лакальны нарматыўны акт, які рэгулюе прац. і сац.-эканам. адносіны паміж наймальнікам і работнікамі, якія ў яго працуюць. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь, К.д. заключаецца на прадпрыемствах, ва ўстановах і арг-цыях усіх форм уласнасці і гаспадарання і іх адасобленых падраздзяленнях, а таксама ў прадпрымальнікаў, якія дзейнічаюць без утварэння юрыд. асобы. Бакамі ў К.д. з’яўляюцца прафсаюзы або інш. орган, што прадстаўляе інтарэсы работнікаў, і наймальнік ці яго паўнамоцны прадстаўнік. Змест К.д. вызначаецца бакамі ў межах іх кампетэнцыі, а таксама заканад. актамі ў прадугледжаных імі выпадках. К.д. можа мець палажэнні аб арганізацыі працы, нарміраванні, формах і сістэмах аплаты працы, памерах ставак і службовых акладаў, аб даплатах і надбаўках, працягласці рабочага часу і адпачынку, бяспецы працы і ахове здароўя работнікаў, унутр.прац. распарадку і дысцыпліне працы, буд-ве і размеркаванні жылля, арганізацыі санаторна-курортнага лячэння, стварэнні ўмоў для павышэння культ. і фіз. ўдасканалення работнікаў, адказнасці наймальніка за магчымую шкоду іх здароўю, інш.прац. і сац.-эканам. умовах. К.д. заключаецца ў пісьмовай форме, на тэрмін не менш як на 1 год і не больш як на 3 гады, падпісваецца прадстаўнікамі бакоў і рэгіструецца ў парадку, вызначаным урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НСУЛЬСКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА,
орган знешніх зносін дзяржавы, які ствараецца ў выніку ўстанаўлення консульскіх адносін паміж дзвюма дзяржавамі. Месцазнаходжанне, а ў асобных выпадках і колькасць персаналу ўзгадняюцца паміж прадстаўляючым урадам і ўрадам дзяржавы знаходжання. Узгадненню падлягаюць таксама акруга, у якой К.п. выконвае свае функцыі, рэжым знаходжання і перамяшчэння ў ёй консульскіх службовых асоб. Адрозніваюць наступныя класы К.п.: генеральнае консульства, віцэ-консульства і консульскае агенцтва. Адпаведна гэтаму К.п. ўзначальваюцца ген. консулам, консулам, віцэ-консулам і консульскім агентам. Дзейнасць К.п. накіроўваецца МЗС і пасольствам прадстаўляючай дзяржавы. Яна не павінна супярэчыць законам і правілам дзяржавы знаходжання. Статус К.п. вызначаецца двухбаковымі пагадненнямі і інш. дзеючымі нормамі міжнар. права (у асноўным Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах 1963).
