ПАНСПЕРМІ́Я (ад пан... + сперма),

гіпотэза пераносу жывых істот у касм. прасторы з аднаго цела на другое (напр., на Зямлю з космасу). Прапанавана ням. вучоным Г.​Рыхтэрам (1865). Паводле гіпотэзы, жывыя зародкі занесены на Зямлю метэарытамі, касм. пылам або пад уздзеяннем ціску святла. Гіпотэза абапіраецца на звесткі пра высокую ўстойлівасць некат. мікраарганізмаў і іх спор да радыяцыі, глыбокага вакууму і інш. уздзеянняў. Аднак няма дакладных фактаў, якія б пацвярджалі пазаземнае паходжанне мікраарганізмаў, знойдзеных у метэарытах. Гл. таксама Абіягенез, Біягенез, Экзабіялогія.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́СНІК,

імя рускіх дойлідаў (ці дойліда) сярэдзіны 16 ст. Поснік Якаўлеў, «царкоўны і гарадавы майстар» у Пскове. Работы: праслы паўд. сцен і шэраг вежаў (у т. л. Спаская) крамля (1556—62) і Дабравешчанскі сабор (1562) у Казані (абедзве пабудовы з І.​Шыраем). Яму прыпісваецца таксама буд-ва Успенскага сабора (1560) Успенскага манастыра ў г. Свіяжск. Другі П. — будаўнік (разам з Бармам) Васіля Блажэннага храма (1555—60) у Маскве. Ёсць меркаванні пра ідэнтычнасць абодвух П., а таксама П. і Бармы.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРЕССБО́Л. ТАКОВА́ СПОРТИ́ВНАЯ ЖИЗНЬ»,

бел. спартыўная газета. Выходзіць з 1991 у Мінску на рус. мове 4 разы на тыдзень. Заснавальнік і выдавец — калектыў рэдакцыі. Тэматыка выдання: спарт., агляды, аналіз спаборніцтваў і асобных гульняў, пераважна ў гульнявых відах спорту (футбол, гандбол, баскетбол і інш.); інфармацыя пра найб. значныя спаборніцтвы ў свеце і на Беларусі; нарысы і інтэрв’ю са спартсменамі і інш. Асн. пастаянныя рубрыкі: «Футбол», «Баскетбол» і інш.; «Палеміка»; «Партрэт»; «Навіны»; «Біг-макбол»; «Пратакол»; гумарыстычная «Прыплылі» і інш.

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫТО́МНАСЦІ ПАРУШЭ́ННІ,

расстройствы ўспрымання аб’ектыўнай рэальнасці навакольнага свету — прадметнага (пачуццёвага) і абстрактнага (рацыянальнага). Бываюць першасныя (пры псіхічных захворваннях) і другасныя (пры саматычнай паталогіі). Пры П.п. адбываецца дэзарыентацыя ў часе, месцы, мысленне без сувязі, адсутнасць або абрывістасць успамінаў пра страту прытомнасці. Адрозніваюць непрытомнасць, кому, сопар. Сопар (аглушэнне) — стан з абмежаваным усведамленнем; звычайна папярэднічае коме. У выпадках цяжкай траўмы галаўнога мозга надыходзіць глыбокае зацямненне свядомасці, якое працякае з «псіхічным паралічом» і інш. Лячэнне П.п. накіравана на асн. захворванне.

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МША,

герой бел. антыпрыгонніцкіх казак. З іх найб. вядомая казка «Пану навука», паводле якой Р. жыў на Рымшавай гары (б. Мазырскі пав.) і помсціў пану-самадуру «за ўсе людскія слёзы ды крыўду», многа дабра рабіў людзям. У казцы пан крыўдзіць мужыка, а той, пераапрануўшыся (цесляром, доктарам і г.д.), некалькі разоў карае яго. Сярод слав., літ., франц., італьян. і інш. казак падобнага тыпу бел. вылучаюцца антыпрыгонніцкай накіраванасцю. Матыў казкі пра Р. выкарыстаў З.​Бядуля ў аповесці «Салавей».

