спалучэнне філасофскіх, эканам. і сац.-паліт. поглядаў К.Маркса і Ф.Энгельса з тэарэтыка-філас. сістэмай, распрацаванай У.І.Леніным. Тэрмін «М.-л.» уведзены ў навук. ўжытак І.В.Сталіным у пач. 1920-х г. для абазначэння новага этапу развіцця марксізму, звязанага з творчасцю і дзейнасцю Леніна. Сам Ленін ніколі не прэтэндаваў на стварэнне асобнай цэласнай навук. сістэмы і разглядаў сябе толькі вучнем Маркса і Энгельса, а свой уклад у тэорыю — як частку марксісцкага вучэння. Таму ў афіц. дакументах КПСС, міжнар.камуніст. і рабочага руху ленінізм разглядаўся як асобны этап у развіцці марксізму, як марксізм эпохі імперыялізму і пралетарскіх рэвалюцый, эпохі пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізму і будаўніцтва камуніст. грамадства. У ленінізме, на аснове абагульнення вопыту і актуальных праблем рэв. руху, дасягненняў прыродазнаўчых навук на мяжы 19 і 20 ст. атрымалі далейшае развіццё матэрыяліст. дыялектыка і тэорыя пазнання, марксісцкае вучэнне аб дзяржаве і рэвалюцыі, сацыяліст. дэмакратыі і класавай барацьбе. Акрамяфілас. пытанняў Ленін развіваў палажэнні і вывады марксізму ў дастасаванні да канкрэтных умоў Расіі (напр., палажэнне аб магчымасці перамогі сацыяліст. рэвалюцыі ў Расіі як найб. слабым звяне імперыялізму, аб сувязі масавай барацьбы пралетарыяту з нац.-вызв. барацьбой). Пасля Леніна тэарэт. распрацоўка М.-л. звязана з абгрунтаваннем шляхоў і метадаў сацыяліст. будаўніцтва, развіцця розных сфер жыццядзейнасці грамадства, сучаснай НТР, вырашэння глабальных праблем чалавецтва. Аднак М.-л. быў абвешчаны адзіна правільным вучэннем аб грамадстве, а ўсё, што выходзіла за яго межы — ненавуковым. Рамкі М.-л. абмяжоўваліся трыма састаўнымі часткамі: філасофіяй, паліт. эканоміяй і навук. сацыялізмам. Тым самым шэраг іншых сац. і гуманіт. навук (напр., сацыялогія, дэмаграфія, псіхалогія) апынуліся па-за М-л. Сур’ёзную шкоду М.-л. прычынілі дэфармацыі ідэалаў і прынцыпаў сацыялізму, якія прывялі да яго дагматызацыі і вульгарызацыі, адрыву ад рэальных праблем жыцця. Непаслядоўнымі былі спробы абнаўлення М.-л. ў перыяд перабудовы; не была рэалізавана на практыцы абвешчаная КПСС праграма дэмакратызацыі паліт. сістэмы сацыялізму, радыкальнай эканам. рэформы, пераўтварэнняў у сферы грамадскай свядомасці і культуры.
Літ.:
История марксизма-ленинизма. Ч. 1—2. М., 1990;
Вильчек В.М. Прощание с Марксом: (Алгоритмы истории). М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЗМ (ад грэч. mēchanē прылада, машына),
1) сістэма злучаных паміж сабой цел (звёнаў) для пераўтварэння (перадачы, узнаўлення) руху аднаго або некалькіх цел у патрэбныя рухі інш. цел; аснова машын, апаратаў, прылад, тэхн. прыстасаванняў. Звычайна ў М. ёсць уваходнае (вядучае) звяно, што атрымлівае рух ад якога-н. рухавіка, і выхадное звяно, злучанае з нейкім рабочым органам.