Ген. консульствы Рэспублікі Беларусь на 1.1.1998 у Нью-Йорку, Гаазе, Рыме, Гданьску, Беластоку, Даўгаўпілсе, Таліне; консульскія аддзелы — у пасольствах Рэспублікі Беларусь у ЗША, ФРГ, Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Літве, Латвіі, Кітаі, Расіі, Ізраілі, Украіне і аддзяленне пасольства Рэспублікі Беларусь у ФРГ (Берлін). У Мінску знаходзяцца К.п. ў пасольствах Латвіі, Літвы, Польшчы, ФРГ, ЗША, Румыніі, Японіі, Індыі, Кітая, Ізраіля, Балгарыі, Расіі, Турцыі; ген. консульствы Польшчы — у Гродне; Расіі — у Брэсце; Эстоніі — у Мінску, консульствы Латвіі — у Віцебску; Польшчы — у Брэсце. Гл. таксама Консул, Консульскае права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮСТРА́ЦЫЯ (польск. lustracja ад лац. lustrum падатковы або фіскальны перыяд),
перыядычны вопіс дзярж. маёмасці з мэтай вызначэння яе даходнасці. 1) У ВКЛ і Рэчы ПаспалітайЛ. праводзілася ў 16—18 ст. (з 1562 кожныя 5 гадоў) з мэтай павелічэння даходнасці дзярж. уладанняў, а таксама пры перадачы іх новаму дзяржаўцу. Л. праводзілі спецыяльна прызначаныя чыноўнікі — люстратары; іх асоба лічылася недатыкальнай, а знявага разглядалася як цяжкае дзярж. злачынства. Паколькі Л. шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ не праводзіліся, то яны ахоплівалі толькі частку насельніцтва. У выніку праведзенай Л. складаўся дакумент, які таксама называўся Л. 2) У Расійскай імперыіЛ. праводзіліся ў 1778—1876 рас.урадам на тэр. Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны (на Беларусі да 1867). Л. 1778 і 1779 праводзіліся з мэтай павелічэння даходаў дзярж. казны. У канцы 1839 міністрам дзярж. маёмасці П.Дз.Кісялёвым пачата Л. 1840—50-х г. Праводзілася ў 2 этапы: да 1844 пры захаванні фальваркова-паншчыннай сістэмы, з 1844 шляхам паскоранага пераводу сялян дзярж. маёнткаў на аброк, знішчэння фальваркова-паншчыннай сістэмы. Да 1857 на аброк пераведзены ўсе дзярж. маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. У 1858 і 1867 праводзіліся праверачныя Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАДВО́РЦЫ,
катэгорыя дзярж. сялян у Рас. імперыі. Складаліся ў 1-й чвэрці 18 ст. з патомкаў служылых людзей, паселеных царскім урадам у сувязі са стварэннем рэгулярнай арміі на паўд. і паўд.-ўсх. граніцах для іх аховы. Аднадворцы былі абкладзены падушным падаткам і 4-грыўневым аброкам. Пераважная большасць іх не валодала прыгоннымі, мела толькі ўласныя двары (магчыма, адсюль і назва аднадворцы).
На Беларусі аднадворцы ўтвораны на падставе закону ад 19.10.1831: дробная сельская шляхта была пераведзена ў аднадворцы з паліт. (за ўдзел у паўстанні 1830—31) і фіскальных меркаванняў. Былі асабіста вольныя; плацілі падатак, выконвалі рэкруцкую павіннасць на працягу 15 гадоў. Паводле ўказа ад 1.8.1857 аднадворцы на ўласнай і дзярж. зямлі аднесены да дзярж сялян, на панскай — да вольных людзей. Фактычна працягвалі існаваць як асобная група сельскага насельніцтва. У 1858 на Беларусі 44 810 аднадворцаў (1,6% сельскага насельніцтва). Пераважная большасць не мела сваёй зямлі. Па меры разбору шляхты колькасць іх расла: у 1867 у Мінскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губ. было 110 088 чал. Паводле закону ад 19.2.1868 аднадворцы пераведзены ў сельскія і гарадскія абшчыны, большасць іх злілася з сялянамі. Аднадворцы, якія жылі на панскай зямлі, не атрымалі права на яе выкуп, тыя, што жылі на дзярж., маглі выкупіць яе. Уласная зямля захавалася за аднадворцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,
