ТРАМПЛІ́Н (франц. tremplin ад італьян. trampolino, ад trampolo хадулі),
спартыўны снарад (прылада) або збудаванне, якое забяспечвае павелічэнне адлегласці палёту спартсмена ў момант скачка. Адрозніваюць Т. для гімнастычных скачкоў, скачкоў на лыжах, водных лыжах, у ваду, фрыстайле і інш. Т. гімнастычны — спружыністая нахілена пастаўленая дошка, якая выкарыстоўваецца ў гімнастыцы, акрабатыцы для ўзмацнення адскоку ад апоры. Т. для скачкоў на лыжах — спарт. збудаванне, якое складаецца з гары разгону з верт. уступам і гары прызямлення, што пераходзіць у гарыз. пляцоўку. Абсталёўваецца пад’ёмнікам (ліфт, канатная дарога і інш.). У залежнасці ад прызначэння (для абучэння ці спарт. удасканаленасці) т.зв. магутнасць Т. (аптымальная даўж. скачка, на якую разлічаны Т.) бывае да 120 м і больш. Існуюць прыродныя (на схіле гары), штучныя (на эстакадах) і камбінаваныя. Т. для скачкоў у ваду — дошка даўж. 4,8—5 м, шыр. 0,5 м, якая прымацоўваецца да рамы скачковай вышкі на выш. 1 і 3 м ад паверхні вады. Адзін канец яе замацоўваецца шарнірна ці жорстка, у сярэдняй ч. абапіраецца на валік, што дае магчымасць мяняць жорсткасць і амплітуду ваганняў дошкі. Т. для скачкоў на водных лыжах — пакаты нахілены памост з гладкай паверхняй, даўж. да 6,7 м, шыр. каля 4 м, выш. над вадой да 1,8 м у мужчын і да 1,5 м у жанчын. Т. трохступеньчаты — снарад для наземнага навучання і трэніроўкі парашутыстаў. Дае магчымасць выпрацоўваць навыкі прызямлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТРО́Я», «Гісторыя траянскай вайны», «Аповесць пра Трою». помнік бел. літаратуры 15 ст.; гіст. перакладная аповесць пра падзеі легендарнай Траянскай вайны. Асн. змест твора грунтуецца не на «Іліядзе» Гамера, а на больш позняй апрацоўцы нар. паданняў, якая ў ант. эпоху прыпісвалася грэку Дыктысу і траянцу Дарэсу (Дарэту) і выдавалася за ўспаміны сапр. удзельнікаў вайны. Паслужыла крыніцай для шматлікіх літ. апрацовак. У 15 ст.ўсх. славянам праз паўд.-слав. пасрэдніцтва стала вядома т.зв. «Прытча пра каралёў» з візант. хронікі 12 ст. Канстанціна Манасіі, у канцы 15 ст. перакладзеная на бел. мову. У ёй апісваюцца гісторыя заснавання Троі, незвычайнае жыццё траянскага царэвіча Парыса (у бел. тэксце — Фарыжа), сцісла выкладаецца фальклорна-паэтычная версія прычын узнікнення Траянскай вайны. Асн. месца ў «Т.» займае апавяданне пра падзеі апошняга года вайны, якая скончылася смерцю гал. герояў і разбурэннем Троі. Падзеі ў творы асвятляюцца з гуманістычных пазіцый (асуджаецца неапраўданая жорсткасць на вайне, бязлітаснасць да пераможаных), з глыбокім спачуваннем аўтар ставіцца да трагічнага лёсу траянцаў і іх роднага горада. «Т.» карысталася значнай папулярнасцю сярод бел. чытачоў, яе і «Александрыю» згадвае Ф.Скарына.
На Беларусі быў вядомы яшчэ адзін твор пра Траянскую вайну — рыцарскі раман італьянца Гвіда дэ Калумны «Гісторыя разбурэння Троі» (13 ст.). перакладзены на старабел. мову ў канцы 16—17 ст.