Звяно М. можа складацца з 1 або некалькіх нерухома злучаных дэталей. Спалучэнне 2 судатыкальных звёнаў, якое дапускае іх адносны рух, наз.кінематычнай парай. Найб. пашыраныя кінематычныя пары: вярчальная (шарнір), паступальная (паўзун і накіравальная), вінтавая (вінт і гайка), сферычная (шаравы шарнір). Перадатачныя М. — карданныя (гл.Карданны шарнір), а таксама зубчастыя, ланцуговыя і інш.перадачы; пераўтваральныя (узнаўляльныя) — крывашыпныя механізмы, кулачковыя механізмы, кулісныя механізмы, шарнірныя механізмы, мальтыйскія. М. наз.гідраўл. або пнеўматычным, калі ў пераўтварэнні руху, акрамя цвёрдых цел (звёнаў), удзельнічаюць вадкасці або газы. Адрозніваюць таксама М.: плоскія (траекторыі руху пунктаў усіх звёнаў ляжаць у паралельных плоскасцях) і прасторавыя (траекторыі ляжаць у непаралельных плоскасцях або некат. з іх з’яўляюцца прасторавымі крывымі; прасторавымі з’яўляюцца, напр., чарвячныя перадачы, шарнірныя муфты, часткі некат. маніпулятараў); М. рухавікоў, пераўтваральнікаў, прылад; кіроўныя, выканаўчыя механізмы і інш.Найб. пашыраны М. з 1 ступенню свабоды, у якіх для пэўнага руху ўсіх звёнаў трэба задаць закон руху аднаго (вядучага) звяна; ёсць і М. з 2 ступенямі свабоды (напр., дыферэнцыялы ў трансп. сродках). Рухі М. і іх звёнаў, рэакцыі элементаў кінематычных лар вывучаюць кінематыка механізмаў, кінетастатыка механізмаў, дынаміка механізмаў і машын, метады даследавання і праектавання М. складаюць ч.механізмаў і машын тэорыі. Унутр. будова, сістэма чаго-н., парадак якога-н. віду дзейнасці (напр., дзярж. М. кіравання, гасп. М.).
3) Сукупнасць і паслядоўнасць станаў, стадый, працэсаў, з якіх складаецца якая-н. фіз., хім., фізіял. і падобная з’ява (напр., М. выпрамянення, М. хім. рэакцыі, М. мыслення).
Артоболевский И.И. Механизмы в современной технике Т. 1—2. М., 1970—71;
Кожевников С.Н. Основания структурного синтеза механизмов. Киев, 1979.
У.М.Сацута.
Механізмы: а — зубчастай перадачы з эліптычнымі коламі; б — крывашыпна-кулісны для пераўтварэння вярчальнага руху ў паступальны (1 — куліса, 2 — крывашып, 3 — паўзун); в — мальтыйскі для пераўтварэння неперарыўнага вярчальнага руху ў перарывісты (1 — вядучы дыск, 2 — вядзёны дыск, т.зв. мальтыйскі крыж); г — зубчастай рэйкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖА́ АСЕ́ЛАСЦІ, мяжа яўрэйскай аселасці,
частка тэр.Рас. імперыі, з якой у 1792—1917 не дазвалялася свабоднае перасяленне яўрэяў у інш. рэгіёны краіны. Першапачаткова ўводзілася з мэтай абараніць інтарэсы рас. купцоў і прадпрымальнікаў ад канкурэнцыі яўр. капіталу з зямель, што былі далучаны да Расіі ў сярэдзіне 17 — пач. 19 ст.: у выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1654—67, трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) і войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91, 1806—12). Ахоплівала пераважна вобласці традыц. рассялення яўрэяў на тэр.б. Рэчы Паспалітай (Беларусь, б.ч. Украіны, Літва, ч. Латвіі) і каланізаваныя яўрэямі стэпавыя раёны Паўн. Прычарнамор’я, што былі адваяваны Расіяй у туркаў і крымскіх татар (паўд. вобласці Украіны і ч. Малдовы). Падставай для ўвядзення М.а. стаў дазвол у студз. 1780 яўрэям Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў запісвацца ў гар. купецкае і мяшчанскае саслоўі. Указам ад 3.1.1792 Кацярына II забараніла яўрэям запісвацца ў купецкае саслоўе рас. гарадоў і партоў, а дазволіла мець правы «грамадзянства і мяшчанства» толькі ў межах бел. намесніцтваў і Таўрычаскай вобл. Указам ад 4.10.1794 права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 новаўтвораных губернях. 