комплексная галіна права, якая рэгулюе адносіны па ўладанні, карыстанні і распараджэнні зямельнымі рэсурсамі, а таксама па іх ахове і рацыянальным выкарыстанні. Асн. крыніцамі З.п. ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Закон «Аб праве ўласнасці на зямлю» ад 16.6.1993, Закон «Аб плацяжах за зямлю» ад 18.12.1991, інш. законы і нарматыўныя прававыя акты, што выдаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, урадам, мін-вамі і ведамствамі, мясц. органамі дзярж. кіравання ў межах іх кампетэнцыі. Нормы З.п. рэгламентуюць: права дзярж. і прыватнай ўласнасці на зямлю, землеўладанне, землекарыстанне, у т. л.арэнду зямлі; парадак прадастаўлення і адабрання зямельных участкаў, спагнання зямельнага падатку або арэнднай платы, ажыццяўлення здзелак з зямлёй, пакрыцця страт; вядзенне дзярж.зямельнага кадастру, землеўпарадкаванне, дзярж. кантроль і маніторынг зямель, ахову зямель, а таксама вырашэнне зямельных спрэчак і адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. З.п. складаецца з агульнай і асаблівай частак. Да агульнай часткі адносяцца правы ўласнасці на зямлю, землеўладання і землекарыстання, дзярж. кіраванне ў галіне выкарыстання і аховы зямель, адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. У асаблівай частцы вызначаецца прававы рэжым асобных катэгорый зямель: зямель с.-г. прызначэння, населеных пунктаў, прам-сці, транспарту, сувязі, абароны, зямель прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культ. і інш. прызначэння, зямель ляснога і воднага фондаў, а таксама запасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКІХ РЫБАКО́Ў ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1935,
барацьба сялян прынарачанскіх вёсак супраць забароны ўрадам Польшчы свабодна лавіць рыбу. Паводле прынятага польскім урадам у 1932 закона аб нацыяналізацыі рэк і азёр воз. Нарач перайшло да Дырэкцыі дзярж. лясоў і здадзена ў арэнду акц. т-ву на чале з памешчыкам Яблонскім, які ў 1935 забараніў сялянам рыбны промысел. Сяляне навакольных вёсак адмовіліся выконваць гэтае распараджэнне. Пачаліся сутычкі з паліцыяй, арышты. ЦККПЗБ накіраваў на Нарач сваіх прадстаўнікоў А.К.Шчасную і А.І.Багданчука, звярнуўся з адозвай «Брацкае слова да рыбакоў возера Нарач і ўсіх азёр Заходняй Беларусі», выдаў лістоўку «Возера належыць вам». У чэрв. 1935 выбраны забастовачны к-т, у які ўвайшлі рыбакі І.П.Зарэцкі, К.І.Субач, М.І.Субач, І.А.Чарняўскі і інш. У жн. пачалася забастоўка, прагнаны арандатар, сяляне не пускалі на працу штрэйкбрэхераў, вялі арганізаваную лоўлю і продаж рыбы. Паліцыя правяла арышты. Да забастоўкі далучыліся рыбакі Браслаўскіх азёр, баставала каля 40 вёсак. Дружыны самаабароны ахоўвалі лодкі і сеткі. Улады вымушаны былі пайсці на частковыя ўступкі: павысілі цану на рыбу, дазволілі сялянам лавіць рыбу сваімі сеткамі. Барацьба за свабодную лоўлю рыбы і адмену закона аб нацыяналізацыі працягвалася да вер. 1939. Выступленню нарачанскіх рыбакоў прысвечана паэма М.Танка «Нарач» (1937), карціна В.Цвіркі «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957) і інш.