т. 13, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧАРДС (Richards) Дзікінсан (30.10.1895, г. Орындж, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 23.2.1973),

амерыканскі кардыёлаг. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Іельскі (1917) і Калумбійскі (1922) ун-ты. У 1945—61 кіраўнік мед. аддзела ў шпіталі Белв’ю ў Нью-Йорку. Навук. працы пра дзейнасць сэрца ва ўмовах траўматычнага шоку, па распрацоўцы і ўдасканаленні метадаў даследавання функцый сэрца і лёгкіх у норме і паталогіі; адзін з аўтараў метаду катэтарызацыі сэрца. Нобелеўская прэмія 1956 (разам з А.Ф.Курнанам, В.Форсманам).

А.​Ю.​Маніна.

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРТАВО́Е РАЯНАВА́ННЕ,

замацаванне найб. прадукцыйных і каштоўных сартоў за пэўным рэгіёнам з улікам яго глебава-кліматычных умоў. Раянаваныя сарты ўключаюцца ў Дзярж. рэестр (банк даных пра сарты і дрэвава-кустовыя пароды) па выніках сортавыпрабавання. Улічваюць ураджайнасць, біял. асаблівасці, зіма- і хваробаўстойлівасць, скараспеласць, прыдатнасць да механізаванай уборкі, харч., тэхнал., кармавыя і інш. якасці сорту ці гібрыда. У Дзярж. рэестр у 1998—2000 упершыню ўключана 86 сартоў (з іх 20 бел. селекцыі); усяго 879 сартоў (2001).

З.​А.​Казлоўская.

т. 14, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУНЬЦЗЫ́, Сунь У, старажытнакітайскі ваенны тэарэтык і палкаводзец (6—5 ст. да н.э.). У 514—496 да н.э. военачальнік царства У, узначальваў паспяховыя паходы супраць царстваў Чу, Цы і Цзінь. Аўтар трактата пра ваен. справу «Суньцзы», у якім выкладзена тэорыя вядзення вайны і ваен. дзеянняў. Вял. значэнне надаваў маральнаму настрою ў войсках і якасцям палкаводца. Трактат паўплываў на развіццё ваен. навукі Кітая, Японіі і Карэі.

Тв.:

Рус. пер. — Трактат о военном искусстве // Конрад Н.И. Синология. М., 1995.

т. 15, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНТА́Л,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Фрыгіі ці Лідыі, вядомы сваім багаццем. Угнявіў алімп. багоў тым, што выдаваў іх тайны і, каб праверыць іх усёведанне, пачаставаў іх мясам свайго сына Пелопса, якога сам і забіў. За свае злачынствы Т. пакараны ў падземным царстве вечнымі пакутамі: стоячы па горла ў вадзе, ён не можа напіцца і сарваць плады з блізкіх галін дрэў. Выраз «танталавы пакуты» азначае пакуты ад усведамлення блізкасці недасягальнай мэты. Міф пра Т. апрацаваны Сафоклам.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПІ́ЛІН Ігар Васілевіч (н. 22.7.1947, г. Краснадар, Расія),

бел. мастак. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1973). З 1973 мастак-пастаноўшчык на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў кінафільмы «Пра чырвоную шапачку» (1975), «Прыміце тэлеграму ў доўг» (1976), «Чалавек, які браў інтэрв’ю» (1986), «Маці Урагану» (1994), «Сівая легенда» (1995), «Кааператыў Палітбюро» (1996), «Бабін Яр» (2001). Сярод жывапісных работ: «Нацюрморт» (1991), «Парк» (1993), «Трафарэты» (1995), «Пасьянс» і «Юдзіф Алаферн» (абедзве 1997), «Адпачынак» (1998), «Правінцыяльны горад» (2000).

І.Тапілін Нацюрморт. 1991.

т. 15, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)