14.5.1795 яўрэям-купцам і мяшчанам забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. Паводле Палажэння аб яўрэях 1804 ім дазвалялася пражываць у 13 зах. губернях. У адпаведнасці з палажэннем 1835 у М.а. ўключаны 15 губерняў: Бесарабская, Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Екацярынаслаўская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Мінская, Падольская, Палтаўская, Таўрычаская, Херсонская, Чарнігаўская. У межах М.а. яўрэям забаранялася пражываць у вёсках, а таксама ў Кіеве, Севастопалі і Ялце. У Курляндскай губ., на Каўказе, а пазней і ў Сярэдняй Азіі дазвалялася пражываць толькі «мясц. яўрэям». Абмежавальнае заканадаўства не датычыла яўрэяў, якія прымалі праваслаўе. У 1835 яўрэям дазволена па-за М.а. набываць нерухомасць (акрамя маёнткаў, населеных сялянамі), засноўваць земляробчыя калоніі і фабрыкі. З абмежавальнага заканадаўства выключаліся купцы 1-й гільдыі (указ 1859), асобы з вышэйшай (1861) і сярэдняй (1865, 1866, 1872) адукацыяй, рамеснікі, механікі, вінакуры (1865), аптэкары, дантысты, фельчары, павітухі (1879), ваеннаслужачыя па рэкруцкім наборы з сем’ямі (1860, 1867). М.а. і ўсе заканадаўчыя абмежаванні яўрэяў у грамадзянска-маёмасных правах скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паводле закону «Аб адмене веравызнальных і нацыянальных абмежаванняў» (2.4.1917).
Літ.:
Анищенко Е.К. Черта оседлости: (Бел. синагога в царствование Екатерины II). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ, ШКЛОВАЛАКНІ́СТЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ, ШКЛОПЛА́СТЫКАЎ І ВЫ́РАБАЎ З ІХ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
адна з галін хім. прамысловасці. На Беларусі ўключае падгаліны: вытв-сць вырабаў з пластмас (63,4% у 1999); плёнак, труб і лістоў з палімерных матэрыялаў (17,9%); неперарыўнага шкловалакна і вырабаў з яго (8,7%); шклопластыкаў і вырабаў з іх (6,3%); палімернай тары (3,7%). Выпускае больш за 1000 найменняў прадукцыі: поліэтылен, поліэтыленавую плёнку, шкловалакно, пластмасавую тару, разнастайныя вырабы з пластмасы, поліэтыленавыя трубы, тару і інш. Развіццё галіны пачалося пераважна ў 1950-я г. У 1957 першую прадукцыю даў Полацкі завод шкловалакна, у 1968 — Полацкі хім. камбінат (зараз ВА «Палімір»). У 1999 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме хім. прам-сці складала 12,2%, прамыслова-вытв. персаналу — 12,1%, сродкаў вытв-сці — 9,2%. На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 52 прадпрыемствы і вытв-сці галіны. Найб. сярод іх, акрамя названых, — мінскі завод «Тэрмапласт» (вырабы з пластмасы для аўтамабільнай, трактарнай і электратэхн. прам-сці, тавары быт. прызначэння на аснове пластмас), Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў (трубы з поліэтылену для водазабеспячэння і каналізацыі), Барысаўскі з-д «Паліміз» (палімерная тара), Магілёўскі з-д палімерных труб, з-д пластмасавых тарных і ўпаковачных вырабаў у в. Сінкевічы Лунінецкага р-на, Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» (пластмасы цеплаправодныя і цяжкагаручыя), акц.т-ва «Лідбудпласт» і інш. Прадпрыемствы галіны дзейнічаюць таксама ў Брэсце, Жлобіне, Рагачове, Ганцавічах, Віцебску, Баранавічах, Бабруйску, Іўі, Жодзіне, Ашмянах і інш. Створана некалькі сумесных прадпрыемстваў з замежнымі фірмамі — бел.-ізраільскае «Леор-пластык» у Навагрудку (пластмасавыя слоікі, посуд, поліэтыленавыя накрыўкі); бел.-венгерскае «Новіпласт» у Наваполацку (вырабы з пластмасы); бел.-германскае «Beker—System—Belarus» (аконныя блокі з пластмас). Амаль шостая ч. прадукцыі галіны экспартуецца за мяжу. З інш. краін найб. развіта галіна ў ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі, Кітаі, Расіі.
