СА́НТУШ (Santos) Жазе Эдуарду Душ (н. 28.8.1942, Луанда),

ангольскі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Бакінскі ін-т нафты і газу (1969). З 1961 чл. Народнага руху за вызваленне Анголы (МПЛА), з 1974 чл. яго Палітбюро, у 1977—79 сакратар ЦК МПЛА. У 1970—74 удзельнічаў ва ўзбр. барацьбе супраць партуг. панавання ў Анголе, ген. арміі. З 1975 міністр замежных спраў Нар. Рэспублікі Ангола (НРА), з 1976—1-ы нам. прэм’ер-міністра НРА, у 1978—79 міністр планавання. У 1979 абраны старшынёй МПЛА, што паводле канстытуцыі НРА зрабіла яго прэзідэнтам НРА. На першых усеагульных свабодных выбарах у вер. 1992 абраны прэзідэнтам Анголы.

т. 14, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІДАРЭ́НКА-САЛДАЦЕ́НКА Савелій Герасімавіч (15.12.1905, в. Чырвоны Бераг Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 26.10.1980),

адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Маскоўскі пед. ін-т імя Леніна (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). У Чырв. Арміі з 1927, з 1938 нач. штаба дывізіі, пам. нач. аператыўнага аддзела штаба БВА, нач. разведвальнага, аператыўнага аддзелаў штаба арміі. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 у партызанах, са жн. 1943 камандзір Магілёўскага партыз. злучэння, чл. Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б. З 1944 нам. наркома асветы БССР, у 1946—62 на гасп. рабоце.

т. 14, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЯПНЁЎ Маўрыкій Трафімавіч (27.6.1896, в. Ямскавічы Кінгісепскага р-на Ленінградскай вобл., Расія — 19.12.1965),

лётчык. Герой Сав. Саюза (1934). Скончыў школы прапаршчыкаў (1915), Гатчынскую лётную (1917) і 1-ю Вышэйшую ваен. лётчыкаў (1923), Ваен.-паветр. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1936). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1925 лётчык грамадз. авіяцыі. За ўдзел у выратаванні людзей з парахода «Чэлюскін», які затануў у Чукоцкім м. (крас. 1934), стаў адным з першых Герояў Сав. Саюза. З 1939 нач. Акадэміі Грамадз. паветр. флоту. У Вял. Айч. вайну нам. камандзіра авіябрыгады ВПС Чарнаморскага флоту (1941—42), потым у ВПС ВМФ і Гал. штабе ВМФ. Чл. ЦВК СССР 1935—37.

М.Т.Сляпнёў.

т. 15, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЯЯ́Н Мікалай Іванавіч (н. 3.1.1932, в. Бабічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1989), акад. Аграрнай АН Беларусі (1992), д-р с.-г. н. (1981), праф. (1990). Засл. дз. нав. Беларусі (2000). Скончыў БДУ 1958). З 1958 у Бел. НДІ глебазнаўства аграхіміі (з 1969 нам. дырэктара). Навук. працы па генезісе, класіфікацыі, агравытв. групоўцы і баніціроўцы глеб Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974 (у сааўт.);

Пригодность почв БССР под основные сельскохозяйственные культуры. Мн., 1980;

Почвы и структура посевных площадей. Мн., 1990;

Полевое исследование и картографирование почв БССР. Мн., 1990 (у сааўт.).

М.І.Смяян.

т. 15, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫРЫКО́ВІЧ Міхаіл Адольфавіч (3.11.1902, С.-Пецярбург — 27.10.1995),

расійскі вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі і цеплафізікі. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1972). Скончыў Ленінградскі тэхнал. ін-т (1927). У 1928—46 у Цэнтр. котлатурбінным ін-це, адначасова ў 1938—60 заг. лабараторыі Энергет. ін-та АН СССР. У 1961—66 заг. лабараторыі Ін-та высокіх т-р пры Маскоўскім энергет. ін-це. У 1964—88 акад.-сакратар, нам. акад.-сакратара Аддз. фіз.-тэхн. праблем энергетыкі АН СССР. Навук. працы па даследаванні цепласілавых агрэгатаў і рабочых працэсаў паравых катлоў, цепламасаабмене і прагназіраванні развіцця энергетыкі, па стварэнні норм цеплавога і аэрадынамічнага разлікаў кацельных агрэгатаў.

М.А.Стырыковіч.

