НА́ЧА,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. каля р. Начка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 41 км на З ад г.п. Воранава, 112 км ад Гродна, 35 км ад чыг. ст. Бастуны. 470 ж., 173 двары (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Магілы Т.Нарбута, В.А.Шукевіча, С.Б.Юндзіла. Помнік архітэктуры — касцёл Ушэсця Дзевы Марыі (1910). Помнік археалогіі — стаянка бронзавага веку Нача.
Вядома не пазней 16 ст. як уладанне Касцевічаў. Адзін з іх, Януш, ваявода падляшскі, у 1529 заснаваў у Н. касцёл і перанёс сюды з в. Дубічы цэнтр парафіі. Пазней належала Кішкам, Радзівілам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. ў Лідскім пав. Віленскай губ. У 1886 мястэчка, 272 ж., 16 двароў, касцёл, 3 карчмы, крама, таржок. У 1920—22 у Сярэдняй Літве, потым у складзе Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Радунскага раёна. З 1962 у Воранаўскім р-не.
т. 11, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ТАВА,
вёска ў Навадворскім с/с Мінскага р-на. За 4 км на Пд ад Мінска, 1 км ад чыг. ст. Асееўка. 7791 ж. (1997).
Вядома з 16 ст. ў складзе Мінскага пав. ВКЛ. З 1567 уладанне М.Служкі, з 1600 цэнтр маёнтка. У 1791 уласнасць Мінскага кляштара бернардзінцаў. 123 дымы, 3 карчмы. Пасля далучэння да Расіі (1793) у складзе Мінскай губ. У 1870 вёска Самахвалавіцкай воласці, 315 ж., 50 двароў; у 1897 — 450 ж., 77 двароў, нар. вучылішча, жаночая царкоўнапрыходская школа, Святадухаўская царква. У 1919 акупіравана польск. войскамі. У гэты час у вёсцы і наваколлі дзейнічаў партыз. атрад пад камандаваннем І.В.Маслыкі. З 1924 у Самахвалавіцкім р-не, у 1931—34 у адм. падпарадкаванні Мінскага гар. Савета, з 1935 у Мінскім р-не. Да 1927 і ў 1954—59 цэнтр сельсавета.
Акцыянернае т-ва Мінскага вытв. гарбарнага аб’яднання, Мінскія з-ды другаснай перапрацоўкі чорных і каляровых металаў, раённае аб’яднанне сельгасхіміі. Сярэдняя школа, б-ка, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан.
Г.А.Маслыка.
т. 5, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Гомельскае староства,
буйное феад. ўладанне. Цэнтр — г. Гомель. З 12 ст. ўваходзіла ў Чарнігаўскае, з канца 14 ст. — у Старадубскае княства ВКЛ. Ахоплівала сучасную тэр. Добрушскага, частку Гомельскага, паўд. часткі Буда-Кашалёўскага і Веткаўскага р-наў. У 1435—46 належала непасрэдна вял. князю літоўскаму. У гэты час з яе вылучаны некалькі сёл, аддадзеных у прыватную ўласнасць феадалам. Астатняя частка воласці паслядоўна перадавалася ўдзельным князям серпухаўскаму і бароўскаму Васілю Яраславічу, Свідрыгайлу, мажайскаму Івану Андрэевічу і яго сынам. У 1500 занята Маскоўскай дзяржавай і ўключана ў Старадубскі пав. У 1535 вернута ў ВКЛ, уключана ў Віленскае ваяв. Да 1770-х г. дзярж. ўласнасць, называлася староствам. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У розныя часы ахоплівала ад 20 да 60 паселішчаў, частка з іх часова вылучалася ў якасці ленных маёнткаў. З 1772 у Рас. імперыі, уключана ў Гомельскі павет, з 1777 — Беліцкі павет Магілёўскай губ. У 1775 і 1778 дзвюма часткамі падаравана Кацярынай II графу П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 уладанне графа І.Ф.Паскевіча-Эрыванскага, з 1856 дзярж. ўласнасць.
В.Л.Насевіч.
