ВІСКО́ЗНАЕ ВАЛАКНО́,

штучнае валакно, якое атрымліваюць з віскозы. Гіграскапічнае, лёгка афарбоўваецца, мае параўнальна нізкую трываласць і зносаўстойлівасць.

Складаецца з гідратцэлюлозы. Віскознае валакно фармуюць «мокрым» спосабам: для асаджэння выкарыстоўваюць водны раствор сернай к-ты, сульфатаў натрыю і цынку. Вырабляюць у выглядзе неперарыўных ніцей (тэкстыльныя і тэхн., пераважна корд) і штапельных валокнаў звычайнай трываласці і мадыфікаваных высокатрывалых (гл. Палінознае валакно).

Выкарыстоўваюць у сумесі з натуральнымі і сінт. валокнамі для вырабу адзежных тканін, трыкатажу. Прамысл. вытв-сць віскознага валакна пачалі у Вялікабрытаніі (1905). У Беларусі вырабляюць віскозны шоўк і штапель (Магілёўскае ВА «Хімвалакно»), віскозныя ніткі, тэкст. і кордавую тканіну (Светлагорскае ВА «Хімвалакно»).

Літ.:

Серков А.Т. Производство вискозных штапельных волокон. М., 1986.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯКЕ́ТАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (13.1.1826, с. Алфер’еўка Пензенскай вобл., Расія — 13.12.1911),

рускі фізікахімік, заснавальнік рус. школы фізікахімікаў. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Казанскі ун-т (1848). З 1849 у Медыка-хірург. акадэміі, з 1855 у Харкаўскім ун-це (з 1859 праф.), з 1886 у хім. лабараторыі Пецярбургскай АН. Навук. працы па фіз. хіміі. Адкрыў здольнасць магнію і цынку выцясняць іншыя металы з іх соляў (1863). Атрымаў бязводныя аксіды шчолачных металаў (1870). Выявіў магчымасць аднаўлення металаў з іх аксідаў алюмініем, што дало пачатак алюмінатэрміі. Вызначыў фіз. хімію як самаст. навук. дысцыпліну.

Тв.:

Избранные произведения по физической химии. Харьков, 1955.

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецов Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 37.

М.М.Бякетаў.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТЫНТА́Г,

горы ў Цэнтр. Азіі, на З Кітая, паміж Куньлунем і Наньшанем. Аддзяляюць Тарымскую ўпадзіну і Цайдамскую катлавіну. Даўж. каля 800 км. Паўд.-зах. частка Алтынтага — скалістая, моцна расчлянёная, укрыта вечнымі снягамі і ледавікамі, макс. выш. да 6161 м; паўн.-ўсходняя — кароткія масівы выш. больш за 5000 м; цэнтральная — рэзка звужаная і паніжаная, пераважная выш. да 3000—3500 м. Складзены з гнейсаў, крышталічных сланцаў, філітаў. Карысныя выкапні: руды храмітаў, свінцу, цынку, нікелю, плаціны. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Найб. р. Чэрчэн з прытокамі. На перадгор’ях камяністыя пустыні, у далінах растуць эфедры, салянкі, зараснікі саксаулу і тамарыску, на схілах гор — стэпавая расліннасць і альпійскія лугі. Жывёльны свет: дзікі як, антылопы, куку-яманы і інш.

т. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЛЬГАМА́ЦЫЯ ў металургіі,

спосаб атрымання металаў з рудаў з дапамогай ртуці. Пры змочванні ртуццю металы ўтвараюць амальгамы і ў такім выглядзе аддзяляюцца ад пустой пароды і пяску. Амальгамацыю выкарыстоўваюць для выдзялення высакародных металаў (пераважна золата) са здробненых рудаў ці канцэнтратаў (у спалучэнні з тэхнічна больш дасканалымі працэсамі, напр. цыянаваннем), перапрацоўкі адходаў лёгкіх металаў (у другаснай металургіі), электралітычнага атрымання рэдкіх металаў (індыю, галію і інш.).

Амальгамы пасля насычэння металам адмываюць, фільтруюць, адціскаюць і награваюць да 800—850 °C, выдаляюць ртуць. Атрыманы «чарнавы» метал ідзе на афінаж, ртуць вяртаюць на амальгамацыю. Пры неабходнасці амальгамацыю актывуюць растворамі сернай к-ты ці вапны, выкарыстоўваюць таксама ртуць з дамешкамі натрыю ці цынку. Спосабам амальгамацыі выдзяляюць з руды 50—70% золата.

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫКА́ЦЫЯ (ад лац. indicatio указанне) біялагічная, выяўленне і ідэнтыфікацыя, вызначэнне агульнага характару ці ўласцівасцей прыроднага асяроддзя біял. метадамі. Існуе І. біягеахім., геабат., экалагічная, маніторынг і інш. Стан, пэўныя колькасныя і якасныя ўласцівасці, экалагічныя ўмовы навакольнага прыроднага асяроддзя (напр., ступень і характар яго забруджвання, размяшчэнне ўзроўню грунтавых вод і інш.) вызначаюць пры дапамозе біяіндыкатараў. Засноўваецца на аналізе паводзінскіх рэакцый, морфафізіял., біяхім., генет. і інш. асаблівасцей жывых арганізмаў (напр., наяўнасць у вадзе лічынак шыцікаў сведчыць пра чысціню вадаёмаў, хіранамід — пра моцнае забруджванне; некат. віды фіялак з’яўляюцца І. павышанай колькасці цынку ў глебе).

