МА́ЛЬДЗІС (Адам Восіпавіч) (н. 7.8.1932, в. Расолы Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.літ.-знавец, крытык, празаік, публіцыст. Д-рфілал.н. (1987), праф. (1990). Заслужаны дзеяч польскай культуры (1982). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у друку, з 1962 у Ін-це л-ры АН Беларусі. З 1991 у Нац.навук.-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны (у 1991—98 дырэктар). Друкуецца з 1954. Даследуе гісторыю бел. культуры і л-ры 17—19 ст., бел.-польскія і бел.-літоўскія літ. ўзаемасувязі. Адзін з аўтараў кніг «Садружнасць літаратур» (1968), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), «Шляхі вялі праз Беларусь» (1980, з В.Грыцкевічам), «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988, з А.Лапінскене). Складальнік зб-каў «Зямля навагрудская, краю мой родны...» А.Міцкевіча (1969) і «Творы» Я.Дылы (1981). Падрыхтаваў для выдання рукапіс перакладу Б.Тарашкевіча на бел. мову паэмы Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1981). Аўтар гіст. аповесці «Восень пасярод вясны» (1984). З 1987 старшыня камісіі «Вяртанне» Бел. фонду культуры, з 1991 прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі беларусістаў, з 1996 кіраўнік аддзела культуралогіі Міжнар.АН Еўразіі. Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95) і час. «Кантакты і дыялогі» (з 1996). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
Тв.:
Творчае пабрацімства. Мн., 1966;
Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст.Мн., 1972;
Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;
Астравеччына, край дарагі... Мн., 1977;
На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982;
3 літаратуразнаўчых вандраванняў. Мн., 1987;
Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988;
Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн.,1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ЖАЕ,
цэнтральная эстэтычная катэгорыя для вызначэння дасканалых з’яў прыроды, грамадскага быцця і мастацтва. У якасці эстэт. каштоўнасці П. ўключае таксама ісціну і дабро ў канкрэтна-вобразнай, асабістай выяўленасці. У сістэме дыялектычнай логікі П. інтэрпрэтуецца як гарманічнае адзінства духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў быцця і мастацтва, усеагульнага і асаблівага, грамадскага і асабістага ў жыцці. У тых аб’ектах эстэт. ацэнкі, дзе духоўнауніверсальнае рэзка пераважае над матэрыяльна-асабістым, П. ўзвышаецца да ўзнёслага і гераічнага (гл.Гераізм), адваротнае парушэнне раўнавагі пераводзіць П. ў камічнае або агіднае і нізкае. Вылучаюцца 3 аспекты П. — псіхалагічнае ўспрыманне, мастацкае ўвасабленне і тэарэт. асэнсаванне ў эстэтыцы і крытыцы.
Ідэалам П. ў ант. цывілізацыі была мера і гармонія, адзінства красы, дабра і карысці — т.зв. калакагатыя. У хрысц. мастацтве П. — духоўнае пераўтварэнне быцця, пераход П. ва ўзнёслае і трагічнае. Ням. класічная эстэтыка раскрыла спецыфіку П. як мэтазгоднасці без утылітарнай мэты (І.Кант), пачуццёва-вобразнага выяўлення духоўнага пачатку ў быцці і мастацтве (Г.Гегель). Пазітывісцкая эстэтыка акцэнтуе ўвагу на псіхалогіі П. як пераменнай і адноснай каштоўнасці. Народнікі крытэрыем П. лічылі сац. і эстэт. ідэалы прац. народа. Празмерная сацыялагізацыя П. характэрна для марксісцка-ленінскай эстэтыкі.
На Беларусі ў гісторыі маст. культуры ўсведамленне П. як духоўнай каштоўнасці ўзнікла ў нар. творчасці. У 12—18 ст. арыгінальна выявіліся канцэпцыі П. сярэдневяковага, рэнесансавага, барочнага тыпаў, класіцызму і Асветніцтва. Нац. адраджэнскі ідэал П. як гармоніі нац. і універсальнага, прыроды і культуры, чалавека і грамадства абгрунтавалі пачынальнікі і класікі бел. л-ры 19—1-й пал. 20 ст. (гл.Літаратура).
