Траге́дыя ’драматычны твор, падзеі якога заканчваюцца смерцю героя’, ’жудасная, страшная падзея; няшчасце’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), траге́дзія ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. трагедия, траедия ’трагедыя, няшчасце’ (1598 г.). Запазычана са ст.-польск. tragedyja, trajedyja (XVI ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 163), якое праз лац. tragoedia са ст.-грэч. τραγῴδία < τράγος ’казёл’ і ῴδή ’песня, спеў’ — літаральна песня казлоў: выконвалася пад час урачыстасцей, прысвечаных богу ўрадлівасці Дыянісу сатырамі (паўлюдзьмі-паўказламі; світа Дыяніса). Параўн. няўдалую кальку ў ц.-слав. мове XI ст. — козьлогласование (Фасмер, 4, 92; Голуб-Ліер, 485; Чарных, 2, 255–256; ЕСУМ, 5, 615).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́скаш ’раскоша’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’дастатак’, ’прасторнае памяшканне’ (Нас.), ’свабода, воля (для курэй)’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’прыдоба, удоба, выгада, прыволле’ (светлаг., лельч., ЛА, 5). Укр. ро́скіш ’раскоша, багацце, дастатак’, рус. зах. роскошь з польск. roskosz (Махэк₂, 267); в.-луж. rozkošnik ’чалавек, ахвочы на пацехі’, чэш., славац. rozkoš ’асалода, раскоша, шчасце’, ’прывабнасць, краса, хараство’, ’юрлівасць’, славен. razkô̥s ’радасць, ахвота, жаданне’, серб. ра́скош ’раскоша’, макед. раскош ’тс’, балг. разко́ш, ц.-слав. раскошь ’асалода, радасць, задавальненне’. Прасл. *orz‑košь < *(orz‑)koxati (Бязлай, 3, 159; Бернекер, 1, 538; Брукнер, 242; Чарных, 2, 123), параўн. ст.-чэш. rozkochati ’развесяліць’, ’распагоджвацца’, — да раз- і кахаць (гл.). Гл. таксама раскоша.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́бы толькі мн. л., экспр. ’добрае, святочнае адзенне’ (драг., З нар. сл.), параўн. ст.-бел. роубие альбо хоусты (XV ст., Карскі 2–3, 23). Рус. руб, ру́ба ’грубае адзенне, лахманы’, н.-луж. rub ’адзенне, саван’, серб.-харв. ру̏ба ’адзенне’, балг. ру́ба ’тс’. Усходне- і заходнеславянскія словы традыцыйна ўзводзяць да прасл. *rǫbъ, rǫbiti (Фасмер, 3, 510; Чарных, 2, 125), гл. руб. Балгарскае слова лічаць запазычаннем праз тур. ruba ’адзенне’ з іт. roba ’тс’, якое са ст.-в.-ням. і ст.-н.-ням. roub ’здабыча’, ням. Raub ’грабеж’. Адтуль жа і серб.-харв. ру̏ба ’адзенне’, рум. rubă ’лахман’, алб. rub ’ручнік’ (БЕР, 6, 331–332).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ружжо́ ’стрэльба’ (ТСБМ), ружʼё ’тс’ (Сл. ПЗБ), ружʼе́ ’тс’ (ТС), ружэ́йны ’які мае адносіны да ружжа’, ’які праводзіцца з ружжом’ (ТСБМ). З рус. ружьё, якое першапачаткова ўжывалася ў зборным значэнні ’зброя ўвогуле’, як і оружье́, ад якога паходзіць. Оружье́/оружие ’гармата; зброя’ < прасл. *orǫžьje (дзе ž < g) з тым жа коранем *rǫg‑, што і ў *rǫgati (гл. ругнуцца). Разглядаецца адначасова як вынік кантамінацыі з прасл. *orǫdьje ’гармата’ (Чарных, 2, 606) насуперак Фасмеру. Апошні, акрамя таго, лічыць, што оружье — царкоўнаславянізм пры спрадвечнай форме ружьё (Фасмер, 3, 154). Паводле Адзінцова (Этимология–1985, 123), адпадзенне пачатковага галоснага адбылося па-за межамі Расіі, што сумнеўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Торф ’рэшткі перагніўшых балотных раслін’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), торп ’тс’ (Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), то́рпа ’тс’ (Некр. і Байк., Сцяшк.), торх ’тс’ (віл., Сл. ПЗБ), торх, торшо́к ’тс’ (Юрч., Растарг.), тор ’тс’ (Мат. Гом.). Запазычана (з наступнай фанетычнай адаптацыяй у народнай мове) праз польскую ці рускую мовы з ням. Torf (н.-ням., в.-ням. zurba, zurf, англа-сакс., англ. turf ’дзірван’, ст.-сканд. torf ’пук’), роднасным якому з’яўляецца ст.