хі́ба 1, ‑ы, ж.

1. Памылка, промах, недахоп. Агульная хіба мовы нашых газет.. вось у чым. Мы абавязкова хочам слова ў слова перакласці кожны сказ з рускай мовы. Лужанін. Доўга пасля таго Аўсееў самотна перажываў свае жыццёвыя хібы. Быкаў. Юнацтва! Гарачае, поўнае запалу, у каго з людзей ты праходзіла без хібаў? Сіняўскі.

2. Пра фізічны недахоп. — Калі ў чалавека ёсць якая-небудзь хіба з вокам, то за гэтае няшчасце нават і хуліган не будзе чалавека абсмейваць. Чорны.

хі́ба 2, часціца.

1. Ужываецца ў пытальных сказах, якія выражаюць сумненне ў чым‑н., недавер да чаго‑н., здзіўленне чым‑н., і па значэнню вельмі блізкія да слоў: «няўжо», «можа быць». — Хіба гэта мячык? — здзівілася бабка, калі дзед вярнуўся дамоў з магазіна. Юрэвіч. [Рабочы:] Мая дачушка вывучыла чатыры [мовы].. Трэба ж і мне не вельмі адстаць ад яе. Хіба я няправільна разважаю? Дубоўка. — А вы хіба бачылі Уладзіміра Ільіча? — спытаў я. — Як жа. І не адзін раз! — адказаў камбрыг. Дзенісевіч. // (звычайна ў спалучэнні са словамі «можна», «магчыма» і асабовымі формамі дзеясл. «магчы»). Ужываецца ў рытарычным пытанні, якое заключае адмоўны адказ. Хіба можна так рабіць? □ Пасля снедання Івана пахіліла да сну. Ён цэлую ноч быў на начлезе, а хіба там заснеш! Чарнышэвіч.

2. Ужываецца ў пытальных сказах для выражэння няўпэўненасці ў неабходнасці якога‑н. дзеяння і блізка па значэнню словам: «можа быць», «не варта». Хіба схадзіць мне да доктара? □ Хіба можна пісьменніка падганяць? Розныя фактары могуць уплываць на плённасць яго працы. «ЛіМ».

3. (звычайна ў спалучэнні са словамі «толькі», «што»). Ужываецца для надання адцення абмежаванасці, дапушчэння, магчымасці чаго‑н. Там ніхто не пройдзе, хіба толькі звер прабярэцца. □ Конь ішоў памалу, хіба толькі з горкі прыбаўляў ходу. Колас. Выдавалі хіба толькі вочы — праніклівыя, пільныя, гарачыя, у іх палаў агонь, і яго цяжка было прыхаваць. «Звязда». Дзед развёў рукамі: — Якая ў мяне зброя, пан гарадавы. Хіба што адна папруга на штанах... Якімовіч.

хі́ба 3, злучн.

1. уступальна-абмежавальны. Ужываецца ў спалучэнні са словамі «толькі», «што» і без іх для выражэння абмежавання ў значэнні: «акрамя таго, што...»; «можа быць, толькі...». Рэдка, хіба толькі ў штучных пасадках, убачыш тут піхту, лістоўніцу, кедр, з хвойных парод абжыліся ў гэтых мясцінах толькі сасна ды елка. Гавеман. Хіба што дзяцел па сухадрэвіне застукоча, дык мы [сяляне] з такім лёскатам звыкліся. Новікаў.

2. умоўны. Ужываецца для выражэння супрацьпастаўлення з адценнем умоўнасці ў значэнні: «калі не...», «калі толькі не...». Абавязкова прыйду, хіба толькі затрымаюць.

хі́ба 4, выкл.

Ужываецца з пытальнай інтанацыяй і выражае сумненне, недавер. [Алесь:] — Ты робіш мне балюча. А я помню цябе. [Майка:] — Хіба? Караткевіч.

хіба́ 1, часціца.

Тое, што і хі́ба ​2.

хіба́ 2, злучн.

Тое, што і хі́ба ​3.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

або́, злучнік.

1. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў з узаемным выключэннем, паказваючы на катэгарычнасць выбару аднаго з іх. Гэта была такая сварка, пасля якой або разыходзяцца на ўсё жыццё, або мяняюць характар. Асіпенка. [Валодзя:] — Я сказаў так: або жонка, або артыстка! Кулакоўскі. Або пан, або прапаў. Прыказка. // Супастаўляе аднолькава магчымыя ці раўназначныя члены сказа і сказы; тое, што «ці» (у 1 знач). — Выбірай: або маім намеснікам, або загадчыкам зямельнага аддзела. Адно з двух, — рашуча прапанаваў Бялоў. Шамякін. «Маўчы або хлусі — азалачу, навек шчаслівым зраблю», — гаварыў Скуратовічаў позірк. Чорны. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.

