КАЛІНО́ЎСКІ Віктар Отан Сямёнавіч (21.4.1833, в. Мастаўляны, Беластоцкага ваяв., Польшча — 6.11.1862),
гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нац.вызв. руху 1860-х г. Старэйшы брат К.Каліноўскага. Вучыўся ў Свіслацкай і Гродзенскай гімназіях, з 1852 — на мед. ф-це Маскоўскага ун-та. У 1858—62 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. Падрыхтаваў да друку манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768 укр. сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобл., праца не выйшла ў свет). Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы, у каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях бел. і польскай гісторыі. Сабраў унікальную б-ку гал.ч. па гісторыі ВКЛ (больш за 5000 рукапісаў і кніг). Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу І.Агрызка. Восенню 1862 захварэў на туберкулёз, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., дзе і памёр.
Літ.:
Нікалаеў М. Браты Каліноўскія і Публічная бібліятэка // Шляхам гадоў. Гіст.літ.зб.Мн., 1990. [Вып. 1].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАПАТАЛО́ГІЯ (ад палеа... + паталогія),
навука пра хваробы выкапнёвых раслінных і жывёльных арганізмаў. Тэрмін увёў англ. вучоны М.Рафер у 1913. Вывучае паталогію беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека (ад пітэкантрапа), высвятляе частату і даўнасць хвароб, асаблівасці іх выяўлення і пашырэння ў розныя гіст. эпохі. Цесна звязана з палеанталогіяй, археалогіяй, прыродазнаўствам, медыцынай. Падзяляецца на П. раслін, жывёл і чалавека. Выкарыстоўвае метады патолагаанатоміі, рэнтгенаграфіі, гісталогіі, гістахіміі, біяхіміі.
Аб’ект даследавання — выкапнёвыя рэшткі (косці, зубы, валасяное покрыва і інш.), знойдзеныя ў час археал. і інш. раскопак. Па іх апісаны дэфармавальны артроз і спандылёз, хвароба Боткіна, касцявы туберкулёз, сіфіліс, рахіт, карыес зубоў і інш. П. мае вял. значэнне для распрацоўкі этыялогіі і патагенезу шэрагу захворванняў сучаснага чалавека, праблемы працягласці жыцця, прагназавання кірункаў яго эвалюцыі з улікам біял. і сац.-эканам. фактараў.
На Беларусі пытанні П. распрацоўваюцца з 1970 у Бел.пед. ун-це, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
псеўдатуберкулёз
(ад псеўда- + туберкулёз)
інфекцыйная хвароба свойскіх жывёл, якая характарызуецца ўтварэннем ва ўнутраных органах і лімфатычных вузлах гнойных бугаркоў, якія знешне нагадваюць туберкулёзныя вузялкі вузельчыкі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства мінскіх урачоў. Створана ў 1862 па ініцыятыве губ. ўрачэбнага інспектара Дз.В.Спасовіча з мэтай сан. вывучэння губерні, барацьбы з эпідэміямі, арг-цыі ўрачэбнай дапамогі насельніцтву, сан. асветы. У 1863 зачынена. У 1867 дзейнасць адноўлена намаганнямі доктара М.К.Берга. Т-ва праводзіла медыка-тапаграфічнае і сан.-стат. апісанне гарадоў і мястэчак Мінскай губ., лабараторныя сан.-гігіенічныя даследаванні вады і прадуктаў харчавання, арганізавала дэзінфекцыйную камеру, сан.-бактэрыялагічную лабараторыю. Засн.мед. б-ку (1867), метэаралагічную станцыю (1869), бясплатную лячэбніцу для бедных (1879), гар. бальніцу сан.к-та (1898), гар. амбулаторыю (1899), дачу-калонію для хворых на туберкулёз (1912). Т-ва выдавала свае «Пратаколы» і «Працы», у 1910—15 штомесячны час. «Минские врачебные известия»; удзельнічала ў стварэнні ў Мінску б-к — імя А.С.Пушкіна (1899), чыгуначнай (1902), імя Л.М.Талстога (1911). У 1919—21 і 1941—44 дзейнасць т-ва перапынялася. У 1929 пераўтворана ў навук. асацыяцыю, у 1933 — у профільныя т-вы, у 1940 — ва Усебел. мед.т-ва. У 1944 створаны шэраг спецыялізаваных мед. т-ваў.
