РЭ́ПЕР (ад франц. repére метка, знак, зыходны пункт),
1)у геадэзіі — знак, які замацоўвае пункт зямной паверхні з вядомай абсалютнай вышынёй, вызначанай нівеліраваннем адносна зыходнай узроўневай паверхні. Адрозніваюць фундаментальныя Р. (жалезабетонныя пілоны), якія закладваюць у грунт праз 50—80 км на нівелірных лініях 1-га класа, на найб. адказных лініях 2-га класа і каля найважнейшых марскіх вадамерных установак), і радавыя Р. (грунтавыя — устанаўліваюцца ў зямлі і сценавыя — замацоўваюцца ў сценах або цокалях доўгатэрміновых збудаванняў), што закладваюць праз 5—7 км на нівелірных лініях усіх класаў. На Р. замацоўваецца метал. дыск — марка (дыям. да 5 см) з нумарам і абрэвіятурай ведамства. Гл. таксама Геадэзічныя знакі.
2) Р. у артылерыі — дапаможны пункт прыстрэлкі артыл. гармат з мэтай перанясення агню для паражэння цэлі. Адрозніваюць Р. сапраўдны (прыстрэленая цэль або мясц. прадмет з дакладна выверанымі каардынатамі) і фіктыўны (цэнтр з 4—6 разрываў снарадаў, каардынаты якога вымераны дакладна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКА́ЛЬСКІ (Пётр Пятровіч) (26.9.1832, г. Харкаў, Украіна — 11.4.1887),
украінскі кампазітар, публіцыст, фалькларыст, муз.-грамадскі дзеяч. Скончыў Харкаўскі ун-т (1852). У 1859 аднавіў дзейнасць адэскага Філарманічнага т-ва, удзельнічаў у стварэнні Т-ва аматараў музыкі (1864, у далейшым Адэскае муз.т-ва) і муз. школы пры ім (1866). Яго оперы — адны з першых прафес. узораў укр. опернага мастацтва. Сярод муз. твораў: оперы «Мазепа» (1859), «Майская ноч» (1863), «Асада Дубна» (1878); кантата «Баль Пятра Вялікага» (1859); балада «Слухай» (1864); фп. (каля 40) і віяланчэльныя п’есы, рамансы (больш за 40), хары, песні і інш. У муз.-крытычных артыкулах адстойваў ідэі народнасці муз. мастацтва. Аўтар працы «Руская народная музыка, велікаруская і маларуская...» (1888). Збіраў і апрацоўваў нар. песні, у т. л.бел., шэраг з іх апублікаваны ў яго зб. «Маларасійскія і беларускія песні» (выд. 1903).
Літ.:
Карышева Т.И. Петр Сокальский: Жизнь и творчество. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВА́Т ЮЛА́ЕЎ (16.6.1752, в. Цякеева, цяпер Салавацкага р-на, Башкортастан —8.10.1800),
башкірскі нац. герой, паплечнік Е.І.Пугачова ў час сялянскай вайны 1773—75, паэт-імправізатар. У кастр. 1773 мабілізаваны на барацьбу з Пугачовым, але каляг. Арэнбург перайшоў на яго бок на чале атрада башкіраў (2 тыс.чал.). Сабраў атрад у 10 тыс.чал., змагаўся пад Арэнбургам, Кунгурам, у 1774 заняў Краснаўфімск. Пугачоў надаў яму чын брыгадзіра. 5.12.1774 С.Ю. узяты ў палон, пасля пакарання бізунамі і клеймавання ў кастр. 1775 адпраўлены на вечную катаргу ў крэпасць Рогервік на Балтыйскім м. (цяпер г. Пальдыскі, Эстонія), дзе памёр. Вершы С.Ю. (ствараліся і перадаваліся ў вуснай форме) заклікалі народ да барацьбы з прыгнятальнікамі, апявалі прыгажосць роднага краю, каханне. У гонар С.Ю. названы г. Салават у Башкортастане, яго вобраз адлюстраваны ў творах л-ры і мастацтва.
сямейства хвастатых земнаводных. Каля 15 родаў, больш за 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Жывуць у вільготных лясах, па берагах вадаёмаў, трапляюцца да выш. 3 тыс.м. Актыўныя ў прыцемку і ўначы. Найб. вядомыя роды — трытоны, уласна С. (Salamandra), С. даўгахвостыя (Mertensiella). З роду ўласна С. найб. пашырана (Цэнтр і Паўд. Еўропа, Паўн.-Зах. Афрыка, Паўд.-Зах. Азія) С. плямістая, або вогненная (S. salamandra).
