ГА́НЦАВІЧЫ,
горад, цэнтр Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Цна. Чыг. ст. на лініі Лунінец—Баранавічы. За 250 км ад г. Брэст. 15,9 тыс. ж. (1997).
У 2-й пал. 19 ст. вёска Слуцкага пав. Мінскай губ., уладанне графа С.Чапскага. Пасля буд-ва Палескіх чыгунак — мястэчка, працавалі смалакурня, піларама. У 1897—633 ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. дзейнічаў завод, дзе выраблялася аконнае, люстраное і высакаякаснае багемскае (т.зв. бемскае) шкло. З 1921 у Польшчы, мястэчка Лунінецкага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр раёна. З 30.6.1941 да 7.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ганцавічах і раёне 8726 чал. У 1959 — 3,5 тыс. ж. З 25.12.1962 да 30.7.1966 у Ляхавіцкім р-не. З 6.12.1973 горад.
Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў, лясной прам-сці. Курган Славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму.
т. 5, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)