Літ.:
Молчанов А.П. К истории научных медицинских обществ в Белоруссии // Научные медицинские общества БССР: Сб. справ. сведений. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАВЫДЗЯЛЯ́ЛЬНАЙ СІСТЭ́МЫ ХВАРО́БЫ,
хваробы нырак, мачаточнікаў, мачавога пузыра, мочаспускальнага канала ў чалавека і жывёл. Бываюць прыроджаныя, набытыя, вострыя і хранічныя. У норме функцыі органаў мочавыдзяляльнай сістэмы ўзаемазвязаны, і хвароба аднаго з іх вядзе да функцыян. парушэнняў інш. органаў. Вял. група хвароб уключае заганы (анамаліі) развіцця органаў мочавыдзяляльнай сістэмы (гідранефроз, падваенне нырак, мачаточнікаў і мочаспускальнага канала, прыроджаныя звужэнні мочаспускальнага канала і інш.). Найб. пашырана група запаленчых хвароб: запаленне ныркі (нефрыт), ныркі і нырачнай лаханкі (піеланефрыт), розныя формы запалення мачавога пузыра (цыстыты), мочаспускальнага канала (урэтрыт). Да спецыфічных запаленчых хвароб адносіцца туберкулёз нырак, пры якім пашкоджваюцца мачаточнікі і мачавы пузыр. Пры мочакамянёвай хваробе нырак камяні могуць мігрыраваць у мачаточнікі і выклікаць нырачную коліку, выходзіць у мачавы пузыр і па мочаспускальным канале — вонкі, што таксама суправаджаецца рэзкімі болямі, затрымкай мачы. Разрастанне камянёў у мачавым пузыры выклікае неабходнасць іх хірург. выдалення. Да М.с.х. належаць дабраякасныя пухліны нырак (ангіёмы, ліпомы, міёмы і інш.) і злаякасныя (нырачна-клетачны рак, папілярныя пухліны нырачных лаханак), якія могуць пашкоджваць таксама мачаточнікі і мачавы пузыр. Рак мочаспускальнага канала сустракаецца значна радзей. Да М.с.х. адносіцца і апушчэнне нырак (нефраптоз), пашкоджанні органаў мочавыдзяляльнай сістэмы. Лячэнне залежыць ад дыягназу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы, якія развіваюцца ўнутрывантробна і праяўляюцца ў дзіцяці адразу або ў хуткім часе пасля нараджэння. Падзяляюцца на спадчынныя хваробы і няспадчынныя.
Прычына няспадчынных П.х. — ужыванне пры цяжарнасці некат. лекаў, кантакт з хім. рэчывамі, дзеянне іанізавальнага выпрамянення, непаўнацэннае харчаванне, захворванні (напр., цукровы дыябет) і інш. Значную ч. П.х. складаюць прыроджаныя заганы развіцця. Вял. групу П.х., звязаных з мутацыямі генаў, складаюць парушэнні абмену рэчываў (напр., непераноснасць лактозы, альбінізм) — прыроджаныя энзімапатыі (адсутнасць або недастатковая актыўнасць якога-н. ферменту). Да П.х. належаць таксама мультыфактарыяльныя хваробы (напр., прыроджаны вывіх бядра), у паходжанні якіх адыгрываюць вял. ролю генет. парушэнні і фактары навакольнага асяроддзя. Да найб. небяспечных інфекц. П.х. адносяць сіфіліс, лістэрыёз, туберкулёз. Прафілактыка П.х.: медыка-генет. кансультаванне сям’і, папярэджанне дзеяння шкодных фактараў на арганізм цяжарнай жанчыны і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірург., дыетатэрапія.
На Беларусі прыроджаная і спадчынная паталогія — асн. прычына захваральнасці і смяротнасці ў дзіцячым узросце (у 1995—2000 больш за 2 тыс. нованароджаных памерлі ад П.х.); штогод больш за 800 дзяцей з прыроджанымі заганамі развіцця прызнаюцца інвалідамі.