Літ.:
Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;
Яго ж. Основные эстетические категории. Мн., 1974;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Яго ж. Беларуская мастацкая культура ў эпоху сярэднявечча // Мастацтва. 1999. № 10—12;
Я го ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Там жа. 2000. № 7—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬНАДУ́МСТВА,
ідэйна-філасофская плынь, зыходным пунктам якой з’яўляецца крытычнае асэнсаванне рэлігіі і рэчаіснасці. У адносінах да дактрыны аб існаванні пазазямных істот можа набліжацца да матэрыялізму (Д.Дзідро), дэізму (Вальтэр) ці пантэізму (Дж.Бруна, Б.Спіноза). Генезіс і развіццё вальнадумства непасрэдна звязаны з прагрэсам чалавечых ведаў і навук. крытыкі ўсялякіх спроб абмежавання магчымасцяў пазнання Сусвету. Элементы вальнадумства існавалі ўжо ў ант. філасофіі (Сакрат). Асн. этапы развіцця навукі, мастацтва і філасофіі (Адраджэнне, Асветніцтва, пазітывізм і матэрыялізм 19—20 ст.) былі адначасова этапамі развіцця вольнай думкі. Пэўныя арганізац. структуры вальнадумства ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. У 1880 у Бруселі створаны першы «Міжнародны саюз вальнадумцаў», у 1952 — «Міжнародны гуманістычны і этычны саюз». Паборнікі вальнадумства распаўсюджваюць свае погляды праз шматлікія выданні ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, ЗША.
На Беларусі ідэі вальнадумства мелі свае праявы ўжо ў фальклоры і помніках пісьменства 11—12 ст., у ерасях 14—15 ст. (рух стрыгольнікаў). Вяхой у развіцці вальнадумства з’яўляецца творчасць бел. першадрукара, гуманіста і асветніка Ф.Скарыны. Яго паслядоўнікі ў 16 ст. С.Будны, В.Цяпінскі, С.Лован і інш. трактавалі біблейскія тэксты з рацыяналістычных пазіцый, патрабавалі развіцця навук. ведаў, пашырэння асветы. У 17 ст. К.Лышчынскі абараняў матэрыялістычны светапогляд, даказваў супярэчлівасць рэліг. догматаў, быў актыўным барацьбітом за гуманіст. ідэалы і прынцыпы. Важную ролю ў пераадоленні ўплыву схаластыкі, у адстойванні значэння вопыту ў навук. пазнанні адыгралі ў 18 ст. К.Нарбут, у 19 ст. — Э.Жалігоўскі, І.Ястржэмбскі, К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, у пач. 20 ст. — Цётка, Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Багдановіч, М.Гарэцкі і інш. У Рэспубліцы Беларусь прынцыпы вальнадумства замацаваны ў заканадаўчых гарантыях свабоды сумлення і веравызнання, развіцця і функцыянавання мноства грамадз. рухаў і паліт. партый, якія могуць свабодна распаўсюджваць свае паліт., сацыякульт. погляды, ідэалы, прынцыпы.
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли в Белоруссии. Мн., 1962;
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,
галіна ведаў, якая вывучае геаграфію гіст. мінулага асобных краін або тэрыторый. Мае непасрэдныя сувязі з гісторыяй, археалогіяй, тапанімікай, з’яўляецца навук. базай картаграфіі гістарычнай. У фізічнай геаграфіі вывучае прыродныя ўмовы, іх змены і ўплыў на гіст. працэс; у эканамічнай — асваенне чалавекам розных тэрыторый, станаўленне і развіццё гаспадаркі, гандлю, шляхоў зносін; у палітычнай — фарміраванне тэрыторыі дзяржаў, адм.-тэр. падзелу, месцазнаходжанне стараж. населеных пунктаў, месцы гіст. падзей, маршруты ваен. паходаў і інш.; у раздзеле насельніцтва — міграцыі, размяшчэнне народаў, колькасны і нац.склад.