П.І.Рогач.
Матэрыялы і вырабы з сінтэтычных смол і пластычных мас у Рэспубліцы Беларусь
Прадукцыя
1990
1995
1998
Трубы і дэталі трубаправодаў з тэрмапластаў, тыс.т
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎу Маскве.
Склаўся на базе 5 асн.гіст. архіваў Рас. імперыі: Маскоўскага архіва Мін-ва юстыцыі, Маскоўскага гал. архіва Мін-ва замежных спраў, Дзярж. архіва МЗС (з 1917 Дзярж. архіў Рас. імперыі), Маскоўскага аддз. Агульнага архіва Мін-ва імператарскага двара, Архіва Межавой канцылярыі (у 1919—39 Цэнтр. межавы архіў). У 1918 дакументы гэтых архіваў увайшлі ў склад юрыд. і гіст.-культ. секцый Адзінага дзярж. архіўнага фонду. У 1925 яны (за выключэннем Цэнтр. межавога архіва) зліты ў Старажытнасховішча Маскоўскага аддз. Цэнтр гіст. архіва РСФСР, сюды далучаны нацыяналізаваныя архівы маскоўскіх устаноў Сінода, манастыроў, асабістыя і родавыя фонды. У 1931 Старажытнасховішча пераўтворана ў Дзярж. архіў феад.-прыгонніцкай эпохі, у склад якога ўвайшоў і Цэнтр. межавы архіў. У 1941 перайменаваны ў Цэнтр.дзярж. архіў стараж. актаў, з 1992 сучасная назва. 1383 фонды, 3313 тыс. адзінак захоўвання з 11 ст. да 1917. Зберагае матэрыялы ўстаноў вышэйшага, цэнтр. і мясц. кіравання Рас. дзяржавы і Рас. імперыі да адм. рэформ канца 18 — пач. 19 ст. (акрамя фондаў Адміралцейскай, Замежнай і Ваен. калегій), цэнтр. межавых устаноў Расіі 18 — пач. 20 ст., дакументы дзярж. і грамадскіх дзеячаў, дзеячаў навукі і культуры, памесна-вотчынныя, родавыя і манастырскія архівы, зборы пісьмовых помнікаў гісторыі, культуры і побыту рус. і інш. народаў Рас. імперыі, зборы рус. і замежных рукапісных кніг, старадрукі і рэдкія выданні 15—19 ст. Захоўвае асн. частку Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, дакументы Прыказа ВКЛ, матэрыялы, якія асвятляюць дыпламат. адносіны і ваен. канфлікты Расіі з ВКЛ, дзейнасць рас. адміністрацыі на тэр. Беларусі, перапісы бел. насельніцтва, гісторыю Мяшчанскай слабады ў Маскве, заселенай выхадцамі з Беларусі; сувязі рус. і бел. цэркваў 16—18 ст., выдачу прывілеяў бел. гарадам і інш. У рукапісных зборах архіва ёсць рукапісы бел. асветнікаў, у т. л. Сімяона Полацкага, матэрыялы аб іх службе пры маскоўскім двары; у архівасховішчы старадрукаў і рэдкіх выданняў — кнігі Ф.Скарыны і бел. друкароў 16—18 ст.
