Рэч 1 ’рэч, прадмет, справа’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Нас., ТС, Шат.), рэ́чы ’пажыткі’ (Сл. ПЗБ). З польск. rzecz ’тс’ < лац. rēs ’тс’ (Брукнер, 475).
Рэч 2 ’мова, маўленне; гаворка’ (ТС, Шат.), рэ́чʼе ’тс’ (ТС). Укр. річ, рус. речь, польск. rzecz, палаб. rec, в.-луж. rěč, чэш. řeč, славац. reč, славен. rẹ̑č, серб. і харв. ре̑ч ’слова’, балг. реч ’мова; прамова’, ст.-слав. рѣчь. Прасл. *rěčь (< *rēk‑ĭs) < *rek‑ti ’казаць’. І.‑е. корань *rēk‑. Роднасныя тахар. A rake, тахар. B reki ’слова’ (Чарных, 2, 115; Сной, 528; Бязлай, 3, 163). Гл. яшчэ рэкнуць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Садавіна́ ’плады садовых дрэў’ (ТСБМ), ’садавіна; садовыя дрэвы’ (ТС), садо́віна ’садавіна’ (Сцяшк., Байк. і Некр., Нар. словатв.), садаві́на ’садавіна, садовыя дрэвы’ (Сл. ПЗБ), ’садавіна’ (Бяльк.), ’сад; адно пладовае дрэва ў лесе’ (Яшк.). Укр. садовина́ ’садавіна; садовыя дрэвы’, польск. старое sadowina ’тс’, в.-луж. sadowina ’садавіна; усё, што датычыцца саду’, серб.-харв. садо́вина ’гадавальнік; віно з маладога вінаградніку’, макед. садо́вина ’зямля, якая не прапускае ваду’. Ад прым. *sadowy < *sadъ (гл. сад) з суф. ‑ina. Аб суфіксацыі гл. SP, 1, 120 і наст. Улічваючы адрозненні ў семантыцы, відаць, познія дэрываты ў розных славянскіх мовах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Са́жалка ’штучны вадаём’, ’садок для рыбы’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сцяшк., Яшк., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Янк., Выг., Клім., Інстр. 1), са́джалка ’тс’ (Касп., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), са́жэлка ’тс’ (ТС), са́жаўка ’тс’ (Сцяшк. Сл., Скарбы, Сл. ПЗБ), ’старык ці прарытая вадой упадзіна; круглая яма’ (Яшк.), ’яма з вадой’ (Шат.). Рус. дыял. са́жалка, укр. са́жалка, са́жавка, польск. sadzawka ’тс’. Да сажаць, садзіць з суф. ‑алка, гл. Брукнер, 478. Для тлумачэння матывацыі Борысь, 537 прыводзіць прыклад з XVI ст.: “sadzawka… kędy ryby sadzają”. З бел. запазычаны літ. sazalka, sõziauka ’сажалка’ (Скарджус, LW 203; Фрэнкель, 1, 286).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сала́та ’аднагадовая агародная расліна’, ’страва з лісцяў гэтай расліны’, ’халодная страва з парэзанай сырой або варанай гародніны, часам мяса, рыбы і пад., палітых якім-небудзь соусам’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Кіс., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). З польск. sałata ’тс’ (Кюнэ, Poln., 95), якое з італ. insalata, salata ’пасоленая гародніна’ ад італ. salare ’саліць’; у аснове ляжыць лац. sal ’соль’; гл. Голуб-Ліер, 430. Ст.-бел. салата (XVII ст.) узыходзіць да ст.-польск. salata (Булыка, Лекс. запазыч., 151). Варыянт сала́т з рус. сала́т, аб якім гл. Фасмер, 3, 549.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сво́йскі ‘не дзікі, выгадаваны ці прыручаны чалавекам (пра жывёл, птушак, расліны), ‘прыязны, знаёмы, таварыскі’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Др.-Падб., Байк. і Некр., Ян., Варл., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж сво́йсклівы ‘рахманы’ (Сл. ПЗБ). Укр. сві́йський ‘хатні, прыручаны’, рус. сво́йский ‘свой, дружалюбны, фамільярны’, польск. swojski ‘свой, не чужы, звычайны’, ‘хатні, прыручаны’, славац. svojsky ‘свой, родны, не чужы’, серб.-харв. svȏjski ‘свой’, балг. сво́йски ‘дружалюбны, фамільярны’. Прасл. *svojъskъ ад *svojь ‘свой’ з прыметнікавым суф. ‑ъsk‑; першаснае значэнне ‘свой, не чужы’. У беларускай, украінскай і польскай мовах семантычная інавацыя ‘хатні, прыручаны’ (аб жывёлах).