2. пералічальна-размеркавальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. [Праменны:] Каго ты ні возьмеш, дык гэта будзе або рабочы, або калгаснік, або інтэлігент, адным словам, чалавек савецкі. Крапіва.

3. далучальны. Далучае члены сказа і сказы з заўвагамі дадатковага характару. Палеская, або Мазырская група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцыяльна, абрала ўчастак контрудару па лініі Крыўцы — Высокае, куды падцягнула войска і гарматы. Колас. [Зіна:] — Няўжо я зусім не падобная на спявачку, або спяваць у хоры — вельмі ўжо складаная, мала каму даступная справа? Кулакоўскі.

4. у знач. пытальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў пачатку пытальных сказаў у значэнні «хіба?», «няўжо?». [Зося:] — Дык ты верыш, Рыгор, пушчаным чуткам? — Або яны непраўдзівы? Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жах 1, ‑у, м.

1. Моцны страх да знямення. Хрысціна знямела ад жаху. Васілевіч. Дзяўчына ўпершыню ўгледзела смерць. Яе ахапіў такі жах, што яна хацела крыкнуць, але не магла. Гурскі.

2. звычайна чаго. Трагічнасць, бязвыхаднасць. — Яшчэ душа адплатаю гарыць — Ні смерці жах, ні чорны цень магілы Агонь душы не здольны пагасіць. Бачыла. // звычайна мн. (жа́хі, ‑аў). Трагічная з’ява, страшнае здарэнне. Жахі вайны. □ За тыя дні, пакуль .. [Рыгора] не выклікалі на допыт, ён наслухаўся гэтакіх жахаў, што валасы дыбка станавіліся. Сабаленка.

3. у знач. вык. Жахліва (у 2 знач.), страшна (пра тое, што непрыемна здзіўляе). — Што я ўбачыў дома — гэта жах. .. [Маці] ледзьве стаіць на нагах і нічога не бачыць. Чорны.

4. у знач. прысл. Разм. Вельмі, незвычайна. — Як хочаце, дзяўчаткі, а я — дахаты. Не абедала яшчэ, есці хачу — жах! — адказала .. [Марынка]. Хадкевіч. / Са словамі «як», «які»: жах як, жах які. Жах як далёка. // У спалучэнні са словам «колькі» азначае: вельмі многа. Жах колькі снегу.

•••

Даць жаху гл. даць.

жах 2, выкл.

1. Ужываецца як гукаперайманне для абазначэння шорхання, удару і пад. На шырокім прасторы светла-жоўтага жытняга поля чуваць шорханне. — Жых-жах, жых-жах, — гутараць сярпы з цвёрдымі сцёбламі. Бядуля.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова жа́хнуць, жа́хнуцца і жа́хаць, жа́хацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цана́, ы́; мн. цэ́ны, цэн; ж.

1. Грашовае вырашэнне вартасці тавару. Базарная цана. Дзяржаўная цана. Нарыхтоўчая цана. Закупачная цана. □ Каржакевіч спусціў цану на чатыры пуды. Крапіва. Конь старэе — у цане танее, вол старэе — цану набірае. Прыказка. // Грашовая плата за якую‑н. работу, паслугу. У невялікай вёсцы лясной Пастух цану загінае вясной. Кусянкоў.

2. цано́й чаго. Ужываецца ў значэнні: страціўшы што‑н., ахвяраваўшы чым‑н., перажыўжы што‑н. Клінцэвіч вырашыў: нават цаной уласнага жыцця адпомсціць гаду. Машара.

•••

Адпускная цана — цана, якая ўстанаўліваецца пры продажы прадукцыі.

Стратная цана — цана ніжэй сабекошту.

Цана вытворчасці — у капіталістычным грамадстве — ператвораная форма вартасці тавару, роўная суме выдаткаў і сярэдняму прыбытку.

Ведаць цану гл. ведаць.

Грош цана (у базарны дзень) каму-чаму — не мае ніякай каштоўнасці, нічога не варты, ні на што не прыгодны.