Да арт.Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935. Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач. З карціны В.Цвірхі 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (НСП; Niezależna Partia Chłopska, NPCh),
рэвалюцыйна-дэмакратычная сялянская партыя ў Польшчы ў 1924—27. Дзейнічала легальна. Склалася ў ліст. 1924 у выніку расколу партыі «Вызваленне», левае крыло якой на чале з дэпутатамі сейма С.Ваявудскім, А.Фідаркевічам, С.Баліным, Ф.Галавачом і інш. ўтварыла НСП. ЦК партыі ўзначальваў Фідаркевіч. Выступала за надзяленне сялян зямлёй без выкупу шляхам канфіскацыі яе ў памешчыкаў, нацыяналізацыю памешчыцкіх лясоў і водных багаццяў, бясплатнае навучанне дзяцей на роднай мове, паліт. свабоды, права на самавызначэнне нац. меншасцей і інш. У знешняй палітыцы выступала за добрасуседскія адносіны, у т. л. з СССР. Мэтай паліт. барацьбы лічыла стварэнне рабоча-сял. ўрада. 3 сак. 1925 арг-цыі НСП пачалі ўзнікаць у шэрагу паветаў Зах. Беларусі, а таксама — гурткі ў вёсцы. Праводзіла паліт. кампаніі разам з КПЗБ і БСРГ. Выдавала газеты «Walka wsi» («Барацьба вёскі»), «Walka ludu» («Барацьба народу»), «Walka pracy» («Барацьба працы»), «Niezależny chłop» («Незалежны селянін»), «Lemiesz» («Лямеш»), «Zagon» («Загон»), якія былі папулярнымі ў Зах. Беларусі. У 1925 НСП налічвала каля 1 тыс. членаў, у 1927 — больш за 20 тыс. У польскім сейме мела сваю фракцыю (7 чал.), якая супрацоўнічала з фракцыямі КПЗБ і БСРГ. У чэрв. 1925 гэтыя 3 фракцыі прапанавалі сейму праект зямельнай рэформы (не быў прыняты). Распушчана польскім урадам у сак. 1927. Дзеячы НСП ў 1928 стварылі Арганізацыю сялянскай лявіцы «Самапомач».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
адна з першых бел. сярэдніх навуч. устаноў у Зах. Беларусі. Існавала ў 1919—44 у Вільні. Засн. па ініцыятыве І.Луцкевіча. У розны час дырэктарамі гімназіі былі М.Анцукевіч, Р.Астроўскі, Ф.Грышкевіч, В.Кавалевіч, Кахановіч (1-ы дырэктар), А.Міхалевіч, А.Нэканда-Трэпка, С.Паўловіч, Станкевіч, Б.Тарашкевіч. Мела на мэце захаванне бел.нац. самабытнасці, выхаванне патрыят. пачуццяў, развіццё роднай мовы, пашырэнне дэмакр. і гуманіст. поглядаў. Акрамя беларусаў вучыліся рускія і яўрэі. Гімназія імкнулася захаваць нац. характар, усе прадметы ва ўсіх класах выкладаліся на бел. мове. Але з 2-га года навучання ўведзена вывучэнне і польскай мовы, на ёй выкладаліся геаграфія і гісторыя Польшчы. У 1932/33 навуч.г. стала дзяржаўнай, што, з аднаго боку, забяспечвала трывалую матэрыяльную базу, з другога — пазбавіла незалежнасці (стала філіялам польскай гімназіі імя Ю.Славацкага). У ліст. 1939 Вільня перададзена сав.урадам Літве, гімназія была рэарганізавана ў прагімназію, а ў 1940/41 навуч.г., калі Літва ўвайшла ў склад СССР, стала няпоўнай сярэдняй школай. Дзейнічала і ў перыяд ням.-фаш. акупацыі. У крас. 1944 спыніла існаванне.
Л.А.Луцкевіч.
Першы выпуск Віленскай беларускай гімназіі: 1-ы рад (злева направа) — Г.Бонч-Асмалоўская, Л.Макоўская, М.Васільева; 2-і рад — Ф.Аляхновіч, А.Станкевіч, М.Кахановіч, Ф.Мікуліна, А.Луцкевіч, М.Гарэцкі; 3-і рад — Г.Бонч-Асмалоўскі, А.Лабуць, В.Акушка, Нядзвецкая, А.Уладзімірская, Н.Арсеннева: 4-ы рад — М.Пяткевіч, А.Клімовіч, В.Аляксюк, Л.Пусько, А.Сасноўскі. 15.6.1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ТМАН (польск. hetman ад ням. Hauptmann начальнік),
галоўны начальнік над узбр. сіламі ў некат. еўрап. Краінах. 1) У Чэхіі ў 15 ст. камандуючы войскамі табарытаў.