Даўж. да 70 см. Пазванкі выгнутыя назад. Зубы на абодвух сківіцах. У дарослых С. жабраў няма, дыхаюць лёгкімі Сакрэт скурных залоз некат. С. (у т. л. С. плямістай) ядавіты. Апладненне ўнутранае. Адкладваюць ікру, ёсць яйцажывародныя і жывародныя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. С. выкарыстоўваюць як лабараторных жывёл. С. наз. таксама некат. хвастатых земнаводных з інш.сям. (С. іспалінскія, С. бязлёгачныя, С. акулярныя).
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Саламандравыя. Саламандры: 1 — плямістая; 2 — каўказская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМЯРЭ́ЦКІЯ,
княжацкі род герба «Равіч» у ВКЛ. Па паходжанні Рурыкавічы, прозвішча ад маёнтка Саламярэч (цяпер в. Саламарэчча Мінскага р-на). Паходзяць ад Івана Дзмітрыевіча (мянушка Шах), унука смаленскага вял.кн. Святаслава Глебавіча (?—1310). Найб. вядомыя:
Васіль Іванавіч (?—1540?), дзяржаўца кернаўскі ў 1513, намеснік любашанскі ў 1518, дзяржаўца магілёўскі з 1520. Заснаваў у Саламярэчы манастыр. Іван Васілевіч (?—1577 або 1578), першы кашталян мсціслаўскі з 1566. Багдан Іванавіч (?—1602), староста крычаўскі і алучыцкі з 1580. Праціўнік Брэсцкай царк. уніі 1596, падтрымліваў правасл. брацтвы. Багдан Багданавіч (? — каля 1630), у 1626 з сястрой Аленай заснаваў у мяст. Баркулабава правасл. мужчынскі манастыр. Багдан Васілевіч (? — 1565), дзяржаўца айнаўскі ў 1555, дзяржаўца (староста) рагачоўскі з 1559. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83. Мікалай Леў (? — 1626), падкаморы пінскі ў 1608—23, кашталян смаленскі з 1623. Ян Уладзіслаў(? — лют. 1641), маршалак пінскі з 1629. З яго смерцю род С. згас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-СТЭФА́НСКІ МІР 1878,
папярэдні мірны дагавор паміж Расіяй і Турцыяй, які завяршыў рус.-тур. вайну 1877—78. Падпісаны 3.3.1878 у Сан-Стэфана (цяпер Ешылькёй каля Стамбула). Паводле С.-С.м.д. Чарнагорыя, Сербія і Румынія атрымлівалі поўную незалежнасць ад Турцыі, іх тэрыторыі значна пашыраны; Боснія і Герцагавіна набывалі аўтаномію ў рамках Асманскай імперыі; Балгарыя, у межы якой уключалася і гіст.Македонія, ператваралася ў падвасальнае Турцыі аўт. княства з правам выбрання сабе князя. Расія атрымлівала землі ў Закаўказзі з гарадамі Батумі, Карс, Ардаган і Баязет, а таксама страчаную ў выніку Крымскай вайны 1853—56Паўд. Бесарабію (акрамя астравоў у дэльце р. Дунай), узамен якой Румыніі перададзена Турцыяй Паўн.Дабруджа. У выніку процідзеяння вядучых еўрап. дзяржаў, асабліва Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі, С.-С.м.д. быў заменены на Берлінскім кангрэсе 1878 шматбаковым дагаворам, які быў значна менш выгадны для Расіі і Балгарыі (захавала аўтаномію, але страціла б.ч. тэрыторыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАНЧО́ВЫЯ (Acridoidea),
надсямейства караткавусых насякомых атр.прамакрылых. У сусв. фауне больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Адрозніваюць статкавых (саранча) і нястаткавых С. (кабылкі, тэтрыгідавыя). На Беларусі каля 50—70 відаў. Насякомыя адкрытых ландшафтаў. Большасць расліннаедныя. Шкоднікі пасеваў, пашы, сенажацей.
