МЛАДАГРАМАТЫ́ЗМ,

адна з плыняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Склалася ў Еўропе ў 1870-я г. намаганнямі ням. лінгвістаў (К.​Бругман, Б.​Дэльбрук, А.​Лескін, Г.​Остгаф, Г.​Паўль, Г.​Гірт, В.​Штрэйтберг, І.​Шміт і інш.). Меў прыхільнікаў у інш. краінах (П.​Ф.​Фартунатаў, І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, А.​А.​Шахматаў у Расіі, М.​Брэаль, А.​Мее ў Францыі, Г.​І.​Аскалі ў Італіі, С.​Буге, К.​Вернер у скандынаўскіх краінах, У.​Уітні ў ЗША, Я.​Развадоўскі, Я.​Лось у Польшчы). Младаграматыкі адмовіліся ад асн. навук. уяўленняў 1-й пал. 19 ст. (ідэя трохэтапнасці глотагенічнага працэсу: аморфны стан прамовы — аглюцінацыя — флексійны лад; вучэнне В.​Гумбальта пра ўнутр. форму мовы, якая служыць адбіткам «духу» народа; падыход А.​Шляйхера да мовы як да прыроднага арганізма). У аснове М. — індуктыўны падыход да жывых моўных з’яў і працэсаў і погляд на мову як на індывідуальна-псіхал. з’яву, якая павінна вывучацца параўнальна-гіст. метадам. Гэты метад быў даведзены младаграматыкамі да высокай ступені навук. дакладнасці. Яны сцвярджалі, што гукавыя законы, на якіх грунтуецца развіццё моў, дзейнічаюць стыхійна і паслядоўна. Адхіленне ад іх дзеяння — або праява дзеяння іншых, яшчэ не пазнаных гукавых законаў, або вынік змяненняў па аналогіі. Такое разуменне сутнасці і ролі гукавых законаў дало младаграматыкам магчымасць абгрунтаваць прынцып гістарызму ў мовазнаўстве як аснову навук. метадалогіі і ў далейшым дазволіла вучоным усвядоміць і размежаваць паняцці дыяхраніі і сінхраніі ў моўнай дынаміцы і прывяло да ідэі сістэмнасці мовы. Для саміх младаграматыкаў быў характэрны пазасістэмны, «атамарны», хоць і вельмі дэталёвы разгляд паасобных моўных з’яў. Пільная ўвага младаграматыкаў да моўных фактаў садзейнічала іх размежаванню як аб’ектаў даследавання і складанню паасобных мовазнаўчых дысцыплін — фанетыкі, этымалогіі, гіст. граматыкі, семасіялогіі, дыялекталогіі. Тэрмін «младаграматыкі» (ням. Junggrammatiker) уведзены Ф.​Царнке.

Літ.:

Томсен В. История языковедения до конца XIX в.: Пер. с дат. М., 1938;

Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗЫ́М ХІКМЕ́Т РАН (Nâzim Hikmet Rań; 20.1.1902, г. Салонікі, Грэцыя — 3.6.1963),

