БРАК ((Braque) Жорж) (13.5.1882, г. Аржанцёй, Францыя — 31.8.1963),
французскі жывапісец, графік, скульптар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Гаўры і Парыжы (1902—04). З 1905 пісаў пейзажы ў духу фавізму; у 1908 разам з П.Пікаса стаў заснавальнікам кубізму. У амаль манахромных кубістычных кампазіцыях («Кларнет і бутэлька рому на каміне», 1911, «Жанчына з гітарай», 1913) імкнуўся да абстрагавання формаў і разнастайнасці фактуры, шырока выкарыстаў калаж. У 1920-я г. паступова адышоў ад кубізму, пісаў разнастайныя па колеры, дэкар. па характары творы («Чорныя рыбы», 1942). Выканаў цыкл каляровых літаграфій («Сшыткі Жоржа Брака», 1947), размалёўку царквы ў Асі (1945), плафоны залаў у Луўры (1953). У апошнія гады галоўнай тэмай творчасці стала прырода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́СНЕЙ ((Disney) Уолт) (Эліяс Уолтэр; 15.12.1901, г. Чыкага, ЗША — 15.12.1966),
амерыканскі кінарэжысёр, мастак, прадзюсер. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Чыкага. У 1919—22 працаваў мастаком, з 1923 у Галівудзе. Здымаў кароткаметражныя мультфільмы з пастаяннымі персанажамі Алісай (1923—26) і Освальдам (1926—28), гукавыя (з 1928) пра мышаня Мікі Маўса і качаня Дональда Дака, поўнаметражныя фільмы «Беласнежка і сем гномаў» (1938), «Пінокіо» (1939), «Бэмбі» (1942), «Аліса ў краіне цудаў» (1951), «Спячая прыгажуня» (1958), «Мэры Попінс» (1965, засн. на сумяшчэнні акцёра і мультыплікацыі). З 1950 таксама прадзюсер дакумент. і маст. фільмаў, у т. л. для тэлебачання. Атрымаў 29 прэмій «Оскар». У 1955 у г.
Анахайм (Каліфорнія) адкрыў буйны тэматычны забаўляльны дзіцячы парк «Дыснейленд», дзе шэраг атракцыёнаў узнаўляе вобразы яго фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДО́Н, Удон (Houdon) Жан Антуан (20.3.1741, г. Версаль, Францыя — 15.7.1828), французскі скульптар; адзін з буйных майстроў еўрап. скульптурнага партрэта 18 ст. Вучыўся ў Ж.Б.Пігаля. У 1764—68 пенсіянер Франц. акадэміі ў Рыме. У 1805—23 выкладаў у парыжскай Школе прыгожых мастацтваў. Надаючы вял. значэнне анатоміі як аснове скульптуры, выканаў анат. Фігуру «Экаршэ» (1767), якая стала навуч. дапаможнікам многім пакаленням скульптараў. Стварыў галерэю вобразаў вядомых гіст. асоб: бюсты Кацярыны II (1773), Ж.Ж.Русо (1778), А.Г.Мірабо (1791), Напалеона I (1806), помнік Дж.Вашынгтону (1778), бюст (1778) і статую (1781) Вальтэра і інш. Натуральнай прастатой і лірычнасцю вызначаюцца жаночыя і дзіцячыя партрэты («Партрэт жонкі», 1787).
