Е́РАСЬ (ад грэч. hairesis, асобнае веравучэнне, школа, секта),

адыход ад афіц. царк. дактрыны па пытаннях дагматыкі, культу і арганізацыі. Ідэйнымі вытокамі Е. былі іудаізм і іудзейскае сектанцтва (эсены, эбіяніты, неаплатонікі), якія ўплывалі пазней на антытрынітарыяў, хіліястаў, арыян (гл. Хіліязм, Арыянства), а таксама язычніцтва і містыцызм у выглядзе гнастыцызму, маніхейства, ісіхазму і інш. На глебе незадаволенасці палітыкай Ватыкана ў 14—16 ст. узнік шэраг сял. рухаў, якія зліваліся з рэфармац. рухам (гл. Рэфармацыя).

На Беларусі ўсе Е. прыўнесены з-за мяжы: у 15 ст. гусізм; у 16 ст. рэліг.-рацыяналіст. вучэнне (Ф.​Касой, Арцемій, М.​Башкін), антытрынітарыі, атэісты (К.Бекеш, С.Лован), з 17 ст. сацыніяне.

А.​А.​Цітавец.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІПУ́Р,

старажытны шумерскі горад, рэліг. цэнтр, месца культу вярх. бога Энліля (на ПдУ ад сучаснага г. Эд-Дыванія ў Іраку). У 18 ст. да н.э. захоплены Вавілонам, пазней меў унутр. аўтаномію. Археал. раскопкамі канца 19 — пач. 20 ст. ўзноўлены план і арх. помнікі стараж. часткі Н.: палацы правіцеляў Нарамсіна і Шаркалішары (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), Ур-Наму (канец 3-га тыс. да н.э.), Ашурбаніпала (7 ст. да н.э.), храм Энліля-Экур з зікуратам. У 80 памяшканнях жрэцкай б-кі захавалася каля 60 тыс. гліняных клінапісных таблічак, у якіх зафіксавана большая частка шумерскай л-ры.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКТЭ́Б (араб., літар. месца, дзе пішуць),

1) з 7 ст. пачатковая мусульм. школа пры мячэці. З пашырэннем ісламу і развіццём мусульм. місіянерства М. пашыраны ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу, у 9—10 ст. — у Сярэдняй Азіі, Азербайджане, Паволжы, Сібіры. М. ўтрымлівалі на сродкі насельніцтва, навучаліся ў іх пераважна хлопчыкі, настаўнікі — служыцелі культу, мулы. У аснове навучання араб. мова і тэксты Карана; у сучасных М. вывучаюцца і інш. прадметы. Многія М. рэарганізаваны ў пач. агульнаадук. школы. У шэрагу краін ісламу створаны і жаночыя М. — кутабы.

2) Назва сярэдняй агульнаадук. школы ў народаў цюркскай моўнай групы, якія жывуць на тэр. Расійскай Федэрацыі.

т. 10, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ра́бін1 ’служыцель культу, духоўны кіраўнік веруючых у яўрэйскай рэлігійнай абшчыне’ (ТСБМ, Гарэц.), рабе́й ’тс’ (Сержп.), рабэй ’тс’ (Нас.) ст.-бел. рабей, рабинъ, раббинъ, равви, рави, рус. равви́н, укр. ра́бин, польск. rabin, чэш. rabín, літ. rãbinas. Упершыню зафіксавана ў помніках старабеларускай пісьменнасці ў форме рабинъ (раббинъ) у 1506 годзе. Са ст.-яўр. rabbî ’мой настаўнік’. Як мяркуе Фасмер, тут, магчыма, сінгулятыўнае слав. ‑inъ (Фасмер, 3, 428).

Ра́бін2 ’рабы чалавек’ (міёр., З нар. сл.). Ад рабы (гл.) з іранічнай адсылкай да папярэдняга слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕНЯВІ́ЦІНАЎ (Дзмітрый Уладзіміравіч) (26.9.1805, Масква — 27.3.1827),

рускі паэт. Прадстаўнік філас. плыні ў рус. рамантызме. Скончыў Маскоўскі ун-т (1824). Адзін з заснавальнікаў «Таварыства любамудрасці». Рамантычная паэзія Венявіцінава насычана філас. матывамі ў духу шэлінгіянства. Многія вершы прысвечаны высокаму прызначэнню паэта і паэзіі, культу дружбы і братэрства паміж людзьмі. Аўтар любоўных элегій («Запавет», «Элегія», «Да майго пярсцёнка», «Паэт і сябра», «Апошнія вершы» і інш.), паэмы «Еўпраксія» (выд. 1829). Перакладаў з лац., франц. і ням. моў (Вергілій, Ш.​Мільвуа, І.​В.​Гётэ, Э.Т.​А.​Гофман і інш.). Пісаў філас. і літ.-крытычныя артыкулы.

Тв.:

Полн. собр. соч. М.; Л. 1934;

Стихотворения;

Проза. М., 1980.