т. 5, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЧЫ, Жыровіцы,
вёска Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Шчара, на аўтадарозе, што злучае Слонім з аўтадарогай Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 10 км на Пд ад горада і чыг. ст. Слонім, 138 км ад Гродна. 2577 ж., 646 двароў (1997).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як уладанне, аддадзенае вял. кн. ВКЛ Казімірам Ягелончыкам літ. падскарбію А.Солтану. У 16 ст. заснаваны Жыровіцкі Успенскі манастыр. З 1610-х г. Ж. — уласнасць Л.Сапегі, потым Я.Мялешкі. З 17 ст. мястэчка, у 1652 атрымалі магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1880-я г. больш за 300 ж. З 1921 у складзе Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Слонімскага р-на. У 1971—2591 ж., 430 двароў.
Дзярж. сортавыпрабавальная станцыя. Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя. Сярэдняя і муз. школы. 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (канец 18 ст.) і Жыровіцкі манастыр базыльян.
т. 6, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСУ́ЛЛЕ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Стоўбцы—Івянец. Цэнтр сельсавета. За 16 км на ПнУ ад Стоўбцаў, 96 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Коласава. 422 ж., 186 двароў (1997).
Вядома з 1-й пал. 16 ст. як уладанне тат. князёў Уланаў, у 17—18 ст. — Жыжэмскіх, у 1-й пал. 19 ст. — Крупскіх. У 1592 тут 38 двароў, млын, мячэць, жылі баяры, цяглыя людзі, бортнікі, агароднікі. У 17—18 ст. праз вёску праходзіў гандл. шлях Мінск—Мір, былі карчма, пастаялы двор, царква. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці. У канцы 18 ст. ў цэнтр. частцы З., дзе існавалі двары каваля, ганчара, краўца, фарміруецца мястэчка, працавалі сукнавальня, млын. У 1897—548 ж., 95 двароў. З 1921 у Польшчы, у Стаўбцоўскай гміне Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням. -фаш. войскамі, якія ў 1941 спалілі частку вёскі. У 1971—984 ж., 281 двор.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 7, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАБЕ́ЛІН,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ваўкавыск—Ружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Ваўкавыск, 115 км ад Гродна. 727 ж., 260 двароў (1997).
Вядомы з 1-й пал. 16 ст. пад назвай Петуховічы (потым Петухова). У 16—19 ст. уладанне Яновічаў, Клочкаў, Дарагастайскіх, Сапегаў, Флемінгаў, Грабоўскіх, Стравінскіх і інш. З 1690 мястэчка. З сярэдзіны 18 ст. наз. І. (у гонар дачкі Я.Флемінга Ізабелы). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1815—73 існавала суконная мануфактура. У 1897—820 ж., 105 двароў, царква, кальвінскі збор, сінагога, вучылішча, 5 крам, 4 кірмашы на год. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Ваўкавыскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі расстралялі 31 жыхара вёскі. У 1971—527 ж., 195 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Міхайлаўская царква (канец 18 ст.) і Петрапаўлаўскі касцёл (1778).
т. 7, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ХАНАВА,
гарадскі пасёлак у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. За 24 км на ПнУ ад г. Талачын, 112 км ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Коханава на лініі Мінск—Орша, аўтадарогамі злучаны з Оршай і Талачыном. 5,0 тыс. ж. (1998).
Узнікла да пач. 16 ст. ў частцы Друцкага княства, якая належала кн. І.В.Друцкаму-Краснаму. З 1551 уладанне Гарнастаяў. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 К. ўключана ў Аршанскі пав. Паводле інвентара за 1624 К. — мястэчка ў складзе маёнтка Стараселле Л.І.Сапегі. З 1772 у Рас. імперыі, у Копыскім пав. Магілёўскай губ. У 1785 у мястэчку К. 324 ж, 57 двароў. У пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці, 1,2 тыс. ж., нар. вучылішча, лячэбніца. У 1924—31, 1946—56 цэнтр Коханаўскага раёна, у 1931—46 і з 1956 у Талачынскім р-не. З 19.2.1947 гар. пасёлак.
Вытв. аб’яднанне «Будіндустрыялізацыя», ільнозавод. Сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спарт., мастацтваў і тэхн. творчасці школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 8, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОСК,
вёска ў Гародзькаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 25 км на Пн ад Валожына, 100 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Валожын. 400 ж., 187 двароў (1999).
