ваш, ‑ага, м.; ваша, ‑ай, ж.; ваша, ‑ага, н.; мн. вашы, ‑ых.
1. займ. прыналежны да вы. Ваш горад. Ваша акно. Вашы кнігі. □ Я люблю ваш смех дзявочы. Ды гарэзлівыя вочы, Вашы кпінкі, вашы жарты, Ды... куды цяпер я варты? Крапіва. Чужых цялят бярэш на пашу? Наскрозь я бачу службу вашу! Колас. // Зроблены, напісаны і г. д. вамі. Вашы словы. Ваша пісьмо. □ Тысячагоднія вашы [астраномаў] намеры Спраўдзяцца некалі не на паперы. Куляшоў. // Які прыходзіцца да спадобы, прыемны, знаёмы вам.
2. у знач. наз. в́аша, ‑ага, н. Разм. Тое, што належыць або ўласціва вам. Вашага мне не трэба.
3. у знач. наз. в́ашы, ‑ых, мн. Разм. Родныя, блізкія. Вашы дома? Прывітанне вашым. □ [Бацька:] — Ну, і як жа ён, што ён казаў? Вашы, браток, усе здаровы? Брыль.
•••
Ваш брат гл. брат.
Ваша справа гл. справа.
Ваша ўзяло (бярэ) гл. узяць.
Воля ваша гл. воля.
І нашым і вашым гл. наш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жыві́цца, жыўлю́ся, жы́вішся, жы́віцца; незак.
1. Карміцца, харчавацца. [Родны:] Што ж, тыгр — звер, як звер. Яму так прыродай вызначана — жывіцца мясам. Крапіва. Наступалі голад і смага. Байцы жывіліся жменяй макухі, дзесяткам гарошын. «Звязда». // Здабываць сродкі для існавання. Людзі з трох вёсак займаліся вырабам гонты і гэтым жывіліся. Чорны. Што зарабіць Эльза, шыючы сукенкі пападзянкам, тым толькі і жывілася з бацькамі. Гарэцкі.
2. Забяспечвацца тым, што неабходна для нармальнага існавання, развіцця, дзейнасці. Ірвецца [расток] да святла, расце бясконца І п’е зямлі сыры духмяны сок, І жывіцца магутнай сілай сонца... З. Астапенка. Маторы ў майстэрнях жывяцца электрычнай энергіяй. Шахавец. // перан. Падтрымліваць, узмацняцца чым‑н. (пра разумовую і творчую дзейнасць, псіхічны стан і пад.). [Беларуская] сатыра ўрастала ў народную глебу, жывілася яе сокамі. Казека. У многіх аўтараў паэзія жывіцца ўспамінамі. «ЛіМ».
3. Разм. Атрымліваць для сябе выгаду, карысць; нажывацца, абагачацца. — Не было ў нашым родзе людзей, якія б з чужога мазаля жывіліся. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
про́ба, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прабаваць, пробаваць (у 1 знач.).
2. Невялікая частка чаго‑н., узятая для праверкі, вызначэння якасці. Узяць пробу. □ Захапіўшы з сабой кірку, компас, ручны бур для даследавання выхадаў нафты, скрынку для проб розных парод і, вядома, карту Гаўрынава, падарожнікі выйшлі з двара. Гамолка. Пасля кожнай варкі ў лабараторыю ідзе проба. Прадукцыю правяраюць на ўтрыманне цукру, тлушчу, сухіх рэчываў. «Беларусь».
3. Колькасць вагавых частак высакароднага металу, якая змяшчаецца ў пэўнай колькасці вагавых долей сплаву, а таксама кляймо, якое абазначае гэту колькасць, на вырабах з высакароднага металу. Вызначыць пробу плаціны. Золата 958 пробы.
4. Выпрабаванне. Проба агнём.
•••
Высокай (вышэйшай) пробы — вельмі высокай якасці, кваліфікацыі і г. д.
На пробу (узяць, даць) — для праверкі, ацэнкі і г. д.
Нізкай пробы — вельмі нізкай якасці, уласцівасці і г. д.
Проба пяра — пра першы літаратурны твор. Да гэтага часу [вучобы ў Койданаўскім вучылішчы] адносіцца і мая першая проба пяра. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скавыта́ць, ‑вычу, ‑вычаш, ‑выча; незак.