Публ.:
Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБАПРАКА́ТНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ выраб бясшвовых (без зварнога падоўжнага ці спіральнага шва) метал.труб спосабам пракаткі. Уключае транспартаванне загатовак (зліткаў) да награвальных печаў, награванне загатовак, пракатку труб, іх каліброўку, ахаладжэнне, праўку, абрэзку і інш.Асн.тэхнал. абсталяванне Т.в. — трубапракатныя агрэгаты, якія адрозніваюцца тыпаразмерам вырабляемых труб і спосабам іх пракаткі. Працэс гарачай пракаткі ўключае: прашыўку нагрэтай загатоўкі (злітка) і атрыманне таўстасценнай гільзы на прашыўных станах; раскатку гільзы да пэўнай таўшчыні сценак, дыяметра і даўжыні трубы на бесперапынным, кароткаапраўным, пілігрымавым, трохвалковым пракатных станах. Бесперапынны стан (найб. прадукцыйны) ужываецца пры пракатцы труб дыяметрам 110 мм; кароткаапраўны (аўтаматычны) — для вырабу труб дыяметрам ад 60 да 450 мм і больш; пілігрымавы — дыяметрам 400—700 мм, трохвалковы стан — таўстасценных труб дыяметрам 35—200 мм (для кольцаў падшыпнікаў качэння). Пасля раскаткі трубы калібруюцца на калібровачных станах (гл.Калібр),
ахалоджваюцца і правяцца. Трубы дыяметрам да 70 мм атрымліваюць абцісканнем гарачых трубных загатовак на рэдукцыйных станах. Для змяншэння таўшчыні сценкі і дыяметра, надання трубе больш высокіх мех. уласцівасцей, гладкай паверхні і дакладных памераў пасля гарачай пракаткі яе ставяць на станах перыяд. дзеяння, на халодную пракатку, а таксама працягваюць праз валокі валачыльнага стану. Бясшвовыя трубы ўжываюцца ў машынабудаванні, нафтаздабыўной, хім. прам-сці, у камунальнай гаспадарцы і інш.Асн. прадпрыемствамі па іх вырабе ў СНГ з’яўляюцца Перваўральскі наватрубны і Нікапальскі паўднёватрубны з-ды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛА́НАВА Галіна Сяргееўна (8.1.1910, С.-Пецярбург — 21.3.1998),
расійская артыстка балета, педагог. Нар.арт.СССР (1951). Герой Сац. Працы (1974, 1980). Ганаровы чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1960). Скончыла Ленінградскае маст. вучылішча (1928). З 1928 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава; з 1944 вядучая салістка Вял.т-ра ў Маскве, з 1960 балетмайстар-рэпетытар у ім. Развівала прынцыпы і традыцыі рус. балетнай школы. Мастацтву У. характэрны гармонія ўсіх выразных сродкаў танца з уласцівым спалучэннем жыццёвага і ўмоўнага, псіхал. глыбінёй і лірызмам, паэтычнасцю пластычных ліній: Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Сярод інш. партый: Дзіяна («Эсмеральда» Ц.Пуні), Папялушка, Кацярына («Папялушка», «Сказ аб каменнай кветцы» Пракоф’ева), Параша, Тао Хоа («Медны коннік», «Чырвоны мак» Р.Гліэра) і інш. Знялася ў маст. фільме «Салістка балета» (1946), у фільмах-канцэртах і фільме-балеце. Яе творчасці прысвечаны дак. фільм «Галіна Уланава» (1963) і тэлефільм «Свет Уланавай» (1981). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1947, 1950. Ленінская прэмія 1957. Прэмія Г.Паўлавай (1958, Парыж). Прэмія О.Парселі (1988, Мілан).
