ТУРПА́НЫ (Melanitta),

род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 5 відаў. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі ў тундры, лесатундры, па берагах азёр, у поймах рэк, на марскіх узбярэжжах. На Беларусі на пралётах увосень трапляюцца 2 віды: Т. чорны, або сіньга (M. nigra), і ўласна Т. (M. fusca) — нар. назва нырок-свірок.

Даўж. да 56 см, маса да 2 кг, самкі драбнейшыя. Самцы чорныя. часам з белай плямай на крыле; самкі цёмна-бурыя. Дзюба каля асновы ўздутая, жоўтая ці чырвоная з чорным. Кормяцца дробнай рыбай. воднымі беспазваночнымі, раслінамі. Адкладваюць да 10 яец. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Турпаны: 1 — чорны; 2 — уласна турпан (а — самка, б — самец).

т. 16, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРУХТА́Н (Philomachus pugnax),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўразіі ў тундравай, лясной, лесастэпавай і стэпавай зонах. Жывуць на балотах, у поймах рэк. Самцы пасля такавання ў канцы чэрвеня адлятаюць на Пд, зімуюць у Афрыцы і Паўд. Азіі. На Беларусі нар. назва батальён.

Даўж. да 33 см, маса да 240 г; самкі драбнейшыя. Апярэнне зверху шаравата-бурае, стракатае. знізу белае. Вясной у самцоў па баках патыліцы і пярэдняй ч. шыі падоўжаныя пёры ўтвараюць т.зв. «вушкі» і «каўнер», афарбаваныя ў розныя колеры. Кормяцца пераважна насякомымі. дробнымі беспазваночнымі. насеннем. Палігамы. Адкладваюць да 4 яец. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Турухтан: 1 (а, б, в) — самец у шлюбным убранні; 2 — самка.

т. 16, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́РЫ,

радовішча мелу ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., за 1 км на Пд ад в. Пескі. Назва ад б. в. Туры. 6 глыбападобных пакладаў, звязаных з туронскімі адкладамі верхняга аддзела мелавой сістэмы, залягаюць у выглядзе адорвеняў сярод ледавіковых утварэнняў сожскага зледзянення. Мел шаравата-белы, белы, месцамі запясочаны, мае сцяжэнні крэмнію да 6—8%, аксіду кальцыю CaO у ім 53—55%. Паміж глыбамі мелу выяўлены 4 лінзы глін. Разведаныя запасы мелу 66,5 млн. т, перспектыўныя — 5,9 млн. т. Перспектыўныя запасы глін 3,9 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы мелу (пройдзеная) 0,9—40,6 м, глін — 4,1—18,3 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,2—18 м. Мел і гліна прыдатныя на выраб цэменту.

А.​П.​Шчураў.

т. 16, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЭКСА́КА ІНК.»

(Texaco Inc.),

буйная нафтагазавая манаполія ЗША. Здабывае і перапрацоўвае энергет. сыравіну (пераважна нафту і газ), вырабляе і рэалізуе альтэрнатыўныя віды энергіі, масла і паліва, кіруе гандл. і трансп. падраздзяленнямі. Засн. ў 1902 як «Тэксас К°». З 1959 сучасная назва. У 2001 аб’ядналася з кампаніяй «Шэўрон карп.» і стала наз. «Шэўрон Тэксака карп.» Штаб-кватэра ў г. Сан-Францыска. Агульныя запасы нафты і газавага кандэнсату 11,5 більёнаў барэляў, аб’ём здабычы 2,7 млн. барэляў (2001). Мае 35 нафтаперапр. з-даў, 51 танкер, сетку трубаправодаў, 14 н.-д. цэнтраў у 7 краінах, 25 тыс. станцый абслугоўвання па ўсім свеце. У вытв-сці занята 53 тыс. чал. (2001).

М.​Б.​Жукава.

т. 16, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРУБЛЕ́ЎСКІ (Wróblewski) Зыгмунт Фларэнты (28.10.1845, г. Гродна — 164.1888),

польскі фізік. Чл. Польскай АН (1880). Брат Э.А.Урублеўскага. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы ў Сібір (да 1869). З 1882 праф. Кракаўскага ун-та. Навук. працы па малекулярнай фізіцы і тэрмадынаміцы, дыфузіі і звадкаванні газаў. Атрымаў вадкі кісларод (18-33; разам з К.​Альшэўскім), вызначыў крытычныя т-ры вадароду, кіслароду, азоту і дыаксіду вугляроду. Мемарыяльная дошка ў Гродзенскім фарным (б. езуіцкім) касцёле.

Літ.:

Физика низких температур: Пер. с англ. М., 1959;

Мендельсон К. На пути к абсолютному нулю: Пер. с англ. М., 1971;

Гапоненка В. Жыгімонт (Зыгмунт) Флярэнт Урублеўскі // Славутыя імёны бацькаўшчыны. Мн., 2000. Вып. 1.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УСЕБЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ МАСТАКО́Ў»,

творчая арганізацыя, якая існавала ў 1927—32 і мела на мэце згуртаванне маст. сіл Беларусі, распрацоўку пытанняў развіцця бел. выяўл. мастацтва, садзейнічала арганізацыі маст. выставак, студый і інш. Гал. значэнне надавала рэв. тэматыцы, адлюстраванню пераўтварэнняў нар. гаспадаркі, хараства роднай прыроды. Мела аддзяленні ў Мінску [А.​Астаповіч, Г.​Віер, А.​Грубэ (старшыня), В.​Дваракоўскі, М.​Дучыц, А.​Касцялянскі, Я.​Кругер, А.​Мільчын, П.​Мрачкоўская, М.​Станюта (сакратар), А.​Тычына], філіялы ў Віцебску (В.​Волкаў, Д.​Комар, У.​Хрусталёў, М.​Эндэ), Гомелі (Г.​Галубкіна, Б.​Звінагродскі, С.​Каўроўскі, М.​Тарасікаў), Магілёве (Р.​Пархоменка, Ф.​Пархоменка), Маскве (М.​Аксельрод, І.​Ахрэмчык, В.​Руцай, А.​Салавейчык, Р.​Семашкевіч, М.​Філіповіч, А.​Шаўчэнка і інш.), Ленінградзе (А.​Булычоў, З.​Мірынгоф, М.​Сляпян, Г.​Шульц).

