акрэ́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Акрыяць, паправіцца пасля цяжкай хваробы, набрацца сіл. Відаць, не акрэп яшчэ камісар пасля гестапаўскага засценка. Кулакоўскі. // Стаць мацнейшым, здольным супрацьдзейнічаць. [Мяснікоў:] Акрэпне Піцер — гэта ўсё: Як снежная лавіна з стромкіх гор, Змятаючы з дарогі перашкоды, Кастрычнік пройдзе па Расіі. Клімковіч. // Стаць мацнейшым, здаравейшым. Сэрца мацярок нашых ляжыць больш да слабейшага дзіцяці, пакуль яно не акрэпне, да таго, што ў дарозе, пакуль не вернецца, да меншага, пакуль не дарасце. Карпюк.

2. Усталявацца, умацавацца. Новы ж свет акрэпне і ўзбагацее тады, калі кожны яго будаўнік будзе добрым гаспадаром. Гартны. // Пра з’явы прыроды. Праз які тыдзень зіма акрэпла. Пянкрат.

3. Стаць цвярдзейшым (пра грунт, глебу). Напярэдадні прайшоў спорны веснавы дождж, першы ў гэтым годзе. Ён абмыў з зямлі ўсю смугу, што засталася ад зімы; поле выглядала чыстым, яно нібы памаладзела. Дарога акрэпла. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магчы́масць, ‑і, ж.

1. (у спалучэнні з наз. або інф.). Тое, што можа пры пэўных умовах адбыцца, ажыццявіцца, здзейсніцца. Магчымасць перамогі. □ [Ігнат] і ў думках не мог дапусціць магчымасці здрады .. [Багуцкага]. Лынькоў. Магчымасць пастаяць у сапраўдных варотах сапраўднага стадыёна прывабіць хоць каго. Васілёнак. // Дазволенасць, дапушчальнасць. Дзедава фантазія трохі разгулялася і свавольна пераходзіла межы рэальных магчымасцей. Колас.

2. Сродкі, умовы, неабходныя для здзяйснення чаго‑н. Пакуль Мірон зноў учапіўся за дрэва ды агледзеўся, човен быў на такой адлегласці, што дагнаць яго не было магчымасці, тым больш чалавеку адзетаму і абутаму. Маўр. [Сержант:] — Я ўжо даўно не хацеў служыць у польскай арміі, хацеў перайсці да бальшавікоў, але не было магчымасці... Нікановіч.

3. толькі мн. (магчы́масці, ‑ей). Унутраныя сілы, рэсурсы, здольнасці. Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.

•••

Па магчымасці (у знач. пабочн.) — наколькі магчыма.

Па меры магчымасцей гл. мера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Дакладна вызначаны, прызначаны. Ліда атрымала некалькі мін, заведзеных на пэўны, вядома, позні час ночы. Кавалёў. [Тарыел і Тапурыя] ўгаварыліся сустрэцца на пэўным месцы, на паўднёвай ўскраіне лесу. Самуйлёнак.

2. Выразны, акрэслены, які склаўся канчаткова. Без пэўнай думкі расчыніў.. [Раман] у клуню вароты, зайшоў туды, агледзеў сцены, зірнуў на кучы саломы і выйшаў на двор. Колас. Назаўтра, пасля абходу, калі ўрач, таксама не сказаўшы нічога пэўнага, пайшоў з палаты, Лёдзя ўстала і падышла да жанчыны. Карпаў.

3. Некаторы, той ці іншы. У працы выяўлены пэўныя недахопы. □ Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.

4. Перакананы ў чым‑н.; упэўнены. Аўгеня пайшла дадому, пэўная ў тым, што сёння свята. Колас.

5. Такі, якому можна даверыцца; надзейны. [Алалоўнік] быў чалавекам пэўным у палітычным сэнсе... Бядуля. [Жэня:] — [Серада] абяцае завесці нас у найбольш пэўную схованку. Брыль.

6. Упэўнены, цвёрды. Спрактыкаваныя, пэўныя рукі паклалі пад рэйку адну з «мышаловак». Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раста́ць, ‑тану, ‑танеш, ‑тане; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перайсці ў вадкі стан пад дзеяннем цяпла. Першы снег растаў, расквасіўшы і без таго дрэнныя дарогі. Краўчанка. // Разм. Растварыцца ў вадкасці. // Разм. Перастаць быць падмёрзлым, адтаяць. Мароз адваліўся з ночы. Расталі шыбіны.. Грахоўскі. Так, Шыбасаў, мабыць, правільна кажа: трэба цяпер вывозіць [сосны], пакуль не расталі дарогі. Савіцкі.

