ХЛАРАФІ́ЛЫ (ад грэч. chlōros зялёны + phyllon ліст),

зялёныя пігменты раслін, з дапамогай якіх яны ўлоўліваюць энергію сонечнага святла і ажыццяўляюць фотасінтэз. Аснова малекулы Х. — складанае цыклічнае злучэнне — Mg-парфірынавы комплекс. У клетках Х. знаходзяцца ў хларапластах і храматафорах. Фізіялагічна Х. актыўныя толькі ў звязанай з бялком форме. Існуе некалькі тыпаў Х. (a, b, c, d), якія адрозніваюцца сістэмай спалучаных сувязей і намеснікамі (спектрамі паглынання). У вышэйшых раслін і водарасцях асн. пігментам з’яўляецца Х. a, дадатковымі — Х. b (вышэйшыя расліны, зялёныя водарасці), Х. c (бурыя і дыятомавыя водарасці), Х. d (чырв. водарасці). Большая ч. малекул Х. паглынае энергію святла (што суправаджаецца ўзбуджэннем малекул Х. — назапашваннем энергіі ўнутры малекул) і перадае яе рэакц. цэнтрам фотасінтэзу (міграцыя энергіі), меншая ч. ўключана ў склад рэакц. цэнтраў і ўдзельнічае ў фотахім. рэакцыях. У рэакц. цэнтры Х. за кошт энергіі кванта, што паглынаецца, адбываецца міжмалекулярны перанос электрона, т.зв. элементарны акісляльна-аднаўленчы акт. У выніку першасных працэсаў фотасінтэзу ўтвараюцца адноўленыя прадукты (НАДН, НАДФН) і АТФ. Энергія, назапашаная ў гэтых злучэннях, выкарыстоўваецца для біяхім. ператварэнняў вугляроду, які ўваходзіць у цыкл Калвіна. Т.ч., святло, што паглынаецца Х., ператвараецца ў патэнцыяльную хім. энергію арган. прадуктаў фотасінтэзу. У фотатрофных бактэрый у фотасінтэзе ўдзельнічаюць аналагі Х. — бактэрыяхларафілы.

Літ.:

Vernon L.P., Seely G.R. The chlorophylls. New York;

London, 1966;

Белл Л.Н. Энергетика фотосинтезирующей растительной клетки. М., 1980.

т. 17, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)