-інд. darbhás ’пучок травы’ (Васэрцыер, 233; Фасмер, 4, 87; Чарных, 2, 253; ЕСУМ, 5, 609). Аднак Міхельсон (Рус. мысль, 671) выводзіць лексему з араб. turab ’зямля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́мба ‘невысокі слупок ля дарогі або тратуара’, ‘круглае збудаванне для наклейвання афіш, аб’яў’, ‘падстаўка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Яўс.), ‘выемка, гняздо ў бэльцы, куды ўстаўляецца прамавугольны шпень кроквы’ (Зайка Кос.), ‘тоўстая мажная кабета’ (Яўс.), тумбава́ты ‘тоўсты (чалавек)’ (Сцяшк. Сл.), тумбішча ‘непаваротлівая жанчына’ (Юрч. СНЛ). Праз польскую (tumba першапачаткова ‘саркафаг для цела святога’, пасля ‘слупок’, якое з лац. tumba) ці рускую мову (ту́мба, якое з нова-в.-ням. Tumbe ‘магіла’, ‘труна’, ‘яма’) з нар.-лац. tumba ‘магіла’, апошняе ўзыходзіць да ст.-грэч. τύμβος; ‘пагорак’, ‘магільны курган’, роднаснага лац. tumulus ‘узгорак’ (Фасмер, 4, 120; ЕСУМ, 5, 675; Чарных, 2, 271; Арол, 4, 116).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэа́тр ‘род мастацтва, прадстаўленне відовішчаў’, ‘памяшканне са сцэнай і залам’, ‘месца важных падзей’ (ТСБМ, Пятр.), тэа́тар, тэа́тр (Некр. і Байк.), ст.-бел. театръ, театрумъ ‘тэатр, сцэна, памост’ (1638 г). Запазычана або са ст.-польск. teatr, teatrum, якія праз лац. theātrum узыходзяць да ст.-грэч. θέατρου, іян. υέητρον ‘гледачы, публіка ў тэатры’, ‘прадстаўленне’, або непасрэдна ад лац. theātrum, пра што сведчыць ранняя фіксацыя ў старабеларускай мове формы театрумъ (Булыка, Лекс. запазыч., 167). Прысутнічае не ва ўсіх славянскіх мовах, параўн. чэш. divadlo, славац. divadlo, харв. gledalîšte, што тлумачаць уплывам пурыстычных тэндэнцый (Чарных, 2, 231–232; ЕСУМ, 5, 534; Скок, 1, 568; Фасмер, 4, 34).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́дзька1 ’рэдзька (Raphanus sativus L.)’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, Сцяшк. МГ, ТС, Шат.), рыдюха, рыдчек, рэдзечка, рютківка, рэдзько́ўка ’свірэпа, Barbarea vulgaris R. Br.’ (ЛА, 1), рэ́дзіна ’павелічальнае ад рэдзька’ (Нас.), рэ́дзьчына ’адна рэдзька’ (Нар. словатв.). Укр. ре́дька, рус. ре́дька, польск. rzodkiew, в.-луж. ŕetkej, н.-луж. ŕatkej, чэш. ředkev, славац. reďkovka, славен. rȇdkev, серб. і харв. ро̏тква, макед. ʼрдоква, балг. ръдоква ’рэпа’. Прасл. *redьky (Чарных, 2, 106). Даўняе запазыч. з герм. *redicō: ст.-в.-ням. retih, ням. Rettich < лац. rādix ’корань; рэдзька’ (Праабражэнскі, 2, 194; Фасмер, 3, 460).

Рэд́зька2 ’стрыжнёвы корань’ (Інстр. 3). З польск. rdzeń ’сарцавіна; стрыжань’ пад уплывам рэдзька1 паводле знешняга падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́мень ’доўгая паласа, вырабленай скуры’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’раменная частка пугі’ (ТС), ’прывязка для прымацоўвання біча да цапільна’ (Шатал.), рэ́мінь ’раменны пас’ (Бяльк.), рэмянчык ’раменьчык’ (Сл. ПЗБ), рэменячка ’тс’ (ТС), рэменны ’раменны, зроблены са скуры’ (ТС), раме́нь ’рэмень’ (Сл. ПЗБ). Укр. ремінь, рус. ремень, польск. rzemień, rzemyk, н.-луж., в.-луж. rjemjeń, чэш. řemen, řemyk, славац. remeň, славен. jermen, серб. і харв. реме̑н, макед. ремен, балг. ремък. Прасл. *remy, Род. скл. *remene (Сной, 201). Не выключаюць і праславянскае запазычанне з нямецкай мовы, параўн. с.-в.-ням. rieme(n) ’тс’, с.-н.-ням. rēme, rēmen ’тс’ (Брукнер, 475; Чарных, 2, 110), але існуе думка, што ням. Riemen славянскае запазычанне (Даль, 3, 1675).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тала́нт ’самая вялікая адзінка вагі і грашовая адзінка ў Старажытнай Грэцыі і на Усходзе’ (ТСБМ), ст.-бел. талантъ ’тс’: два таланты (1616 г., Карскі 2–3, 334), талентъ, талантъ ’тс’ (Сл. Скар.). Праз ст.-слав. таланътъ ’тс’ з грэч. τάλαντον з індаеўрапейскім коранем *tel‑ ’падымаць (на вагі), узважваць’, што мела значэнні: ’адзінка вагі ў 26,2 кг’, ’грашова-разліковая, але не манетная адзінка, срэбная або залатая’, ’вагі’. З грэч. τάλαντονлац. talentum (у значэнні грэчаскай меры). Усходнія славяне з XI–XII стст. ведаюць словы талантъ, таланто ў значэннях ’вага і манета ў старажытных грэкаў і рымлян’ і ’талент’ (Сразн., 3, 921; Чарных, 2, 226; Фасмер, 4, 14–15). Гл. та́лент.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)