Літ.:

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960.

П.​М.​Герасімовіч.

т. 16, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛЬКАНЭ́ (Falconet) Эцьен Марыс (1.12.1716, Парыж — 24.1.1791),

французскі скульптар. Вучыўся ў Парыжы ў скульптара Ж.​Б.​Лемуана. Творам 1750—60-х г. уласцівы пераходныя рысы ад ракако да класіцызму («Пігмаліён», 1763). У 1757—66 кіраваў скульпт. майстэрняй Сеўрскай мануфактуры (гл. Сеўрскі фарфор), ствараў мадэлі для статуэтак («Купальшчыца», 1758). У 1766—78 у Расіі, працаваў над помнікам Пятру I, устаноўленым на Сенацкай плошчы ў С.-Пецярбургу (галаву Пятра I мадэліравала яго вучаніца М.​А.​Кало). З 1778 у Галандыі, з 1780 у Францыі. Аўтар тэарэт. твораў па эстэтыцы франц. Асветніцтва. Іл. гл. да арт. Санкт-Пецярбург.

Літ.:

Зарецкая З.В. Фальконе. 2 изд. Л., 1970;

Каганович А.Л. «Медный всадник»: История создания монумента. 2 изд. Л., 1982.

т. 16, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФІА́Т»

(«Fiat», «Fabrika Italiana di Automobili Torino»),

вядучая аўтамаб. кампанія Італіі. Засн. ў 1899. Штаб-кватэра ў г. Турын. Уключае: канцэрн «Fiat Auto» (легкавыя аўтамабілі «Фіат», «Альфа Рамео», «Ферары» і інш.), кампанію «Iveco» (грузавыя аўтамабілі, аўтобусы, с.-г. і буд.-дарожная тэхніка, спец. ваен. тэхніка, дызельныя рухавікі), кампанію «Fiat Avio» (распрацоўка авіяц. і касм. тэхналогій: вытв-сць рухавікоў і кампанентаў для авіяцыі, суднавых турбін, сістэм ядзерных рэактараў і інш.). Буйнейшы ў Італіі пастаўшчык спец. гатункаў сталі, чыгуну, алюмінію; адзін з асн. вытворцаў свету высокатэхнал. аўтамабільных сістэм і вузлоў. Уключае 1063 кампаніі (большасць за мяжой). У вытв-сці заняты каля 224 тыс. чал. Выдае газ. «Ла Стампа».

М.​Б.​Жукава.

т. 16, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЗІКА ВЫСО́КІХ ЦІ́СКАЎ,

раздзел фізікі цвёрдага цела, у якім даследуюцца ўласцівасці цел, стан рэчыва пад высокім ціскам.

Вывучае квантавыя эфекты ў цвёрдых целах, у т. л. звышправоднасць, пераходы метал—дыэлектрык; пераходы вадароду і некаторых інш. дыэлектрыкаў у метал. стан; ажыццяўляе сінтэз монакрышталёў алмазу і кубічнага нітрыду бору (атрыманне полікрышталічных алмазаў звышвысокай трываласці). Дасягненні Ф.в.ц. выкарыстоўваюцца для вытв-сці абразіўнага, рэжучага і буравога інструменту і апаратуры для атрымання звышвысокіх ціскаў.

На Беларусі навук. даследаванні па Ф.в.ц. пачаліся ў 1958 і вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі, БДУ. Распрацаваны тэхналогіі атрымання сінт. алмазаў, кубічнага нітрыду бору, у т. л. полікрышт. (белбору), кампазітаў на іх аснове.

В.​Б.​Шыпіла.

т. 16, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФІ́ЛІП МО́РЫС КО́МПАНІЗ ІНК.»

(Philip Morris Companies Inc.),

найбуйнейшая карпарацыя ЗША па вырабе спажывецкіх тавараў. Займае 1-е месца ў свеце ў тытунёвай індустрыі, 2-е — у прадуктовай, 3-е па вытв-сці піва, лідзіруе ў вытв-сці фасаваных прадуктаў. Засн. ў 1919. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку. Уключае тытунёвыя падраздзяленні — амерыканскае («Філіп Морыс ЗША») і міжнар. («Філіп Морыс Інтэрнэшнл Інк.»); кампаніі — па вытв-сці прадуктаў харчавання і напіткаў («Крафт Фудз Інк»), па вытв-сці піва («Мілер Брэвінг Компані»); фін. карпарацыю («Філіп Морыс Кэпітал Карпарэйшн»). Прадпрыемствы амаль у 200 краінах свету, у вытв-сці занята 175 тыс. чал. (2001). На Беларусі прадстаўніцтва тытунёвай кампаніі з 1995.

М.​Б.​Жукава.

т. 16, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)