Метад спалучэння геаграфіі з гісторыяй вядомы з далёкай старажытнасці (Герадот, Страбон, Пталамей), пазней — у араб. географаў і гісторыкаў, у стараж. летапісах і хроніках Усх. Еўропы. У Расіі геаграфія гістарычная звязана з імем В. М.Тацішчава. У 19 — пач. 20 ст. ў гэтай галіне працавалі М.П.Барсаў, Я.Я.Замыслоўскі, М.К.Любаўскі (для гісторыі Беларусі) і інш. Пра бел. землі ў сярэдневякоўі пісалі С.Старавольскі і М.Цойлер, у эпоху асветніцтва — Т.Вага і А.Бюшынг. Спец. працы з сістэматызаваным падыходам да пытанняў геаграфіі гістарычнай ВКЛ і Рэчы Паспалітай стваралі ў 19 ст. М.Балінскі, Я.Тышкевіч, І.Лялевель, З.Глогер. Гэты перыяд завяршыў фундаментальны шматтомны «Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» (1880—90). У СССРгал. кірункі паліт. геаграфіі распрацоўваў В.К.Яцунскі. Яго ідэі развівалі Л.Р.Бяскроўны, Л.А.Гольдэнберг, Ф.А.Шыбанаў, І.П.Шастольскі, В.С.Жэкулін. Асобныя моманты геаграфіі гістарычнай Беларусі раскрыты ў працах Я.Ф.Карскага, У.І.Пічэты, У.М.Ігнатоўскага і інш.Бел. вучоныя распрацоўваюць таксама пытанні этнічнай гісторыі насельніцтва Беларусі, гіст.-геагр. метады даследавання ў археалогіі і тапаніміцы (В.В.Сядоў, В.А.Жучкевіч). Курс геаграфіі гістарычнай выкладаюць на гіст. факультэтах ун-таў і пед. ін-таў; пры аддзеле спец.гіст. навук Ін-та гісторыі АН Беларусі ў 1992 створана група па геаграфіі гістарычнай і картаграфіі.
Літ.:
Яцунский В.К. Историческая география: История ее возникновения и развития в XIV—XVIII вв. М., 1955;
Жучкевич В.А. Дорога и водные пути Белоруссии: Ист.-геогр. очерки. Мн., 1977;
Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд.Мн., 1991;
Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РДЭР ((Herder) Іаган Готфрыд фон) (25.8.1744, г. Морунген, цяпер г. Моранг, Польшча — 18.12.1803),
нямецкі філосаф, літаратуразнавец, пісьменнік. Ідэолаг літ. руху «Бура і націск». У 1764—69 пастар у Рызе, з 1776 — у Веймары. Сябар І.В.Гётэ. Яго філас. дзейнасць — новы этап асветніцтва ў Германіі, яго літ. дзейнасць паўплывала на ням. рамантызм. Абагульніўшы дасягненні прыродазнаўчых навук і філасофіі 18 ст., абгрунтоўваў ідэю пра адзінства матэрыі і формы пазнання, крытэрыі прасторы і часу выводзіў з вопыту, сфармуляваў і адстойваў прынцып гуманізму. Ідэі прагрэсу надаваў усеагульны змест і выводзіў з арганічнага адзінства прыроды і грамадства. У творы «Ідэі да філасофіі гісторыі чалавецтва» (т. 1—4, 1784—91) выклаў сваё вучэнне, паводле якога паступальнае развіццё ўласціва ўсёй прыродзе, у т. л. і чалавеку. Паводле Гердэра, пасля смерці чалавека жыццё душы працягваецца і набывае формы вышэйшага быцця, недасягальныя для чалавечага розуму. Гердэр указваў на разнастайнасць творчых праяў чалавека ў розных народаў, падкрэсліваў нац. самабытнасць, раўнацэннасць розных культур. Палеміцы з І.