Некерко ’гваздзік-травянка, Dianthus deltoides L.’ (гродз., Кіс.). Няясна; магчыма, дэфармаваная з мэтай ахоўнай магіі назва, параўн. іншыя назвы расліны іскаркі, сярдзечнік; ва ўсякім разе спалучэнне ‑ке‑ не з’яўляецца характэрным для названага арэала, аднак смал. некенький ’якісьці; не варты ўвагі’ можа сведчыць аб прыналежнасці назвы да «шыфраваных» найменняў раслін тыпу польск. nietoto і пад., параўн. і польск. дыял. niekiery ’некаторы, няпэўны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маташнік1 лекавы ’белакапытнік гібрыдны, Petasites hybridus (L.) Gaertu’ (маг., Кіс.). Укр. мато́чник ’Petasites officinalis’. Назва расліны перанесена з ма́тачнік5 паводле падабенства формы ліста (як і назва падбел — ва ўкр., рус., чэш. мовах).

Маташнік2 ’залозніца крылатая, Scrophularia alata Gilib.’ (маг., Кіс.). Няясна. Магчыма, да ма́ціца (гл.), ’галоўны корань у дрэве’ паводле падабенства: у залозніцы таксама корань вялікі, вузлаваты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Навы́дла ’падобна, накшталт’ (Гарэц.), параўн. рус. смал. наудла ’тс’: Рыба наудла змеи (СРНГ). Няясна, другая частка слова вельмі падобна да заканчэння слова наводле ’па’ (гл.), якое ўтворана пры дапамозе прыназоўніка на- і -водле, што ўзыходзіць да агульнаслав. vodle/vodli (< i‑dьl‑/‑dьlg‑), гл. доўгі (ESSJ SG, 2, 203, 265); тады на + (в)одле з фанетычнымі пераўтварэннямі, характэрнымі для гаворак усходу Беларусі. Параўн. навідлуг.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дэфе́кт ’дэфект’ (БРС). У гэтым значэнні вядома ў ст.-бел. мове з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч.). Аднак няясна, ці сучаснае бел. слова працягвае ст.-бел. традыцыю (якая, паводле Булыкі, там жа, асноўваецца на запазычанні з польск. defekt (< лац.), ці гэта (як і рус. дефе́кт) запазычанне з ням. Defekt (< лац.). Параўн. Фасмер, 1, 509; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 94.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́шчэрыць ’жаваць’ (Мат. Гом.). Рус. дыял. разан., пенз., сімб., сарат., уладз., казан., алан., урал., куйбыш., ніжнегар. жу́щерить ’есці, жаваць’, разан., цвяр., маск., уладз. жу́стерить, арл. жу́старить, наўг., валаг. жу́шкорить, цвяр., наўг. жухто́рить ’тс’. Няясна, магчыма, вынік злажэння двух кораняў жу‑ (< *gi̯eu‑, гл. жаваць) і *(s)ker‑ ’рэзаць’ ці ’жорсткі, сухі, худы’ альбо *(s)ter‑ ’цвёрды’. Покарны, 1, 933, 938–939, 1022.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Збрэзь ’так поўна, што пераліваецца’ (Юрч. Фраз. 3). Рус. бранёй, збрэзь ’з верхам’. Няясна. Да кораняў бераг, берагчы? Параўн. польск. дыял. zbereź (< усх.-слав.?): zberezie wyprawiać ’даказваць’, «chowajcie mi go przy malej zberezie» (Карловіч), літ. išbrė́žti ’начарціць, правесці лінію’, užьrėžti ’намеціць’. Параўн. бранск. брэзко́тка ’невялікая конусападобная торбачка са званочкам для збору грошай у царкве’, адкуль брэзкальные деньги ’грошы, сабраныя такім чынам’ (Растаргуеў, Бранск.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паля́ндра1 ’павальная хвароба накшталт белай гарачкі’ (Нас., Гарэц., Яруш.), ’старажытная багіня шкоды і смерці’ (Янк. 2, 496, 550). Відаць, ад паліць, параўн. рус. разм. палянка ’гарачка’, з рэдкім суф. ‑андра (адносна суф. гл. Сцяцко, Афікс. наз., 134).

Паля́ндра2 ’вельмі вялікая хата’ (Сцяшк.). Няясна. Магчыма, рэгіянальнае ўтварэнне ад польск. landara ’карэта; грамадзіна; нязграбная жанчына; ландо’. Апошняе ад месца вырабу Ландаў (Брукнер, 290).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пана́трыць ’узяць за правіла рабіць што-н. дрэннае (пра чалавека, жывёлу)’ (Янк.), ’прызвычаіцца’ (Сцяшк. Сл.). Няясна. У якасці параўнаўчага матэрыялу можна прывесці толькі польск. дыял. ponatrzać ’паўтараць у гневе адно і тое ж’. Прымаючы пад увагу семантыку чэш. dotěrný ’надакучлівы, назойлівы’, якое з’яўляецца вытворным ад terti (церці) (Махэк₂, 658 і наст.), відаць, бел. і польск. словы магчыма звязаць з гэтым коранем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праяты́рыць ’прайграць грошы’ (Нас.). Магчыма, слова ўтворана на беларускай глебе ад польск. tyrać, terać ’губіць, знішчаць; траціць (час, годы і да т. п.)’ з дапамогай прыставак пра- і а‑ (гл. a2) з інтэрвакальным ‑j‑. Няясна, ці адносіцца сюды ж рус. паўн. проты́рить, проты́ркаць ’прагуляць, прамантачыць’. Магчыма, апошняе да ты́ркаць, то́ркаць. Хутчэй за ўсё, да гукапераймальнага тырр, параўн.: грошы тырръ, и покацились (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прысі́кацца (прысі́катысь) ’прыставаць, лезці ў бойку і пад.’ (Клім.). Укр. присі́катися ’прычапіцца, прыдрацца, прыстаць’, рус. дан., урал. присика́ться, приси́каться ’прыдзірацца, чапляцца’. Няясна. Прымаючы пад увагу агалосоўку кораня ва ўкраінскім слове, параўн. укр. присіка́ти ’прыпыняць’, з прысяка́ць да сячы́ (гл.). Распаўсюджаная ў славянскіх мовах семантычная мадэль ’біць, рэзаць, драць, калоць’ — ’прыдзірацца, быць сварлівым і да т. п.’, параўн. прыдзірацца, рус. подкалывать і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)