Дарагой цаной — затраціўшы вялікія сілы, намаганні, панёсшы вялікія ахвяры (дасягнуць чаго‑н., зрабіць што‑н.).

Загнуць (заламаць, загарадзіць) цану гл. загнуць.

Любой (якою б ні было) цаной — любымі сродкамі, шляхамі, не шкадуючы нічога (дасягнуць чаго‑н., зрабіць што‑н.). Туды, на той бок пералезці, Пра ўсё даведацца на месцы, Якою б ні было цаной! Колас.

Набіць (нагнаць) сабе цану гл. набіць.

Нагнаць (набіць) цану гл. нагнаць.

Не стаяць за цану гл. стаяць.

Траціць цану гл. траціць.

У цане — дорага каштуе; высока цэніцца.

Цаны няма каму-чаму гл. няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які займае недастатковую плошчу; такі, дзе мала вольнага месца. У гэтай цеснай каморцы змяшчаліся толькі два ложкі для спання і невялічкая печка-ляжанка. Бядуля. // перан. Які гняце, удушлівы, затхлы. Свет стары грудзям быў цесен. Танк.

2. Малы па размеру (пра адзенне, абутак і пад.). Цесныя боты. □ Вядома, каму не люба прыгожа апранацца?! Да твару, да стану. Кожнаму хочацца насіць новае адзенне. Насіць такое, каб яно было па ўласнай мерцы, не цеснае, лёгкае, прыгожае. Грамовіч.

3. Шчыльна размешчаны адзін каля аднаго. Мужыкі цесным кружком садзіліся каля Сцяпана. Колас. Для кожнага ў свеце прыходзіць той дзень, Калі з маладосцю на вернасць рукаюцца, За цесным сталом, дзе вяселле ідзе, Бацькі, і сябры, і сваты сустракаюцца. Прыходзька.

4. перан. Які ахоплівае, уключае ў сябе нямногіх; абмежаваны. Цеснае кола сяброў. □ Збірайцеся дружна сябрынаю цеснай, Спяем пра наркома, таварышы, песню. Глебка.

5. перан. Блізкі, непасрэдна звязаны з кім‑, чым‑н. Цесны кантакт. □ З гэтага дня завязалася наша цеснае сяброўства з Юркам. Васілевіч. Атрад, як частка Баранавіцкага злучэння і частка трохсоттысячнай арміі беларускіх партызан, наладзіў цесную сувязь з Масквой. Брыль. // Ідэйна блізкі, з’яднаны. Будаўніцтва матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізма вядзе да яшчэ больш цеснага збліжэння сацыялістычных нацый. «Звязда».

