род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмерана цёплых і трапічных абласцях Паўн. паўшар’я, таксама ў Паўд. Амерыцы. На Беларусі 8 дзікарослых відаў: Д. земнаводны, або вадзяная грэчка (P. amphibia), перцавы, або вадзяны перац (P. hydropiper), раскідзісты (P. lapathifolia), ільняны (P. linicola), плямісты (P. maculata), малы (P. minor), мяккі (P. mitis), шурпаты (P. scabra). Растуць у вадзе, па берагах рэк і вадаёмаў, у сырых лясах як пустазелле. Як дэкар. расліну вырошчваюць Д. усходні (P. orientalis).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным, іншы раз апушчаным у ваду раўнамерна аблісцелым сцяблом. Лісце звычайна ланцэтнае, на кароткіх чаранках, з раструбам, у водных формаў — эліптычнае ці ланцэтна-яйцападобнае, голае і гладкае, на доўгіх чаранках. Кветкі ружовыя, ружова-белыя, белаватыя ці зеленаватыя, двухполыя, сабраныя ў верхавінкавыя гронкападобныя суквецці, размешчаны пучкамі ў похвах прыкветнікаў-раструбаў на кароткіх кветаножках. Плод — арэшак. Лек., кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РСКІ (Ілья Данілавіч) (26.4.1899, в. Замосце Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 11.8.1972),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ.БССР (1969). Скончыў БДУ (1932). З 1924 у Галоўліце БССР, Галоўрэперткоме, у Галоўмастацтве БССР. У 1935—41 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у Вял.Айч. вайну — газ. «За свабодную Беларусь» і сатыр. лістка «Партызанская дубінка», у 1944—60 — час. «Беларусь». Друкаваўся з 1926. Аўтар п’ес «Дрыгва» (1928), «Качагары» (1930), «Маці» (1934), «Хлеб» (1948), «Свае людзі» (1950) і інш. У артыкулах 1930-х г. аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму. Асн. тэмы пасляваен. Творчасці: барацьба з ням.-фаш. захопнікамі (апавяданні, аповесць «Лясныя салдаты», 1945, раман «У агні», 1952, новая рэд. 1959), Кастр. рэвалюцыя ў Петраградзе і на Зах. фронце, у Беларусі (раман-хроніка «Вецер веку», 1966). Аўтар рамана-памфлета «Чужы хлеб» (1969). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага, А.Чэхава, М.Твэна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЯЛА́ПКА (Alchemilla),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Еўропы, таксама ў Азіі, Паўн. Афрыцы і ў Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя: вастралопасцевая (A. acutiloba Opiz), горная (A. monticola), шызаватая (A. glaucescens), зграбная (A. gracilis), гусялапка балтыйская (A. baltica), голасцябловая (A. glabricaulis). Зрэдку трапляюцца: гусялапка караткалопасцевая (A. breviloba), хвалісталістая (A. cymatophylla), бугрыстая (A. gibberulosa), голая (A. glabra) і інш. Растуць на лугах, у светлых лясах, на высечках, узлесках, па берагах рэк і ручаёў, каля дарог і на пустках.
Шматгадовыя травяністыя расліны пераважна з паўзучым дравяністым карэнішчам. Сцёблы прыўзнятыя, густа ўкрытыя валаскамі, рэдка амаль голыя. Лісце лопасцевае або далонепадобна рассечанае, круглаватае, складкаватае накшталт гусінай лапкі (адсюль назва), прыкаранёвае на доўгіх чаранках, у разетцы. Кветкі дробныя, зялёныя або жаўтаватыя, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатае суквецце. Плод — арэшкападобны. Характэрны апаміксіс. Амаль усе віды тэхн. (фарбавальныя, дубільныя) і лек. (мачагонны, адхарквальны, кроваспыняльны, процізапаленчы сродак), некаторыя — кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЦІ́ЕЎ (Мікалай Цімафеевіч) (н. 31.12.1912, г. Растоў-на-Доне, Расія),
бел. графік. Засл. дз. маст.Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскі паліграф.ін-т (1961). Працаваў у выд-ве «Беларусь» (1944—72), выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це (1962—77). У Вял.Айч. вайну ў партыз. атрадзе, выканаў больш за 40 антыфаш. плакатаў і больш за 70 малюнкаў і акварэлей. Творы ў кніжнай графіцы вылучаюцца пераканаўчай характарыстыкай вобразаў, дакладнай перадачай аўтарскай задумы: «Хаджы Мурат» Л.Талстога (1948), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.Гогаля (1950), «Люба Лук’янская» К.Чорнага (1961), бел.нар. казкі «Ільюша, Іванаў сын» (1965), «Цудоўная дудка» (1967) і інш. Станковай графіцы ўласцівы выразнасць кампазіцыйнай пабудовы, разнастайнасць графічных сродкаў (серыя «Полацкая нафтабудоўля», 1962—63). Выканаў лінагравюры «Беларусь — край партызанскі» (1969), «Партызанскія будні» (1975) і інш. Сярод жывапісных работ: «Мая Беларусь», «Лётчык Мамкін ратуе прытулкавых дзяцей», серыі пейзажаў «Нарачанскія», «Нясвіжскія», «Аксакаўшчына» (усе 1980-я г.).