Літ.:
Российский государственный архив древних актов: Путеводитель. Т. 1—4. М., 1991—99 [назва т. 1—2: Центральный государственный архив древних актов СССР];
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 146—151;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Казля́к1 ’масляк’ (БРС, ТСБМ; лаг., петр., Жыв. сл.; уздз., Нар. словатв.; брасл., гарад., лудз., Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Шат.), ’грыб Boletus bovinus’ (Дэмб.), ’грыб Boletus scaber’ (Яруш.), ’нейкі грыб’ (Прышч. дыс., Сержп., Яруш.), ’перцавы грыб’ (уздз., Нар. словатв.), ’усякі грыб’ (Бяльк.), ’усе грыбы, апрача баравікоў’ (Арх. ГУ; глус., мазыр., стаўбц., Жыв. сл.; Маш.; шчуч., Сл. паўн.-зах.; Янк. 2), козляк: білый козляк ’грыб каўпак кольчаты, падбалацянка’ (пін., Жыв. сл.), козляк ’агульная назва ядомага грыба, апрача баравіка’ (бяроз., драг., іван., пін., Жыв. сл.), козлякы, козлек, кузлякы, кузлек ’тс’ (драг., Жыв. сл.), кузляк ’тс’ (стол., Жыв. сл.), козлякі ’агульная назва ўсіх ядомых грыбоў, акрамя баравікоў і падасінавікаў’ (пруж., Нар. словатв.). Укр.усх.-палес.казляк ’любы ядомы грыб, за выключэннем баравіка’, козляки ’тс’, рус.козляк ’грыб масляк; грыб абабак’ (першае лічыцца дыялектным: валд., наўг., цвяр., калін., бран., калуж., раз., ярасл., смален. і інш.). Лінгвагеаграфія не вельмі выразная. Улічваючы наяўнасць слова ў розных дыялектных зонах Беларусі і параўноўваючы вялікую рускую тэрыторыю распаўсюджання, казляк можна лічыць усх.-слав. інавацыяй. Бел. слова Сцяцко (Афікс. наз., 146) лічыць вытворным з дапамогай суфікса ‑як, відавочна, ад казёл, на карысць такой думкі паралельныя дэрываты ад каза — бел.казяк, рус.козьяк ’масляк, абабак’, аднак на магчымасць іншага тыпу дэрывацыі ўказваюць такія прыклады, як бел.швянч.казля ’масляк’ і козляк, козлячок, прыведзеныя Насовічам як дублеты да казёл, каза ў назвах грыбоў. Аб матывацыі гл. каза, казёл.
Казля́к2, казьляк ’размоклая рэч’ (Ян.). Перанос ад казля́к ’грыб’, цікава звярнуць увагу на літ.óžgrybis ’абабак’ і ’вялы чалавек, размазня’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трэ́ці — парадкавы лічэбнік ад тры (ТСБМ, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., ТС; в.-дзв., лід., Сл. ПЗБ), треццій, тре́цьцій ‘тс’ (Нас., Бяльк.), ‘асабіста не зацікаўлены ў тым, што датычыць дзвюх асоб, пабочны; не галоўны па значэнні, трэцярадны’ (ТСБМ); трэ́цяе ‘салодкая страва’ (там жа), трэці род ‘родныя акрамя роду маладога і маладой на вяселлі’ (д.-гарад., Дзеяслоў, 2009, 1, 85), трэ́ця стрэ́ча ‘траюрадныя браты і сёстры’ (воран., Сл. ПЗБ), трэ́цяя нядзе́ля ‘трэцяя квадра’ (пух., Жыв. сл.), ст.-бел.третий, тредтий, третей, трети, треттий, треций, третий ‘трэці’ (ГСБМ). Параўн. укр.тре́тій, рус.тре́тий, польск.trzeci, палаб.tritĕ, н.-луж.tśesi, в.-луж.třeci, чэш.třetí, славац.tretí, славен.trétji, харв.trȅći, серб.тре̏ћи, балг.трѐти, макед.трет(и), ст.-слав.трети. Прасл.*tretьjь ‘трэці’ (ЕСУМ, 5, 632) ці (поўная форма) *tretьjьjь (Сной₂, 782), якая развілася з і.-е.*tre‑t(i) i̯o, утворанай ад асновы колькаснага лічэбніка м. р. *tréi̯es ‘тры’ (< tr‑ei‑es), ад якой паходзіць таксама прасл.*trьje ‘тры’ (м. р.), і суф. *‑t(i)i̯o (Борысь, 648; Махэк₂, 657). Індаеўрапейскія адпаведнікі прасл.*tretьjь узыходзяць да дзвюх формаў: tre‑ (літ.trẽčias, лат.trešs) або да *tr̥‑tii̯os ці *tri‑tii̯os:ст.-прус.tírts, ст.-інд.tr̥tíyas, авест.ϑritya‑, тахар. Вtrit, гоц.þridja, лац.tertius (< *tritīos), ст.-грэч.τρίτος, алб.tretë. Дапускаецца, што ‑e‑ ў гэтай аснове, магчыма, узыходзіць да больш старога ‑i‑ (параўн. лічэбнік ж. і н. р. *tri < і.-е.*trih₂ — гл. Сной₂, 782; Каруліс, 2, 428; Скок, 3, 500–501): вед.trī ‘тры’, лац.trī‑gintā ‘трыццаць’. Сюды ж трацяк, траціна, траціны2, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АКСІЯМАТЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД,
спосаб пабудовы навук. тэорыі ў выглядзе сістэмы пастулатаў (аксіём) і правіл вываду (аксіяматыкі), што дае магчымасць логікавымі разважаннямі атрымліваць сцвярджэнні (тэарэмы) дадзенай тэорыі.