Кантам «крытычнага перыяду» прысвечаны «Метакрытыка крытыкі чыстага розуму» (1799) і «Калігона» (ч. 1—3, 1800). У трактаце «Даследаванне пра паходжанне мовы» (1772) крытыкаваў тэалагічныя погляды на грамадскія з’явы і развіў вучэнне пра мову як прадукт чалавечага розуму. У літ.-крытычных працах «Пра найноўшую нямецкую літаратуру. Фрагменты» (1767—68) і «Крытычныя лясы» (1769) сфармуляваў гіст. падыход да мастацтва. Асаблівае значэнне для шцюрмерскай эстэтыкі мела яго праца «Шэкспір» (выд. 1773). У зб. «Народныя песні» (1778—79; 2-е выд. «Галасы народаў у песнях», 1807) змясціў пераклады нар. песень свету. Аўтар зб. «Раскіданыя лісткі» (1785—97), «Старых баек з новым выкарыстаннем» (1795—96), драматызаваных аповесцей «Брут» (1774), «Эон і Эоніс» (1801), «Раскаваны Праметэй» (1802), пералажэнняў рамансаў пра Сіда (1803) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Сид. Пб., 1922;
Избр. соч. М.; Л., 1959;
Идеи к философии истории человечества. М., 1977.
Літ.:
Гайм Р. Гердер, его жизнь и сочинения: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1888;
Гулыга А. В.Гердер. 2 изд. М., 1975;
Банникова Н.П. Гердер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕКСІКАГРА́ФІЯмузычная,
1) раздзел музыказнаўства, які распрацоўвае тэарэт. аснову і практычныя методыкі стварэння муз. слоўнікаў, энцыклапедый, даведнікаў.
2) Сукупнасць падобных выданняў, а таксама адбор, упарадкаванне і тлумачэнне спец.муз. тэрмінаў і лексікі. Змест і макраструктура артыкулаў у муз. даведніках залежаць ад тыпу выдання, аб’ёму навук. інфармацыі, узроўню развіцця муз. тэорыі, гіст.-культ. кантэксту пэўнай эпохі.
Вытокі муз. Л. ўзыходзяць да практыкі сярэдневяковых гласарыяў (заўваг на палях трактатаў) і вакабуларыяў (навуч. дапаможнікаў). Першым муз.-тэрміналаг. слоўнікам у сучасным разуменні слова лічаць трактат франка-флам. вучонага-музыканта І.Тынкторыса «Вызначэнне музычных тэрмінаў» (каля 1474, апошняе выд. 1963). У эпоху Асветніцтва паявіліся муз.-энцыкл. слоўнікі ў Францыі, Чэхіі, Германіі (С. дэ Брасар, Ж.Ж.Русо). Да канца 19 ст. склаліся 2 асн. тыпы навук.-даведачных муз. выданняў. універсальны даведнік (муз. энцыклапедыя, муз.-энцыклапедычны слоўнік) і спецыялізаваны слоўнік: біяграфічны, біябібліяграфічны, галіновы (оперны, харавы, харэаграфічны), тэрміналагічны і інш.Найб. значныя замежныя выданні 19 ст. — энцыклапедычныя слоўнікі «Музычны лексікон» Г.Рымана (1882) і «Слоўнік музыкі і музыкантаў» Дж.Грова (т. 1—4, 1879—1889).