Г.А.Фатыхава.
М.Гуціеў. Лётчык Мамкін ратуе прытулкавых дзяцей. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБШЭ́ВІЧ ((Dobszewicz) Бенядзікт) (12.3.1722, каля г. Навагрудак, Гродзенская вобл. — 1799),
філосаф, тэолаг, прадстаўнік эклектычнай філасофіі Беларусі і Літвы. Скончыў Навагрудскі езуіцкі калегіум, Віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у іх і ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1773 дэкан тэалагічнага ф-та Віленскай акадэміі). Прызнаваў філас. і прыродазнаўчанавук. ідэі П.Гасендзі, Р.Дэкарта, І.Кеплера, І.Ньютана, геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка і яго паслядоўнікаў («Погляды новых філосафаў», 1760). Фундаментальнымі палажэннямі логікі лічыў прынцып дастатковай падставы і прынцып сумлення («Лекцыі па логіцы», 1761). Прызнаваў тры віды пазнання: гіст. (пазнанне фактаў, іх успрыняцце), філас. (раскрыццё прычыны і асновы прадмета) і матэм. (пазнанне колькасных адносін). Паводле Дабшэвіча, мэта навукі — дасягненне ісціны для карысці чалавека. Ісціну падзяляў на лагічную, метафіз. і маральную. У філас. поглядах прытрымліваўся картэзіянства пазнейшага часу, спалучаў тэалагічны светапогляд з новафілас. поглядамі, што не магло не прывесці да ўнутр. супярэчнасцей у яго сістэме, якія выразна выявіліся ў кн. «Тэзісы ва універсальную філасофію» (1763).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЭ́НГА-МАСТО́ВІЧ ((Dołęga Mostowicz) Тадэвуш) (сапр.Мастовіч; 10.8.1898, б. маёнтак Акунёва, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 16 ці 20.9.1939),
польскі пісьменнік і журналіст. Дзіцячыя гады правёў у Глыбокім. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У 1922—26 супрацоўнік і рэд. варшаўскай газ. «Rzeczpospolita» («Рэспубліка»). Удзельнік польска-герм. вайны 1939, у час якой і загінуў. Аўтар 16 аповесцей, займальнасць і меладраматызм сюжэтаў якіх прынеслі Д.-М. вял. папулярнасць. Найб. значныя — «Кар’ера Нікадзіма Дызмы» (1932), у якой стварыў сатыр. карціну тагачаснага вышэйшага польск. грамадства. Сярод інш.: «Пракурор Аліцыя Горн» (1933), «Трэці пол» (1934), «Доктар Мурэк звольнены» і «Другое жыццё» (1936), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» (1939). Падзеі некат. твораў разгортваюцца на тэр.Зах.Беларусі («Кар’ера Нікадзіма Дызмы», «Знахар» і інш.). Большасць твораў Д.-М. экранізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖНЫ (сапр.Серада) Сяргей Міхайлавіч
(25.2.1909, г. Слонім Гродзенскай вобл. — 19 7.1943),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1930). Працаваў на гуце ў Барысаве, у рэдакцыях газет і часопісаў. У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д. Усходзе, будаваў Камсамольск-на-Амуры. Гам і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Звон вясны» (1926, з І.Плаўнікам), «Васільковы россып» (1929), «Пракосы на памяць» (1932) Узнёсла-рамантычна славіў сацыяліст буд-ва, пісаў пра рэв. барацьбу працоўных Зах.Беларусі, паэтызаваў родную прыроду. Паэзія Д. вылучаецца спавядальнай шчырасцю, свежасцю метафарычнай вобразнай фактуры, мілагучнасцю радка. У некат. вершах адчуваецца ўплыў паэтыкі У.Дубоўкі. Пераклаў на бел. мову раман Г.Караваевай «Лесазавод», вершы Э.Багрыцкага, С.Кірсана ва, А.Твардоўскага, І.Уткіна, І.Харыка інш., апавяданні У.Караленкі, А.Новікава-Прыбоя і інш.