Літ.:
Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991;
Врожденные и приобретенные энзимопатии: Пер. с болг. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАНТЫЛІ́ЗМ (лац. infantilis дзіцячы ад infans які не гаворыць),
затрымка ў развіцці арганізма чалавека, захаванне ў дарослага марфал., фізіял. і псіхічных рысаў, уласцівых больш ранняму ўзросту. Выяўляецца ў нясталасці эмацыянальна-валявой сферы пры нармальным і нават паскораным фіз. і разумовым развіцці. Характэрнымі рысамі індывіда, якому ўласцівы І. (інфантыла) з’яўляюцца несамастойнасць рашэнняў і дзеянняў, адчуванне неабароненасці, капрызнасць, зніжаная крытычнасць у адносінах да сябе, розныя кампенсацыйныя рэакцыі (напр., фантазіраванне, што замяшчае рэальныя ўчынкі, эгацэнтрызм) і інш. Прычыны І.: інфекц. захворванні (туберкулёз, сіфіліс, малярыя, розныя паўторныя інфекцыі), інтаксікацыі, арган. захворванні, непаўнацэннае харчаванне, авітамінозы, дрэнныя гігіенічныя ўмовы жыцця, прыроджаныя канстытуцыянальныя асаблівасці. Адрозніваюць агульны І. (затрымка развіцця ўсяго арганізма) і частковы І. (затрымка ў развіцці асобных органаў і сістэм). Прыкметы: пры агульным І. захоўваюцца дзіцячыя прапорцыі, склад цела кволы, грудная клетка доўгая, вузкая, косці тонкія, сэрца маленькае, ціск крыві паніжаны, другасныя палавыя прыкметы выяўлены слаба, супраціўляльнасць інфекц. захворванням зніжана. Пры частковым І. вылучаюць псіхічны І. (няўстойлівасць настрою і ўвагі, лёгкая ўнушальнасць, крыўдлівасць, боязь новага, бесклапотнасць і легкадумнасць паводзін спалучаюцца з эгацэнтрызмам і дзіцячай патрабавальнасцю), палавы І. (мізэрная расліннасць пад пахамі і на лабку, у жанчын — недаразвіццё малочных залоз і маткі, месячныя нерэгулярныя, нярэдка бясплоднасць, у мужчын — недаразвіццё вонкавых і ўнутр. палавых органаў, прастаты, адсутнасць палавой цягі, парушэнне палавых функцый) і інш. Лячэнне; стварэнне спрыяльных умоў жыцця і лячэнне захворванняў, якія справакавалі І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІ,
паталагічныя выдзяленні з палавых органаў жанчыны; сімптом парушэння сакраторнай функцыі палавых органаў пры хваробах палавой сферы (ганарэя, трыхаманоз, септычныя запаленчыя працэсы, пухліны і інш.), а таксама сімптом агульных захворванняў. У здаровай жанчыны выдзяленні могуць павялічвацца перад менструацыяй і пасля яе, пры цяжарнасці, юрлівасці, у гэтых выпадках яны светлыя, хутка знікаюць.
Адрозніваюць похвенныя, вестыбулярныя, шыйкавыя, матачныя і трубныя белі. Найчасцей бываюць похвенныя белі белаватага колеру пры агульных хваробах (туберкулёз, інфекц. хваробы, хваробы шчытападобнай залозы і інш.), а таксама ў жанчын пры згасанні функцыі яечнікаў і парушэнні глікагенаўтварэння ў слізістай абалонцы похвы. Усе похвенныя белі (жоўтага колеру) могуць узнікаць ад інфекцыі пры разрывах прамежнасці і зеўранні палавой шчыліны, пры апушчэнні сценак похвы, мочапалавых і кішачна-палавых свішчах як вынік няправільных і непатрэбных спрынцаванняў. Прычына вестыбулярных беляў — запаленне вульвы або вял. залоз перад уваходам у похву (барталінавыя залозы). Белі збіраюцца ў складках вульвы і выклікаюць раздражненне. Шыйкавыя белі белаватага або гемарагічнага колеру ўзнікаюць пры запаленнях і пашкоджаннях, паліпах і раку маткі; у норме яны празрыстыя, слізістыя, найчасцей у першую фазу менструальнага цыкла і перад авуляцыяй. Матачныя белі ў другую фазу (сакраторную) менструальнага цыкла толькі ўвільгатняюць паверхню эндаметрыя. Пры вострых запаленчых працэсах яны гнойныя, пры хранічных — вадзяністыя, пры ракавым пашкоджанні — колеру мясных памыяў. Трубныя белі ўтвараюцца пры запаленчых працэсах у трубах, праз матку і похву яны выдзяляюцца вонкі і праз ампулярны аддзел трубаў у брушную поласць. Бываюць серозныя, вадзяністыя або гнойныя. Лячэнне беляў залежыць ад прычыны хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВАРО́БЫ ЖЫВЁЛ,
парушэнні нармальнай жыццядзейнасці арганізма жывёл, якія ўзнікаюць у адказ на дзеянне надзвычайных раздражняльнікаў знешняга і ўнутр. асяроддзя і праяўляюцца функцыян. і арган. парушэннямі фізіял. сістэм з адначасовай мабілізацыяй ахоўна-адаптацыйных механізмаў (гл.Хвароба). Вывучае Х.ж. ветэрынарыя.
