СМІТСАНІ́Т (ад імя англ. мінералога і хіміка Дж.​Смітсана), цынкавы шпат,

мінерал класа карбанатаў, карбанат цынку ZnCO3. Змяшчае аксід цынку (ZnO) да 64,99% (Zn — 52%). Прымесі медзі, магнію, марганцу, жалеза, кобальту, кадмію і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зямлістыя ці шчыльныя скрытакрышт. агрэгаты, нацечныя формы, скарынкі. Колер белы, зялёны, светла-карычневы, жоўты і інш., бывае бясколерны. Паўпразрысты. Бляск шкляны з перламутравым адлівам. Цв. 4,5—5. Шчыльн. 4,1—4,5 г/см³. Крохкі. Утвараецца ў зонах акіслення свінцова-цынкавых сульфідных радовішчаў. Руда цынку.

Смітсаніт.

т. 15, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)