турэцкі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Камуніст. ун-це працоўных Усходу ў Маскве (1921—24). Як камуніст 17 гадоў правёў у турмах Турцыі. З 1951 жыў у СССР. Друкаваўся з 1917. Першы зб. «Песня тых, што п’юць сонца» (1928, надрук. ў Баку). У зб-ках вершаў «835 радкоў» (1929), «Горад, які згубіў голас» (1931) сац. матывы. Антыкалан. ідэямі прасякнуты паэма «Джыяконда і Сі-Я-у» (1929), раман у вершах «Чаму Бенерджы скончыў жыццё самагубствам?», п’есы «Чэрап» (абодва 1932), «Усімі забыты» (1935). За рэв. накіраванасць зб. вершаў «Тэлеграма, якая прыйшла ноччу» (1932) зняволены ў турму, дзе стварыў паэт. эпапею «Чалавечая панарама» (1941—61, паэт. гісторыя 1-й пал. 20 ст.), нізку вершаў «Лісты з турмы», п’есу «Легенда пра каханне» (выд. 1965) і інш. Антыфаш. тэма ў зб. вершаў «Партрэты» (1935), кн. публіцыстыкі «Нямецкі фашызм і расавая тэорыя» (1936). Аўтар п’ес «Дзівак» (1955), «А ці быў Іван Іванавіч?» (1956), раманаў «Кроў не можа гаварыць» (выд. 1965), «Жыццё — добрая рэч, мой брат» (выд. 1967). Увёў у тур. паэзію новыя рытмы, т.зв. свабодны верш. Бел. т-р імя Я.​Купалы паставіў п’есы «Забыты ўсімі» (1958), «Дзівак» (1964), «Сляпы падзішах» (1966). На бел. мову яго вершы пераклалі М.​Аўрамчык, А.​Вялюгін, А.​Зарыцкі, У.​Паўлаў, А.​Русецкі, М.​Танк. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» за 1950.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ідзе Кастрычнік па зямлі. Мн., 1987;

У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;

Рус. пер. — Избранное: Стихотворения. Поэмы. М., 1974;

Избранное. Т. 1—2. М., 1987;

Собака лает — караван идет: Миниатюры. М., 1979.

Літ.:

Бабаев А.А. Назым Хикмет: Жизнь и творчество. М., 1975;

Меликов Т. Назым Хикмет и новая поэзия Турции. М., 1987.

Г.​М.​Малей.

Назым Хікмет Ран.

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРА́РКА ((Petrarca) Франчэска) (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),

італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўны сан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян. літ. мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.​Баршчэўскі, Ю.​Гаўрук, М.​Дуброўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Санеты. Мн., 1996;

У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974;

Сонеты. Мн., 1982;

Эстетические фрагменты. М., 1982;

Лирика. М., 1989;

Африка: Поэма. М., 1992;

Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;

Сочинения философские и полемические. М., 1998.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;

Франческо Петрарка: Библиогр. указ. М., 1986.

Ф.Петрарка.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУС (Prus) Баляслаў [сапр. Главацкі

(Głowacki) Аляксандр; 20.8.1847, г. Грубешаў, Польшча — 19.5.1912], польскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Гал. школе ў Варшаве (1866—68). З 1873 супрацоўнічаў у газетах і часопісах, у 1882—83 рэдактар час. «Nowiny» («Навіны»). Друкаваўся з 1872. Зазнаў уплыў польскага пазітывізму. Аўтар рэаліст. аповесцей «Анелька», «Зваротная хваля» (абедзве 1880),

«Фарпост» (1885), у якіх крытыка шляхты, жыццё рабочых, барацьба сялян супраць ням. каланізацыі. Жыццё чалавека з сац. нізоў, лёс дзіцяці і яго ўяўленне аб навакольным свеце ў навелах «Міхалка» (1880), «Антак» (1881), «Камізэлька» (1882), «Грахі маленства» (1883) і інш. Вяршыня яго рэаліст. творчасці — сац.-псіхал. раман «Лялька» (1887—89, экранізацыя 1968), у якім аналіз грамадскага і духоўнага жыцця Польшчы 19 ст., разнастайнасць характараў, банкруцтва ідэй пазітывізму, а таксама рамант. ілюзій. У сац.-быт. рамане «Эмансіпіраваныя жанчыны» (1890—93) карціна жыцця Варшавы і правінцыі, багацце псіхал. і прафес. тыпаў жанчын. Гісторыка-філас. раман «Фараон» (1895—96, экранізацыя 1966) адметны маст. дасканаласцю; на фоне паліт. барацьбы за ўладу ў Егіпце ў 11 ст. да н.э. вырашаюцца праблемы сучаснасці. Аўтар раманаў «Дзеці» (1908), «Перамены» (1911), літ.-крытычных прац. Стварыў арыгінальную форму «Хронік» (т. 1—20, выд. 1954—70). Яго творчай манеры ўласцівы спалучэнне псіхал. і сац. аналізу, гумар, лірызм, канкрэтнасць і пластычнасць апісанняў. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.​Брыль, П.​Бітэль, М.​Чарнецкі.