Літ.:

Тартаковская Л.А. Дмитрий Веневитинов: (Личность. Мировоззрение. Творчество). Ташкент, 1974.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСУМА́ТРАВА (Святлана Міхайлаўна) (н. 22.11.1946, г. Мазыр),

бел. паэтэса. Вучылася ў БДУ (1965—66), Літ. ін-це імя Горкага ў Маскве (1966—69), скончыла Маскоўскі літ. ін-т (1986). З 1972 у Бабруйску. Настаўнічала, працавала ў саўгасе, на радыё, у прэсе. Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988), «Далеч-далячынь» (1991). Паэма «Незабудкі памяці» пра трагічны час культу асобы, рэпрэсіі супраць нявінных людзей навеяна лёсам дзеда. Любоў да роднай зямлі і яе людзей, памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, клопаты і трывогі сучасніка, вернасць высокім ідэалам, шчырасць і непасрэднасць пачуццяў — гал. ў лірыцы паэтэсы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДЫ́,

народны памінальны абрад у беларусаў, рытуальная вячэра ў памяць памерлых родзічаў. Дзядамі называлі таксама дзень, калі адбываўся абрад, і нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі. Паходзяць ад дахрысц. ўсх.-слав. звычаю трызны; звязаны з культам продкаў. Пазней абрад ускладніўся напластаваннем хрысц. культу. Дз. спраўлялі ў пэўныя дні 3—4 і больш разоў на год (у залежнасці ад мясцовасці) вясною і ўвосень. Галоўнымі былі змітраўскія Дз. (асяніны) — у суботу перад Змітравым днём (26 кастр. с. ст.), на радаўніцу, а таксама перад масленіцай, сёмухай. На Дз. гатавалі святочныя і абрадавыя стравы (абавязковымі былі куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса). Паводле звычаю ад кожнай з іх сімвалічна адкладвалі ў асобны посуд нябожчыкам. У наш час Дз. (Дзень памяці) адзначаюць 2 лістапада.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКА́ННЕ ВЯСНЫ́,

старажытны язычніцкі абрад; першае па часе веснавое свята беларусаў. У асобных месцах пачыналася 1 сакавіка с. ст. (на хрысц. свята Аўдакею), усюды — з 25 сакавіка (на Дабравешчанне). Удзельнікі абраду выходзілі на высокае месца — пагорак, бераг ракі, дзе звычайна збіралася моладзь — раскладалі вогнішча (на Магілёўшчыне палілі ўсякае смецце — ачышчалі зямлю, на Гомельшчыне запаленае кола на плыце пускалі па рацэ — водгалас культу сонца), спявалі вяснянкі, вадзілі карагоды, якія выконвалі магічную функцыю («дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць»). Сляды аграрна-магічнай функцыі хлеба захаваліся ў печыве, якое рабілі ў выглядзе птушак (гл. Галёпы). Паступова абрад гукання вясны ператварыўся ў прыгожае свята, забаву моладзі і ў такім выглядзе дайшоў да нашых дзён.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 5, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́Н (ад грэч. kanōn норма, правіла),

1) сістэма пануючых правіл і норм, якія ў пэўны перыяд часу або ў якім-н. кірунку маюць сілу закону. Кананічнасць найбольш характэрна грамадскай свядомасці стараж. і сярэдніх вякоў. К. можа быць носьбітам пэўных традыцый ў духоўным жыцці грамадства, увасабляць ідэал культуры, а пры пэўных абставінах — тормазам развіцця культуры, мастацтва і інш. Біблейскі К. — сукупнасць кніг Бібліі, якія прызнаюцца царквой «боганатхнёнымі» (у адрозненне ад апокрыфаў) і выкарыстоўваюцца ў богаслужэнні ў якасці «свяшчэннага пісання». К. правасл., каталіцкай, пратэстанцкай цэркваў крыху адрозніваюцца складам твораў. Царкоўны К. — правілы ў галіне дагматыкі, культу, арганізацыі царквы, узведзеныя хрысц. царквой у закон.

2) Усё, што цвёрда ўстаноўлена, стала агульнапрынятым.

т. 7, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРТА́Д ((Courtade) П’ер) (3.1.1915, г. Баньер-дэ-Бігор, Францыя — 14.5.1963),

французскі пісьменнік і журналіст. У раманах філас.-сатыр. «Эльсенёр» (1949), сац.-паліт. «Джымі» (1951), «Чорная рака» (1953), «Чырвоная плошча» (1961; аўтабіягр.) гал. тэмы — акупацыя Францыі і Рух Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну, пасляваен. палітыка зах. краін, трагічныя падзеі ў СССР у часы культу асобы. Творы К. адметныя панарамнасцю, сюжэтнай разгалінаванасцю, дынамізмам дзеяння, спалучэннем дакументальнасці з псіхалагізмам. Аўтар зб-каў апавяданняў «Абставіны» (1946) і «Вышэйшыя жывёлы» (1956), кніг публіцыстыкі. На бел. мову навелу К. «Канец Італіі» пераклаў А.​Мароз.

Тв.:

Бел. пер. — Канец Італіі // Французская навела XX ст. Мн., 1992;

Рус. пер. — Джимми. М., 1953;

Красная площадь. М., 1963.

Е.​А.​Лявонава.

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)