МУХАМО́Р (Amanita),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы. Растуць у лясах рознага тыпу пераважна ва ўмеранай зоне. Мікарызаўтваральнікі. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя М.: белы ці зялёны, або бледная паганка, пантэрны (A. pantherina), смярдзючы, або белая паганка (A. virosa), чырв. (A. muscaria). Трапляюцца з ліп. па кастрычнік.

Пладовае цела (шапка на ножцы) у маладых М. абкружана агульным пакрывалам, потым яно разрываецца і застаецца каля асновы ножкі ў выглядзе мешкападобнай похвы, а на шапцы — як белыя шматкі або лускавінкі. Шапка белая, зялёная, шэрая, шэра-фіялетавая, чырв. дыям. да 20 см. Пласцінкі белыя, жаўтаватыя. Ножка цыліндрычная або булавападобная, уверсе бывае з кольцам ад частковага покрыва. Споры шарападобныя, бясколерныя. Ёсць ядомыя, напр., М. шэра-ружовы, цэзарскі грыб, смяротна атрутныя — бледная паганка і М. смярдзючы. Інш. віды маюць фізіял. актыўныя рэчывы (таксіны, галюцынагены і інш), якія ўздзейнічаюць на нерв. сістэму.

С.​С.​Колас.

Мухамор: 1 — чырвоны; 2 — смярдзючы; 3 — пантэрны.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІБО́ЦКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Валожынскім і Стаўбцоўскім р-нах Мінскай вобл., Іўеўскім і Навагрудскім р-нах Гродзенскай вобл. Засн. ў 1960 з мэтай аховы паляўнічай фауны і стварэння спрыяльных умоў для яе ўзнаўлення. Пл. 86,5 тыс. га. Займае паўд.-ўсх. ч. Налібоцкай пушчы ў бас. правых прытокаў р. Нёман — Бярэзіны і Усы. Асн. ч. заказніка — забалочаная Нёманская нізіна з невял. градамі і ўзгоркамі, рэкамі, ручаямі і меліярац. каналамі; воз. Кромань. 80% займаюць лясы (пераважае хвоя). У флоры 820 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 26 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 53 віды млекакормячых, 146 — птушак, 6 — паўзуноў, 11 — амфібій, 35 — рыб. Сярод іх: лось, казуля, дзік, ліс, заяц, вавёрка, бабёр, выдра, куніца, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, рабчык і інш. Рэакліматызуюцца зубр і алень еўрапейскі. 17 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, у т. л. барсук, рысь, пугач, скапа, змеяед, харыус, апалон чорны і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 11, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЁЎКІ (Microtinae),

падсямейства млекакормячых жывёл сям. хамяковых атр. грызуноў. Больш за 40 родаў (каля 20 сучасных), каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. Жывуць у розных ландшафтах, сем’ямі або калоніямі. На Беларусі 7 сучасных відаў: андатра, П. вадзяная (Arvicola terrestris), П. лясная рыжая (Clethrionomys glareolus), П.-эканомка (Microtus oeconomus), П. звычайная, або шэрая (M. arvalis), П. земляная, або падземная (M. subterraneus), П. цёмная, або пашавая (M. agrestis), і 1 выкапнёвы для Беларусі від — П. вузкачарапная, або статкавая (M. gregalis), у наш час пашырана ў Азіі. 1 від і 1 падвід П. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела (акрамя андатры) да 23 см, хваста — да ​1/2 даўж. цела. Морда круглявая, вушы кароткія. Расліннаедныя. Нараджаюць да 12 і больш дзіцянят, да 5 разоў за год. Многія П. — шкоднікі с.-г. раслін, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб. Корм для многіх драпежных птушак і звяроў. Некат. — аб’екты промыслу.

Э.​Р.​Самусенка.

Палёўкі: 1 — вадзяная; 2 — эканомка; 3 — земляная.

т. 11, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІТЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Parasitiformes),

атрад членістаногіх кл. павукападобных. 3 асн. групы (сям.): гамазоідньи, або гамазавыя кляшчы, іксодавыя кляшчы і ураподы (Uropodoidea). Каля 70 сям., больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у глебе, лясным подсціле, імху, арган. рэштках, гнёздах птушак і грызуноў, норах жывёл, у жыллі чалавека. Многія віды П.к. — дэфінітыўныя гаспадары і пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (бабезіёзу, піраплазмозу, гемарагічнай ліхаманкі, кляшчовага энцэфаліту і інш.). На Беларусі больш за 300 відаў.

