Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЮРЦЫ́Т (ад прозвішча франц. хіміка Ш.А.Вюрца),
мінерал класа сульфідаў, сульфід цынку, ZnS. Прымесі жалеза, кадмію, германію, марганцу і інш. Паліморфная мадыфікацыя ZnS гексаганальнай сінганіі. Крышталі дробныя пірамідальныя, радзей таблітчастыя. Агрэгаты радыяльна-прамянёвыя, слаістыя, каламорфныя. Колер ад светла-жаўтаватага да цёмна-чырвона-карычневага і амаль чорнага. Бляск смалісты. Цв. 3,4—4. Шчыльн. 4 г/см³. У асноўным гідратэрмальны мінерал. Трапляецца таксама ў асадкавых пародах, у сідэрытавых і гліністых канкрэцыях. Руда цынку, іншы раз кадмію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЧАДА́НЫ (ад грэч. Chalkēdōn, стараж.-грэч. калонія ў М. Азіі),
агульная назва вял. колькасці рудных мінералаў, пераважна сярністых, мыш’яковістых, сурмяністых злучэнняў жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю і інш. К. называюць таксама калчаданавыя руды, складзеныя пераважна з сульфідных рудных мінералаў. Сярод мінералаў-К. найб. пашыраны серны К. (пірыт), медны (халькапірыт), магнітны (пірацін), мыш’яковы (арсенапірыт), жалезны (марказіт), алавяны (станін) і інш. Крышталізуюцца пераважна ў кубічнай ці рамбічнай сінганіі. Колер бронзава-жоўты, латунны, шэры. Бляск металічны. Цв. да 7. Паходжанне гідратэрмальна-метасаматычнае, вулканагенна-асадкавае, радзей асадкавае. Сыравіна для вытв-сці сернай к-ты, комплексныя руды для атрымання медзі, цынку, свінцу, нікелю і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАПО́Н,
эквімалекулярная сумесь сульфіду цынку і сульфату барыю; белы пігмент, ZnS∙BaSO4. Устойлівы да ўздзеяння раствораў шчолачаў, несвятлоўстойлівы, няшкодны. Выкарыстоўваюць для вырабу алейных, эмалевых і водаэмульсійных фарбаў для ўнутр. работ, у вытв-сці гумы, пластмас, лінолеуму, паперы, скуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАНЕ́А (Cananea),
буйное радовішча медных руд у Мексіцы (штат Санора). Гідратэрмальнага паходжання. Распрацоўваецца з 1899. Запасы руды больш за 1,7 млрд.т з сярэдняй колькасцю медзі 0,72—0,75%. У рудзе прымесі малібдэну, золата, цынку і інш. Цэнтр здабычы і выплаўкі — г. Кананеа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЙН-ПОЙНТ (Pine Point),
свінцова-цынкавы раён у Канадзе (Паўн.-Зах.тэр.). Радовішчы стратыформныя, эпігенетычныя. Распрацоўваецца з 1964 адкрытым спосабам. Разведаныя запасы 36,3 млн.т руды з сярэдняй колькасцю свінцу 2,4%, цынку 6%. Здабываюцца таксама серабро і кадмій. Цэнтр — г. Пайн-Пойнт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕТАЛУ́РГІЯ (ад гідра... + металургія),
здабыванне металаў з руд, рудных канцэнтратаў і адходаў вытв-сці воднымі растворамі хім. рэагентаў.
Асн.тэхнал. працэсы гідраметалургіі: мех. апрацоўка сыравіны (драбленне, «мокрае» і «сухое» здрабненне, класіфікацыя, згушчэнне), змена хім. саставу руды або канцэнтрату (абпал, спяканне, раскладанне хім. рэагентамі), вышчалочванне, абязводжванне і прамыўка, асвятленне раствораў і выдаленне шкодных прымесей, асаджэнне металаў ці іх злучэнняў з раствораў, перапрацоўка асадкаў. Спосабы гідраметалургіі выкарыстоўваюцца ў вытв-сці цынку, медзі, нікелю, кобальту, алюмінію, высакародных і рэдкіх металаў, рэдказямельных элементаў. У адрозненне ад піраметалургіі гідраметалургія забяспечвае выбарачнае і комплекснае вылучэнне металаў з бедных і цяжкаабагачальных руд.
Гідраметалургію пачалі прымяняць у сярэдзіне 19 ст. для здабычы золата і серабра. З пач. 20 ст. стала выкарыстоўвацца для атрымання медзі, цынку, свінцу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАПРАТЭІ́ДЫ, металапратэіны,
складаныя бялкі, якія маюць у сабе іоны металаў (жалеза, медзь, цынк і інш.). У жывых арганізмах выконваюць функцыі каталізатараў біяхім. рэакцый, дыхальных пігментаў, пераносчыкаў кіслароду, металаў, ферментаў (металаферментаў). Напр., назапашванне і перанос жалеза (ферытын, трансферын), медзі (цэрулаплазмін), цынку (карбаангідраза, карбаксіпептыдаза) і інш.