Тв.:

Pisma. T. 1—29. Warszawa, 1948—52;

Listy. Warszawa, 1959;

Wybór pism. T. 1—10. 5 wyd. Warszawa, 1974—75;

Бел. пер. — Міхалка. Мн., 1930;

Грахі маленства: Апавяданні. Мн., 1981;

На канікулах // Далягляды, 1987. Мн., 1987;

Рус. пер.Соч. Т. 1—7. М., 1961—63.

Літ.:

Szweykowski Z. Twórczość Bolesława Prusa. 2 wyd. Warszawa, 1972;

Pieścikowski E. Nad twórczością Bolesława Prusa. Poznań, 1989.

С.​Дз.​Малюковіч.

Б.Прус.

т. 13, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.​Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.​Гюго («Эрнані», 1844), У.​Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.​Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.​Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.​Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.​Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст. муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв. муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян. нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».

Тв.:

26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);

«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;

вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);

струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;

песні, рамансы і інш.

Літ. тв.: Рус. пер. — Избр. письма. М., 1959.

Літ.:

Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;

Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;

Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;

Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.

Л.​А.​Сівалобчык.

Партрэт Дж.Вердзі. Мастак Ламбардзіні.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬТЭР ШАЦІЛЬЁНСКІ (Walter von Châtillon; каля 1135, г. Ліль, Францыя — каля 1200),

французскі лацінскі паэт. Адзін з буйнейшых паэтаў-вагантаў. Вучыўся ў Парыжы і Рэймсе. Займаў пасаду каноніка ў Ам’ене, служыў пры двары Генрыха II. Шмат падарожнічаў. Паводле падання, памёр ад праказы ў Парыжы. У антыклерыкальных вершах «Скарга на своекарыслівасць і злачынствы духавенства», «Я, нядужы між нядужых...», «Выкрыццё Рыма» раскрыў унутр. заганы царквы, стварыў цэласную горка-іранічную карціну свету, які сышоў са шляху ісціны і, прыкрываючыся імем Хрыста, жыве пад уладай антыхрыста. Аўтар паэмы «Александрэіда» (каля 1178—82).

Тв.:

Рус. пер. — Александреида [Стихи] // Памятники средневековой латинской литературы Х — XII вв. М., 1972;

У кн.: Поэзия трубадуров;

Поэзия миннезингеров;

Поэзия вагантов. М., 1974.

Літ.:

Гаспаров М.Л. Поэзия вагантов // Памятники средневековой латинской литературы Х—XII вв. М., 1972.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́СЕРМАН ((Wassermann) Якаб) (10.3.1873, г. Фюрт, Германія — 1.1.1934),

нямецкі і аўстрыйскі пісьменнік. У сярэдзіне 1880-х г. супрацоўнічаў з час. «Simplicissimus» («Сімпліцысімус»). Набыў вядомасць як аўтар раманаў «Габрэі з Цырндорфа» (1897), «Молах» (1903), «Чалавечак з гусямі» (1915), «Этцэль Андэргаст» (1931) і асабліва «Каспар Гаўзер, або Лянота сэрца» (1908) і «Справа Маўрыцыуса» (1928), у цэнтры якіх — герой-самотнік, шукальнік праўды, які супрацьстаіць варожаму свету. У творах Васермана поўнае напружання дзеянне спалучаецца з псіхал. рэалізмам, узмоцненым псіхааналізам, маралістычнай крытыкай грамадства і яго інстытутаў (уплыў Ф.​М.​Дастаеўскага). Аўтар сатыр. п’есы «Камедыя хлусні» (1898), кн. «Дух пілігрыма» (1923).