У 20 ст. з пашырэннем аб’ёму навук. ведаў і бурным развіццём сродкаў масавай інфармацыі кола выданняў па муз. Л. пашырылася (слоўнікі і энцыклапедыі муз. персаналій, конкурсаў, устаноў, інструментаў, двух- і шматмоўныя перакладныя муз. слоўнікі, слоўнікі-даведнікі, у т. л. для дзяцей і юнацтва, і інш.). У 1973—82 выдадзена першая сав. «Музычная энцыклапедыя» (т. 1—6), у 1985 — «Энцыклапедычны слоўнік юнага музыканта», у 1990 — «Музычны энцыклапедычны слоўнік», у 1981 і 1997 адпаведна энцыклапедыі «Балет» і «Рускі балет». На Беларусі выдадзены спецыялізаваныя слоўнікі і даведнікі «Музычныя тэрміны» Ю.Дрэйзіна (1926, серыя «Беларуская навуковая тэрміналёгія»; перавыд. ў 1989 з прадмовай М.Шыманскага), даведнікі біябібліяграфічны «Саюз кампазітараў БССР» Дз.Жураўлёва (1978) і навук.-папулярны «Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані і Р.Сергіенка (1997), перакладныя «Слоўнік музычных тэрмінаў» В.Антаневіч (1994), «Музычны слоўнік» (1999); выдаецца нотаграфічны паказальнік «Музычная літаратура Беларусі» (з 1975); да муз.-лексікаграфічных выданняў у вял. ступені набліжаецца «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЎНАСЦЬ САЦЫЕ́ЛЬНАЯ,
паняцце, якое вызначае аднолькавае становішча, правы і свабоды розных сац. груп і асобных людзей у грамадстве. Прадугледжвае забеспячэнне ўсім членам соцыуму неабходнага сацыяльна гарантаванага ўзроўню жыцця, рэальнай роўнасці сац. магчымасцей, замацаванне сац. стабільнасці грамадства. Паняцце «Р.с.» цесна звязана з паняццем сац.справядлівасці. Можа рэалізоўвацца толькі пры пэўных сац.-паліт., эканам. і культ. умовах, эканам. і паліт. самастойнасці людзей, рэальных магчымасцях павышэння іх адукацыйнага і прафес. ўзроўню, духоўным удасканальванні грамадскіх адносін.
Вытокі ідэі Р.с. як прынцыпу арг-цыі грамадства ў ант. філасофіі, дзе яна разглядалася як роўнасць членаў аднаго саслоўя пры няроўнасці паміж рознымі саслоўямі (Платон, Арыстоцель). У хрысц. філасофіі Р.с. з’яўлялася рэліг. нормай і вызначалася як прынцып «перад Богам усе роўныя». У эпохі Адраджэння і Асветніцтва яна набыла свецкі характар як ідэя прыроднай роўнасці людзей; у перыяд усталявання бурж. грамадства — як ідэя «свабоды, роўнасці і брацтва» проціпастаўлялася феад.-саслоўнай светабудове. Ідэі роўнасці ўсіх грамадзян перад законам і размеркавання сац. даброт не па саслоўнай прыналежнасці, а па канкрэтным укладзе ў сац. развіццё адлюстраваны ў «Дэкларацыі незалежнасці» ў ЗША (1776) і «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна» ў Францыі (1789). Пры станаўленні капіталіст. грамадства рэалізацыя ідэй Р.с. прывяла да значных змен у грамадскіх адносінах: скасаваны саслоўі і саслоўныя адносіны, заканадаўча замацаваны прынцып роўнасці людзей перад законам. Адзін з варыянтаў рэалізацыі Р.с. быў прапанаваны тэорыяй сацыяліст. і камуніст. будаўніцтва, у якой планавалася забяспечыць сац., эканам. і паліт. раўнапраўе грамадзян незалежна ад іх сац. паходжання, нац. і канфесіянальнай прыналежнасці, гарантаваць права на працу і яе адэкватную аплату, справядлівае размеркаванне грамадскіх фондаў спажывання і інш. Рэалізацыя гэтых планаў прывяла да вырашэння некат. праблем Р.с., але і да павелічэння бюракратычнага апарату і т.зв. «ураўнілаўкі» ў грамадстве.
Сярод сучасных канцэпцый сац. развіцця вылучаюць тэорыі, якія даказваюць, што сац. няроўнасць з’яўляецца адзіным і натуральным спосабам існавання грамадства (тэорыя функцыяналізму Э.Дзюркгейма, В.Э.Мура, тэорыя статусных груп М.Вебера і інш.), і тэорыі, паводле якіх у выніку мэтазгоднай рэарганізацыі дзяржавы і грамадства, рэвалюцый сацыяльных можна дасягнуць Р.с. (неамарксізм, дэмакратычны, этычны, кааператыўны сацыялізм, тэорыя «сацыяльнай дзяржавы» і інш.).