2. перан. Паступова знікнуць, стаць нябачным, нячутным, непрыкметным. — Хто гэта? — спытаў я, калі чалавек растаў у цемры. Сачанка. Потым аднекуль здалёку палілася ціхая дзявочая песня, растала ў пахуча-тугім паветры. Нікановіч. // Знікнуць, прайсці, кончыцца. Мара была пустая, яна растала ў адзін момант. Чорны. І, нарэшце, у Якава Гузіка растала ўсякая вера, знікла ахвота, апаў настрой. Гартны. // Разысціся, рассеяцца. Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Мележ.

3. перан. Прыйсці ў замілаванне; памякчэць, расчуліцца. Растаць ад пахвалы. □ [Сымон Пятровіч:] — Вам стаж патрэбен і моднае імя «будаўнік Нафтаграда». Гучыць! Пачуе камісія і растане. Грахоўскі. Напісаць тое, што адчувала ў сваім сэрцы, .. [Кацярына] не адважвалася. А што падумае Аляксей? Пасмяецца: вось, скажа, правінцыялка, убачыла і — растала. Ус.

•••

Як у вадзе растаць — знікнуць бясследна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцве́рдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Увесці ў дзеянне, устанавіць, канчаткова замацаваць. З’явіўся новы герой гісторыі — чалавек, народжаны рэвалюцыяй, будаўнік новага сацыялістычнага грамадства, якое павінна было сцвердзіць на зямлі справядлівыя ўзаемаадносіны паміж людзьмі. «Маладосць». Кастрычніцкая рэвалюцыя .. сцвердзіла добраахвотнае супрацоўніцтва і саюз народаў. Бярозкін.

2. Афіцыйна ўхваліць, прызнаць устаноўленым. Сцвердзіць дагавор подпісам.

3. Пацвердзіць што‑н. Сінія вочы стрэліся з тытунёвымі вачыма Лізагуба. — Гэты, — нібы сцвердзіў Рафал. — Вядома. Хто ж яшчэ? Караткевіч. — Павел Адамавіч?! — гэтак жа запытаў і сцвердзіў адначасова завуч. Шамякін. — Што .. [Таня] змяніла свае адносіны да нас, я гэта даўно заўважыла, — сцвердзіла Вера. Машара. // З’явіцца доказам, пацвярджэннем чаго‑н. Чалавечнасць для тоўхартаў — слабасць. Ды толькі гісторыя сцвердзіла адваротнае, калі тоўхарты дарваліся да ўлады ў Германіі, а потым рынуліся на другія краіны і народы. Адамовіч.

4. Вызначыць, устанавіць. Прывялі ваеннага ўрача, маладога, сімпатычнага чалавека. Сцвердзіў халеру і сказаў, што ратаваць можна было гадзіну таму назад. Таўлай.

5. Усвядоміць вартасць, значнасць сябе, сваёй асобы. Антанюк імкнецца зразумець сябе, сцвердзіць сваю асобу як прынцыповага абаронцу справядлівасці. Юрэвіч. Яўген Шабан — аўтар зборніка «Нарачанка» — спрабуе сцвердзіць свае лірычнае «я», настойліва акцэнтуючы тэму ўслаўлення Нарачы як выключна сваю. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАНУМЕНТА́ЛЬНЫ ЖЫ́ВАПІС,

творы жывапісу буйных памераў, звязаныя з архітэктурным асяроддзем; від манументальнага мастацтва. Адначасова творы М.ж. валодаюць і самаст. вобразным зместам, вырашаюць дэкар. задачы (наз. таксама манум.-дэкар. жывапісам). Да М.ж. адносяць вял. памераў карціны, пано, размалёўку, мазаіку, якія выконваюць у тэхніках фрэскі, а сэка, васковага жывапісу, сграфіта і інш. Спецыфіка М.ж. вымагае асаблівага ладу маст. форм: яснасці і лаканізму кампазіцыі, дакладнасці і абагульненасці малюнка, вял. колеравых плям, асаблівай прадуманасці ракурсаў і перспектывы з улікам успрыняцця з вял. адлегласці. Выкарыстоўваецца для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, пашыраны ў культавым мастацтве.

