МАКМІ́ЛІН (McMillin) Арнольд Барат

(н. 21.6.1941, г. Нью-касл-эпон-Тайн, Вялікабрытанія),

англійскі славіст. Д-р слав. філалогіі (1971). Скончыў Лонданскі ун-т (1964). У 1969—76 выкладчык, з 1987 праф. рус. мовы і л-ры Школы слав. і ўсх.-еўрап. даследаванняў Лонданскага ун-та. У 1976—87 заг. аддзялення рус. філалогіі Ліверпульскага ун-та. Аўтар даследаванняў па бел. мове і л-ры: «Слоўнік беларускай літаратурнай мовы XIX ст.» (Лондан, 1973), «Гісторыя беларускай літаратуры ад яе вытокаў да сённяшніх дзён» (Гісен, 1977), арт. «Барока і асветніцтва на Беларусі. Да перагляду перыядызацыі беларускай літаратуры» (1984), «Русіфікацыя і яе апаненты ў сучаснай беларускай літаратуры», «Вехі і тэндэнцыі ў развіцці беларускай паэзіі» (абодва 1989). Напісаў прадмовы да зб. бел. паэзіі «Снуецца зданяў рой» (Лондан, 1982) і зб. вершаў Л.Геніюш. Пераклаў на англ. мову (з В.Рыч) паэму «Тарас на Парнасе» (1977). Даследаваў навук. дзейнасць Я.Ф.Карскага, Я.Чачота, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, В.Быкава і інш. У 1991—92 пачаў курс лекцый «Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя». Рэдактар «The Journal of byelorussian studies» («Часопіса беларускіх даследаванняў», 1966—71), час. «Modern languages rewiew» («Агляд сучасных моў», 1979—87), «Occasional papers in belarusian studies» («Неперыядычныя выданні беларускіх даследаванняў», 1995). Чл. Міжнар. к-та славістаў (1979—88), з 1981 віцэ-прэзідэнт Англа-бел. т-ва.

У.Л.Сакалоўскі.

Э.Макмілан.

т. 9, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)