Узнік у работах стараж.-грэч. матэматыкаў. Напр., у «Асновах» Эўкліда праведзена ідэя атрымання асн. зместу геаметрыі з невялікай колькасці аксіём, праўдзівасць якіх лічыцца відавочнай. Адкрыццё ў 19 ст.неэўклідавых геаметрый стымулявала ўзнікненне праблем больш агульнага характару (напр., несупярэчлівасці, паўнаты і незалежнасці той ці інш. сістэмы аксіём). Гэта адкрыла шлях да фармалізаванага развіцця тэорый: пошуку інш. сістэм паняццяў (тэорый, галін ведаў), якія падпарадкоўваюцца тым жа аксіёмам, выяўлення новых інтэрпрэтацый пэўнай сістэмы аксіём, што дало магчымасць адкрываць новыя навук. факты. Д.Гільберт і яго школа спадзяваліся на аснове аксіяматычнага метаду вырашыць гал. пытанні абгрунтавання матэматыкі. Аднак вынікі аўстр. і амер. матэматыка і логіка К.Гёдэля (1931) выявілі неажыццявімасць гэтай праграмы, напр. тэарэма аб непаўнаце арыфметыкі сведчыць аб абмежаванасці аксіяматычнага метаду. У 20 ст. дзякуючы развіццю матэматычнай логікі стала магчымым аксіяматызаваць тыя сродкі логікі, з дапамогай якіх выводзяцца адны сцвярджэнні аксіяматычнай тэорыі з інш. яе сцвярджэнняў, што мае істотнае значэнне для аўтаматызацыі разумовай працы.
Сучасныя навук. тэорыі, пабудаваныя пры дапамозе аксіяматычнага метаду, наз. дэдуктыўнымі. Усе паняцці такіх тэорый (акрамя фіксаванай колькасці першапачатковых) уводзяцца пры дапамозе вызначэнняў, якія выражаюць іх змест праз першапач. паняцці. У той ці інш. меры дэдуктыўныя доказы, характэрныя для аксіяматычнага метаду, выкарыстоўваюцца ў многіх навуках, найб. у матэматыцы, логіцы, некаторых раздзелах фізікі, біялогіі і інш. Тэорыі, пабудаваныя пры дапамозе аксіяматычнага метаду, нярэдка маюць выгляд фармалізаваных сістэм, якія даюць дакладнае апісанне лагічных сродкаў вываду тэарэм з аксіём. Доказ такой тэорыі ўяўляе сабой паслядоўнасць формул, кожная з якіх з’яўляецца аксіёмай або атрымліваецца з папярэдніх формул па адным з прынятых правіл вываду. У адрозненне ад такіх фармальных доказаў уласцівасці самой фармальнай сістэмы ў цэлым вывучаюцца змястоўнымі сродкамі метатэорыі. Асн. патрабаванні да аксіяматычных фармальных сістэм: несупярэчлівасць, паўната, незалежнасць аксіём. Аксіяматычны метад — адзін з метадаў пабудовы навук. ведаў, які мае абмежаванае выкарыстанне, бо патрабуе высокага ўзроўню развіцця навук. тэорыі. Нават некаторыя дастаткова багатыя навук. тэорыі (напр., арыфметыка натуральных лікаў) не дапускаюць поўнай аксіяматызацыі. Гэта сведчыць аб немагчымасці поўнай фармалізацыі навук. ведаў.
