Не́ка ’не; ніяк’ (бешанк., Нар. сл.; Цых.). Магчыма некалькі тлумачэнняў паходжання слова, якія маюць права на існаванне, асабліва пры дапушчэнні аманіміі форм: не́ка < не́а (адмаўленне, гл.) шляхам устаўкі к паміж галоснымі; не + ка (часціца, як у тута‑ка, тама‑ка, нямаша‑ка, немае‑ка і г. д.); утворана ад дзеяслова не́каць ’гаварыць «не»’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўжэ́нь ’шустры, нізкага росту хлопчык, малыш’ (Касп.). Слова няяснага паходжання; не хапае даных аб яго сувязях і гісторыі. Няясная і яго магчымая зыходная форма. Відаць, мы маем справу з сапсаванай лексемай. Няпэўная дагадка: каўжэнь — гэта трансфармацыя першапачатковага кажан. На Браслаўшчыпе слова кажан ужываецца ў значэнні ’злы, невысокага росту чалавек’. Гл. Сл. паўн.-зах., 2, 358.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабін цвет ’расліна Plantago major L., трыпутнік вялікі’ (Кіс.). Паколькі іншыя назвы расліны бабка (гл.) звязваюцца з прасл. абазначэннем жанчыны — baba, babъka (ба́бка ’лекі баб-знахарак’), то і гэты выраз, відаць, такога ж паходжання (бабін цвет ’кветка, цвет бабы-знахаркі’). Параўн. чэш. babí list (Махэк, Jména rostl., 218). Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6, 67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туф ‘горная парода, якая служыць у якасці будаўнічага матэрыялу’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рускую (туф) ці польскую (tuf) мову з нованям. Tuff ‘тс’, запазычанага з італ. tufo, якое з лац. tōfur (tōphus), tūfus; крыніца паходжання для апошніх бачыцца ў оскска-ўмбрскіх дыялектах (Фасмер, 4, 127; Голуб-Ліер, 493; Арол, 4, 121; ЕСУМ, 5, 686).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бас1 ’бас; чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (БРС, Маш., Бяльк.). Рус. бас, укр. бас і г. д. Запазычанне з франц. basse або італ. basso (літаральна ’нізкі’). Праабражэнскі, 1, 19; Фасмер, 1, 129. Іначай Шанскі, 1, Б, 51, які на аснове гістарычных крыніц (рус. мовы) лічыць, што бас, прынамсі ў рус. мове, запазычана праз польск. bas (< італ.). Гл. яшчэ Клюге, 54 (тут і тлумачэнне слова як назвы інструмента); MESz, 1, 257. Сюды і бас (Браім, Весці АН БССР, 1973 (І), 128) ’кавалак дроту’. Параўн. бас2.

Бас2 ’пас, шнур у самапрадцы’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Можна меркаваць, што яно ўзнікла азванчэннем з пас (гл.). Але не выключаецца, што яно таго ж паходжання, што і бас ’чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (гл. бас1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сікляк ‘мурашка’ (Інстр. 2), сіклі́ўкі, сікля́хі, сікуны́, сіку́чкі ‘малыя рудыя мурашкі’ (чэрв., віл., паст., круп., лудз., Сл. ПЗБ), сіку́шкі ‘мурашкі’ (Сл. рэг. лекс.), сі́каўка ‘малая рудая мурашка’: сікаўка як сікнет ядам (барыс., Сл. ПЗБ). Ад сікаць і асновы прым. сікл‑, параўн. сіклі́вы ‘які выдзяляе пякучую вадкасць’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Тое ж рус. пск. сікля́ха ‘мурашка’, сікля́шнік ‘мурашнік’. Лаўчутэ (Балтизмы, 131) мяркуе, што разглядаемыя назвы мурашкі таго ж паходжання, што і назва рыбы сікла (гл.). Асноўны прызнак, што іх аб’ядноўвае — ‘невялікі, дробны’ — прадстаўлены лат. sîks ‘маленькі, дробны’. Аднак шырокае распаўсюджанне назваў мурашак з коранем сік‑ і наяўнасць такой матывацыі ў іх назвах далёка за межамі балтыйскага рэгіёна, параўн. ненец. javoroptsa ‘мурашка’ < jaw ‘мача’ і інш., цалкам адводзіць такую версію іх паходжання, гл. Анікін, Опыт, 277; Трубачоў, Труды, 1, 505–506.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БУ́РЫ ВУ́ГАЛЬ,

гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, нізкай ступені вуглефікацыі, пераходная форма ад торфу да каменнага вугалю. Адрозніваюць: лігніт з добра захаванай структурай рэшткаў драўніны, светлы карычневы вугаль зямлістай тэкстуры і шчыльны чорны бліскучы. На паветры буры вугаль хутка растрэскваецца і ператвараецца ў дробныя кавалкі. Для бурага вугалю характэрны наяўнасць гумінавых кіслот, высокая гіграскапічнасць і вільготнасць. Мае 64—78% вугляроду, 5—6% вадароду, 15—30% кіслароду, 40—65% лятучых рэчываў; вільготнасць да 50%. Шчыльн. 1200—1500 кг/м³. Цеплыня згарання ад 10,9 да 29,1 МДж/кг, попельнасць 18,5—25,6%. Энергет., быт. паліва, сыравіна для хім. прам-сці і вырабу вадкага паліва. У залежнасці ад колькасці вільгаці падзяляецца на 3 тэхнал. групы: Б-1 (вільготнасць больш за 40%), Б-2 (вільготнасць ад 30 да 40%) і Б-3 (вільготнасць менш за 30%). Самыя буйныя басейны і радовішчы бурага вугалю характэрны для мезазойска-кайназойскіх адкладаў. Гал. басейны размешчаны ў Расіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Аўстраліі. У Беларусі паклады бурага вугалю выяўлены ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне ў асноўным на тэр. Гомельскай і Брэсцкай абл. (Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы). Агульныя геал. запасы — больш за 1 млрд. т, разведаныя запасы — больш за 150 млн. т. Якасць іх невысокая.

Буры вугаль.

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕ́ЖСКАЕ ВО́ЗЕРА, Анега,

возера на ПнЗ Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі, у Карэліі, Ленінградскай і Валагодскай абласцях. Пл. 9,7 тыс. км² (без а-воў). Даўж. 256 км, шыр. каля 91,6 км, глыб. да 127 м. Пасля пабудовы Верхнясвірскай ГЭС стала вадасховішчам (9950 км²). Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Паўн. берагі высокія, скалістыя, расчлянёныя вузкімі залівамі-губамі — Петразаводскай, Кондапажскай, Ліжэмскай і інш. і Павянецкім зал., паўднёвыя — пераважна нізкія, часта забалочаныя. 1369 а-воў агульнай пл. 250 км²; найбольшыя — Вял. Клімецкі і Вял. Лелікаўскі. Т-ра паверхневых слаёў вады ў жн. ў адкрытай частцы да 20—24 °C, у залівах да 24—27 °C. Замярзае ў ліст., крыгалом у маі. Цэнтр. ч. ў асобныя гады не замярзае. На возеры назіраюцца сейшы. Празрыстасць вады да 8—9 м, каля берагоў 1—4 м. Вада прэсная, з мінералізацыяй 35 мг/л. Упадаюць 58 рэк, найб. Выцегра, Водла, Суна, Шуя; выцякае р. Свір. Каля 50 відаў рыб, 17 маюць прамысл. значэнне (сіг, рапушка, корушка, мянтуз, лешч, акунь, шчупак, ласось і інш.). Рыбалоўства. Суднаходства. Возера злучана Беламорска-Балтыйскім каналам з Белым м., Волга-Балтыйскім водным шляхам — з бас. Волгі. Уздоўж паўд. берага Анежскі суднаходны канал. На Анежскім возеры музей Кіжы (на аднайм. в-ве). На берагах гарады Петразаводск, Кондапага, Мядэведжагорск, Павянец.

