зжы́цца, зжывуся, зжывешся, зжывецца; зжывёмся, зжывяцеся; зак.

1. з кім. Жывучы, працуючы, часта бываючы разам з кім‑н., звыкнуцца, здружыцца. [Гапанюк] зжыўся з людзьмі і не адчуваў сябе чужым. Дуброўскі. Чалавек, калі ўжо зжыўся добра з усімі парабкамі, калі ўжо ведаў усіх, расказаў усё як мае быць пра сябе. Чорны.

2. з чым. Пастаянна знаходзячыся дзе‑н., думаючы пра што‑н., прывыкнуць. Марыў Андрэй паступіць у Мінскі політэхнічны інстытут. Ён зжыўся з гэтай марай і не мог уявіць, што яна не здзейсніцца. Чарнышэвіч. Нахмураны і сур’ёзны хадзіў Сцёпка каля будынка рабфака. Зжыўся з ім, палюбіў яго, і ў думках сваіх жыў і вучыўся ў ім, і не прынялі! Колас. // Працуючы над роллю, пераўвасобіцца ў мастацкі вобраз (пра акцёра). Зжыцца з вобразам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зліць, злію, зліеш, зліе; зліём, зліяце і салью, сальеш, салье; сальём, сальяце; заг. злі; зак., што.

1. Выліць якую‑н. вадкасць з розных пасудзін у адну. У мароз нафта гусцее і становіцца як павідла. Для таго, каб зліць яе з цыстэрн[аў] у рэзервуары, неабходна пара. Лукша.

2. Выліць, пераліць што‑н. куды‑н. Зліць тлушч у банку. // Выліць ваду ці іншую вадкасць, аддзяліўшы ад чаго‑н. Зліць ваду са зваранай бульбы.

3. перан. Злучыць з чым‑н., аб’яднаць у адно цэлае. Вясною трактар перавярнуў многа меж[аў], зліў у адзін гладкі масіў палоскі. Кулакоўскі. // Непадзельна звязаць, злучыць паміж сабою адно з другім. Я рос сярод красы прыроды, Душу сваю з прыродай зліў. Журба.

4. Заліць усю паверхню вадкасцю. Зліць падлогу вадой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змяні́ць, змяню, зменіш, зменіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць інакшым; перамяніць. Змяніць голас. Змяніць выраз твару. □ Сам таго не падазраючы, Данік сказаў такія словы, якія ў момант змянілі кірунак імклівых Сашыных думак. Шамякін.

2. Вызваліць ад якіх‑н. абавязкаў, што выконваюцца пазменна; пачаць дзейнічаць узамен другога, заступіўшы яго месца. Змяніць дазорных. □ Чырвонаармеец пайшоў на дарогу змяніць варту. Чорны.

3. Адхіліць, зняць з якой‑н. пасады, замясціўшы кім‑н. другім. Змянілі на сяле старасту. Мурашка.

4. З’явіцца на месцы каго‑, чаго‑н., што перастала існаваць, дзейнічаць. Ужо вясну змяніла лета. Крапіва.

5. Перастаць карыстацца чым‑н., узяць узамен другое; перамяніць, замяніць. Змяніць бялізну. □ Пакуль прыбрала [Лена] у клубе, у бібліятэцы, пакуль змяніла фіранкі, паліла вазоны — .. звечарэла. Ваданосаў.

•••

Змяніць гнеў на міласць — дараваўшы каму‑н. што‑н., перастаць гневацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

існава́ць, існую, існуеш, існуе; незак.

1. Быць у наяўнасці; мецца. Перастаць існаваць. □ Гэта была самая найкарацейшая сцежка, каб прайсці лес, і існавала яна тут здаўн[а]. Чорны. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметная сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч. // Служыць для якой‑н. мэты. Правілы існуюць для таго, каб іх выконвалі.

2. Быць жывым; жыць (у 1 знач.). — Жывеш? — Як бачыш, рухаюся, існую. А ты? — Дыхаю. Значыцца, таксама існую... Лынькоў. // чым і на што. Здабываць сродкі для жыцця якім‑н. чынам. Існаваць на сродкі бацькоў. // Жыць няпоўным жыццём, без радасці, без задавальнення. Калі бяссоннымі начамі Ля вокан сцежак не таптаў, — Хоць ты і быў тут, поруч з намі, Ты ўсё ж не жыў, а — існаваў. Рудкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́сунуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Паказацца адкуль‑н.; выставіцца. Высунуцца з вады. Высунуцца з акопа. □ Машына спынілася на скрыжаванні. Шафёр, малады хлопец, амаль юнак, высунуўся з кабіны. Шамякін. // Разм. неадабр. Недарэчы ўмяшацца ў што‑н., выступіць з чым‑н. Ніхто не прыдаваў тут сур’ёзнага значэння таму праекту, з якім .. [Лабановіч] так няўдала высунуўся. Колас.

2. Выйсці, выступіць наперад адкуль‑н. Калі наперад высунуўся Сцёпка, то ён стаў у баявую позу і прыняў вельмі грозны від. Колас. // Выдацца за мяжу чаго‑н. Губы былі да таго сціснуты, што падбародак высунуўся наперад. Бядуля. // Паказацца, з’явіцца. Уперадзе з-за гарызонта высунуўся даўжэзны горны хрыбет. Гамолка. // Разм. Павольна, не спяшаючыся выйсці адкуль‑н. [Маня:] — Куды вы, тата, сабраліся? — От куды-небудзь высунуся з хаты. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́явіцца, ‑яўлюся, ‑явішся, ‑явіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наглядна праявіцца; паказацца (пра што‑н. скрытае). У хлопца выявіліся добрыя арганізатарскія здольнасці, старанне, настойлівасць і акуратнасць у рабоце. Кулакоўскі. // Разм. Паказаць сябе. Макар Лагун ужо не раз казаў Сцёпку, чаму ён не ў ячэйцы, .. і чаму не выявіўся нічым, як бязбожнік. Колас. // Выкрыцца, стаць відавочным. Выявіліся недахопы. Выявілася нястача грошай.