2) У Польшчы з 15 ст. да 1795 пасада камандуючага войскамі (вял. каронны гетман), з пач. 16 ст. сталая, з 1581 пажыццёвая. Прызначаўся каралём. Меў шырокія паўнамоцтвы, у т. л. права набіраць войска, прызначаць афіцэраў, вяршыць суд са смяротным пакараннем. Меў памочніка і намесніка — польнага гетмана.
3) У ВКЛ пасада найвышэйшага (з сярэдзіны 16 ст. — вялікага) гетмана створана ў канцы 15 ст. на ўзор польскай. Прызначаўся вял. князем, з 2-й пал. 16 ст. пажыццёва. У пач. 16 ст. ўведзена пасада дворнага гетмана, які камандаваў прыдворнымі ротамі (гвардыяй) вял. князя. З 2-й пал. 16 ст. ўзначальваў таксама наёмныя атрады, пачаў наз. польным гетманам, з 1680-х г. падначалены вял. гетман.
4) На Украіне ў 2-й пал. 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. — камандуючы рэестравымі казакамі, што знаходзіліся на дзярж. службе. У час народна-вызваленчай вайны 1648—54 гетман Б.Хмяльніцкі стаў кіраўніком Украіны і галоўнакамандуючым казацкім войскам. Пасля Андросаўскага перамір’я 1667 гетманы Правабярэжнай Украіны па-ранейшаму прызначаліся польск. каралямі; у 1704 пасада скасавана. На Левабярэжнай Украіне (у складзе Расіі) гетманы, якія мелі адм. і вайсковую ўладу, выбіраліся ген. вайсковай радай (фактычна казацкай старшынай са згоды царскага ўрада), з 1708 прызначаліся царскім урадам; у 1764 пасада скасавана. У 1917—18 былі спробы аднавіць пасаду гетмана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ АРМІЯ (англ. Irish Republican Army; ІРА),
падпольнае ваенізаванае фарміраванне ў ірландскім нац.-вызв. руху, якое існуе з 1919. Засн. членамі партыі Шын фейн пад кіраўніцтвам М.Колінза на базе арг-цыі ірл. валанцёраў. У 1919—21 вяла ўзбр. барацьбу (тэрор, дыверсіі) супраць англ. войск і паліцыі. Пасля заключэння англа-ірландскага дагавора 1921 частка ІРА склала аснову рэгулярнай арміі Ірл. Свабоднай дзяржавы, незадаволенасць другой ч. ІРА кампрамісным характарам дагавора прывяла да грамадз. вайны 1922—23. Пасля 1923 невял. група (у 1936 афіцыйна забаронена), якая праводзіла акцыі тэрору і сабатажу, асабліва ў пач. 2-й сусв. вайны (падтрымлівалася Германіяй) і ў 1956—62. Пасля ўспышкі рэліг.-сац. хваляванняў у Паўн. Ірландыі (1968—69) кола прыхільнікаў ІРА павялічылася, але яна раскалолася на 2 крылы — афіцыйнае (сацыяліст. кірунку), якое ў 1972 абвясціла пра адмову ад гвалтоўных метадаў у барацьбе за аб’яднанне Ірландыі, і часовае (крайне радыкальнае), што робіць стаўку на тэрор супраць англічан і ірландцаў-пратэстантаў (да 1993 загінула 3030 чал.). Падтрымліваецца (грашамі і зброяй) прыхільнікамі ў Ірландыі і ЗША (эмігранты-ірландцы), урадам Лівіі (выкрыта падтрымка ў 1985—87). Ядро ІРА складаюць 500 чал. У 1994 часовая ІРА абвясціла аб прыпыненні ўзбр. барацьбы. Вядомыя кіраўнікі — Дж.Адамс, М.Макгінес. У паўн.-ірл. гарадах Белфаст і Лондандэры дзейнічае і Армія нац. вызвалення Ірландыі (каля 20 чал.) — баявая арг-цыяІрл.сацыяліст. партыі, створаная б. членамі афіцыйнай ІРА.
Літ.:
Бабусенко С. Армия, которая воюет со всем Соединенным королевством // Новое время. 1992. № 13.