Вядомы здаўна ў мастацтве Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Грэцыі, Рыма, Візантыі і інш. Пазней развіваўся ў рэчышчы адпаведных гіст. маст. стыляў, творчасці асобных майстроў і рэліг.-культурных традыцый народаў свету. Найб. росквіту дасягнуў у эпоху Адраджэння (работы Мазачыо, Рафаэля, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы і інш.). Высокім маст. узроўнем у перыяд барока вызначаліся творы Анібале Карачы, П’етра да Картоны, класіцызму — Ш.​Лебрэна, 19 ст. — Э.​Дэлакруа, П.​Пюві дэ Шавана, Ф.​Овербека, у 20 ст. — А.​Гаўдзі, М.​Дэні, Ф.​Лежэ, Д.​Сікейраса, Д.​Рыверы, М.​Урубеля, А.​Дайнекі і інш.

На Беларусі найб. стараж. ўзоры М.ж. датуюцца 11 ст. (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора і Полацкага храма-пахавальні). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фрэскі Нясвіжскага касцёла езуітаў, Магілёўскага касцёла кармелітаў, Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплексу, мазаікі Баранавіцкага Пакроўскага сабора. У 1920—30-я г. пераважалі творы на тэмы, прысвечаныя сац. і эканам. зменам: размалёўкі ў Доме ўрада ў Мінску (М.​Лебедзева, І.​Фрэнк), кінатэатры «Мастацкі» ў Віцебску (В.​Волкаў, М.​Керзін, М.​Эндэ), пано ў будынку вакзала на чыг. ст. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. (Волкаў) і інш. У 1940—41 мастакі І.​Давідовіч, Я.​Зайцаў, М.​Тарасікаў, Я.​Ціхановіч, М.​Манасзон выканалі шэраг пано ў інтэр’еры Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі ў Мінску. Сярод найб. значных работ 1950—60-х г. размалёўка плафона «Дружба народаў» у т-ры юнага гледача і пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел. т-ва дружбы з замежнымі краінамі І.​Ахрэмчыка і Давідовіча, пано «Палёт» Г.​Вашчанкі ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў, сграфіта «Маяк» А.​Кішчанкі і Г.​Гаркунова ў кінатэатры «Кіеў» у Мінску. Творы М.ж. 1970—90-х г. вызначаюцца шырокім выкарыстаннем алегорыі, метафары, сімволікі, зваротам да традыцый сусв. мастацтва: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» М.​Савіцкага ў Дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны, «Асветнікі» Вашчанкі ў Доме настаўніка, энкаўстыка «Стары і новы Вільнюс» С.​Катковай і З.​Літвінавай у кінатэатры «Вільнюс», мазаікі «Горад-воін», «Горад-будаўнік», «Горад навукі», «Горад культуры» на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход-1, «Беларусь партызанская» на тарцы будынка гасцініцы «Турыст» Кішчанкі, на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць В.​Барабанцава (усе ў Мінску); размалёўкі «Зямля Светлагорская» Вашчанкі ў вестыбюлі палаца культуры хімікаў, пано У.​Крываблоцкага на тарцах жылых дамоў у г. Салігорск Мінскай вобл.; «Эстафета пакаленняў» Савіцкага і Кішчанкі ў санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна); «Юнацтва» Я.​Кузняцова ў клініцы НДІ радыяцыйнай медыцыны «Аксакаўшчына» Валожынскага р-на Мінскай вобл.; пано «Песня пра Радзіму» Т.​Кіршчынай у Палацы нафтаперапрацоўчага завода ў г. Мазыр Гомельскай вобл. і інш.

т. 10, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛЬСКІ РАЁН.

Размешчаны на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2 тыс. км². Нас. 37,2 тыс. чал. (1998), гарадскога 36,8%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр.г. Мядзел. Уключае г.п. Крывічы і Свір, курортны пас. Нарач, 306 сельскіх населеных пунктаў, Крывіцкі і Свірскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Будслаўскі, Дзягільскі, Занарачанскі, Княгінінскі, Латвянскі, Мядзельскі, Нарачанскі, Пузырэўскі, Сваткаўскі, Слабадскі, Старагабскі, Сырмежскі.