Літ.:

Галактионов С.Г., Юрин В.М. Водоросль сигнализирует об опасности. Мн., 1980;

Радкевич В.А. Экология. 3 изд. Мн., 1997.

т. 7, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІШЭ́ (франц. cliché),

1) друкарская форма высокага друку, прызначаная для паліграф. ўзнаўлення ілюстрацый, а часам і тэксту.

Бываюць штрыхавыя (атрымліваюць са штрыхавога арыгінала з элементамі аднолькавай насычанасці — з чарцяжоў, рысункаў пяром і інш.), растравыя (атрымліваюць з паўтонавых выяў з элементамі рознай насычанасці — з фатаграфій, акварэльных малюнкаў і да т.п.) і камбінаваныя. Вырабляюць К. фотамеханічным (гл. Аўтатыпія), электрамеханічным (гравіраваннем металу) спосабамі і фотаполімерызацыяй (уздзеяннем святла на палімерныя матэрыялы, з якіх утвараюцца друкарскія элементы). К. звычайна робяць з дробнакрышталічнага цынку (гл. Цынкаграфія), магнію, часам з медзі і алюмінію. З аднаго К. атрымліваюць да 1 млн. адбіткаў.

2) Хадзячы (стэрэатыпны) выраз, які механічна ўзнаўляецца (ужываецца) у тыповых моўных кантэкстах і сітуацыях; шаблонная (збітая) фраза. Гл. таксама Штамп.

т. 8, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (2.7.1841, г. Казань, Татарстан — 1.9.1910),

рускі хімік-арганік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1885). Скончыў Казанскі ун-т (1862), дзе і працаваў з 1865. Вучань А.М.Бутлерава. Навук. працы па арган. сінтэзе і развіцці тэорыі хім, будовы Бутлерава. Адкрыў рэакцыю атрымання другасных і трацічных спіртоў уздзеяннем на карбанільныя злучэнні (альдэгіды, кетоны і інш.) цынку і алкілгалагенідаў (1875, рэакцыя З.), новы клас арган. злучэнняў — лактоны (1873). Устанавіў правіла адшчаплення галагенавадародаў ад другасных і трацічных галагенідаў і вады ад спіртоў (правіла З.) і далучэння пратонных кіслот да несім. ненасычаных вуглевадародаў (правіла З. — Вагнера). Сінтэзаваў дыэтылкарбінол, шэраг ненасычаных і мнагаатамных спіртоў, арган. аксідаў, аксікіслот.

Літ.:

Ключевич А.С., Быков Г.В. А.​М.​Зайцев, 1841—1910. М., 1980.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЬЦАВА́ННЕ (ад ням. wälzen качаць, перакочваць),

перапрацоўка поліметал. адходаў металургічнай вытв-сці (шлакаў свінцовай, меднай і алавянай вытв-сці, цвёрдых рэшткаў цынкавай вытв-сці) з мэтай дадатковага атрымання металаў. Прадукты вельцавання — узгоны свінцу, цынку, волава і інш. металаў, а таксама клінкер, які мае звычайна медзь.

У працэсе вельцавання адходы змешваюцца са здробненым палівам (коксам, антрацытам і інш.) і награюцца ў гарыз. вярчальных печах да т-ры 1100—1300 °C. Лятучыя металы (перш за ўсё цынк) пад уздзеяннем т-ры аднаўляюцца з вокіслаў, выпараюцца і зноў акісляюцца кіслародам паветра і вуглякіслым газам. Вокіслы ўлоўліваюцца ў фільтрах, пасля чаго з іх вылучаюць металы. Медзь, жалеза і інш. нелятучыя металы, якія застаюцца ў цвёрдым стане, выплаўляюць (на плавільных з-дах).

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАПО́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША (Wyżyna Małopolska),

пояс нагор’яў на Пд Польшчы. Цягнецца ў субшыротным напрамку ад рэк Одра і Просна на З да водападзелу паміж рэкамі Вепш і Буг на У. Пл. каля 36 тыс. км². Выш. пераважна да 200—300 м, у цэнтр. і ўсх. частках больш за 400 м, найб. 612 м (г. Лысіца ў Свентакшыскіх гарах). Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляецца на ўзвышшы Заходне-, Сярэдне- і Усходне-Малапольскае. Складзена з карбанатных парод (вапнякі, мел, апока, гіпс), сланцаў і пясчанікаў. Пашыраны карст (пячора Рай). Карысныя выкапні: каменны вугаль, руды цынку і волава, мінер. воды. Урадлівыя глебы, развітыя на лёсах, выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. Участкі букавых і мяшаных лясоў. Нац. паркі: Айцоўскі, Растачанскі, Свентакшыскі. Турызм, цэнтры адпачынку і лячэння (мінер. воды).

Т.​Каліцкі.

т. 10, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бро́нза

(фр. bronze)

1) сплаў на аснове медзі, у якім дабаўкамі з’яўляюцца волава, алюміній, берылій, крэмній, свінец, хром і іншыя элементы, за выключэннем цынку і нікелю;

2) мастацкія вырабы з такога сплаву;

3) перан. колер, падобны да колеру бронзы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)