помнік абарончага дойлідства ў в. Мураванка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў пач. 16 ст. Трохнефавае 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане — прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае высокім 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, адной паўкруглай апсідай (на ўсю шырыню асн. аб’ёму) і 4 круглымі вуглавымі вежамі, накрытымі шатрамі. Вітыя ўсходы вежаў вялі да байніц абарончага пояса ў верхняй частцы храма. Сцены і вежы ўпрыгожаны яруснай кампазіцыяй плоскіх атынкаваных нішаў, завершаных падвойнымі аркамі. Падобны дэкор мае фігурны шчыт на гал. фасадзе. Гатычныя скляпенні царквы вызначаюцца тонкім малюнкам (спляценне гуртоў і нервюр зорчатых скляпенняў утварае трохвугольнікі і ромбы розных абрысаў і памераў). Пад храмам — скляпеністае сутарэнне. Да пач. 19 ст. ў царкве былі герсы (пад’ёмныя дзверы-краты). У час рэканструкцый (1817, 1871—72) да гал. фасада прыбудаваны прытвор, надбудаваны зах. вежы, паніжаны дах, зроблены карнізы і павялічаны аконныя праёмы.
А.М.Кулагін.
Мураванкаўская царква-крэпасць. Малюнак 2-й пал. 19 ст.Мастак В.Гразноў.Мураванкаўская царква-крэпасць. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЦО́Ў (Віктар Віктаравіч) (н. 8.9.1941, с. Белая Гліна Краснадарскага краю, Расія),
бел.мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). З 1972 выкладае ў Бел.АМ, з 1995 заг. кафедры. Сярод твораў; габелены «Музыка» ў Бел.дзярж. філармоніі (1974—76, у сааўт. з А.Яскіным, У.Ткачовым), «Беларусь — край мой родны» ў рэзідэнцыі прэзідэнта Беларусі (1983—84), вітражы «Песні Беларусі» і «Поры года» ў Т-ры юнага гледача Беларусі (1978, у сааўт. з Ткачовым), «Сонечныя кветкі. Флора і фауна» ў мед. ін-це (1992—93), «Старажытная геральдыка гарадоў Беларусі» ў тэхнал. ун-це (1993—94; усе ў Мінску), «Белавежская пушча» ў бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. (1981—82), дэкар. рэльефаў. Аўтар жывапісных палотнаў «Успаміны. Дзікі мёд» (1981), «Алегорыя трывогі» (1986), «Бабіна лета» (1990), «Стары млын» (1992), «Каля люстэрка» (1996), «А.Пушкін», «А.Міцкевіч» (абодва 1999), трыпціха «Поры года» (1995), серыі пейзажаў «Па Галандыі і Францыі» (1999). Творам уласцівы гарманічная пластычнасць з рэаліст. трактоўкай сюжэта, метафарычнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОКРА́ИНА»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-радыкальнага кірунку. Выдавалася з 30.7(12.8). 1907 да 25.5(7.6).1908 у Мінску на рус. мове. Развівала праграму забароненай газ.«Жизнь провинции». Цэнзура характарызавала яе як выданне «рэзка апазіцыйнага кірунку без ясна і пэўна вызначанай праграмы якой-небудзь партыі». Друкавала апошнія паведамленні, артыкулы грамадска-паліт. і літ.-маст. зместу, белетрыстыку, паэзію, мясц. хроніку, рэкламу, ілюстрацыі. Крытыкавала ўрадавую палітыку П.А.Сталыпіна, злоўжыванні мясц. улад, выступала супраць дыскрымінацыі «іншародцаў». Праблемам гістарыяграфіі, гісторыі, культуры прысвечаны даследаванні Д.