ЧАПКЯЛЯ́Й,

запаведнік у Літве, у бас. р. Нямунас (Нёман). Засн. ў 1975 для аховы унікальных лясных балот і азёр, рэліктавай флоры і фауны забалочаных лясоў. Пл. 8,5 тыс. га. Глебы балотныя вярховага тыпу. Каля 70% тэр. пад балотамі (вярховыя, пераходныя, нізінныя), пакрытымі лясамі. Сярод балот 21 невял. возера. Дамінуюць хвойнікі (80,5%); 12% бярэзнікаў, 5,5% алешнікаў, 2% ельнікаў. У флоры 654 віды вышэйшых раслін, з іх 58 рэдкія, у Чырв. кнізе арніка горная, пылкагалоўнік чырвоны, чаравічак сапраўдны, надбароднік бязлісты, зубянка клубняносная. У фауне 64 віды млекакормячых, у т. л. лось, дзік, казуля, бабёр, андатра. 156 відаў птушак (у Чырв. кнізе чорнаваллёвая гагара, чорны бусел, лугавы мышалоў, асаед, змеяед, малы падворлік, арлан-белахвост, скапа, пустальга, шэры журавель, турухтан і інш.); 7 відаў рэптылій, 9 — земнаводных, каля 2 тыс. — насякомых.

У запаведніку Чапкяляй.

т. 17, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)