Большая ч. тэр. раёна размешчана на Нарачана-Вілейскай нізіне, паўн. ч. ў межах Свянцянскіх град. Паверхня пераважна спадзістахвалістая, 90% яе знаходзіцца на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад курортнага пас. Нарач). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, мінер. воды. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 17,3 °C. Ападкаў 660 мм. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. рэкі Страча, Нарач, Вял. Перакоп, Вузлянка, Сэрвач (бас. Віліі), Мядзелка (бас. Дзісны). Найб. азёры: Нарач, Свір, Мядзел, Мястра, Баторына, Бледнае. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,6%), тарфяна-балотныя (22,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%). Пад лесам 42,7% тэр. раёна, пераважна на Пд і ПдЗ. Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя і інш. Пад балотамі 11,2 тыс. га. На тэр. раёна нац. парк Нарачанскі, заказнікі рэсп. значэння: біял.Некасецкі, Пасынкі, Рудакова, гідралагічны Чарэмшыца, ландшафтны — Блакітныя Азёры. Ахоўваемыя тарфянікі: Баравікі, Баркаўшчызна, Беразнякі, 40 гадоў Кастрычніка, Пронькі, Радняк, Свірскае — Свірнішча, Трудапольскае I, II, Ходнеўшчына, Цалевічы, Чалеі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: бяроза карэльская (участкі каля в. Брэскія і ў Мядзельскім лясніцтве), вял камяні: Баярскі, Венцавіцкі, Высочкінскі, Гуліўскі, Красніцкі, Ляшчынскі, Мацкійскі, Пронькаўскі, Юшкавіцкі; камяні: Альшэўскі, Занарачанскі (седлавы з ямкамі), Чортаў камень Шкленікоўскі; грады (озы): Качаргінская, Лукінская, Цюкшынская; Дубовая гара; паўвыспы Наносы і Чараўкі; Студзянец (геал. агаленне), Сцепянёўскі берагавы ўступ. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі ў вёсках Альшэва, Будслаў, Камарова, Стары Мядзел, парк Перамогі на паўвостраве воз. Мястра; востраў на воз. Нарач, горы Барсучыха і Пуставіны; вял. камяні: Жаснянскі, Качаргінскі, Маргінаўскі; камяні Брылёўскі, Дзягільскі, Юшкавіцкі.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 72,9 тыс. га, з іх асушаных 22,2 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 12 фермерскіх гаспадарак, дапаможныя с.-г. прадпрыемствы Мінскага электрафурнітурнага з-да, Мінскага маторнага з-да («Дзягілі»), адкрытае акц. т-ва «Крывічы», доследная рыбная гаспадарка «Нарач», «Райаграпрамэнерга». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Конегадоўля. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (рыбныя кансервы, масла, спірт, віно, напіткі), металаапр., буд. і кааператыўнай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Маладзечна—Полацк, аўтадарогі на Мінск, Полацк, Вільнюс, Паставы, Докшыцы, Глыбокае, Вілейку, Маладзечна. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 2 пачатковыя, 4 муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, цэнтр эстэт. выхавання, Дом дзіцячай творчасці, Дом фальклору, ПТВ, 19 дашкольных устаноў, 32 клубы, 48 б-к, 6 бальніц, 3 урачэбныя амбулаторыі, паліклініка, 22 фельч.-ак. пункты. Курорт Нарач з санаторыямі «Нарач», «Баравое», «Белая Русь», «Будаўнік», «Журавушка», «Прыазёрны»; дом адпачынку «Нарач»; пансіянаты «Спадарожнік» і «Сосны»; турбаза «Возера Нарач», аўтатурбаза «Нарачанка». Раённы музей нар. славы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (1887—93) у в. Альшэва; касцёл бернардзінцаў і плябанія (2-я пал. 18 ст.) у в. Будслаў; Успенская царква (1820-я г.) у в. Вузла; Троіцкі касцёл і кляштар кармелітаў (1713—14) у в. Засвір; сядзіба (пач. 20 ст.) у в. Камарова; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Канстанцінава; царква (19 ст.) у в. Княгінін; Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 49 ст.) у в. Нарач; царква (канец 19 ст.) у в. Слабада; касцёл Маці Божай і званіца (на мяжы 18—19 ст.) у в. Шэметава. Выдаецца газ. «Нарачанская зара».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Н.​М.​Мацюшонак, Г.​С.​Смалякоў.