Даўж. 0,2—4 мм. Цела шарападобнае ці падоўжана-авальнае, тулава падзелена на галавагрудзі і брушка, укрыта панцырам. Ротавы апарат (гнатэма) колючы, грызучы, колюча-грызучы. 4 пары 5—6-членікавых ног. Драпежнікі, некат. кормяцца крывёю, арган. рэшткамі, паразітуюць на раслінах. Размнажэнне палавое, у некат. партэнагенез. Большасць адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Гл. таксама Кляшчы.

Літ.:

Арзамасов И.Т. Иксодовые клещи. Мн., 1961;

Яго ж. Гамазовые клещи фауны Белоруссии. Мн., 1968;

Клещи (Acari) фауны Беларуси: Кат. Мн., 1998.

І.​В.​Чыкілеўская.

Паразітыформныя кляшчы: 1 — вейгая; 2 — гемалелапс; 3 — падасінум; 4 — урапода.

т. 12, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ДЗЕНІКІ (Geometridae),

сямейства лускакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. у трапічных і шыракалістых лясах. Пераважна змрокавыя і начныя матылі. На Беларусі больш за 12 родаў, каля 300 відаў. Найб. трапляюцца П.: асенні (Oporinia autumnata), зімовы (Operophtera brumata), хваёвы (Bulapns piniarius), чубаты (Colotois pennaria), яловы вуглакрылы (Semiothisa liturata) і інш. Некат. віды — шкоднікі лесу і с.-г. раслін.

Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка разнастайная. Вусені шараватыя або зеленаватыя, нагадваюць сучкі, галінкі, сцяблінкі (яскравы прыклад мімікрыі), маюць звычайна 2 пары брушных ног. Пры перамяшчэнні дугападобна выгінаюць цела ўверх — рухаюцца «пядзямі» (адсюль назва). Кормяцца лісцем, бутонамі, кветкамі, пупышкамі раслін; многія — паліфагі; ёсць драпежнікі.

Літ.:

Мержеевская О.И., Литвинова А.Н., Молчанова Р.В. Чешуекрылые (Lepidoptera) Белоруссии: Кат. Мн., 1976;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. 1984.

С.​Л.​Максімава.

Пядзенікі: 1 — зімовы (а — самец, б — самка); 2 — агрэставы; 3 — асенні; 4 — чубаты; 5 — яловы вуглакрылы; 6 — хваёвы (а — самец, б — самка); 7 — вусені (а — у руху, б — у позе абароны).

т. 13, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАНО́ГІЯ ракападобныя

(Isopoda),

атрад вышэйшых ракаў тыпу членістаногіх. Вядомы з трыясу (каля 225 млн. г. назад). Каля 4500 відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных вадаёмах, некат. — у глебе. Біяфільтратары і біямеліяратары, удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, у працэсах глебаўтварэння. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары скрэбеняў, ёсць паразіты рыб і інш. ракападобных. На Беларусі найб. трапляюцца вослік вадзяны (Asellus aquaticus), у вільготнай глебе і лясным подсціле — макрыцы.

Даўж. ад 0,1 мм да 37 см (пераважна 1—5 см). Цела пляскатае, сегментаванае. 1—2 пары грудных сегментаў зрастаюцца з галавой. Грудныя ногі служаць для падачы корму да рота (1-я пара) і перамяшчэння (аднолькавыя 7 пар, — адсюль назва), брушныя часткова ператвораны ў шчэлепы. Кормяцца раслінамі і іх рэшткамі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое, у некат. — шляхам партэнагенезу. Развіццё без ператварэння. Большасць водных відаў — корм для бентасаедных рыб.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Раўнаногія 1 — вадзяны вослік азелус; 2 — батыномус гіганцкі; 3 — макрыца парцэліо; 4 — хеміляпістус упрыгожаны.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХКРЫ́ЛЫЯ (Diptera),

атрад насякомых. 3 падатр.: даўгавусыя (Nematocera) — камары, мошкі, макрацы і інш.; караткавусыя прамашвовыя (Brachycera-Orthorrhapha) — сляпні, ктыры, жужалы і інш.; караткавусыя круглашвовыя (Brachycera-Cyclorhapha) — мухі, авадні, тахіны, крывасмокі і інш. Больш за 150 сям., каля 100 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 6 тыс. відаў.