Бохана «Польская народная паэзія», М.Метэрлінка «Псіхалогія няшчаснага выпадку», «Вялікі мастак» (пра Л.Талстога), М.Караліцкага «Ідэя творчасці ў творах Тургенева і Гаўптмана» і інш. Аўтары літ.-маст. аддзела арыентаваліся на традыцыі рэалізму і асветніцкую эстэтыку, прапагандавалі спадчыну рус., польск. і зах.-еўрап. л-ры і маст. культуры, станоўча ацанілі наватарства Л.Андрэева, К.Бальмонта, З.Гіпіус, У.Меерхольда, М.Мінскага, Г.Гаўптмана, Метэрлінка, Ф.Салагуба. Асвятляла тэатральнае і муз. жыццё Мінска. Выданне газеты прыпынена, пазней забаронена.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАВА́НА ((Padovano) Джавані) (Ян) Марыя [сапр.Моска да Падова (Mosca da Padova) Джанмарыя; каля 1493, г. Падуя (?),
Італія — 31.3.1574], італьянскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік Адраджэння. У 1515—30 працаваў у Падуі і Венецыі, з 1532 у Рэчы Паспалітай, у т. л. ў Вільні. Прыдворны мастаквял. князя ВКЛ Жыгімонта I Старога. Майстар надмагільнай пластыкі. Сярод твораў: барэльеф «Цуд са шклянкай» для базілікі св. Антоніа ў Падуі, надмагіллі Б.Тарноўскай (каля 1536), Я.Тарноўскага і яго сына (1561—70) у саборы ў Тарнуве, С.Алясніцкага (1450) у кафедральным касцёле ў Познані, П.Гамрата (1545) і С.Мацеёўскага (1552) у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, жонак Жыгімонта II Аўгуста Лізаветы (1546—52) і Барбары Радзівіл (1553—63, абодва не захаваліся) у Вільні, ківорый для касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1551—54) і інш. Аўтар 4 медалёў з партрэтамі Жыгімонта I Старога і яго сям’і (1532), арх. праектаў атыкаў і лесвіцы ў «Сукеніцэ» (1555—59) і нішаў для каралеўскіх надмагілляў у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі (1571—74).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМАРЭ́НКА (Леанід Фёдаравіч) (н. 26.1.1937, в. Вятхінь Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел.мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст,прамысл. вучылішча імя В.І.Мухінай (1957), Бел. тэатральна-маст.ін-т (1968). З 1957 працаваў на Мінскім фарфоравым з-дзе, з 1964 на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 на Мінскім маст. к-це. Працуе ў галіне керамікі. Для работ характэрны творчае засваенне традыц. форм нар. ганчарнага посуду, спалучэнне традыц. і сучасных спосабаў апрацоўкі матэрыялаў, стрыманая колеравая гама з падкрэсленымі прыроднымі ўласцівасцямі матэрыялу. Сярод твораў: сервізы «Авальны» (1957), «Восень» (1962), «Вяночак» (1970), кампазіцыі «Мара» (1972), «Салют» (1975), серыі дэкар. ваз «Па родных матывах» (1970—80-я г.), «Змрок» і «Ноч» (1964—84). З 1990-х г. займаецца белай керамікай (серыі «Зямля пад белымі крыламі», «Белыя сувеніры»). Аўтар дэкар. пластоў, дробнай пластыкі, акварэляў і інш. Аформіў інтэр’ер паліклінікі ў г. Маладзечна (1980), сталовую Мазырскага з-да меліярац. машын (1982), дзіцячую б-ку № 2 г. Мінска (1983) і інш.
Г.А.Фатыхава.