т. 11, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКІ ЗА́МКАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры 16 — пач. 20 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў пач. 16 ст. магнатам Ю.​І.​Іллінічам. З 1568 належаў кн. Радзівілам, у 19 ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Уключае замак, палац (захаваўся часткова), парк, капліцу-пахавальню (гл. Мірская капліца). Замак напачатку быў мураванай (цэгла і бутавы камень) крэпасцю (з унутр. дваром, блізкім у плане да квадрата), абнесенай з зах. і паўн. бакоў абарончымі сценамі (выш. з падмуркам каля 13 м, таўшчыня ўнізе 3 м) з 5-яруснымі вежамі па вуглах. Пасярэдзіне зах. сцяны знаходзілася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Вежы (выш. 25—27 м) накрыты шатрамі, прарэзаны байніцамі і амбразурамі для вядзення агню з ручной агнястрэльнай зброі і гармат. Паўд. і паўн.-зах. вежы завяршаліся машыкулямі для кідання камянёў і ліцця вару. Ніжнія ярусы вежаў маюць мураваныя скляпенні, верхнія перакрываліся памостамі на драўляных бэльках. Замак абкружаны землянымі валамі выш. каля 10 м і ровам з вадой. Дэкар. вырашэнне заснавана на кантрасце чырвонай цэглы і ружовай атынкоўкі. Вонкавыя сцены арнаментаваны парэбрыкамі, гіркамі, нішамі, паяскамі, паўкалонкамі. Архітэктура замка мае рысы позняй готыкі і рэнесансу. У 1580—90-я г. перабудаваны пад княжацкую загарадную рэзідэнцыю (будаўнік М.​Збароўскі). Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. Вежы прыстасаваны пад жыллё, уздоўж зах. і паўд. сцен замка пастаўлены гасп. пабудовы (кухня, стайня). У сутарэннях палаца і на 1-м паверсе размяшчаліся гасп. памяшканні, на 2-м — службовыя, на 3-м — княжацкія пакоі. Усяго ў палацы больш за 40 пакояў, аздобленых лепкай, мармурам, шпалерамі. Сістэма ацяплення складалася з прыгожых кафляных печаў і камінаў, дымаходы праходзілі ў мураваных сценах. Сцены і вежы звонку атынкаваныя. Аконныя праёмы, дзверы, ганкі ўпрыгожаны разнымі дэталямі з вапняку. У вежы-браме быў гадзіннік са званамі, у т. л. ажурнымі; перад уваходам пабудавана дадатковае паўкруглае ўмацаванне (барбакан) з асобнай брамай і рэнесансавым разным парталам. Замак быў адм. цэнтрам Мірскага графства, тут знаходзіліся канцылярыя і астрог. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў. Пашкоджаны ў 1655 і 1706. Адноўлены ў пач. 18 ст. Замак моцна пашкоджаны ў 1794. У канцы 18 ст. заняпаў. У 1812 пад сценамі замка адбыўся бой паміж франц. кавалерыяй маршала Л.​Н.​Даву і ар’ергардам 2-й рус. арміі — казацкай конніцай М.​І.​Платава. Была ўзарвана паўн.-ўсх. вежа, палац разрабаваны, разбураны і спалены. У 1870-я г. праведзены першыя работы па захаванні замка як помніка старажытнасці. У 1920—30-я г. часткова адноўлены М.​Святаполк-Мірскім. У Вял. Айч. вайну ў замку размяшчалася яўр. гета. З 1969 праводзіліся частковая кансервацыя і навук. даследаванні (праект рэстаўрацыі 1982, арх. В.​Атас, С.​Верамейчык, В.​Калнін, навук. супрацоўнікі А.​Трусаў, Л.​Трэпет). Археал. даследаванні на тэр. замка праводзілі Ю.​Ядкоўскі (1912), М.​Ткачоў (1972), Трусаў (1980—84, 1991; у 1982 з І.​Чарняўскім). Знойдзена вял. колькасць керамічных, шкляных і метал. вырабаў. З 1992 філіял Нац. маст. музея Беларусі. Парк (т.зв. італьян. сад) створаны на Пд за замкавымі валамі. Закладзены ў 17 ст. як рэгулярны парк італьян. тыпу з сістэмай алей і баскетаў, аранжарэямі і вадаёмамі. Па перыметры абсаджаны ліпамі. У канцы 19 ст. створаны пейзажны парк (пл. каля 20 га), у яго кампазіцыі рэшткі рэгулярнага парку ў зах. частцы. Акрамя прысад з мясц. парод у парку больш за 400 цеплалюбівых раслін з розных куткоў свету. На У ад комплексу знаходзіцца фальварак, на Пд — каскад ставоў з вадзянымі млынамі. За 3 км ад замка закладзены звярынец для палявання. Комплекс у асноўным захаваўся і з’яўляецца унікальным збудаваннем бел. архітэктуры, у якім адлюстраваны стылі готыкі і рэнесансу, сумяшчаюцца рысы абарончай і палацавай архітэктуры. Аднесены ЮНЕСКА да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусв. культуры (1994). Вядзецца рэстаўрацыя (2000).