•••

У цесным сэнсе слова — у вузкім, канкрэтным значэнні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Наха́лам ’нахабна, бесцырымонна’ (Сл. ПЗБ), ’нахабна, назойліва’ (ТС), сюды ж наха́льны ’вялікі, моцны’: дажджэ́ наха́льныя (Сл. ПЗБ), наха́лны ’нахабны’, наха́льніца ’празмерна цікаўная асоба, назола’ (ТС), рус. наха́л ’зб. няпрошаныя госці; нахабнік’, нахал делать ’паводзіць сябе нахабна’, нахальный ’нахабны; дармавы’; ’гвалтоўны’: нахальная смерть (смал., СРНГ). Значэнні і формы, прадстаўленыя ў рускіх і беларускіх словах, прымушаюць звязаць з рус. ха́лко ’хутка, паспешна; моцна’, халовой ’танны, дурны, недарэчны’, хал ’дарэмшчына’, ха́лкать ’прагна глытаць’, да якіх належаць таксама бел. аха́лкам ’не перажоўваючы, вялікімі кускамі (есці)’, ха́лкаць экспр. ’есці’, халькам ’абы-як’, што, відаць, гукапераймальнага паходжання. Развіццё значэнняў, як у на́глы (гл.), параўн. рус. нага́л ’заклік, крык ці песня ў такт працы’; у сувязі з гэтым наўрад ці звязана з *xoloto (параўн. Фасмер, 3, 50; з л-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каланда́ ’невялікая колькасць чаго-небудзь’ (Мат. Маг.). Няясна, няма ўпэўненасці ў дакладнасці дэфініцыі, параўн.: «Ні падзелюць ужо калынду тую, сьмех ажно бярець» (с. 41). Відаць, слова непасрэдна суадносіцца з рус. ярасл. каланда ’багацце’, бран. каландить ’эканоміць’. Мяркуючы па рус. ярасл. каланду набить ’разбагацець’, прыведзеныя вышэй значэнні з’яўляюцца другаснымі, а першаснай была семема ’кашалёк, каліта’. На той жа рус. тэрыторыі зафіксавана калама ’кашалёк з грашыма, каліта’; на жаль, яно таксама няяснае. У разглядаемым слове ‑н‑, відаць, другаснае; пры такім дапушчэнні, магчыма, з тат. kalta ’кашалёк’. Не выключана (і прыклад з бран. тэрыторыі гэта як быццам пацвярджае), што слова распаўсюджвалася з бел. гаворак (вядома, што ў Яраслаўскай вобласці ёсць перасяленцы з Магілёўшчыны), аднак унікальнасць бел. слова не дазваляе сцвярджаць гэтага з упэўненасцю.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крывы́1 ’выгнуты, з загібамі’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Сержп. Грам., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах.). Укр. кривий, рус. кривой ’тс’, балг. крив, макед. крив, серб.-харв. кри̑в, славен. krȋv ’тс’, польск. krzywy, чэш. křivy, славац. krivy, в.-луж. křiwy, н.-луж. kšiwy, палаб. kraivĕ ’тс’. Прасл. krivъ ’не прамы, несправядлівы, левы’ мае дакладны адпаведнік у літ. kreĩvas ’тс’, лат. krievs ’тс’. Значэнне ’левы’ зафіксавана ў літ. kairė̃ ’левая рука’, лат. keĩre ’тс’, krẽilis krèiss ’левы’ з няясным словаўтваральным статусам (параўн. Фрэнкель, 203). Са славянскіх паралелей толькі серб.-харв. кри̑в зберагло абодва значэнні (’крывы’ і левы’). У астатніх выпадках значэнне ’левы’ было выцеснена прасл. lěvъ (гл. Мартынаў, Изоглоссы, 26). Параўн. Слаўскі, 3, 253–254.

Крывы́2 ’зайздросны’ (Жд. 3, ТС). Гл. крывы1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́чма1, кучо́мка ’шапка футрам наверх’ (ТСБМ, Нас., ТС, Бяльк., Маш., Сержп. Грам., Нар. лекс., Малч., Мат. АС). Ст.-бел. кучма ’тс’ (з 1590 г.) памылкова разглядаецца як запазычанне праз польскую з венгерскай. Гл. Булыка, Запазыч., 183 услед за Фасмерам (2, 438). Укр. кучма, рус. кучма ’тс’, серб.-харв. ку̏чма, славен. kȗkma ’тс’, польск. kuczma, славац. kučma ’тс’. Кіш (ЭИРЯ, 4, 56) звязвае гэта слова з серб.-харв. ку̏кма ’чуб, хахол’, славен. kȗkma ’тс’, параўн. кучма2 (гл.). Прасл. kučьma < kuka (параўн. кучары). Словаўтварэнне, як у vědьma (SP, 11, 16).

Ку́чма2 ’пра густыя валасы, пра густую зелень’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., Гарэц., Некр., Янк. III, Сцяшк.). У гэтым значэнні: укр. кучма, рус. кучма, славен. kȗčma, польск. kuczma. Да кучма1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́хаць1 ’заходзіцца ад смеху’ (Нас.), ’закрыўшыся здзекліва высмейваць’ (КЭС, лаг.). Параўн. рус. смал. кыхать ’моцна смяяцца’, укр. кихкати ’тс’, славен. kihati se ’тс’, што сведчыць аб старажытнасці гэтага значэння ў дзеяслова kyxati() (ЕСУМ, 2, 439). Лексема kyxati (sf) ’моцна смяяцца’ агульнаўсходнеславянская. Славенскую форму можна лічыць таксама ўсходнеславянскага паходжання.

Кі́хаць2 ’кашляць, чхаць’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Др.-Падб). Польск. kichać, чэш. kychati, славац. kychať, в.-луж. kichać, н.-луж. kichaś серб.-харв. кихати, славен. kihati, балг. кихам ’тс’. Як відаць з пераліку форм, у значэнні ’чхаць’ толькі заходне- і наўднёваславянская лексема. Таму можна меркаваць аб польскім паходжанні беларускага дзеяслова (Слаўскі, 2, 133). Такім чынам, kyxati ’моцна смяяцца’ (кіхаць 1) і kyxati ’чхаць’ (кіхаць 2) знаходзяцца арэальна ў дадатковым размеркаванні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)