Прычыны Х.ж. — мех. (выклікаюць раны. выцятыя месцы. пераломы), фіз. (іанізавальнае выпрамяненне, высокія і нізкія т-ры. ціск), хім. (кіслоты. шчолачы, атрутныя рэчывы), біял. (патагенныя мікраарганізмы. гельмінты. кляшчы, насякомыя) раздражняльнікі. Паводле прыроды раздражняльніка Х.ж. падзяляюцца на незаразныя і заразныя. Незаразныя ўзнікаюць у выніку няправільнага кармлення, утрымання і эксплуатацыі жывёл; падзяляюцца на ўнутр. (парушэнні абмену рэчываў. авітамінозы, хваробы сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, органаў дыхання, стрававання, мочавыдзялення і інш.). вонкавыя (хваробы скуры, капытоў і інш.) і палавой сферы (бясплоддзе. пасляродавы парэз, мастыты, эндаметрыты і інш.). Заразныя Х.ж. падзяляюцца на інфекцыйныя, што выклікаюцца вірусамі, бактэрыямі (напр., ангіна, батулізм, мыт коней. сап, слупняк, туберкулёз і інш.), грыбамі (гл.Мікозы, Мікатаксікозы), мікаплазмамі, хламідыямі (гл.Хламідыёзы), рыкетсіямі (гл.Рыкетсіёзы) і інвазійныя, што выклікаюцца прасцейшымі (гл.Протазаозы), гельмінтамі (гл.Гельмінтозы), насякомымі (напр., педыкулёз), кляшчамі (гл.Акарапідозы). Есць заразныя хваробы, агульныя для жывёл і чалавека — зоаантрапанозы (бруцэлёз, лістэрыёз, сібірская язва, трыхінелёз, шаленства і інш.), агульныя для некалькіх відаў жывёл, і ўласцівыя аднаму віду (чума буйн. раг. жывёлы, воспа авечак). Заразныя Х.ж. узнікаюць у форме спарадычных (адзінкавых) выпадкаў і масава (гл.Панзаотыя, Энзаотыя, Эпізаотыя). Асн. крыніцы ўзбуджальнікаў заразных Х.ж. — жывёлы-носьбіты, хворыя жывёлы і іх трупы. Узбуджальнікі перадаюцца пры кантакце з хворымі жывёламі, пераносчыкамі (грызунамі, насякомымі, кляшчамі) праз заражаныя корм, ваду, прадметы догляду. Ступень цяжкасці працякання Х.ж. вызначаецца станам арганізма і вірулентнасцю (ступенню патагеннасці) узбуджальніка. Для прафілактыкі і барацьбы з Х.ж. выкарыстоўваюць мерапрыемствы — агульныя, накіраваныя на аздараўленне навакольнага асяроддзя (дэзінфекцыя, дэзінсекцыя, дэратызацыя і інш.) і спецыфічныя (вакцынацыя, дэгельмінтызацыя, дэзінвазія, каранцін) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕДАРО́ЎСКІ (Federowski) Міхал (1.9.1853, Варшава — 10.6.1923),
польскі і бел. фалькларыст, этнограф, археолаг. Чл. Львоўскага этнагр.т-ва (1896), Антрапалаг. камісіі Акадэміі ведаў у Кракаве (1899), Польскага краязнаўчага т-ва, Кракаўскага нумізматычна-археал.т-ва, Т-ва сяброў навук у Вільні і інш. Скончыў Варшаўскую прагімназію (1870). З 13 гадоў хварэў на туберкулёз. У 1873—74 вольны слухач Пятроўска-Разумоўскай акадэміі (пад Масквой). Удзельнічаў у фальклорна-этнагр. экспедыцыях з З.Глогерам. У 1875—77 даследаваў польскі фальклор і этнаграфію (манаграфія «Люд ваколіц Жарак, Севежа і Піліцы...», т. 1—2, 1888—89). У 1877—1904 у зах. Беларусі. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру народа, збіраў кнігі, гіст. дакументы, творы жывапісу і графікі, раскопваў курганы, стараж. паселішчы і могільнікі, збіраў матэрыялы да археал. карты дагіст. Беларусі і інш. Сабраў больш за 5 тыс.бел.нар. песень (больш як 1,5 тыс.бел. песенных і танц. мелодый для Ф. запісалі Я.Карловіч, Л.Патул, І.Трачык), каля 10 тыс. прыказак, сотні казак, загадак, легендаў, нар. павер’яў, забабонаў, прымхаў, парад па нар. медыцыне і г.д. З 1904 у Варшаве. Падтрымліваў кантакты з рэдакцыяй «Нашай нівы», сустракаўся з Г.Леўчыкам, Р.Зямкевічам. Фальклорныя матэрыялы ўвайшлі ў працу «Люд беларускі» (т. 1—8, 1897—1981). Рукапісная спадчына Ф. (фальклорныя запісы, апісанні побыту беларусаў, каляндарных і сямейных абрадаў, заняткаў насельніцтва, прылад працы і гасп. начыння, муз. інструментаў і інш.) у Рукап. аддзеле б-кі Варшаўскага ун-та, у Навук. архіве Польскага этнагр.т-ва (Вроцлаў).