Літ.:

Иодковский И.И. Замок в Мире // Древности. М., 1915. Т. 6;

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987;

Трусаў А.А. Старонкі мураванай кнігі. Мн., 1990;

Калнін В.В. Мірскі замак: [Гіст.-архіт. нарыс]. Мн., 1995.

В.​Р.​Анціпаў, В.​В.​Калнін, А.​М.​Кулагін, А.​А.​Трусаў.

Мірскі замкава-паркавы комплекс.

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОСТ,

збудаванне, якое пракладвае шлях над перашкодай. Узводзяць цераз рэкі і інш. вадацёкі (уласна М.), цераз дарогі (пуцеправоды), яры і цясніны (віядукі), а таксама замест насыпаў і плацін (эстакады). Паводле прызначэння адрозніваюць пешаходныя, аўтадарожныя, чыгуначныя масты, сумешчаныя, для водазабеспячэння (акведукі), пропуску водных шляхоў (М.-каналы), газа- і нафтаправодаў; паводле працягласці бываюць малыя (да 25 м), сярэднія (25—100 м), вялікія (больш за 100 м), пазакласныя (больш за 500 м, у якіх ёсць пралёты болей за 100 м); паводле канструкцыі — арачныя, бэлечныя масты, вантавыя масты, вісячыя масты, рамныя масты, камбінаваныя. Асобную групу ўтвараюць наплаўныя масты, развадныя масты, зборна-разборныя, а таксама масты ваенныя.

М. падзяляюць таксама на: адно-, двух- і шматпралётныя; з яздой па версе, па нізе, па сярэдзіне; нізка- і высакаводныя; жалезабетонныя, стальныя, сталежалезабетонныя, бетонныя, драўляныя (пераважна часовыя). М. звычайна складаецца з пралётных канструкцый і апор (прамежкавых быкоў і канцавых устояў). Апоры М. бываюць масіўныя, ражавыя, па́левыя, на па́левых абалонках, апускных калодзежах і кесонах; устоі спалучаюць М. з земляным палатном дарогі. На пралётнай канструкцыі размяшчаюць праезную ч., пешаходныя праходы, трубаправоды. Асн. параметры М.: агульная даўжыня, даўжыня пралётных канструкцый, шырыня праезнай ч. і тратуараў, падмаставы габарыт. Будуюць па тыпавых або індывід. праектах, выпрабоўваюць на статычныя і дынамічныя нагрузкі. Будаваць М. (драўляныя і каменныя) пачалі са стараж. часоў, на Русі — з 10 ст. драўляныя (пераважна наплаўныя), з пач. 16 ст. — каменныя. Першы метал. (чыгунны) М. пабудаваны ў Англіі ў 1779, у Расіі — у 1784 у Пецярбургу; вял. ланцуговы М. — у 1847—53 у Кіеве. З пач. 20 ст. значнае пашырэнне набылі жалезабетонныя М. З пач. 19 ст. пачалі будаваць вісячыя масты, пралёты іх хутка павялічваліся. У 1937 цераз праліў у Сан-Францыска (ЗША) пабудаваны унікальны вісячы М. з пралётам 1281 м. У тэорыю і практыку мостабудавання значны ўклад зрабілі працы рас. і сав. вучоных М.​А.​Белялюбскага, Дз.​І.​Жураўскага, С.​В.​Кербедза, Л.​Ф.​Нікалаі, Я.​А.​Патона, Р.​П.​Перадзерыя, Л.​Дз.​Праскуракова, Ф.​С.​Ясінскага; Э.​Фрэйсінэ (Францыя), Р.​Маяра (Швейцарыя) і інш.