Анежскае возера.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАЛАГІ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ,

у расавай класіфікацыі — групы людзей з комплексам пэўных марфал. прыкмет (будова цела, шкілета, чэрапа, колер скуры, вачэй, валасоў і інш.); дробныя адзінкі адной расы. Антрапалагічныя тыпы фарміруюцца як спадчынныя асаблівасці, што склаліся пад уздзеяннем прыродных і сац. фактараў за многія пакаленні. Арэалы пашырэння антрапалагічных тыпаў звычайна не супадаюць з этнічнымі ці дзярж. межамі, бо не супадаюць час і заканамернасці фарміравання гэтых супольнасцяў. Да аднаго антрапалагічнага тыпу могуць належаць некалькі розных народаў (гэта сведчыць пра іх фарміраванне на генетычна роднаснай аснове) або адзін народ можа складацца з некалькіх антрапалагічных тыпаў з прычыны неаднароднасці яго паходжання. Адносная стабільнасць антрапалагічных тыпаў у часе і прасторы ўлічваецца пры вызначэнні генетычнай роднасці пэўных этнатэрытарыяльных груп або выяўленні напрамку і ступені іншароднай прымесі ў выніку гіст. перамяшчэнняў і скрыжаванняў розных плямёнаў і народаў. На тэр. Беларусі вылучаюць верхнедняпроўскі (паўн.) і палескі (паўд.) антрапалагічныя тыпы. Сярод першага тыпу часцей сустракаюцца людзі са светлымі адценнямі вачэй і валасоў, увагнутай спінкай носа, з больш высокім ростам. Акрамя таго, з ПдЗ на ПнУ Беларусі ў насельніцтва назіраецца невялікае паслабленне еўрапеоідных рыс: больш нізкая і шырокая пераносіца, змешаныя адценні колеру вачэй, менш густая барада. Асаблівасці будовы твару, цела, звязаныя з тэр. размеркаваннем, і інш. прыкметы дазваляюць аднесці беларусаў да ўсходнееўрап. варыянта (балтыйскага тыпу) еўрапеоіднай расы.

І.​І.​Салівон.

т. 1, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАСАЦЫЯГЕНЕ́З,

інтэгральнае паняцце, выпрацаванае тэарэтычным навук. мысленнем для цэласнага разумення чалавека ў яго гіст. і індывід, развіцці. Дае магчымасць: пазбегнуць аднабаковых тлумачэнняў паходжання чалавека (з пазіцый антрапа- і сацыягенезу, біялагізатарства, расізму, нацыяналізму); разглядаць пачатак чалавечай гісторыі ў дынаміцы эвалюцыйна-біял. перадумоў і матэрыяльна-дзейнасных фактараў гамінізацыі; зразумець прыроду як «неарганічнае цела» чалавека, што фарміруецца ў гіст. працэсе грамадства.

Выкарыстанне прынцыпу гістарызму да антрапалагічных праблем дае магчымасць раскрыць сац. сутнасць матэрыяльнага (фізічнага, біялагічнага) цела чалавека на ўзроўні яго філа- і антагенезу. Вял. мозг, рукі, здольнасць прама хадзіць, мысліць, гаварыць і інш. ўласцівыя чалавеку рысы — усё гэта жывая матэрыя, прырода. У той жа час гэта прырода чалавека фарміруецца самім соцыумам у працэсе яго гіст. развіцця. Дзіця пры нараджэнні атрымлівае ў спадчыну матэрыяльныя формы і задаткі чалавека, але самі па сабе яны яшчэ не робяць яго чалавекам. Ці стане мысліць і гаварыць дзіця, аб чым яно будзе мысліць і на якой мове размаўляць — усё залежыць ад сац. умоў жыцця. Антрапасацыягенез мае на мэце і даследаванне перспектыў змены матэрыяльных формаў і патэнцый чалавека ў працэсе натуральна-гіст. развіцця соцыуму, яго дэфармацыі і дэградацыі.

Літ.:

Ефимов Ю.И. Философские проблемы теории антропосоциогенеза. Л., 1981;

Проблемы современной антропологии. Мн., 1983;

Поршнев Б.Ф. О начале человеческой истории. М., 1974.

А.​І.​Пятрушчык.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)