т. 15, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯТКО́ЎСКІ Валянцін Аляксандравіч (н. 21.4.1946, г. Докшыцы Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне паталаг. фізіялогіі. Д-р мед. н. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1970). У 1970—89 у Бел. НДІ пералівання крыві (у 1977—89 нам. дырэктара). З 1990 у Мінскім мед. ун-це (з 2000 кіраўнік навук. групы). Навук. працы па пытаннях паталаг. фізіялогіі сістэмы крыві, дыягностыцы і тэрапіі псіхасаматычных хвароб. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.

Тв.:

Применение теории информации при психодиагностических исследованиях (разам з Л.​А.​Азаравай, Л.​П.​Васіленка) // Мед. новости. 1997. № 12;

Психосоматические заболевания: современ. взгляд на развитие и состояние проблемы (у сааўт.) // Там жа. 1999. № 4.

т. 15, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАПЕ́ЗНІКАЎ Вадзім Аляксандравіч (28.11.1905, Масква — 15.8.1994),

расійскі вучоны ў галіне аўтаматыкі і сістэм кіравання. Акад. Рас. АН (1960, чл.-кар. 1953), Герой Сац. Працы (1965). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928). З 1941 у Ін-це праблем кіравання АН СССР (з 1951 дырэктар). З 1959 старшыня Нац. к-та СССР па аўтам. кіраванні. У 1965—78 нам. старшыні Дзярж. к-та Савета Міністраў СССР па навуцы і тэхніцы. Навук. працы па разліках і канструяванні эл. машын і трансфарматараў, аўтаматыцы і працэсах кіравання, метадах мадэліравання сістэм аўтам. рэгулявання, эфектыўнасці навук.-тэхн. прагрэсу. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1976. Ленінская прэмія 1981.

Тв.:

Управление и научно-технический прогресс. М., 1983.

т. 15, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМРЭ́ЙКА Дзмітрый Сцяпанавіч (н. 18.3.1934, Мінск),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1971), праф. (1972). Засл. дз. нав. (1999). Сын С.А.Умрэйкі. Скончыў БДУ (1956). З 1959 у БДУ (з 1964 начальнік н.-д. сектара). З 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ (з 1971 нам. дырэктара, у 1978—99 заг. лабараторыі). Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі. Распрацаваў малекулярны спектральна-структурны аналіз каардынацыйных злучэнняў цяжкіх металаў, метады аналізу складаных шматкампанентных газавых асяроддзяў.

Тв.:

Ураниловые соединения. Т. 1—2. Мн., 1981 (у сааўт.);

Химия и спектроскопия галогенидов платиновых металлов. Мн., 1990 (у сааўт.);

Фотоника соединений шестивалентного урана. Гомель, 2000 (разам з У.​У.​Сыцько).

т. 16, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАЧЭ́БНА-КАНСУЛЬТАЦЫ́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ (УКК),

спецыяльная камісія ў арг-цыях аховы здароўя (амбулаторна-паліклінічных установах, бальніцах, дыспансерах і інш.) для экспертызы часовай непрацаздольнасці і кантролю за якасцю лячэння. Кантралюе дыягностыку і лячэнне, працаўладкаванне, накіроўвае хворага на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію (пасля 4—5 месяцаў пры ўстойлівай страце працаздольнасці), на санаторна-курортнае лячэнне, вырашае пытанні пры экспертызе працаздольнасці, дае заключэнне аб неабходнасці акад. водпуску, вызвалення ад перавадных і выпускных экзаменаў навучэнцаў школ, аб наяўнасці права на атрыманне дадатковай жылой плошчы; выдае лісты непрацаздольнасці па доглядзе за хворым членам сям’і. Склад УКК: нам. гал. ўрача па мед. рэабілітацыі і экспертызе, заг. аддзялення, урач.

Э.​А.​Вальчук.

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАХРАКО́Ў Сямён Васілевіч (31.12.1915, с. Каелга Еткульскага р-на Чэлябінскай вобл., Расія — 17.4.1945),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваенна-паліт. вучылішча (1939), курсы пры Вышэйшай бранятанк. школе (1943). У Чырв. Арміі з 1937. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол (1939). У Вял. Айч. вайну ваенком, нам. камандзіра, камандзір танк. батальёна на Зах., Калінінскім, 1-м Укр. франтах. Удзельнік баёў пад г. Баранавічы (1941). Вызначыўся ў сак. 1944, калі ўмела кіраваў батальёнам у баях каля г. Праскураў (цяпер г. Хмяльніцкі, Украіна); пры фарсіраванні р. Ніда, Піліца, Варта, пры вызваленні г. Чанстахоў (1945). Х. загінуў у баі.

С.В.Хахракоў.

т. 16, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)