Многія М. з’яўляюцца помнікамі дойлідства і інж. мастацтва. М. стараж.-рым. дасягнулі адзінства архітэктуры і інжынерыі: выразная архітэктоніка масіўнай шматарачнай канструкцыі, амаль пазбаўленай дэкору, надавала ім выгляд суровай магутнасці (М. Алькантара цераз цясніну р. Таха ў Іспаніі, 98—106 н.э., будаўнік Гай Юлій Лацэр). Найб. пашыраныя да сярэдзіны 19 ст. каменныя М. мелі масіўныя ўстоі і пралёты, што стварала ўражанне ўстойлівасці і надзейнасці. Метал. М. сталі менш грувасткімі і набылі ажурнасць сілуэта (М. цераз р. Дору ў г. Порту ў Партугаліі, 1881—85, інж. А.​Г.​Эйфель). Яны паўплывалі на стылістыку М. 20 ст. Вял. пластычнай выразнасцю адметныя жалезабетонныя М. Іх дынамічнасць і зрокавая лёгкасць форм надаюць буйным збудаванням своеасаблівую элегантнасць (М. цераз р. Арв у Швейцарыі, 1936, інж. Р.​Маяр). Арыгінальныя сілуэты М. істотна ўплываюць на арх. аблічча горада (напр., М. ў Празе, Будапешце, Пецярбургу, Кіеве і інш.).

Сярод найб. значных і прыгожых М.: цераз р. Дзебед каля манастыра Санаін у Арменіі (1192), цераз р. Эльба ў г. Дрэздэн (Германія; 1260), Карлаў М. у Празе (1357), Санта-Трыніты ў Фларэнцыі (Італія; 1567), вісячы Бруклінскі М. у Нью-Йорку (1869—83), Таўэрскі ў Лондане (1886—94), чыг. арачны Мюнгстэнскі цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген (Германія; 1897, выш. каля 107 м), цераз р. Св Лаўрэнція ў г. Квебек (Канада; 1899—1917, пралёт 549 м), Вял. Маскварэцкі ў Маскве (1938), Патона ў Кіеве (1951), цераз праліў Басфор (Турцыя; 1973), цераз эстуарый Хамбер на У Вялікабрытаніі (даўж, 1410 м, 1981). Шэдэўрам цяслярнага мастацтва з’яўляюцца драўляныя рыштаванні і кружала Чортавага М. на аўтамагістралі Гера—Іена ў Германіі (1937). Самыя высокія М.: у свеце — на выш. 321 м перасякае Каралеўскі каньён у штаце Каларада, ЗША (пралёт 218 м, 1929), у Еўропе — М. «Еўропа» (выш. 190 м, даўж. 820 м) цераз р. Зіль у г. Інсбрук, Аўстрыя (1959—63). Найб. колькасць М. у г. Гамбург (Германія) — 2,5 тыс., у С.-Пецярбургу — каля 800, у т. л. М. Анічкаў, Банкаўскі, Ільвіны мосцік і інш. У Еўропе захавалася некалькі забудаваных М.: Лонданскі цераз р. Тэмза (1209; да 14 ст. ўяўляў сабой своеасаблівы гар. квартал з 5-павярховымі дамамі), у Парыжы на М. Мянялаў асталяваліся банкіры; М. Понтэ-Векіо ў Фларэнцыі (Італія) з ювелірнымі крамамі; М. крамнікаў у г. Эрфурт (Германія) пабудаваны ў 1325 цераз р. Гера, дзе абапал яго стаяць 34 адрэстаўрыраваныя 2- і 3-павярховыя фахверкавыя дамы. Сярод вядомых стваральнікаў М.: у Англіі Т.​Тэлфард, А.​Дэрбі, Дж.​Уілкінсан, Р.​Стэфенсан, у Францыі Эйфель, у Італіі Л.​Б.​Альберці, Б.​Аманаці, у Швейцарыі І.​У.​Грубенман, у ЗША В.​Роблінг і яго сын Дж.​А.​Роблінг, Дж.​Фінлей, на Украіне Я.​А.​Патон.

На Беларусі драўляныя М. вядомы з 10—11 ст. Іх будавалі цераз рэкі, каналы, балоты, замкавыя равы і інш. Яны мелі 2 асн. апорныя канструкцыі — на палях і ізбіцах. Замкавыя М. падымаліся на спец. ланцугах (узводах). У 1567 у Гродне цераз Нёман пабудаваны драўляны М. з каменнымі падпорамі. У 18—19 ст. узведзены каменныя арачныя М. ў Брэсце, Віцебску і інш. Шэраг чыг. М. пабудаваны з пракладкай Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі (участак Парэчча—Гродна ўведзены ў эксплуатацыю ў 1862) і ўчастка Смаленск—Брэст (у 1871). У 1950—80-я г. пабудаваны: М. цераз р. Зах. Дзвіна ў Віцебску, цераз р. Дняпро ў Магілёве і Рэчыцы (усе арх. В.​Ладыгіна), цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны і вул. М.​Багдановіча ў Мінску, пуцеправоды цераз яр Дзебра ў Магілёве і чыгунку станцыі Мінск-Пасажырскі ў Мінску і інш. На Беларусі больш за 4600 аўтадарожных і каля 2000 чыг. М. (1999). Найб. М. цераз р. Прыпяць каля г. Мазыр Гомельскай вобл. даўж. 947 м пабудаваны ў 1995.