Л.Панамарэнка. З серыі «Белыя сувеніры». 1990-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЖНЯ́К (Тарас Мікалаевіч) (н. 9.3.1924, в. Цернаўка Смелянскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна),
бел.мастакдэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1997). Скончыў Маскоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1949). Працаваў у Львове. У 1965—98 у Бел.АМ (з 1988 заг. кафедры). Працуе ў галіне керамікі («Абаронцы Брэсцкай крэпасці», 1970; скульптура «Даніла Галіцкі», 1974; пано «Мінск», 1977; вазы «Над Віліяй», 1988, «Белавежская пушча», 1993, «Кветкі», 1999, «Марскі брыз», 2000; дэкар. кампазіцыя «Караблікі і дэльфіны», 1966, і інш.), шкла (вазы «Кожнаму чацвёртаму», 1982, «Восень», 1987; скульптура «Пінгвіны», 1987; кампазіцыі «Чорная быль», 1988, «Поры года», 1989, і інш.), металу (партрэт Героя Сав. Саюза С.І.Грыцаўца, 1967, і інш.). Аўтар афармленчых работ у Палацы чыгуначнікаў (1978), Палацы шлюбаў Заводскага р-на (1981—83), гандл. цэнтры «Валгаград» (1984) у Мінску, палацах культуры нафтавікоў у Наваполацку (1967), саўгаса «Прагрэс» Брэсцкай вобл. (1984), будынку шпіталя для інвалідаў Вял.Айч. вайны ў в. Бараўляны Мінскага р-на (1986) і інш. Творы адметныя дакладнасцю кампазіцыі, вобразнай выразнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЮ́ЗІНА (Ніна Васілеўна) (н. 25.8.1944, в. Васілева Глінкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел.мастак. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык) і графіцы (акварэль). Творчасці ўласцівы абагульненая мадэліроўка форм, рытмічнасць кампазіцый, гарманічнасць колеравых спалучэнняў, зварот да бел. фальклорных і гіст. сюжэтаў. Сярод твораў: габелены «Апошні ліст» (1969), «Легенда пра возера Свіцязь» (1972), «Навука пра зоркі» (1975), «Перад зорнай дарогай» (1976), «Святочная ноч» (1977), «Летні дождж» (1981), «Беларусь» (з П.Бондарам), «Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі» (абодва 1982), «Несуцішны боль», «Легенды Мядзельшчыны» (трыпціх; усе 1984), «Беларускае вяселле» (серыя, 1989), «Узвіжанскі спакус», «Абуджэнне», «Кліч зямлі» (усе 1992), «Няўмольны час» (1996); батыкі: трыпціх «Трыумф жыцця» (з Н.Бандарэнка), «Нечаканае ўсхваляванне» (усе 1990), «Летнія ліўні», «Зацішша», «За акном мае вішні» (усе 1994), «Купалле», «Рэха кахання» (серыя; усе 1995); акварэлі «Жамчужны бераг» (1971), «Хрызантэмы» (1975), «Дары сонца», «Сумны бэз» (абедзве 1997) і інш. Пра П. зняты фільм «Безыменная таямніца» (1998; рэж. Ю.Сцяпанаў). Іл.гл. таксама да арт.Габелен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́НЯ (Іван Міхайлавіч) (н. 1.2.1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел.мастак-акварэліст. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1957), Маскоўскі паліграф.ін-т (1965).