Літ.:
Садовский В.Н. Аксиоматический метод построения научного знания // Философские вопросы современной формальной логики. М., 1962;
Столл Р. Множества. Логика: Аксиоматич. теории.: Пер. с англ.М., 1968;
Новиков П.С. Элементы математической логики. 2 изд. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, палімеры,
хімічныя злучэнні з малекулярнай масай ад некалькіх тысяч да дзесяткаў мільёнаў. Малекулы высокамалекулярных злучэнняў (макрамалекулы) складаюцца з тысяч атамаў, звязаных хім. сувязямі. Паводле паходжання падзяляюць на прыродныя, ці біяпалімеры (напр., бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды), і сінтэтычныя (напр., поліэтылен, поліаміды), паводле саставу — на неарганічныя палімеры, арганічныя і элементаарганічныя палімеры.
У залежнасці ад размяшчэння ў макрамалекуле атамаў і груп атамаў (манамерных звёнаў) адрозніваюць высокамалекулярныя злучэнні: лінейныя, макрамалекулы якіх утвараюць адкрыты лінейны ланцуг (напр., каўчук натуральны) ці выцягнутую ў ланцуг паслядоўнасць цыклаў (напр., цэлюлоза); разгалінаваныя, макрамалекулы якіх — лінейны ланцуг з адгалінаваннямі (напр., крухмал); сеткавыя — трохвымерная сетка з адрэзкаў высокамалекулярных злучэнняў ланцуговай будовы (напр., ацверджаныя фенола-альдэгідныя смолы). Макрамалекулы аднолькавага хім. саставу могуць быць пабудаваны з манамерных звёнаў рознай прасторавай канфігурацыі (гл.Прасторавая ізамерыя). Палімеры з адвольным чаргаваннем стэрэаізамерных звёнаў наз. атактычнымі. Стэрэарэгулярныя палімеры складаюцца з аднолькавых ці розных, але размешчаных у ланцугу ў пэўнай паслядоўнасці стэрэаізамераў. Паводле тыпу манамерных звёнаў палімеры падзяляюць на гомапалімеры (палімер утвораны адным манамерам, напр. поліэтылен) і супалімеры (палімер утвораны з розных манамерных звёнаў, напр.бутадыен-стырольныя каўчукі). Асн.фіз.-хім. і мех. ўласцівасці высокамалекулярных злучэнняў: здольнасць утвараць высокатрывалыя валокны і плёнкі палімерныя, набракаць перад растварэннем і ўтвараць высокавязкія растворы, здольнасць да вял. абарачальных дэфармацый (высокаэластычнасць). Гэтыя ўласцівасці абумоўлены высокай малекулярнай масай, ланцуговай будовай і гнуткасцю макрамалекул. У лінейных высокамалекулярных злучэннях яны выяўлены найб. поўна. Трохвымерныя высокамалекулярныя злучэнні з вял. частатой сеткі нерастваральныя, няплаўкія і не здольныя да высокаэластычных дэфармацый. Высокамалекулярныя злучэнні могуць існаваць у крышт. і аморфным фазавым стане. Аморфныя высокамалекулярныя злучэнні акрамя высокаэластычнага могуць знаходзіцца ў шклопадобным і вязкацякучым станах. Высокамалекулярныя злучэнні з нізкай (ніжэй за пакаёвую) т-рай пераходу з шклопадобнага ў высокаэластычны стан наз.эластамерамі, з высокай — пластыкамі (гл.Пластычныя масы).