Літ.:

Кётэ Р. Мосты: Пер. с нем. [М., 1991].

І.​І.​Леановіч, Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Карлаў мост у Празе. 1357.
Таўэрскі мост у Лондане. 1886—94.
Мюнгстэнскі чыгуначны арачны мост цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген. Германія. 1897.
Драўляныя рыштаванні і кружала «чортавага» моста на аўтамагістралі Гера—Іена. Германія. 1937.
Мост цераз р. Заходняя Дзвіна ў Віцебску. 1953—55.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хто, каго, каму, каго, кім, аб кім, займ.

1. пытальны. Абазначае агульнае пытанне аб жывых істотах і стане каго‑н. — Хто пытае? — пачуўся густы бас незнаёмага. Колас. — Пачакай, — раптам перарваў.. [гаспадар] сам сябе, — ты [Мішурын] кім быў да вайны? Чорны. / У рытарычных пытальных сказах. Праца вяла з пальцамі вечную барацьбу: а ну, хто каго?. Бядуля. / У рытарычных пытаннях і воклічах, у якіх маецца на мэце адмоўны адказ. Прыпасы ў кожнага, вядома, у іх [паляўнічых] былі, Бо хто ж, падумайце вы самі, Палюе з голымі рукамі? Корбан.

2. Ужываецца ў значэнні вылучальных або ўказальных займеннікаў: «каторы», «той». Вада ў Сожы выцвіла, памялела і так аддалілася ад берага, што рэдка хто з хлапчукоў даставаў яе каменьчыкам. Ракітны. Не страшна смерць Свабоду хто бараніць, Будуе хто Нязнаны новы свет. Чарот.

3. неазначальны. Разм. Хто-небудзь, хтосьці. Каб толькі хто ведаў, як не хочацца разлучацца з сябрамі! Шыловіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. [Туміловіч:] Я павінен ведаць, хто з нас на правільнай дарозе і каму ў каго вучыцца трэба. Крапіва. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. [Дырэктар:] — Хто цягне — на таго і кладуць. Шамякін.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы (пераважна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадноснага слова «той»). Той, хто праўды шукае, — У нас знойдзе яе, А хто вецер пасее, — Той буру пажне! Танк. — Хто харч носіць, той есці не просіць, кажуць людзі, і гэта святая праўда, хлопча, — заўважыў Роўда. Машара. У гутарку ўступіла дзяўчына.. У надышоўшым змроку не відаць было, ні хто яна, ні якая з твару. Мурашка.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы; па значэнню адпавядае слову «каторы». Камандзір роты быў адным з тых, хто разам з Тураўцом ствараў брыгаду. Мележ. Слава палкім байцам, хто за волю Радзімы загінуў. Хведаровіч.

7. адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.

8. Ужываецца ў размеркавальным значэнні пры супастаўленні членаў сказа і сказаў у значэнні: «адно..., другое». Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі. Брыль. Хто ў прэферанс захоплена гуляе, Хто забаўляецца ў вясёлае лато. А. Александровіч.

•••

Мала хто — нямногія.

Хто б ні быў — няважна хто, любы, усякі.

Хто дзе — у розных месцах.

Хто каго — аб барацьбе да поўнай перамогі аднаго з процілеглых бакоў.

Хто куды — у розныя бакі. Дождж лінуў нібы з вядра. Рамонтнікі кінуліся хто куды — шукаць сховішча. Навуменка.

Хто папала — пра няпэўнасць, выпадковасць каго‑н.; абы-хто, хто прыйдзецца.

Хто ў боб, хто ў гарох — пра нязладжаныя, хаатычныя дзеянні.

Хто ў лес, хто па дровы — не гуртам, уразброд, не дружна.

Хто што — адзін адно, другі другое.

Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — ніхто не ведае, невядома. Сена бераглі: хто яго ведае, якая там будзе зіма — раптам доўгая, тады кармоў не хопіць. Асіпенка.

Хто як — адзін так, другія інакш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)