Літ.:
Арнасон Г.Г. Скульптура Гудона: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́РСКІ ((Kowarski) Феліцыян Шчэнсны) (8.9.1890, г. Старасельцы, цяпер у межах Беластока, Польшча — 22.9.194 8),
польскі мастак. Заснавальнік польскай школы манум. жывапісу. Вучыўся ў Адэсе (1908—10) і Пецярбургскай АМ (1910—18). Праф.АМ у Кракаве (1923—29), Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве (з 1930). Аўтар вял. шматфігурных кампазіцый, партрэтаў, пейзажаў, нацюрмортаў, якія вызначаюцца багатай фактурай. Займаўся насценным жывапісам, скульптурай, літаграфіяй. У творчасці яднаў прынцыпы класічнай формы з рамант. адчуваннем прыроды, імкнуўся да манум. і сінт. трактовак, прастаты і сілы выяўлення. Асн. творы: плафон залы «Пад птушкамі» ў Вавелі (1929), «Вандроўнікі» (1930), «Нацыянальны ўрад 1863» (1937), праект скульпт.-керамічнага афармлення Гал. вакзала ў Варшаве (1938), «Бежанцы» (1942), «Галава яўрэйкі» (1946), «Электра» (1947), скульптуры «Марат» (1944), «Сірыйская мадонна» (1948).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕ́ ((Marquet) Альбер) (27.3.1875, г. Бардо, Францыя — 14.6.1947),
французскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1895—98) у Г.Маро. У ранні перыяд зазнаў уплыў мадэрну (афармленне Сусв. выстаўкі ў Парыжы, 1900). У 1905—07 прымыкаў да фавізму («Кірмаш у Гаўры», «Пляж у Сент-Адрэс», «14 ліпеня ў Гаўры», «Сяржант каланіяльных войск»). Пазней пісаў пейзажы, адметныя лаканізмам малюнка, спакойнай яснасцю кампазіцыі, зладжанай гамай лёгкіх валёрных тонаў з выразнымі колеравымі акцэнтамі: «Гамбургскі порт», «Везувій», «Марына (Неапаль)» (усе 1909), «Нотр-Дам зімой», «Дажджлівы дзень у Парыжы» (абодва 1910), «Мост Сен-Мішэль» (1912), «Бужы» (1925), «Порт Гаўр» (1934), «Парыж уначы» (1938), «Набярэжная Канці ў снезе» (1947) і інш. Ствараў таксама партрэты, літаграфіі, малюнкі, кніжныя ілюстрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДРЭ́ЛЬ ((Pedrell) Феліпе) (19.2.1841, г. Тартоса, Іспанія — 19.8.1922),
іспанскі кампазітар, фалькларыст, педагог, вядучы дзеяч ісп.муз. адраджэння, т.зв. Рэнасім’ента. Чл.ісп. Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1895—1904). З 1873 працаваў у Барселоне, у 1895—1903 выкладаў у Мадрыдскай кансерваторыі. Выдаваў муз. часопісы, публікаваў узоры класічнай і нар.ісп. музыкі. Працы па муз. фальклоры («Іспанскія народныя песні», т. 1—4, 1918—22, 2 выд., т. 1—2, 1936), а таксама сучаснай ісп. музыцы паклалі пачатак сучаснаму ісп. музыказнаўству. П. узначаліў новую ісп. кампазітарскую школу і значна паўплываў на яе фарміраванне. Аўтар опер, у т. л.патрыят. трылогіі з пралогам «Пірэнеі» (1891), праграмных сімф. твораў, кантат і хароў з аркестрам, духоўнай музыкі, рамансаў і песень, якім уласцівы яркі нац. каларыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПО́ ((Carpeaux) Жан Батыст) (11.5.1827, г. Валансьен, Францыя — 11.10.1875),
французскі скульптар і жывапісец; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Ф.Руда (з 1844), у Школе прыгожых мастацтваў (з 1848) у Парыжы, у Італіі (1854—61), дзе зазнаў уплывы творчасці Данатэла і Мікеланджэла. Аўтар манум. рэльефаў і статуй, якія вызначаюцца дынамікай, блізкай да пластыкі 18 ст., экспрэсіяй, пачуццёвай грацыяй фігур, гульнёй святлацені. Сярод твораў; скульпт. групы «Угаліна і яго дзеці» (1857—60), «Чатыры часткі свету» для фантана ў Люксембургскім садзе (1867—72), гарэльефы «Трыумф Флоры» для павільёна ў садзе Цюільры (1863—66), «Танец» на фасадзе «Гранд-Апера» (1865—69) — усе ў Парыжы, і інш. У жывапісе капіраваў творы старых італьян. і флам. майстроў, Э.Дэлакруа і Т.Жэрыко.
