запуск 4.10.1959) перадала на Зямлю фотаздымкі адваротнага боку Месяца (7.10.1959). «М.-9» (запуск 31.1.1966) здзейсніла мяккую пасадку на паверхню Месяца (3.2.1966). «М.-10» (запуск 31.3.1966) — першы штучны спадарожнік Месяца. «М.-16» (запуск 12.9.1970) даставіла месяцавы грунт на Зямлю; гэта ж зрабілі «М.-20» і «М.-24». «М.-17» (запуск 10.11.1970) даставіла на Месяц месяцавы самаходны апарат («Месяцаход-1»); гэта ж зрабіла «М.-21» з «Месяцаходам-2». Усяго ў 1959—76 запушчаны 24 «М.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТА́ФАРА (грэч. metaphora перанясенне),
ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета з інш. з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей; від паэт.тропа. М. блізкая да параўнання, аднак адрозніваецца ад яго тым, што ў ёй прысутнічае толькі адзін член супастаўлення — тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. М. звычайна перафразуецца ў параўнанне з дапамогай слоў «нібы», «як», «быццам» і г.д. М. істотна паглыбляе ўнутр. змест вобраза, надае яму новыя сэнсавыя адценні. Асн. сфера бытавання М. — літ. мова, паэзія. Вылучаюць простую М., калі яна складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак і калаўротаў гул чмяліны змоўк». П.Панчанка), і разгорнутую або скразную, калі М. ахоплівае вял. адрэзак або ўвесь твор (бітва—жніво ў «Слове аб палку Ігаравым», жыццё—акіян у паэме А.Куляшова «Цунамі»). Ужываецца таксама ў бытавой гаворцы («ідзе дождж», «цяжкі характар», «прыйшла зіма»), Блізкія да М. тропы — алегорыя, сімвал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЗМАЎ І МАШЫ́Н ТЭО́РЫЯ,
навука пра агульныя метады даследавання і праектавання механізмаў і машын. Уключае структурны, кінематычны і дынамічны аналіз механізмаў і машын (тых, што існуюць) і сінтэз механізмаў (праектаванне новых механізмаў для ажыццяўлення зададзеных рухаў); дынаміку механізмаў і машын, кінематыку механізмаў, кінетастатыку механізмаў з ёю звязаны дэталі машын (як навук. дысцыпліна), матэрыялазнаўства, навука пра надзейнасцьтэхн. сістэм і інш. Займаецца таксама праектаваннем сістэм кіравання машын-аўтаматаў (гл.Аўтаматычнага кіравання тэорыя), даследаваннем і праектаваннем маніпулятараў і прамысл.робатаў.
Сфарміравалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам патрэб машынабудавання. Значны ўклад у яе развіццё зрабілі Ж.В.Панселе і Г.Г.Карыяліс (Францыя), Ф.Рэло, О.Мор і Л.Бурместэр (Германія), Р.Віліс (Вялікабрытанія), Дж.Бенафіт (ЗША), П.Л.Чабышоў, М.Я.Жукоўскі, М.І.Мярцалаў, І.І.Артабалеўскі, М.Р.Бруевіч (Расія) і інш.
Літ.:
Теория машин и механизмов. М., 1976;
Левитская О.Н., Левитский Н.И. Курс теории механизмов и машин. 2 изд. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖПАРЛА́МЕНЦКАЯ АСАМБЛЕ́Я СНД.
