ЦІРО́ЛЬ (Tyrol, Tirol),
гістарычная вобласць у Еўропе, у Альпах з нямецкамоўным насельніцтвам — цірольцамі. У старажытнасці тэр. Ц. насялялі рэты і ілірыйцы, каля 15 да н.э. яна заваявана рымлянамі і ўключана ў прав. Рэцыя. У 4—5 ст. н.э. зах. яе частку занялі алеманы, паўн. ў 6 ст. — бавары, паўд. — лангабарды. У 11—13 ст. Ц. уваходзіў у склад «Свяшчэннай Рым. імперыі», на яго тэр. існаваў шэраг феад. уладанняў (біскупствы Трыент і Брыксен, графства Ц. і інш.). У 1363 графствам Ц. авалодалі Габсбургі. У гаспадарцы Ц. вял. ролю адыгрывала жывёлагадоўля, у 15—17 ст. — горная прам-сць (асабліва здабыча серабра, медзі, ртуці). Цераз перавал Брэнер праходзіў важны гандл. шлях, які злучаў Германію з Італіяй.
Значная частка сялянства захоўвала асабістую свабоду і мела сваё прадстаўніцтва ў ландтагу (збіраўся ў г. Інсбрук). Сяляне і рудакопы на чале з М.Гайсмайрам прынялі ўдзел у Сялянскай вайне 1524—26. Спроба Баварыі захапіць Ц. у час вайны за Ісп. спадчыну прывяла да антыбаварскага паўстання сялян (1703). У час напалеонаўскіх войнаў Ц. далучаны (1805) да Баварыі. Пасля паражэння паўстання (1809) супраць франка-баварскай акупацыі Ц. падзелены паміж Баварыяй, Італьян. каралеўствам і Ілірыйскімі правінцыямі. Паводле Венскага кангрэса 1814—15 Ц. далучаны да Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. у паўд. частцы Ц. распаўсюдзіўся ірэдэнтызм. Паводле Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919 Ц. падзелены паміж Аўстрыяй і Італіяй.
т. 17, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)