1. Жаласна павіскваць, ціха выць (пра сабаку і пад.). Сабака перастае брахаць і толькі скавыча, круцячыся каля гаспадара. Колас. Мокрае, худое і нейкае нязграбнае, .. [шчаня] ціха і жаласна скавытала, скасавурыўшы на Саньку чорныя вочы. Ваданосаў. // Утвараць гукі, падобныя да выцця. На дварэ за вугламі па-воўчы скавытаў халодны сіверны вецер. Нікановіч. І як цягнуў вагоны паравоз — жаласліва так скавыталі буксы, бы спявалі аб нядолі — прастоях, недагрузах. Шынклер. Завіруха не сціхала, вецер выў, скавытаў. Гроднеў. // Разм. зневаж. Непрыемна, жаласна, разгублена плакаць, гаварыць, утвараючы гукі, падобныя да выцця (пра чалавека). — Слюнцяй, не скавычы! Не можаш памагчы. Дык лепей памаўчы! Крапіва. Пан махнуў у поле. А прэлат пад храмам.. скавытаў ад страху. Бажко.
2. перан. Разм. зневаж. Ныць, назаляць, скардзіцца. — Галачка, адчыніце, малю вас, — скавытаў.. [Блажэвіч] з драматычнай інтанацыяй у голасе. Рамановіч. — І як вам не сорамна! — скавытаў пасажыр з газіка, бегаючы навокал. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ско́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. што і з інф. Давесці выкананне чаго‑н. да канца; завяршыць. Скончыць мыць посуд. □ Людзі спяшаліся да пачатку ўборкі бульбы скончыць сіласаванне кукурузы. Паслядовіч. Даша скончыла зборы і пачала апранацца. Васілевіч. // Поўнасцю зрасходаваць. [Цётка:] — Апошні кумпяк на сёмуху скончылі. Машара. Знайшліся такія, што як сала сваё з торбы скончылі, дык і па доме зажурыліся. Крапіва.
2. што, чым. Зрабіць што‑н. у заключэнне, закончыць чым‑н. Крушынскі скончыў сваё тлумачэнне .. басам на спеўны царкоўны лад. Бядуля. Вячэру скончылі куццёю. Колас. // Закончыць сваё жыццё, дзейнасць пэўным чынам. Пачаў грамадскую дзейнасць народнікам, а скончыў — меншавіком.
3. што. Закончыць навучанне дзе‑н. Самы старэйшы, Павел, скончыў рачны тэхнікум і ўжо плаваў на Дняпры капітанам буксіра. Шамякін.
4. што, з чым і з інф. Спыніць што‑н., палажыць канец чаму‑н. Скончыць з прагуламі. Скончыць з парушэннем працоўнай дысцыпліны.
•••
Скончыць жыццё — тое, што і кончыць жыццё (гл. кончыць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спако́й, ‑ю, м.
1. Адсутнасць шуму і руху; цішыня. Цішыня і спакой панавалі ў заснежаным лесе. В. Вольскі. Пасля рабочага дня, што заканчваўся звычайна ў гадзіну ночы, наступаў спакой. Шахавец. У перадвячэрнім спакоі рэзка вылучаецца маркотнае курлыканне жораваў. Крапіва. Вазы адскрыпелі ў нізіне І стаў аглушальны спакой. Панчанка. // Парадак; адсутнасць грамадскіх хваляванняў. Грамадскі спакой. // Лагода; мірнае жыццё. Вайна іх разлучыла, Разбіла іх спакой. Бялевіч. І елкі ў неба ўзнялі пікі, Абараняюць наш спакой. Астрэйка. Хто вам сказаў, што на зямлі зацішша, Што на зямлі пасля вайны спакой? Аўрамчык.
2. Ураўнаважанасць, фізічнае і душэўнае супакаенне. Нуда скончылася, уперадзе, зусім блізка была доўгачаканая мэта — канец усіх трывог і час прыемнага спакою. Мележ. // Поўны адпачынак, бяздзеянне. Хвораму, акрамя лекаў, патрэбен яшчэ і спакой. Чарнышэвіч.
•••
Вечны спакой — смерць.
Мёртвы спакой — абсалютная цішыня, нерухомасць.
На спакой — а) на заслужаны адпачынак, на пенсію па ўзросту (ісці, адпраўляцца і пад.); б) паміраць (пара, трэба і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спро́ба, ‑ы, ж.
1. Намаганне зрабіць што‑н. пры адсутнасці ўпэўненасці ў дасягненні поспеху. Партызаны спалілі мост і паспяхова адбівалі ўсе спробы ворага пераправіцца на гэты бераг. Шамякін. Нарэшце .. [Таццяна] зрабіла новую спробу зайсці ў пакой. Васілёнак. // Намаганне ажыццявіць што‑н. пры адсутнасці вопыту. Спробы збудаваць падводны човен мелі месца і ў Расіі. «Маладосць». // Першыя недасканалыя вынікі творчай дзейнасці. Канешне, толькі некаторая частка вясковых аўтараў падыходзіць так да сваіх літаратурных спроб. Чорны. Але як рэзка адрозніваюцца яны [кнігі] ад першых творчых спроб паэта! Бярозкін.