Ж.Б.Карпо. Танец. Скульптурная група на фасадзе «Гранд-Апера» ў Парыжы. 1865—69.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕМА́Н ((Clément) Рэнэ) (18.3.1913, г. Бардо, Францыя — 1996),
французскі кінарэжысёр. Скончыў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы. Адзін з арганізатараў групы пачынаючых кінематаграфістаў «Цэнтр маладых» (з 1943 Ін-т вышэйшай кінаадукацыі). Значнае месца ў яго творчасці займала тэма 2-й сусв. вайны: «Бітва на рэйках» (1945, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1946), «Па той бок кратаў» (1948, у сав. пракаце «Каля сцен Малапагі»; прэмія «Оскар»; 1951). Сярод інш. фільмаў: «Забароненыя гульні» (1952, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі і прэмія «Оскар» 1952), «Пан Рыпуа» (1954, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1954), «Жэрвеза» (1956, паводле рамана Э.Заля «Пастка», прыз Міжнар. асацыяцыі кінапрэсы на Міжнар. кінафестывалі ў Венецыі 1956).
У 1960—70-я г. ставіў пераважна забаўляльныя фільмы («Дом пад дрэвамі», 1971, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІСЕ́ВІЧ ((Kulisiewicz) Тадэвуш) (13.11.1899, г. Каліш, Польшча 18.8.1988),
польскі графік. Вучыўся ў школах дэкар. і выяўл. мастацтва ў Познані (1922) і прыгожых мастацтваў у Варшаве (1923—27). З 1933 выкладаў у АМ у Варшаве (з 1946 праф.). Да 1940-х г. рабіў дрэварыты на тэмы жыцця польскіх горцаў; творы вызначаліся драм. выразнасцю абагульненага лінейнага рытму, экспрэсіяністычнымі святлоценявымі кантрастамі: цыклы «Шлембарк» (1931), «Бацувка» (1932), «Метады», «Вёска ў гарах» (абодва 1936) і інш. У трактоўцы нар. персанажаў выкарыстоўваў традыцыі гатычнай разьбы і нар. дрэварыту. З 1945 працаваў пераважна ў тэхніцы малюнка тушшу, праз фармальныя эксперыменты шукаў новыя выяўл. і вобразныя сродкі графічнай выразнасці. Сярод твораў: цыклы «Варшава. 1945» (1945—46), «Францыя і Галандыя» (1949), «Чэхаславакія» (1951), «Кітай» (1953), «Індыя» (1956), «Мексіка» (1957—60), «Мая гісторыя мастацтва» (1975) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Йу Варшаве,
адзін з буйнейшых маст. збораў у Польшчы. Засн. ў 1862, да 1916 наз. Музей прыгожых мастацтваў. Захоўвае калекцыі твораў стараж.-егіп., этрускага, ант. і візант. мастацтва, еўрап. жывапісу і скульптуры 15—20 ст., польскага мастацтва 16—20 ст., зборы польскага, еўрап. і ўсх.дэкар.-прыкладнога мастацтва 13—20 ст., медальернага мастацтва 7 ст. да н.э. — 20 ст., мініяцюры, графікі. Сярод экспанатаў таксама урэцка-налібоцкае шкло, слуцкія паясы, творы В.Ваньковіча і інш. Будынак музея ўзведзены ў 1926—38 у формах неакласіцызму (арх. Т.Талвінскі). Філіялы: палацава-паркавыя комплексы ў Лазенках, Вілянаве, Нябораве і Аркадыі, музеі плакату ў Вілянаве, К.Дунікоўскага ў Варшаве, у Ловічы, імя Е.Дунін-Баркоўскага ў Краснявіцах, І.Я.Падарэўскага і Польскай эміграцыі ў Амерыцы ў Лазенках.