Палімеры маюць малую шчыльнасць (900—2200 кг/м³), нізкі каэф. трэння і малы знос, выдатныя дыэл. і аптычныя ўласцівасці, высокую хім. ўстойлівасць да к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія ўтвараюцца ў клетках жывых арганізмаў у выніку біясінтэзу, вылучаюць з расліннай і жывёльнай сыравіны. Сінт. высокамалекулярныя злучэнні атрымліваюць полімерызацыяй і полікандэнсацыяй. Асн. тыпы палімерных матэрыялаў — пластычныя масы, гума, валокны хімічныя, лакі, фарбы, эмалі, клеі, герметыкі, іонаабменныя смолы выкарыстоўваюць у розных галінах нар. гаспадаркі і побыце. Біяпалімеры складаюць аснову жывых арганізмаў і ўдзельнічаюць ва ўсіх працэсах іх жыццядзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
працэс стварэння матэрыяльных і духоўных даброт, прызначэннем якіх з’яўляецца максімальнае задавальненне людскіх патрэб. Адрозніваюць вытворчасць індывідуальную (у межах прадпрыемства, фірмы) і грамадскую (як сістэму вытв. сувязей паміж прадпрыемствамі ў межах грамадства). Грамадская вытворчасць акрамя ўласна вытворчасці ўключае спажыванне, размеркаванне і абмен. На функцыянаванне вытворчасці ўплываюць яе аб’ём, цана, грашовая маса, попыт, прапанова, выручка, альтэрнатыўная вартасць, выдаткі, занятасць, інвестыцыі, экспарт, імпарт, валютны курс, схільнасць да спажывання і ашчаджання і інш. З боку паводзін суб’екта гаспадарання ў эканам. сістэме вытворчасць разглядаецца як аб’ект жаданняў, чаканняў, рызыкі, выбару і прыняцця рашэння, з боку функцыянавання — як працэс узаемадзеяння фактараў вытворчасці і іх трансфармацыі ў прадукты. Асн. фактары вытворчасці — зямля, праца, капітал і прадпрымальніцкі талент. Кожнаму з іх адпавядае свая форма даходу (рэнта, заработная плата, працэнт і прадпрымальніцкі прыбытак). Для вытворчасці характэрны падзел працы, які мае 2 бакі — спецыялізацыю і кааперацыю. Вылучаюць 3 узроўні падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства), асобны (паміж прадпрыемствамі), агульны (у межах грамадства).
Эканам. суб’ектам вытворчасці з’яўляецца прадпрымальнік або калектыў. Яго гал.сац. функцыя — арганізацыя высокадаходнай і высокаэфектыўнай вытворчасці. Па меры максімізацыі вытворчасці пэўнага прадукту эфектыўнасць яго выкарыстання зніжаецца. Максімальная велічыня выпуску прадукцыі пры дадзеным аб’ёме выкарыстання фактараў вытворчасць вызначаецца вытв. функцыяй. На развіццё вытворчасці ўплываюць прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны. Развіццё прадукц. сіл ідзе па шляху зніжэння матэрыялаёмістасці (уратоўванне прыроды) і працаёмістасці (уратоўванне чалавека). Чалавек усё больш вызваляецца ад непасрэднага працэсу вытворчасці і становіцца яго рэгуліроўшчыкам. Для развіцця вытв. адносін характэрны кансерватызм, адставанне ад развіцця прадукц. сіл. Гістарычна вядомы 3 формы вытворчасці: натуральная, таварная і планавая. Таварная вытворчасць узнікла з натуральнай, прайшла стадыю простай таварнай вытворчасці і зараз знаходзіцца на стадыі капіталістычнай, якая развіваецца ў планавую. Планамерна грамадская вытворчасць развіваецца толькі там, дзе створаны адпаведныя ўмовы: грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, інфарм. інфраструктура, высокая вытворча-працоўная і эканам. культура ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Звычайна вытворчасць выступае як бесперапынны працэс, г.зн. як узнаўленне вытв-сці. Адрозніваюць 2 асн. тыпы вытворчасці: экстэнсіўны (колькасны прырост сродкаў вытворчасці і рабочай сілы) і інтэнсіўны (якаснае абнаўленне сродкаў вытворчасці і рабочай сілы пры скарачэнні яе колькасці). Для Беларусі апошняга 50-годдзя характэрна пераважна экстэнсіўная вытворчасць. Валавы ўнутр. прадукт краіны ў 1995 склаў 10 304,4 млн.дол. ЗША (Расіі — 364 295 млн.дол.).
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1. Мн., 1952;
Хико Дж.Р. Стоимость и капитал: Пер. с англ.М., 1993;
Современная экономика. Ростов н/Д, 1995;
Рыночное реформирование экономики Беларуси: Темат. сб. Мн., 1996.