ЦЭАЛІ́ТЫ (ад грэч. zeō кіплю + lithos камень),

група мінералаў з класа сілікатаў, водныя алюмасілікаты кальцыю і натрыю, радзей інш. шчолачных і шчолачназямельных металаў. Бываюць сінт. і прыродныя (анальцым, натраліт, гейландыт, ламантыт, шабазіт і інш.).

Белыя ці бясколерныя, жаўтаватыя, ружаватыя крышталі розных крышталеграфічных сінганій. Шчыльнасць 1900—2800 кг/м³ Тэрма- і кіслотаўстойлівыя. Пры награванні ўспучваюцца (адсюль назва), лёгка аддаюць і зноў паглынаюць нязвязаную ваду, не мяняючы сваёй структуры. Радовішчы прыродных Ц. пашыраны ў свеце, у т. л. на Беларусі. Сінт. атрымліваюць крышталізацыяй пры 80—100 °C сумесі сілікатаў і алюмінату натрыю. Выкарыстоўваюць пры высушванні, ачыстцы і раздзяленні рэчываў, у якасці іонаабменнікаў, каталізатараў ці іх носьбітаў.

т. 17, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)