ФЕДАРО́ЎСКІ (Federowski) Міхал (1.9.1853, Варшава — 10.6.1923),
польскі і бел. фалькларыст, этнограф, археолаг. Чл. Львоўскага этнагр.т-ва (1896), Антрапалаг. камісіі Акадэміі ведаў у Кракаве (1899), Польскага краязнаўчага т-ва, Кракаўскага нумізматычна-археал.т-ва, Т-ва сяброў навук у Вільні і інш. Скончыў Варшаўскую прагімназію (1870). З 13 гадоў хварэў на туберкулёз. У 1873—74 вольны слухач Пятроўска-Разумоўскай акадэміі (пад Масквой). Удзельнічаў у фальклорна-этнагр. экспедыцыях з З.Глогерам. У 1875—77 даследаваў польскі фальклор і этнаграфію (манаграфія «Люд ваколіц Жарак, Севежа і Піліцы...», т. 1—2, 1888—89). У 1877—1904 у зах. Беларусі. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру народа, збіраў кнігі, гіст. дакументы, творы жывапісу і графікі, раскопваў курганы, стараж. паселішчы і могільнікі, збіраў матэрыялы да археал. карты дагіст. Беларусі і інш. Сабраў больш за 5 тыс.бел.нар. песень (больш як 1,5 тыс.бел. песенных і танц. мелодый для Ф. запісалі Я.Карловіч, Л.Патул, І.Трачык), каля 10 тыс. прыказак, сотні казак, загадак, легендаў, нар. павер’яў, забабонаў, прымхаў, парад па нар. медыцыне і г.д. З 1904 у Варшаве. Падтрымліваў кантакты з рэдакцыяй «Нашай нівы», сустракаўся з Г.Леўчыкам, Р.Зямкевічам. Фальклорныя матэрыялы ўвайшлі ў працу «Люд беларускі» (т. 1—8, 1897—1981). Рукапісная спадчына Ф. (фальклорныя запісы, апісанні побыту беларусаў, каляндарных і сямейных абрадаў, заняткаў насельніцтва, прылад працы і гасп. начыння, муз. інструментаў і інш.) у Рукап. аддзеле б-кі Варшаўскага ун-та, у Навук. архіве Польскага этнагр.т-ва (Вроцлаў).