Літ.:
Львов-Анохин Б.А. Галина Уланова. 2 изд. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРУБЛЕ́ЎСКІ (Wróblewski) Валерый Антоній (27.12.1836, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 5.8.1908),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі, дзеяч міжнар.рэв. руху. Скончыў Віленскі дваранскі ін-т (1853), Пецярбургскі лясны ін-т (1857). У студэнцкія гады завязаў сувязі з К.Каліноўскім і інш.рэв. дзеячамі. З 1857 пам. загадчыка, потым заг. лясной школы ў мяст. Саколка Гродзенскай губ. У 1861—63 удзельнічаў у стварэнні рэв. арг-цыі ў Гродне, памагаў Каліноўскаму выпускаць і распаўсюджваць газ.«Мужыцкая праўда». У час паўстання 1863—64 актыўны дзеяч «чырвоных», быў нач. штаба паўстанцаў, са жн. 1863 камандуючы паўстанцкімі ўзбр. сіламі Гродзенскай губ., потым — Люблінскага і Падляшскага ваяв. У баі 7.1.1864 цяжка паранены, эмігрыраваў у Францыю. Кіраваў дэмакр. арг-цыямі польск. эміграцыі. У 1871 у званні генерала камандаваў паўд. фронтам Парыжскай камуны. Пасля яе паражэння завочна прыгавораны да пакарання смерцю. Каб пазбегнуць расправы, эмігрыраваў у Лондан, дзе пасябраваў з К.Марксам і Ф.Энгельсам. З восені 1871 чл.Ген. савета 1-га Інтэрнацыянала як сакратар-карэспандэнт для Польшчы. У 1878 нелегальна прыязджаў у Расію для знаёмства з народніцкім рэв. рухам. Пасля амністыі камунараў (1880) вярнуўся ў Францыю ў 1885. Пахаваны каля сцяны Камунараў на могілках Пер-Лашэз у Парыжы.
Літ.:
Абрамавичюс В.Е., Дьяков В.А. Валерий Врублевский М., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ЗІКА НІ́ЗКІХ ТЭМПЕРАТУ́Р,
галіна фізікі, якая вывучае кандэнсаваныя (вадкі і цвёрды) станы рэчыва пры нізкіх і звышнізкіх т-рах (гл.Нізкія тэмпературы). Асн.яе праблемы звязаны з даследаваннямі пры т-рах, меншых за 0,001 К, і пошукам матэрыялаў з высокатэмпературнай звышправоднасцю.
Пры нізкіх т-рах выяўлены з’явы і заканамернасці ўзаемадзеяння квазічасціц, якія пры звычайных т-рах вуаліруюцца цеплавым рухам часціц. Пры паніжэнні т-ры ў рэчыве змяншаюцца цеплавыя ваганні атамаў і малекул, што вядзе да праяўлення ў кандэнсаваных асяроддзях квантавых эфектаў (звышправоднасці, звышцякучасціінш.). Пры нізкіх т-рах усе рэчывы (акрамя гелію) крышталізуюцца з утварэннем крыякрышталёў (гелій да абс. нуля т-ры застаецца квантавай вадкасцю, аднак пад павышаным ціскам утварае квантавы крышталь). Пры гэтым у рэчыве істотна змяняюцца ўласцівасці электронаў і крышталічнай рашоткі, законы размеркавання квантаванай энергіі паміж рознымі тыпамі квазічасціц рэчыва, адбываюцца фазавыя пераходы, звязаныя з упарадкаваннем часціц. На аснове з’яў Ф.н.т. узніклі крыягенныя тэхніка, электроніка, энергетыка, біялогія, медыцына, хімія і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах Ф.н.т. вядуцца з 1960-х г. у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Абрикосов А.А. Основы теории металлов. М., 1987;
Капица П.Л. Физика и техника низких температур: Науч. тр.М., 1989;
Милошенко В.Е. Введение в физику сверхпроводников. Воронеж, 1992.
іспанскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генералісімус (1936). Скончыў пях. вучылішча ў г. Таледа (1910). Служыў у калан. войсках у Ісп. Марока (з 1910), у ісп. Замежным легіёне (1920—27). З 1928 нач.Ваен. акадэміі ў г. Сарагоса, камандаваў дывізіяй і брыгадай. З 1934 нач.Ген. штаба. У час.грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 (гл.Іспанская рэвалюцыя 1931—39) узначаліў ваен. мяцеж супраць Ісп. Рэспублікі і ў выніку яе паражэння ўстанавіў у краіне дыктатуру на ўзор фаш. Італіі; з 1936 галоўнакамандуючы, адначасова з 1937 «правадыр» (каўдыльё) Іспанскай фалангі, з 1938 кіраўнік дзяржавы (з 1957 і ўрада). У 2-ю сусв. вайну намагаўся захаваць нейтралітэт Іспаніі (акрамя ўдзелу ў баях на сав.-герм. фронце ў 1941—43 ісп. «блакітнай дывізіі»). Пасля вайны прарваў знешнепаліт. ізаляцыю краіны праз пагадненне з ЗША (1953) і прыём Іспаніі ў ААН (1955). Ва ўнутр. палітыцы рабіў стаўку на эканам.аўтаркію, абвясціў каталіцызм адзінай рэлігіяй ісп. нацыі, скасаваў рэгіянальныя аўтаноміі, у 1947 фармальна аднавіў манархію, а ў 1969 прызначыў сваім пераемнікам і будучым каралём Іспаніі Хуана Карласа I.
Літ.:
Дамс Х.Г. Франсиско Франко: Пер. с нем. Ростов н/Д, 1999;
Престон П. Франко: Биогр.: Пер. с англ.М., 1999;
Пожарская С.П. Генералиссимус Франко и его время // Новая и новейшая история. 1990. №6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНАЙ БУДО́ВЫ ТЭО́РЫЯ,
класічная структурная тэорыя аб залежнасці ўласцівасцей рэчываў (пераважна арган.) ад будовы іх малекул. Асн. прынцыпы Х.б.т. прапанаваны А.М.Бутлеравым (1861), які ўпершыню ўвёў паняцце аб хім. будове (або структуры) рэчыва як вызначанай паслядоўнасці, паводле якой атамы злучаюцца ў адпаведнасці з іх валентнасцю і ўтвараюць малекулы рэчыва.
Асн. палажэнне Х.б.т. — хім. і фіз. ўласцівасці злучэнняў залежаць не толькі ад тыпу і колькасці атамаў, якія ўваходзяць у іх састаў, але і ад хім. будовы малекул. Кожнаму рэчыву адпавядае пэўная формула хім. будовы, якую можна паказаць графічна. Такая структурная формула дае ўяўленне аб магчымых хім. ператварэннях рэчыва. Бутлераў растлумачыў адрозненні ўласцівасцей ізамерных злучэнняў (гл.Ізамерыя) як рэчываў аднолькавага якаснага і колькаснага саставу, але розных па хім. будове, а таксама адкрыў з’яву таўтамерыі. Х.б.т. дала магчымасць прадказання, сінтэзу і доказу будовы разнастайных ізамерных злучэнняў рада вуглевадародаў, спіртоў, карбонавых кіслот. Яна садзейнічала развіццю арган. сінтэзу, дазволіла сістэматызаваць шматлікія эксперым. даныя, стала фундаментам для класіфікацыі арган. злучэнняў і іх наменклатуры. Х.б.т. далей развіта ў працах У.В.Маркоўнікава, А.М.Зайцава і інш.Асн. палажэнні Х.б.т. на сучасным этапе хім. навукі паглыблены электроннымі ўяўленнямі аб хім. сувязі, яе квантава-хім. апісаннем, пацверджаны данымі фізіка-хім. метадаў даследавання структуры рэчываў. Гл. таксама Арганічная хімія, Стэрэахімія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛАРАФІ́ЛЫ (ад грэч. chlōros зялёны + phyllon ліст),