Даўж. 0,3—50 мм. Афарбоўка цёмная або стракатая. Развіта адна пара (пярэдняя) крылаў (адсюль назва), задняя рэдукавана і пераўтварылася ў булавападобныя жужальцы. Галава круглаватая з вял. фасетачнымі вачамі. Вусікі шматчленікавыя (даўгавусыя Д.) або кароткія трохчленікавыя (караткавусыя Д.). Ротавыя органы калюча-сысучыя або ліжучыя, зрэдку рэдукаваныя. Развіццё з поўным ператварэннем; за год 1—9 генерацый. Лічынкі чэрвепадобныя, жывуць у вадзе, глебе, гнілых рэштках раслін, жывых раслінах і жывёлах, трупах. Дарослыя Д. кормяцца нектарам і пылком раслін, гнілымі рэчывамі, крывёй жывёл і чалавека (гнюс); некат. не кормяцца. Шэраг відаў Д. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (пакаёвая муха, маскіты, камары, мошкі, сляпні і інш.). Лічынкі многіх Д. — небяспечныя шкоднікі раслін (даўганожкі, галіцы, збожжавыя мухі і інш.) і паразіты с.-г. жывёл (авадні, гнюс). Некаторыя Д. карысныя як апыляльнікі раслін (журчалкі і інш.), глебаўтваральнікі (грыбныя камарыкі і інш.), знішчальнікі шкодных насякомых (тахіны).

Літ.:

Систематика и эволюция двукрылых насекомых. Л., 1977;

Осмоловский Г.Е., Бондаренко Н.В. Энтомология. 2 изд. Л., 1980;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

Двухкрылыя: 1 — камар звычайны; 2 — званец апушаны; 3 — ільвінка звычайная; 4 — чмелявідка празрыстая; 5 — журчалка цыбульная; 6 — сляпень бычыны; 7 — жужала разнаколерны; 8 — муха падлавая звычайная; 9 — зеленавочка збожжавая; 10 — тахіна вялікая.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫЛІ́, лускакрылыя (Lepidoptera),

атрад насякомых. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з мелавога перыяду (каля 140 млн. гадоў назад). Больш за 140 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. На Беларусі каля 1600 відаў з 59 сям. Каля ​2/3 з сям. агнёвак, ліставёртак, пядзенікаў, совак і выемчатакрылых моляў. У Чырв. кнізе Беларусі 31 від.

Назва атрада ад лускавінак на крылах — відазмененых і сплошчаных валаскоў. Перапончатых крылаў 2 пары, з размахам ад 3 мм да 30 см (еўрап. віды — да 15 см). Вочы вял., фасетачныя, над імі часта ёсць 2 т.зв. простыя вочкі. Разнастайнасць малюнка крылаў утвараецца будовай і пігментацыяй лускавінак. Развітыя органы нюху (сенсілы) размешчаны на паверхні вусікаў. Органы смаку, акрамя ротавых ч., могуць быць і на лапках. Органы слыху выяўлены ў вышэйшых форм (начныя М.). Ротавы апарат (хабаток) сысучага тыпу. Большасць М. актыўныя на змярканні і ўначы. Некат. віды М. (напр., бражнікі) здольныя рабіць пералёты на сотні кіламетраў са скорасцю да 54 км/гадз. Кормяцца нектарам кветак, сокамі і выдзяленнямі раслін. Раздзельнаполыя, зрэдку назіраецца партэнагенез. Лічынкі (вусені) ліняюць звычайна 4 разы, пераважна расліннаедныя; здольныя выдзяляць шаўковыя ніці (пры пабудове гнёзд і сховішчаў, для пляцення кокана пры акукліванні). Кукалкі пераважна пакрытага тыпу. Большасць відаў М. — апыляльнікі раслін. Некат. віды разводзяць для атрымання шоўку (дубовы шаўкапрад, тутавы шаўкапрад, айлантавы шаўкапрад і інш.). Шкоднікі раслін, вырабаў з шэрсці і футра.

Матылі: 1 — зорка; 2 — жаўтушка тарфянікавая; 3 — валовае вока; 4 — жалобніца; 5 — паўлінава вока дзённае; 6 — паўлінава вока малое начное; 7 — перламутраўка вялікая лясная; 8 — серпакрылка дубовая; 9 — стракатка лугавая; 10 — шклянніца вялікая таполевая.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКА́ТНЫ СТАН,

агрэгат (комплекс машын і механізмаў) для апрацоўкі металаў ціскам спосабам пракаткі з дапамогай вярчальных валкоў пракатных; адзін з асн. відаў абсталявання металургічнай прамысловасці. Акрамя пракаткі П.с. транспартуюць зліткі ці загатоўкі да награвальных печаў і валкоў стана, перадаюць пракат ад адной рабочай клеці да другой, робяць кантоўку загатовак, ахаладжэнне і інш.