Тв.:
Выбр. вершы. Мн., 1966.
Літ.:
Наднёманскія былі. Мн., 1968. С 39—41;
Шушкевіч С. Ён песню насіў на грудзях... // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн. 1978. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ШО́СТЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 3—5.3.1966 у Мінску. Прысутнічалі 724 дэлегаты з рашаючым і 57 з дарадчым голасам ад 343 тыс.чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (П.М.Машэраў), Рэвіз. камісіі КПБ (І.П.Кожар); праект Дырэктыў XXIII з’езда КПСС па пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1966—70 (Ц.Я.Кісялёў); выбары ЦККПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. Адобрыў паліт. і практычную работу КПБ за справаздачны перыяд, падкрэсліў, што вял. ўплыў на дзейнасць рэсп.парт. арг-цыі зрабілі кастрычніцкі, лістападаўскі (1964), сакавіцкі і вераснёўскі (1965) пленумы ЦККПСС. Ухваліў праект Дырэктыў XXIII з’езда КПСС па пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1966—70. Выбраў ЦККПБ з 133 чл. і 59 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 40 чл.
Літ.:
Машэраў П.М. Справаздача Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXVI з’езду. Мн., 1966;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 6. 1966—1975. Мн. 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРЫ́ЛА, вадзяніца (Hydrilla),
манатыпны род кветкавых раслін сям. жабнікавых. Вядомы 1 від — гідрыла кальчаковая (H. verticillata). Пашырана пераважна ў тропіках і субтропіках Еўропы, Азіі, Афрыкі і Аўстраліі; на поўначы Еўропы, у т. л. на Беларусі трапляецца як занесеная або рэліктавая расліна. Часта ўтварае зараснікі ў азёрах Бел. Паазер’я (найб.паўн. і паўн.-ўсх. месцы росту ў Еўропе). Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Шматгадовая апушчаная ў ваду двухдомная травяністая расліна з доўгім ніткападобным сцяблом даўж. да 3 м і рэдкімі галінкамі, на якіх утвараюцца шчыльныя пупышкі (прыстасаванне для вегетатыўнага размнажэння). Лісце лінейнае, эліпсоіднае або яйцападобнае, сядзячае, па 3—8 у кальчаках, радзей парнае, цёмна-зялёнае, рэдка чырв.-фіялетавае. Цвіце рэдка. Кветкі дробныя, аднаполыя, акружаны пакрывалам, сядзяць па 1 у пазухах лісця, тычынкавыя зеленавата-белыя, аддзяляюцца і ўсплываюць на паверхню, песцікавыя — белаватаплеўкавыя. Плод цыліндрычны, ягадападобны, маланасенны. Прыдатная для аквакультуры, корм для рыб і вадаплаўных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НКГА (Ginkgo),
манатыпны род голанасенных раслін сям. гінкгавых. Вядомы 1 від — гінкга двухлопасцевы (G. biloda). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі (радзіма Усх. Кітай, Японія), утварае лясы з інш. дрэвамі. Стараж. рэлікт цеплалюбнай даледавіковай флоры (геал. ўзрост віду каля 50 млн. гадоў). На Беларусі рэдка вырошчваецца (з 1900) як дэкар. расліна ў садах, парках і ў аранжарэях.
Двухдомнае лістападнае дрэва выш. да 40 м і дыям. ствала каля 3 м. Кара шэрая, шурпатая. Крона светлая, пірамідальная або раскідзістая. Лісце чаранковае, простае, арыгінальнай веерападобнай формы, светла-зялёнае, увосень — залаціста-жоўтае, сядзіць пучкамі на пакарочаных парастках. Спарафілы моцна рэдукаваныя, сабраны ў аднаполыя стробілы. Сперматазоіды рухомыя, са шматлікімі жгуцікамі (архаічная прыкмета). Семя (да 2—3 см) абкружана тоўстай вонкавай абалонкай, ядомае. Лек. і дэкар. расліна. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Святлалюбны, устойлівы да засухі, задымлення паветра, грыбковых і вірусных захворванняў, рэдка пашкоджваецца насякомымі. Даўгавечны (да 1000 і больш гадоў).