Тв.:

Gesammelte Werke. Bd. 1—7. Zürich, 1944—48;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. М., 1912—13;

Золото Кахамарки. М., 1956;

Каспар Хаузер, или Леность сердца. М., 1990.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСЕНА́Р ((Boussenard) Луі Анры) (4.10.1847, Эскрэн, дэпартамент Луарэ, Францыя — 11.91910),

французскі пісьменнік. Атрымаў мед. адукацыю ў Парыжы. Адзін з заснавальнікаў часопіса для падлеткаў «Le journal des voyages» («Дзённік падарожжаў»). Аўтар прыгодніцкіх раманаў для дзяцей і юнацтва: «Падарожжа вакол свету аднаго парыжскага хлопчыка» (1878—80), «Тайна доктара Сінтэза» (1888—89), «Палымнеючы востраў» (1898), «Капітан-Сарві-Галава» (1901) і інш. Творчасць Бусенара ў многіх дэталях, сюжэтах (часта разгортваюцца ў абставінах «экзатычных» краін), фантастычных элементах (падрабязнае апісанне складаных машын і навук. адкрыццяў, якія з’яўляюцца на некалькі дзесяцігоддзяў пазней) апярэдзіла развіццё навук.-фантаст. і прыгодніцкага жанраў у 20 ст.

Тв/: Рус. пер. — Полн. собр. романов. Кн. 1—40. СПб., 1911; Собр. романов. Т. 1—10. М., 1991—93; Охотники за каучуком. М., 1992; Похитители бриллиантов. Мн., 1993.

С.​В.​Логіш.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЦА́ЦІ ((Buzzati) Дзіна) (16.10.1906, г. Белуна, Італія — 28.1.1972),

італьянскі пісьменнік. Адзін з майстроў апавядання ў італьян. і еўрап. л-ры 20 ст. Вядомасць прынеслі раман «Тартарская пустыня» (1940) і зб. апавяданняў «Сямёра пасланцоў» (1942), у якіх рэха філасофіі (твораў К.​Ясперса, М.​Хайдэгера, Ж.​П.​Сартра) і рэальнасці часоў 2-й сусв. вайны. Зацікаўленасць Буцаці экзістэнцыяльнымі пытаннямі, сувязь з праблематыкай твораў Ф.​Кафкі адчувальныя ў зб-ках апавяданняў «Страх у Ла Скала» (1949), «Падзенне Баліверны» (1954), «60 апавяданняў» (1958), аповесці «Павялічаны партрэт» (1960) і інш. Непакой, адчуванне абсурднасці існавання і подыху смерці — асн. рысы светапогляду яго персанажаў. Падзеі, на першы погляд рэальныя, у творах Буцаці захоўваюць элемент фантастычнага, ірэальнага. Аўтар кніг для дзяцей, п’ес, оперных лібрэта. Займаўся жывапісам і маст. крытыкай.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1989.

С.​В.​Логіш.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ЛШЭВІЦА (Belževica; сапр. Элсберга) Візма Янаўна

(н. 30.5.1931, Рыга),

латышская паэтэса. Засл. дз. культуры Латвіі (1986), ганаровы член АН Латвіі (1990). Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1961). Друкуецца з 1947. Аўтар кніг вершаў («Усю зіму вясна», 1955; «Зямная цяплынь», 1959; «Мора гарыць», 1966; «У маруне», 1976), навел і апавяданняў («Няшчасце ў дом», 1979). У яе паэзіі — праблемы грамадскага існавання, нац. самасвядомасці, душэўнай адзіноты асобы. Проза Бэлшэвіцы адметная лаканічнасцю, інтрыгай, тонкім псіхалагізмам. Вядомая і як драматург. Пісала казкі для дзяцей. На латыш. мову пераклала творы А.​Астрэйкі, С.​Грахоўскага. На бел. мову творы Бэлшэвіцы пераклаў В.​Сёмуха.

Тв.:

Бел. пер. — Белы алень. Мн., 1985;

у кн.: Сучасныя латышскія апавяданні. Мн., 1978;

Латышская савецкая паэзія: Анталогія. Т. I. Мн., 1984;

Песня Даўгавы. Мн., 1986.

М.​Абала.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)