Прамысл. пракатка жалеза пачалася з 18 ст. У Расіі асабліва шырока развівалася на Урале. З 1960-х г. у СССР, ЗША, ФРГ і Італіі ствараюць ліцейна-пракатныя агрэгаты, у якіх сумяшчаюцца працэсы бесперапыннага ліцця і пракаткі ў адзіным непарыўным патоку. П.с. падзяляюць на 5 асн. відаў, сярод якіх вызначаецца некалькі тыпаў: абціскальныя і загатовачныя (блюмінгі, слябінгі, загатовачныя сартавыя, трубазагатовачныя); сартавыя (рэйкабэлечныя, буйна-, сярэдне- і дробнасартавыя, драцяныя; ліставыя — гарачай і халоднай пракаткі; трубапракатныя; спецыяльныя для асаблівых відаў пракату (колапракатныя, шарапракатныя, для зубчастых колаў і інш.) Паводле колькасці валкоў П.с. дзеляць на 2-валковыя (стан-дуа), З-(стан-трыо), 4-(стан-кварта) і шматвалковыя, у т. л. планетарныя; паводле колькасці рабочых клецей — на 1-, 2-, 3-, 4-, 5-, 6-, шматклецевыя. П.с. для вытв-сці сартавога пракату характарызуецца дыяметрам валкоў, для вырабу ліставога пракату — даўжынёй бочкі валкоў, для вытв-сці труб — вонкавым дыяметрам валкоў. Прадукцыйнасць бесперапыннага загатовачнага П.с. складае каля 4—6 млн. т загатовак за год, аўтам. трубапракатнага 50—70 т бясшвовых труб за гадзіну.

В.​І.​Шагун.

Да арт. Пракатны стан. Схема рабочай лініі блюмінга 1300: 1 — станіна; 2 — націскное прыстасаванне; 3 — загатоўка; 4 — валкі; 5 — універсальныя шпіндэлі; 6 — прыстасаванні для ўраўнаважання шпіндэляў; 7 — электрычныя рухавікі.

т. 12, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМА́ТЫ (Primates),

атрад вышэйшых млекакормячых надатр. плацэнтарных. Вядомы з верхняга мелу (каля 130 млн. г. назад). Найб. стараж. прадстаўнікі — залямбдалестасы, ад якіх эвалюцыяніравалі лемурападобныя і тарзіпадобныя (продкі даўгапятаў) і ад якіх паходзяць шыраканосыя і вузканосыя малпы. 2 падатр.: паўмалпы і малпы. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных лясах Азіі, Афрыкі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Жывуць на дрэвах, ёсць паўназемныя і наземныя формы. Большасць відаў актыўныя днём. Трымаюцца статкамі, радзей парамі ці паасобна. Згуртаванні П. маюць складаную арганізацыю і супадпарадкаванне. 69 відаў і падвідаў П. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. ад 13 см (лемуры мышыныя, ігрункі карлікавыя) да 200 см (гарыла), маса ад 60 г да 180 кг і больш (у няволі). Большасць П. маюць хвост. Валасяное покрыва развітое, у паўмалпаў — з падшэрсткам. У многіх П. поўсць і безвалосыя ўчасткі скуры ярка афарбаваныя. Вочы карыя або жоўтыя. Ва ўсіх малпаў канечнасці пяціпальцыя, добра развітыя, вял. пальцы ў многіх П. проціпастаўлены інш. пальцам. Іх канцавыя фалангі маюць ногці (акрамя тупайевых). Кара галаўнога мозга ў паўмалпаў з малой колькасцю барознаў і звілін, у малпаў (і чалавека) вял. паўшар’і мозга добра развітыя, са шматлікімі барознамі і звілінамі (акрамя ігрунковых). Зрок і слых развітыя, нюх рэдукаваны. Зрок пераважна бінакулярны, у малпаў і чалавека каляровы. Зубная сістэма гетэрадонтная (разцы, іклы, карэнныя); у большасці паўмалпаў і ўчэпістахвостых малпаў 36 зубоў, у вузканосых малпаў і чалавека — 32. Усёедныя. Размнажаюцца ўвесь год, нараджаюць звычайна 1 дзіцяня (у ніжэйшых — 2—3).

Літ.:

Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1989. Гл. таксама літ. да арт. Прыматалогія.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)