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скавыта́ць ‘жаласна павіскваць, ціха выць (пра сабаку)’, ‘ныць, назаляць, скардзіцца’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Мал., Федар. 6, Варл., Сл. ПЗБ), ‘голасна плакаць’ (Скарбы), ско́выт ‘віск’ (стаўб., Нар. словатв.). Укр. скавуча́ти, рус. сковыта́ть, скавуча́ть, польск. skowytać, skowyczeć ‘тс’, чэш. skovičet, славен. skovíkati ‘ухаць (пра саву, пугача)’. Гукапераймальнае; гл. Фасмер, 3, 644. Брукнер (496) параўноўвае яшчэ з польск. kuwiek ‘вабік’, kuwiekać ‘вабіць вабікам’, славен. skovík ‘крык савы’, skovíkati ‘крычаць (аб саве)’. Узыходзіць да і.-е. *(s)kāu̯‑, *(s)kēu̯‑, *(s)kū́‑ ‘выць’, ‘мычаць, рычаць’; гл. Бязлай, 3, 247; Борысь, 553; SEK, 4, 286.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скарбо́нка ‘скрыначка для збору царкоўнай міласціны’, ‘скрыначка, бляшанка з вузкай шчылінай для збірання, назапашвання грошай’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Бяльк.), скорбо́нка ‘тс’ (ТС), скарбёнка ‘тс’ (Шат., Касп., Барад.). Запазычанне з польск. skarbona, skarbonka ‘тс’; гл. Кюнэ, Poln., 96. У аснове польскага слова ляжыць ст.-польск. karbona ‘царкоўная конаўка’, запазычанае ў ст.-бел. карбона ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 178), якое потым было скантамінавана з скарб (гл.). Karbona праз с.-лац. corbona, па адной версіі, было запазычана з грэч. καρβονας ‘божыя грошы’ (Міклашыч, 288) або з гебр. korbān ‘ахвярны дар’ (Борысь, 550).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скары́нка ‘цвёрды вонкавы слой хлеба, пірага і пад.’, ‘верхні зацвярдзелы слой чаго-небудзь’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Гарэц., Касп., Стан., Бяльк., Мядзв., Варл., Пятк. 2, Др.-Падб., Байк. і Некр., Шн. 2, Сл. ПЗБ), скоры́нка ‘тс’ (пруж., Сл. ПЗБ), скары́на ‘тс’ (Нас.), сюды ж уласнае імя Скары́на (Стан.), ст.-бел. скорина ‘тс’ (XVII ст., Козыраў, Очерки, 155). Укр. скори́на, рус. смал., пск. скори́нка ‘тс’. Дэрыват з суф. ‑ін(к)а ад скора (гл. скорка) < *(s)kora ‘кара, скура’, якое потым, відаць, было выціснута паланізмам скура. Суадносіцца з прасл. *korina, гл. ЭССЯ, 11, 70.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сква́рка, шква́рка ‘падсмажаны або звараны кусочак сала’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 2, Шатал., Сл. ПЗБ, Нар. сл., ТС, ЛА, 4), ‘скрылік сала; кавалак сала’ (Сл. ПЗБ), скваро́к ‘скварка’ (Ян.). Укр. шква́рка, рус. сква́рка, шква́рка, шкво́рка, польск. skwarka, skwarek, в.-луж. šwjerč ‘вытапкі’, н.-луж. šwark, škwark, чэш. škvarek ‘скваркі, вытапкі’, славац. škvarka ‘вытапкі’. Дэвербатыў ад скварыць (гл.) з суф. ‑к(а). Карскі (Белорусы, 157) лічыў запазычаннем праз польск. skwarek з ням. Schwarte ‘свіная шкурка; шкварка’, на якое паўплывала варъ, сквара ‘жар’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скру́так 1 ‘звязка пачэсанага льну, лыка і г. д.’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., Шатал., Сл. ПЗБ, Інстр. 3), ‘здор, скручаны рулонам’ (Сл. ПЗБ), скру́тка ‘скрутак’ (Сл. ПЗБ), скру́цень ‘скрутак лазовай кары’ (ТС), гіперкарэктнае скрю́тык ‘скрутак’ (Бяльк.). Да скруціць < круціць з суф. ‑ак; аналагічна ў іншых славянскіх мовах; параўн. укр. скру́ток, скру́тень, рус. скру́так ‘тс’.
Скру́так 2 ‘няшчасце’ ў выразе: каб на цябе скрутак (бяроз., КЭС), скрут ‘злом, скон’ (Барад.); параўн. у Янк. БФ.: на скрут галавы ‘небяспечна, бязглузда рабіць што-небудзь’. Да скруціць < круціць (гл.); таксама ўкр. скру́та ‘цяжкае становішча’, рус. дыял. скру́тно ‘цяжка’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)