Літ.:
Новгородцев П.И. Об общественном идеале. М., 1991;
Ролз Дж. Теория справедливости: Пер. с англ. Новосибирск, 1995;
Самсонова Т.Н. Справедливость равенства и равенство справедливости: Из истории западноевроп. утопич. мысли XVI—XIX вв. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦЭН (Аляксандр Іванавіч) (псеўд.Іскандэр; 6.4.1812, Масква — 21.1.1870),
рускі пісьменнік, публіцыст, філосаф. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1829—33). Духоўнае развіццё адбывалася пад уплывам дзекабрыстаў, рус. л-ры, франц.асветніцтва і утапічнага сацыялізму. У 1834 за ўдзел у студэнцкім паліт. гуртку, які заснаваў разам з М.П.Агаровым, Герцэн арыштаваны і высланы ў Перм, потым у Вятку. У 1842 вярнуўся ў Маскву. У філас. працах 1840-х г. (цыклы арт. «Дылетантызм у навуцы», 1842—43, і «Пісьмы пра вывучэнне прыроды», 1845—46) матэрыялістычна вытлумачыў асновы гегелеўскай дыялектыкі. У літ. творчасці Герцэн праходзіць эвалюцыю ад рамантызму ранніх аповесцей і драм да рэалізму ў рамане «Хто вінаваты?» (ч. 1—2, 1845—46), аповесцях «Доктар Крупаў» (1847) і «Сарока-зладзейка» (1848). З 1847 у эміграцыі; еўрап.нац.-вызв. рух і рэв. ўзрушэнні адлюстраваліся ў яго творах маст. публіцыстыкі — цыклах арт. «Пісьмы з Францыі і Італіі» (1847—52) і «З таго берага» (1847—50). Пасля паражэння еўрап. рэвалюцый 1848—49 распрацаваў тэорыю «рускага сацыялізму», стаў адным з пачынальнікаў народніцтва. У 1853 заснаваў у Лондане Вольную рус. друкарню, выдаваў альманах «Полярная звезда» (1855—68) і газ. «Колокол» (1857—67; разам з Агаровым). Літ. і грамадская дзейнасць Герцэна падрыхтавала з’яўленне «Былога і дум» (1852—68) — аднаго з лепшых твораў рус. мемуарнай л-ры, у якім раскрыта цэлая эпоха духоўнага развіцця рус. інтэлігенцыі, а асабісты лёс пісьменніка ўключаны ў шырокі гіст. кантэкст. У канцы жыцця Герцэн імкнуўся зразумець і прыняць навук. сацыялізм. Падтрымліваў нац.-вызв. рух у Польшчы, Беларусі і Літве, выступаў за нац. самавызначэнне беларусаў. Выданні Вольнай рус. друкарні распаўсюджваліся на Беларусі, а газ. «Колокол» пісала пра бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, арміі і ўрадавай бюракратыі, вітала «Мужыцкую праўду» К.Каліноўскага. Народніцкія і рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна паўплывалі на станаўленне светапогляду Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча і інш.бел. пісьменнікаў. У перакладзе на бел. мову выдадзены «Былое і думы» (т. 1, ч. 1—2, 1940), раман «Хто вінаваты?», аповесці «Сарока-зладзейка», «Доктар Крупаў» і інш. (у кн. «Мастацкія творы», 1941).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—30. М., 1954—66.