Створана паводле Пагаднення аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 27.3.1992. Яе дзейнасць рэгламентуецца таксама Канвенцыяй аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД (падпісана 26.5.1995 у Мінску). На 1.1.2000 у склад М.а. ўваходзілі: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Украіна. М.а. з’яўляецца міждзярж. органам СНД; складаецца з парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц, якія выбіраюцца ці прызначаюцца парламентам краіны-ўдзельніцы са сваіх членаў. М.а. збіраецца на чарговыя і пазачарговыя пленарныя пасяджэнні, якія праводзяцца не радзей як 2 разы на год. Задачамі М.а. з’яўляюцца: абмеркаванне пытанняў супрацоўніцтва ў розных галінах і падача рэкамендацый па гэтых пытаннях Савету кіраўнікоў дзяржаў і (або) Савету кіраўнікоў урадаў, інш. органам Садружнасці; прыняцце тыповых заканадаўчых актаў і падача іх парламентам краін-удзельніц у якасці рэкамендацый; садзейнічанне ажыццяўленню абмену паміж краінамі-ўдзельніцамі інфармацыяй прававога характару. Арганізацыю дзейнасці М.а. ажыццяўляе Савет асамблеі, які складаецца з кіраўнікоў парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц. Пастаянна дзеючым адм. органам з’яўляецца Сакратарыят. Месца знаходжання М.а. — г. Санкт-Пецярбург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАБІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці, у якой вытв. працэсы звязаны з мікрабіял. сінтэзам нехарч. сыравіны. Выкарыстоўвае нафту і прыродны газ, гідралізаты драўніны, адходы прамысл. перапрацоўкі с.-г. прадукцыі (збожжавых культур, сланечніку, цукр. буракоў і інш.). Вырабляе бялкова-вітамінныя канцэнтраты, антыбіётыкі, амінакіслоты, бактэрыяльныя ўгнаенні, прэпараты для аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб, а таксама прадукты комплекснай перапрацоўкі расліннай сыравіны — ксіліт, фурфурол і інш. Галіна развіта ў большасці краін свету, найбольш — у ЗША, Германіі, Японіі, Расіі, Італіі, Францыі. На Беларусі прадстаўлена кірункамі: вытв-сцю кармавых бялковых рэчываў, кармавых вітамінаў, кармавых дражджэй і антыбіётыкаў немедыцынскага прызначэння. Кармавы бялок выпускаюць Рэчыцкі доследна-прамысл. гідролізны і Бабруйскі гідролізны з-ды, кармавыя вітаміны — Пінскі з-д кармавых вітамінаў. Ветэрынарныя прэпараты выпускаюць з-ды ветэрынарных прэпаратаў у Віцебску і Магілёве. Буйнейшае прадпрыемства па вытв-сці бялкова-вітамінных канцэнтратаў — Наваполацкі бялкова-вітамінны з-д (у 1999 знаходзіцца ў стадыі рэарганізацыі ў сувязі з пераходам вытв-сці з вуглевадароднай сыравіны на с.-г. сыравіну).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЭЛЕМЕ́НТЫ,
хімічныя элементы, якія ёсць у жывых арганізмах у нязначнай колькасці (10−3 — 10−5 %). Знаходзяцца ў збалансаваных суадносінах. Крыніца паступлення ў арганізм — ежа і пітная вада. Вядома больш за 50 М. (бор, медзь, марганец, малібдэн, ёд, цынк, кобальт, нікель, крэмній, стронцый, тытан, ванадый і інш.). Уваходзяць у састаў ферментаў (напр., цынк у карбаангідразу), вітамінаў (напр., кобальт у вітамін B₁₂), гармонаў (напр., ёд у тыраксін), таксама бялкоў, нуклеінавых к-т. Некат. М. ўдзельнічаюць у будове апорных тканак арганізма (фтор, стронцый), абмене бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, тканкавым дыханні, росце і размнажэнні арганізмаў. Рэгулююць функцыі крывятворных органаў, нерв., эндакрыннай, сардэчна-сасудзістай, палавой, імуннай сістэм; адаптацыю арганізма да змены фактараў навакольнага асяроддзя. Пры нястачы ці лішку М. парушаецца абмен рэчываў, узнікаюць эндэмічныя захворванні (напр., на Беларусі — эндэмічны валляк пры нястачы ёду).
Літ.:
Химические элементы и аминокислоты в жизни растений, животных и человека. 2 изд. Киев, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЦКІ (Станіслаў Паўлавіч) (7.11.1814, в. Ленкія, Беластоцкая вобл. — 6.9.1890),
бел. мовазнавец і фалькларыст. Д-рфілал.н. (1878). Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). Працаваў на кафедры параўнальнага мовазнаўства Варшаўскага ун-та (1873—88). З 1853 па даручэнні Пецярбургскай АН збіраў на Беларусі і ў Літве бел. гаворкі. З сабраных матэрыялаў у 1855 склаў слоўнік на 2010 слоў, якія растлумачыў і праілюстраваў прыкладамі з бел.нар. песень, прыказкамі і прымаўкамі. Частка зборніка (310 слоў) надрукавана ў «Известиях имп. Академии наук по Отделению русского языка и словесности» (т. 3, 1854), тут жа былі змешчаны яго філал. назіранні — параўнанне каранёў і слоў санскрыту і слав. моў. Збіраў таксамабел. фальклор, апублікаваў «Беларускія песні і загадкі, запісаныя ў Віцебскай губерні, у маёнтку Зябкі Дрысенскага павета» (1853), у які ўвайшлі жніўныя, хрэсьбінныя, вясельныя і салдацкія песні, прыпеўкі. Аўтар прац «Абласныя словы беларускіх старцаў» (1853), «Беларускія словы» (1854).
Літ.:
Гуліцкі М. Беларускі слоўнік Станіслава Мікуцкага // Полымя. 1971. № 8.