У «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.) згадваецца пад назвай Лошаск. Паводле археал. даследаванняў у 11—13 ст. тут існавала паселішча, у 14—18 ст. — Лоскі замак. У 1480 у Л. заснаваны касцёл. Уладанне Карыбутавічаў, Я.П.Мантыгірдавіча, Кішкаў, пры якіх дзейнічаў кальвінскі збор. У 1574 дзярж. дзеяч ВКЛ Я.Кішка заснаваў Лоскую друкарню. З канца 16 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. З 19 ст. ў Забрэжскай вол. Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 592 ж., 65 дамоў, 2 царквы, касцёл. З 1921 у складзе Забрэжскай гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР. У 1972—820 ж., 242 двары.
Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (1856), касцёл Сэрца Ісуса (1930). На тэр. вёскі — гарадзішча.
В.У.Шаблюк.
т. 9, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАПАЛІТА́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава ў Паўд. Італіі ў 1282—1815. Вылучылася ў 1282 з Сіцылійскага каралеўства пасля таго, як Карл Анжуйскі (гл. Анжуйская дынастыя) страціў Сіцылію. Сталіца каралеўства — г. Неапаль. Дасягнула магутнасці ў часы праўлення Роберта [1309—43], які ўзначаліў італьян. гвельфаў (гл. Гвельфы і гібеліны). У выніку жорсткай барацьбы за прастол у Н.к. ўсталявалася малодшае венг. адгалінаванне Анжуйскай дынастыі [1382—1435], Пастаянныя войны з Сіцыліяй і ўнутр. ўсобіцы аслаблялі каралеўскую ўладу. У 1442—43 дзяржаву заваяваў кароль Арагона і Сіцыліі Альфонс V (у Н.к. — Альфонс I), заснавальнік у Н.к. Арагонскай дынастыі [1442—1501]. У выніку Італьян. войнаў 1494—1559 Н.к. — уладанне (з 1504) Іспаніі, разам з Сіцыліяй утварыла Сіцылій абедзвюх Каралеўства. Эканам. заняпад дзяржавы (асабліва гарадоў), падатковы ўціск з боку іспанцаў выклікалі ў 16—17 ст. у Н.к. шматлікія паўстанні. Пасля нядоўгага аўстр. праўлення (з 1707, фармальна ў 1714—35) пад уладай ісп. Бурбонаў. У 1805 акупіраваны франц. войскамі Напалеона I, кіравалі ген. Ж.Банапарт (1806—08) і І.Мюрат (1808—15). Пасля разгрому Напалеона зноў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій; з 1860 у складзе аб’яднанага Італьян. каралеўства.
т. 11, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РФАЛК (Norfolk),
уладанне Аўстраліі на аднайм. востраве ў паўд.-зах. ч. Ціхага ак. Пл. 36 км². Нас. 2,2 тыс. чал. (1996), пераважна англа-палінезійскія метысы (нашчадкі перасяленцаў з в-ва Піткэрн), а таксама нядаўнія перасяленцы з Аўстраліі і Новай Зеландыі. Афіц. мова — англійская. Вернікі пераважна англікане. Больш за палавіну насельніцтва звязана з абслугоўваннем турыстаў. Адм. ц. і порт — пасёлак Кінгстан. Востраў вулканічнага паходжання. Паверхня — невысокае базальтавае плато. На Пн горны масіў выш. да 317 м. Клімат субтрапічны. Т-ра паветра ад 20 °C у ліп. да 24 °C у студзені. За год выпадае 1300 мм ападкаў. Часткова захаваліся эндэмічныя расліны: норфалкская хвоя, вечназялёныя цвердалістыя дрэвы і хмызнякі. Больш як палавіна тэр. вострава пад садамі, палямі, лугамі. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў. Частка насельніцтва займаецца земляробствам (цытрусавыя, бананы, кава, бульба, батат, ямс, агародніна), малочнай жывёлагадоўляй, птушкагадоўляй, рыбалоўствам. Невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Востраў звязаны рэгулярнымі рэйсамі суднаў і самалётаў з Аўстраліяй і Новай Зеландыяй, ёсць аэрапорт і 80 км аўтадарог. Аснова экспарту — насенне мясц. эндэмічных раслін, кава, бананы. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.
т. 11, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)