ЦЮІЛЬРЫ́, Цюльеры (Tuileries),

адна з рэзідэнцый франц. каралёў у Парыжы, узведзеная як ч. комплексу Луўра. Буд-ва пачалося ў 1564 паводле загаду Кацярыны Медычы; шмат разоў перабудоўваўся. У сувязі з франц. рэвалюцыяй 1789—99 Людовік XVI у 1789 перанёс рэзідэнцыю з Версаля ў Ц. 10.8.1792 парыжане занялі палац і скінулі манархію. У 1792—99 тут засядаў Канвент. Ц. быў афіц. рэзідэнцыяй Напалеона I. У час рэвалюцыі 1848 у Францыі ўзяты штурмам (24 лют.). 24.5.1871 большая ч. Ц. згарэла ў час баёў парыжскіх камунараў з версальцамі. У 1882 Ц. поўнасцю знесены; на яго месцы засн. адзін з самых прыгожых садоў Парыжа.

т. 17, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)