2. безас. (звычайна ў спалучэнні са злучнікам «што»). Аказацца на самай справе, у выніку чаго‑н. Ужо з першых крокаў выявілася, што такое заданне даць лягчэй, чым яго выканаць. Якімовіч. Калі праверылі людзей, то выявілася, што ўсе былі ў зборы. Мележ. Як выявілася, рыбакі паехалі ў сяло. Краўчанка.

3. Разм. Выпісацца адкуль‑н. Выявіцца з дамавой кнігі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вяза́ць, вяжу, вяжаш, вяжа; заг. вяжы; незак.

1. што. Цесна злучаць, абвіваючы чым‑н., звязваць. Вязаць снапы. Вязаць плыты. □ Чакаючы змроку, каб непрыкметна перабегчы ў вёску, Грышка нарэзаў бярозавых дубцоў і пачаў вязаць венік. Чарот.

2. каго-што. Звязваць рукі, ногі, пазбаўляючы магчымасці рухацца. — Ну, хлопцы, вяжы.. [бандытаў], бяры! Хутчэй, не драмаць. Колас. Вяжы яму рукі папружкаю! — крыкнуў стары Юзіку. Чорны. // перан. Не даваць волі, перашкаджаць каму‑н. рабіць што‑н. [Дзеда] не вяжуць, як другога, Застылай мудрасці гужы. Колас.

3. што і без дап. Плесці кручком, пруткамі і пад. Вязаць рукавіцы, карункі.

4. Быць вязкім, мець уласцівасць сцягваць. // безас. Сцягваць (пра адчуванне сцягвання ад якога‑н. рэчыва). У роце вяжа.

5. Валодаць уласцівасцю змацоўваць цвёрдыя рэчывы.

•••

Лыка не вяжа — пра п’янага, які ледзь можа гаварыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.

1. Расчапіўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. У палавіне дарогі.. [тэлефаніст] зачапіўся палою за сухі корань быльніку і, каб адчапіцца, чуць-чуць прыпадняўся. Чорны. — Пачакай, не гарачыся толькі, адчэпімся, — спакойна казаў Мірон і паступова, павольна вызваліў човен. Маўр.

2. перан. Разм. Пакінуць дакучаць каму‑н.; адстаць, адвязацца, пакінуць у спакоі. Ох, гэты кашаль, — калі ён, нарэшце, адчэпіцца. Брыль. — Адчапіся ты, — гаварыла Марына. — Лезеш сляпіцаю толькі са сваім. Скрыган.

3. перан. Разм. Пазбавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. дакучлівага, непрыемнага, ухіліцца ад выканання чаго‑н. Сказаць, не так і патрэбна.. [Пракопу] гэтая работа — проста хочацца хоць чым-небудзь заняць рукі, каб адчапіцца ад надакучлівых думак. Колас. Доўга угаворваў брат брата, і той нарэшце згадзіўся са слабай, няпэўнай усмешкай — абы адчапіцца. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аве́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Свойская жвачная жывёліна, якая дае воўну, мяса, малако; самка барана. Па вуліцы каровы затухкалі, забляялі авечкі, ляснуў пугаю пастух. Колас. // перан. Лаянк. Пра някемлівага дурнаватага чалавека. — А як у нас слаўна было. Добра жылі. Мірна, па-людску... Дык прывалаклася ж сюды гэтая... паршывая авечка!.. Ракітны.

•••

Каракулевая авечка — каштоўная парода авечак, шкуркі ягнят якой ідуць на выраб каракулю і каракульчы.

Блудная (аблудная) авечка — пра чалавека, які адарваўся, адбіўся ад свайго асяроддзя, грамадства, сям’і і інш., які збіўся з правільная жыццёвага шляху. [Раіса:] — Ну што я магу зрабіць, калі я такая блудная авечка? Лобан.

Божая авечка — пра набожнага, богабаязнага чалавека. [Сіман:] Значыць, латынянка? адступніца?.. Хаця ў чым ты, божая авечка, тут павінна. Клімковіч.

Прыкідвацца авечкай гл. прыкідвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адгарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., каго-што ад чаго.

Аддзяліць (перагародкай, плотам і пад.) што‑н. ад чаго‑н. Гаспадыня зачыніла дзверы і быццам адгарадзіла пакой ад усяго астатняга свету. Савіцкі. // Аддзяліць, з’яўляючыся перагародкай, перашкодай. Тут [на месцы, дзе балота злучалася з ручвом раўчука] павінна была вырасці высокая і моцная грэбля, якая адгародзіць балотца ад раўчука. Якімовіч. // перан. Абараніць засцерагчы ад чаго‑н. небяспечнага або непрыемнага. Да радаснага адчування ашчаслівіць і.. «адгарадзіць .. [Славу] ад усялякіх злых намераў» далучалася пачуццё патрэбы самому збыць з свае галавы ўсё гэта, ачысціцца ад усялякіх слядоў мінулага. Чорны. [Малашанка:] — Ты што ж... хочаш, каб я ад імя абкома адгарадзіў цябе ад крытыкі камуністаў? Шамякін. // перан. Пазбавіць сувязі з кім‑, чым‑н.; адасобіць. У той дзень Манцэвічу пачало здавацца, што яго адгарадзілі ад усяго свету. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)