Літ.:
Белинский В.Г. Взгляд на русскую литературу 1847 г. // Полн. собр. соч. Т. 10. М., 1956;
Герцен в воспоминаниях современников. М., 1956;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. М., 1966;
Птушкина И.Г. Александр Иванович Герцен. М., 1987;
Летопись жизни и творчества А.И.Герцена, 1812—1870. [Т. 1—4]. М., 1974—87.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРРЭФАРМА́ЦЫЯ (ад контр... + рэфармацыя),
рэлігійна-паліт. рух у Еўропе ў 2-й пал. 16—17 ст., узначалены папствам і накіраваны супраць Рэфармацыі з мэтай узнаўлення страчаных каталіцызмам пазіцый. Гал. сродкамі К. былі інквізіцыя, манаскія ордэны, рым. курыя. Самы актыўны ўдзел у К. прыняў ордэн езуітаў (створаны ў. 1534—40). У 1559 быў апублікаваны Індэкс забароненых кніг. Праграмай К. сталі рашэнні Трыдэнцкага сабору 1545—63 (вяршэнства папы над саборам, увядзенне строгай царк. цэнзуры, богаслужэнне толькі на лац. мове і інш.). Былі створаны спец. органы кіравання — кангрэгацыі, шэраг навуч. устаноў (калегіумаў) для падрыхтоўкі каталіцкага духавенства. К. ўключала барацьбу супраць свецкай навукі і навук. светапогляду, праследаванне перадавых мысліцеляў (Дж.Бруна, Г.Галілей, Дж.Ваніні і інш.), знішчэнне пратэстантаў (Варфаламееўская ноч), арганізоўвала т. зв.рэліг. войны, праследавала ерасі. У Беларусі К. актыўна праявілася пасля Люблінскай уніі 1569. Праваднікамі яе былі езуіты. Гал. ідэолагам К. ў ВКЛ быў П.Скарга. У 16—18 ст. тут асталяваліся яшчэ 24 каталіцкія манаскія ордэны (францысканцы, дамініканцы, кармеліты, бенедыкцінцы, піяры і інш.). Зачыняліся пратэстанцкія і праваслаўныя школы і друкарні, учыняліся пагромы. К. была накіравана не толькі супраць пратэстантызму, але і праваслаўя. На хвалі К. нарадзілася Брэсцкая унія 1596 і створана уніяцкая царква. Супраціўленне каталіцкай экспансіі вылівалася ў нар. паўстанні (Віцебскае паўстанне 1623; антыкаталіцкую накіраванасць мела антыфеадальная вайна 1648—51). Найб. жорсткія ганенні з боку каталіцкай царквы і дзяржавы пачаліся супраць антытрынітарыяў. У канцы 16 ст. рэфармацыйны рух у Беларусі пачаў паступова згасаць, большасць кальвінісцкай шляхты стала пераходзіць у каталіцтва, а ў пач. 17 ст. большая частка дробнай правасл. шляхты прыняла унію. Паводле сеймавых пастаноў 1764 адступніцтва каралася выгнаннем з краіны або смерцю. У 1733 правасл. шляхта і духавенства былі пазбаўлены права займаць пасады ў сенаце, сейме, судах і інш.дзярж. установах. У 2-й пал. 17—1-й трэці 18 ст. адбывалася амаль поўная клерыкалізацыя культуры і падпарадкаванне яе рэлігіі. Навук. веды абвяшчаліся грахоўнымі, панізіўся ўзровень адукацыі. У аснову навучання былі пакладзены тэалогія, схаластычная філасофія і лац. мова. З 1696 бел. мова стала выцясняцца з афіц. справаводства. Уздзеянне К. не было такім адмоўным у мастацтве. Пануючым стылем тут стала барока. Масавая паланізацыя пануючага класа Беларусі праз акаталічванне ў 17 ст. ўскладніла працэс кансалідацыі бел. народнасці, запаволіла фарміраванне яе свядомасці. У 1730—40-я г. на змену К. прыйшла эпоха Асветніцтва.