зялёныя пігменты раслін, з дапамогай якіх яны ўлоўліваюць энергію сонечнага святла і ажыццяўляюць фотасінтэз. Аснова малекулы Х. — складанае цыклічнае злучэнне — Mg-парфірынавы комплекс. У клетках Х. знаходзяцца ў хларапластах і храматафорах. Фізіялагічна Х. актыўныя толькі ў звязанай з бялком форме. Існуе некалькі тыпаў Х. (a, b, c, d), якія адрозніваюцца сістэмай спалучаных сувязей і намеснікамі (спектрамі паглынання). У вышэйшых раслін і водарасцях асн. пігментам з’яўляецца Х. a, дадатковымі — Х. b (вышэйшыя расліны, зялёныя водарасці), Х. c (бурыя і дыятомавыя водарасці), Х. d (чырв. водарасці). Большая ч. малекул Х. паглынае энергію святла (што суправаджаецца ўзбуджэннем малекул Х. — назапашваннем энергіі ўнутры малекул) і перадае яерэакц. цэнтрам фотасінтэзу (міграцыя энергіі), меншая ч. ўключана ў склад рэакц. цэнтраў і ўдзельнічае ў фотахім. рэакцыях. У рэакц. цэнтры Х. за кошт энергіі кванта, што паглынаецца, адбываецца міжмалекулярны перанос электрона, т.зв. элементарны акісляльна-аднаўленчы акт. У выніку першасных працэсаў фотасінтэзу ўтвараюцца адноўленыя прадукты (НАДН, НАДФН) і АТФ. Энергія, назапашаная ў гэтых злучэннях, выкарыстоўваецца для біяхім. ператварэнняў вугляроду, які ўваходзіць у цыкл Калвіна. Т.ч., святло, што паглынаецца Х., ператвараецца ў патэнцыяльную хім. энергію арган. прадуктаў фотасінтэзу. У фотатрофных бактэрый у фотасінтэзе ўдзельнічаюць аналагі Х. — бактэрыяхларафілы.
Літ.:
Vernon L.P., Seely G.R. The chlorophylls. New York;
London, 1966;
Белл Л.Н. Энергетика фотосинтезирующей растительной клетки. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІРО́ЛЬ (Tyrol, Tirol),
гістарычная вобласць у Еўропе, у Альпах з нямецкамоўным насельніцтвам — цірольцамі. У старажытнасці тэр. Ц. насялялі рэты і ілірыйцы, каля 15 да н.э. яна заваявана рымлянамі і ўключана ў прав. Рэцыя. У 4—5 ст.н.э.зах.яе частку занялі алеманы, паўн. ў 6 ст. — бавары, паўд. — лангабарды. У 11—13 ст. Ц. уваходзіў у склад «Свяшчэннай Рым. імперыі», на яго тэр. існаваў шэраг феад. уладанняў (біскупствы Трыент і Брыксен, графства Ц. і інш.). У 1363 графствам Ц. авалодалі Габсбургі. У гаспадарцы Ц. вял. ролю адыгрывала жывёлагадоўля, у 15—17 ст. — горная прам-сць (асабліва здабыча серабра, медзі, ртуці). Цераз перавал Брэнер праходзіў важны гандл. шлях, які злучаў Германію з Італіяй.
Значная частка сялянства захоўвала асабістую свабоду і мела сваё прадстаўніцтва ў ландтагу (збіраўся ў г. Інсбрук). Сяляне і рудакопы на чале з М.Гайсмайрам прынялі ўдзел у Сялянскай вайне 1524—26. Спроба Баварыі захапіць Ц. у час вайны за Ісп. спадчыну прывяла да антыбаварскага паўстання сялян (1703). У час напалеонаўскіх войнаў Ц. далучаны (1805) да Баварыі. Пасля паражэння паўстання (1809) супраць франка-баварскай акупацыі Ц. падзелены паміж Баварыяй, Італьян. каралеўствам і Ілірыйскімі правінцыямі. Паводле Венскага кангрэса 1814—15 Ц. далучаны да Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. у паўд. частцы Ц. распаўсюдзіўся ірэдэнтызм. Паводле Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919 Ц. падзелены паміж Аўстрыяй і Італіяй.