КУ́КА ГАРА́ (Cook Mount; мясц. назва Аарангі, на мове маоры — вял. белае воблака),

найбольшая вяршыня ў Новай Зеландыі, на в-ве Паўднёвы. Выш. 3764 м. Складзена з крышт. парод. Вяршыня мае форму сядла з вельмі стромкімі схіламі. Снежнікі, ледавікі, у т. л. ледавік Тасмана (даўж. 29 км). Нац. парк Маўнт-Кук (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). Названа ў гонар Дж.​Кука.

т. 8, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНА ПІК,

найвышэйшы пункт Заалайскага хр. на Паміры, на мяжы Кыргызстана і Таджыкістана. Выш. 7134 м. Грэбень хрыбта, дзе падымаецца Л.п., мае суцэльнае покрыва з фірну і лёду. На Пд спускаюцца ледавікі Вял. і М. Саўкдара (даўж. 20, 6 км і 14,3 км), на Пн — ледавік Леніна (даўж. 13,5 км). Першае ўзыходжанне здзейснена ў 1934 рас. альпіністамі В.​М.​Абалакавым і інш.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КАЛУ,

вяршыня ў Вял. Гімалаях, на мяжы Непала і Кітая, за 20 км на ПдУ ад г. Джамалунгма. Выш. 8470 м. Складзена пераважна з гранітаў. Ледавікі (даўж. да 15 км). На У ад М. — цясніна р. Арун, якая перасякае Гімалаі. Глыбіня цясніны ад грэбеня да рэчышча ракі да 7300 м (найб. на Зямлі). На М. ўпершыню ўзышлі франц. альпіністы ў 1955.

т. 9, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНЫ УРА́Л,

паўночная частка Урала ад вярхоўяў р. Хулга (бас. р. Об) на Пд да гары Канстанцінаў Камень на Пн. Даўж. 380 км, выш. да 1499 (г. Паер). Складзена пераважна з кварцытаў, крышт. сланцаў, вывергнутых і асадкавых горных парод. Захаваліся сляды горна-далінных зледзяненняў. Шмат азёр. Схілы паўд. ч. ўкрыты таежным рэдкалессем, вышэй і ў больш паўн. ч. — горныя тундры, ледавікі.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВЫ́ ХРЫБЕ́Т (Coast Range),

горны хрыбет у сістэме Кардыльер Паўн. Амерыкі, у Канадзе і ЗША. Даўж. каля 1700 км. Выш. да 4042 м (г. Уодынгтан). Складзены пераважна з гранітаў. Моцна расчлянёны глыбокімі папярочнымі далінамі і фіёрдамі. Да выш. 1000—1800 м хвойныя лясы (дугласія, зах. хемлак, туя, сітхінская елка), вышэй — альпійскія лугі і горныя тундры. Вечныя снягі і ледавікі, якія месцамі апускаюцца да ўзроўню мора.

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАМАЛУ́НГМА, Эверэст, Сагарматха,

самая высокая вяршыня на Зямлі, у Вял. Гімалаях, на мяжы Непала і Кітая. Выш. 8848 м. Складзена з гнейсаў, крышт. вапнякоў і сланцаў. Мае форму піраміды са стромкімі схіламі. Ледавікі. Упершыню дасягнута 29.5.1953 шэрпам Н.​Тэнцынгам і новазеландцам Э.​Хілары, сярод жанчын — японкай Ю.​Табей (1976). Часткова ўваходзіць у склад нац. парку Сагарматха (Непал).

Джамалунгма (Эверэст). З карціны М.​К.​Рэрыха.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАР (ням. Kar),

цырк, чашападобная выемка ў верхняй ч. схілаў гор у вобласці сучаснага або стараж. зледзянення. Утвараецца ад дзейнасці ледавікоў, снежнікаў, марознага выветрывання. Вызначаецца плоскім днішчам, якое з бакоў і ззаду абкружана стромкімі сценкамі, з пярэдняга боку адкрыты ці замкнёны невысокім парогам. На дне К. могуць быць каравыя ледавікі, намнажэнні фірну або снегу. У К., якія знаходзяцца ніжэй сучаснай снегавой лініі, часта размешчаны ка́равыя азёры.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЛЬЕ́РА-РЭА́ЛЬ (Cordillera Real),

горны хрыбет на У Цэнтр. Андаў, у Балівіі і Перу, на У ад воз. Тытыкака. Выш. да 6550 м (г. Анкаума). Складзеных палеазойскіх асадкавых парод, прарваных інтрузіямі. Вельмі расчлянёны рэкамі бас. р. Бені. Характэрны альпійскія формы рэльефу. На Пн і Пд ледавікі. Усх. схілы ўкрыты горнымі вільготнымі трапічнымі лясамі, зах. — паўпустынныя У вярхоўі р. Ла-Пас размешчана сталіца Балівіі — г. Ла-Пас.

т. 8, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІМАНДЖА́РА (Kilimanjaro),

вулканічны масіў ва Усх. Афрыцы, на ПнУ Танзаніі. Утвораны з трох конусаў патухлых вулканаў, якія зліліся: Кіба (выш. 5895 м, найвыш. пункт мацерыка), Мавензі і Шыра. Складзены пераважна з трахібазальтаў і фаналітаў. Кіба з актыўнай сальфатарнай дзейнасцю. На схілах саванны, горныя лясы, плантацыі кавы і бананаў, на вяршыні шматгадовыя снягі і ледавікі. Нац. парк Кіліманджара, уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны, утварае ч. рэзервата К.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГА-АРХЕНЦІ́НА (Lago Aigentino),

Архенціна, возера ў Аргенціне, каля ўсх. падножжа Андаў, на выш. 187 м. Пл. 1400 км². Глыб. каля 300 м. Ледавіковага паходжання. Падпруджана марэнамі. На З да фіёрдападобных заліваў спускаюцца ледавікі. Упадае р. Леона (сцёк з воз. В’едма), выцякае р. Санта-Крус (упадае ў Атлантычны ак.). Зах. берагі возера ўваходзяць у нац. парк Лос-Гласьярэс, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)