Літ.:
Подокшин С. А Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРАЛІ́ЗМ (франц. naturalisme ад лац. natura) у літаратуры і мастацтве, літаратурна-мастацкі кірунак, які характарызуецца свядомай устаноўкай на аб’ектывізм і біялагізм, адмовай ад сац. аналізу рэчаіснасці або схільнасцю да выяўлення вонкавых, эмпірычных фактаў жыцця без маст. абагульнення. маральна-эстэт. ацэнкі і без пранікнення ў іх духоўную сутнасць. На розных этапах развіцця маст. культуры Н. выявіўся як схільнасць да капіравання жыцця, рэпартажу без маст. адбору і тыпізацыі (натуралістычныя элементы ў познарымскім выяўл. мастацтве, у жывапісе, л-ры, т-ры 19—20 ст.). Як асобны кірунак са сваёй праграмай (адмова ад выразнай ацэнкі быцця і мастацтва ў дыяпазоне палярных эстэт. катэгорый) аформіўся ў франц. л-ры 2-й пал. 19 ст. пад уплывам філасофіі пазітывізму (А.Конт, І.Тэн і інш.), эвалюцыйнай тэорыі ў прыродазнаўстве. На думку яго тэарэтыка Э.Заля, задача мастацтва — даследаваць жыццё з той жа дакладнасцю і аб’ектыўнасцю, як гэта робіць навука. У творчасці прадстаўнікоў гэтай плыні (Заля, Г.Флабер, Гі дэ Мапасан, А.Дадэ, браты Ганкур і інш.) Н. аказаўся маст. прыёмам у рэаліст. аналізе жыцця. Руская натуральная школа ў л-ры (В.Бялінскі, М.Гогаль, І.Тургенеў, Дз.Пісараў, М.Салтыкоў-Шчадрын і інш.) была этапам станаўлення крытычнага рэалізму. Пазней натуралістычная плынь выявілася ў прозе П.Бабарыкіна, А.Пісемскага, Дз.Маміна-Сібірака, М.Арцыбашава, у сав. л-ры — Б.Пільняка, Ф.Панфёрава і інш. пісьменнікаў, у познім акад. жывапісе. Дасягненні натуралістычнай школы мастацтва — набліжэнне мастацтва да навукі, майстэрства бытапісання, аналіз сац. структуры грамадства, залежнасці чалавека ад матэрыяльных умоў жыцця, выяўленне кантрастаў багацця і беднасці, класавых супярэчнасцей, дэмакр. тэндэнцыі ў л-ры, інш. відах мастацтва. Сучасная масавая культура, тыражаваная сродкамі кінематографа і відэатэхнікай, страціла пазітыўныя набыткі традыц. Н., у ёй дамінуе арыентацыя на агіднае, нізкае і камічнае, адбываецца парадаксальнае спалучэнне натуралістычнага бытапісальніцтва з прыёмамі сюррэалізму, плыняў постмадэрнізму.
У бел. мастацкай культуры Н. не аформіўся ў асобную плынь, несумяшчальную з яе арыентацыяй на дэмакр.асветніцтва і рамантычныя ідэалы дзярж. і духоўнага адраджэння нацыі. Па аналогіі з негатыўнымі рысамі Н. могуць ацэньвацца недахопы ранняй бел. паэзіі, тэатр. і выяўл. мастацтва (блізкасць вобразнай сістэмы да эмпірычных форм быцця, этнаграфізм, павярхоўнае бытапісанне), якія абумоўлены супярэчнасцямі станаўлення маст. прафесіяналізму. Інш. прырода натуралістычных тэндэнцый у л-ры і інш. відах бел. мастацтва перыяду 1930—50-х г.: яны з’явіліся пад націскам вульгарна-сацыялагічнай крытыкі, дагматычнай ідэалогіі і рэпрэсіўнай палітыкі. У апошнія гады натуралістычныя тэндэнцыі выявіліся ў адыходзе некат. пісьменнікаў, мастакоў, рэжысёраў ад значных грамадскіх праблем, тэматычным абмежаванні творчасці вузка-прымітыўнымі сферамі мяшчанскага побыту.
Літ.:
Давид-Соважо А. Реализм и натурализм в литературе и искусстве: Пер. с фр.М., 1891;
Тагер Е.Б. Проблемы реализма и натурализма // Русская литература конца XIX — начала XX в. М., 1968.