2. Праверка, выпрабаванне. Я распрацаваў праект пісталеціка і зрабіў адзін для спробы. Бядуля. Праз два дні павінна быць спроба лініі. Паслядовіч. // Праверка дакрананнем, на смак і пад. Ён [сейбіт] глядзеў гаспадарка, Браў на спробу рукою, Як ішло з малатарні. Быццам золата тое. Броўка. Андрэй Міхайлавіч .. прапусціў апісанне хэўсурскай джыгітоўкі, паездкі гасцей на Казбек .. і ў Кахецію для спробы славутых він. Самуйлёнак. [Паважны чалавек:] — Нясі, галубчык, мне якіх штук пяць [ракаў] на спробу. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тралява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.
1. Спец. Падцягваць, падвозіць драўніну ад месца нарыхтоўкі да дарогі ці да месца сплаву. Новай дарогай ад самай вясны тралявалі дрэва з Яськавага балота. Пташнікаў. Быў бы жывы тата, ён даўно б новы дом збудаваў. Ён ужо тады пачаў траляваць бярвенні з лесу. Кудравец. // Разм. Вывозіць, перавозіць што‑н. у вялікай колькасці. І ўспомніў я зіму з вятрамі, Што галасіла над палямі, Калі мы з дзедам тралявалі Настыўшыя, цяжкія шпалы. Танк. Трактарысты дзень пры дні тралявалі ўгнаенне пад яравыя. Кухараў.
2. Абл. Ісці, рухацца. Тады і хлопцы тон мяняюць: Ідуць у лес, крычаць, гукаюць .. А дзядзька ўперадзе тралюе. Колас. — Но-но, каб ты здаровенек быў, — падбадвёрваў .. Алесь каня. — Тралюй! Якімовіч. // Пракладваць дарогу, шлях. Узышоўшы на сенажаць, тралявалі шырокі гасцінец па густой траве, ішлі проста на дымаўскіх касцоў. Крапіва. — З праходу! — далей тралюе сабе дарогу дзядзька ў белым фартуху. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узнагаро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Плата, дар за якія‑н. заслугі і пад. [Кастусь чытае:] «За галаву атамана вызначаецца ўзнагарода — 15 тысяч марак польскіх». Крапіва. Хлопцы не спяшаліся выходзіць, яны азіраліся па баках, нібы чакаючы ўзнагароды за сваю знаходку. Кавалёў. — Ну, Тром-сын, — кажа цар, — цяпер прасі ў мяне якой хочаш узнагароды. Якімовіч. Першы дзень мая прынёс яе [радасць], нібы ўзнагароду за ўсе неспакойныя турботныя ночы і дні. Мележ.
2. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад., якімі адзначаюцца чые‑н. заслугі. Высокая ўрадавая ўзнагарода. □ Як дачка свайго народа, Многа маючы заслуг, І яна [Кацярына] ўзнагароду прыняла з гарачых рук. Броўка. Я, заўважыўшы .. тры калодачкі ўзнагарод на ягоных грудзях, захацеў абняць хлопца яшчэ раз. Брыль. // перан. Падзяка, аддзяка, адплата. [Пан Ружыцкі:] — Перлы вашых тонкіх слоў — лепшая ўзнагарода для мяне. Бажко.
3. Разм. Тое, што і узнагароджанне (у 1 знач.). На тым жа вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын. Дуброўскі.
•••
Знакі ўзнагароды гл. знак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фра́за, ‑ы, ж.
1. Інтанацыйна аформленае спалучэнне слоў, якое выказвае думку; сказ. — Якая ты неасцярожная, Кетэ! — учулі хлапцы адрывак фразы. Самуйлёнак. — Напішыце сказ, — ..[Леанід] крыху падумаў, — ну, напрыклад, першую фразу, якую вы сёння сказалі, і раскажыце пра яе ўсё, што ведаеце. Шахавец. І зноў надакучліва палезла ў галаву фраза: «А чабор пахне...» Асіпенка.
2. Напышлівы выраз, які пазбаўлены ўнутранага зместу або які прыкрывае лжывасць гэтага зместу. Міхалка пустых фраз не любіць гаварыць. Яго прамовы цяпер кароткія і моцныя. Бядуля. [Чарнавус:] Адны траскучыя фразы і абсалютна нічога канкрэтнага. Крапіва. Вострае і глыбока прачутае пачуццё Радзімы ў Еўдакіі Лось вынікае з яе вершаў спакойна і сціпла, без гучных фраз. Звонак.
3. Устойлівае спалучэнне якіх‑н. слоў; хадзячы выраз. Гэтыя радкі па сутнасці ўжо сталі крылатай фразай. Бугаёў.
4. У музыцы — рад гукаў або акордаў, якія ўтвараюць невялікую, адносна закончаную частку музычнай тэмы, мелодыі. У агульным рознагалосым гуле чуюцца знаёмыя музычныя фразы. «Маладосць».
[Ад грэч. phrásis — выраз.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)