З 1958 працаваў у Дзярж. к-це па тэлебачанні і радыёвяшчанні, у выд-вах «Ураджай», «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1985—2000 у час. «Работніца і сялянка». Творы вылучаюцца дакладнасцю малюнка, тонкім пачуццём колеру, змястоўнай і эмац. напоўненасцю. Аўтар пейзажаў «Лагойшчына» (1969), «Навальніца над Нараччу» (1972), «Стары Браслаў» (1976), «Восень у Вязынцы» (1980), «Вечны кліч. Адвечнае» (1982), «Вячэрні звон» (1998) і інш. Сярод тэматычных карцін: «Мелодыя роднага краю» (1969), «Случчына мая, мае бацькі» (1971), «Маці. Прысвячаецца Н.Ф.Купрыянавай і яе сынам» (1975), «Вяселле ў Падгор’і» (1978), «Набат 1863 г. К.Каліноўскі і Марыся» (1989), «Трывожныя сны ветэрана» (1995); трыпціх «Балада» (памяці А.Міцкевіча; 1998); партрэтаў П.Броўкі і «Думы Цёткі (Алаіза Пашкевіч)» (1976), «Кірыла Тураўскі» (1979), «Развітанне ў Ляўках Я.Коласа і Я.Купалы» (1982), «Кветкі Радзімы. Францыск Скарына» (1988), «Асветніца Ефрасіння Полацкая» (1990), «Партрэт бацькі» (1999). Аўтар серый помнікаў стараж. архітэктуры Беларусі (1979—81), «Акорды роднай мелодыі» (2000), малюнкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУНЬ»,
ілюстраваны літ.-мастацкі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіў з 2.5 да 4.7.1920 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Рэдактар Янка Луцэвіч (Я.Купала), выдавец В.Іваноўскі. Выступаў за нац. дзяржаўнасць бел. народа, развіццё яго эканомікі, пашырэнне культуры і асветы на роднай мове. Актыўны ўдзел у выданні часопіса прымалі З.Бядуля, Л.Родзевіч, М.Чарот, мастак Я.Драздовіч. Упершыню апублікаваў цыкл вершаў Я.Купалы «Песні на ваяцкі лад», «Брат і сястра», сцэнічны жарт «Прымакі», арт. «Справа беларускага нацыянальнага гімну», апавяд. М.Багдановіча «Апокрыф», апавяданні, артыкулы, нарысы З.Бядулі, арт. Ф.Аляхновіча «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», сцэнічны абразок «Лес шуміць», нарыс «Тэатр на вёсцы», вершы А.Гаруна, Чарота, К.Буйло, А.Петрашкевіча, І.Піліпава, У.Жылкі. Змясціў даследаванні Я.Карскага («Духоўныя вершы і канты, штучна створаныя», «Беларускі пісьменнік-народнік А.Р.Пшчолка», «Арцём Вярыга-Дарэўскі»), У.Ігнатоўскага («Кароткі гістарычны нарыс Гродзеншчыны»), І.Гердэра («Штукарства мовы і красамоўства», пер. з ням.). Надрукаваў рэцэнзіі на творы М.Гарэцкага, даведкі пра бел. пісьменнікаў, фатаграфіі і малюнкі бел. краявідаў, помнікаў гісторыі і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНАЛЬДС, Рэйналдс (Reynolds) Джошуа (16.7.1723, г. Плімптан, Вялікабрытанія — 23.2.1792), англійскі жывапісец, тэарэтык мастацтва. У 1740—43 вучыўся ў Лондане ў Т.Хадсана. Вывучаў творы Рэмбранта, П.П.Рубенса, венецыянскі жывапіс 16 ст. Працаваў у Дэваншыры і Лондане, у 1749—52 вандраваў па Еўропе. Арганізатар і 1-ы прэзідэнт (1768—90) лонданскай АМ. З 1748 гал.мастак караля. Пераасэнсоўваў традыцыі параднага партрэта барока, спалучаў велічнасць агульнай задумы з нязмушанасцю трактоўкі характараў, імкнуўся звязаць уяўленні пра ідэальную асобу з сац.-гіст. характарыстыкамі. Творы вызначаюцца дынамічнасцю кампазіцыі, свабодай мазка, цёплым сакавітым каларытам, псіхал. выразнасцю. Партрэты: аўтапартрэт (1753—54), «Д.Гарык паміж музамі трагедыі і камедыі» (каля 1760—61), пісьменнікаў Л.Стэрна (1760) і С.Джонсана (1772), Джэн, графіні Харынгтан (1777—79), актрысы С.Сіданс (1783—84), адмірала Дж.О.Хітфілда (1787—88). генерала Банастра Тарлтана; карціны «Немаўля Геракл душыць змей» (1786—88), «Нявінны ўзрост» (1788), «Устрыманасць Сцыпіёна» (1788—89) і інш. У тэарэт. работах выказваў нарматыўна-класіцыстычныя погляды на прыроду мастацтва.