Даўж. ад некалькіх мм да 10 см. Цела карычневае, зеленаватае, жаўтаватае, жаўтаватае з разнастайным малюнкам. Ротавыя органы грызучыя. Вусікі не большыя за палавіну даўж. цела. Заднія ногі з патоўшчанымі сцёгнамі, скакальныя. Крылы пярэднія скурыстыя, заднія перапончатыя (у некат. яркаафарбаваныя, напр., чырв. ў агнёўкі). У многіх відаў крылы кароткія або рэдукаваныя. Брушка членістае, у самцоў з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з кароткім яйцакладам. У многіх відаў развіты слыхавы і гукавы апарат. Яйцы адкладваюць у глебу. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне. Лічынкі вылупляюцца вясной, ад дарослых насякомых адрозніваюцца памерамі і зачаткавымі крыламі. Зімуюць яйцы, лічынкі старэйшых узростаў, дарослыя насякомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ПО́ЛЬСКІХ ПАТРЫЁТАЎ (СПП; Związek Patriotów Polskich),
масавая антыфашысцкая грамадска-паліт.арг-цыя палякаў-эмігрантаў у СССР у 1943—46. Створаны ў сак.—чэрв. 1943 у Маскве па ініцыятыве палякаў-камуністаў В.Васілеўскай (старшыня), С.Ендрыхоўскага, А.Завадскага, А.Лямпе і інш. СПП налічваў каля 100 тыс. членаў. Друкаваны орган газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча»). Выступаў за дэмакр. парламенцкі лад у пасляваен. Польшчы, яе цесны саюз з СССР, прызнаваў правы СССР на Зах. Беларусь і Зах. Украіну, адмаўляў законнасць Польскага ўрада ў эміграцыі. СПП ініцыіраваў стварэнне Першай польскай пяхотнай дывізіі імя Т.Касцюшкі (1943), удзельнічаў у фарміраванні (21.7.1944) Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення. Паліт. дзейнасць спалучаў з культ.-асв. і апякунскай працай: за гады існавання стварыў 248 школ, 52 дзіцячыя прытулкі, 636 бібліятэк і інш. У 1944—46 заахвочваў перасяленне палякаў з СССР у Польшчу. Спыніў існаванне ў жн. 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў О́ЛЬГАВІЧ (у хрышчэнні Мікалай; ? —15.2.1164),
князь чарнігаўскі. Сын Алега Святаславіча. У 1136 запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў з перапынкамі да 1141. Ў 1142 меў нейкую воласць «около Гомья» (Гомеля). У 1146 яму належалі Курск, Ноўгарад-Северскі, Карачаў, Колцеск, Дзедаслаў, але ў тым жа годзе ён выгнаны з Чарнігаўскай і Северскай зямель. У 1147 увайшоў у саюз з Юрыем Далгарукім, з дапамогай яго войск заняў зямлю вяцічаў, пасля вярнуў свае ўладанні. Калі Юрый Далгарукі заняў Кіеў (1149), С.О. атрымаў ад яго «и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче» (Слуцк і Клецк з навакольнымі землямі), а каля 1155 — Мазыр. Паводле дагавора 1157 з вял. кіеўскім кн. Ізяславам Давыдавічам атрымаў Чарнігаўскую зямлю, а г. Ноўгарад-Северскі перадаў пляменніку Святаславу Усеваладавічу. Некат. час у яго землях знаходзіўся пазбаўлены ўладанняў полацкі кн.Рагвалод Барысавіч, якому С.О. у 1158 дапамог войскамі вярнуць свае землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАЯ́ННІК, зверабой (H. ypericum),
род кветкавых раслін сям. святаяннікавых, або зверабойных. Больш за 300 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя С.: плямісты (H.maculatum), нар. назвы святаянскае зелле, крывавец, сямёнава кроў і прадзіраўлены (H. perforatum), нар. назвы зелле св. Івана, расанкі, кроўка. Вельмі рэдка трапляюцца С.: вялікі (H. majus), горны (H. montanum), зграбны (H. elegans), распасцёрты (H. humifusum), чатырохкрылы (H. tetrapterum), цвёрдаваласісты (H. hirsutum). Растуць у ліставых і мяшаных лясах, на палях, сухадольных лугах, уздоўж узлескаў. Інтрадукавана каля 7 відаў.
Адна- і шматгадовыя травы, кусты, паўкусты і невял. дрэвы. Сцёблы звычайна прамыя, галінастыя. Лісце суцэльнае, супраціўнае або ў кальчаках, з кропкавымі залозкамі. Кветкі залаціста-жоўтыя, у мяцёлчатых, гронка- ці шчыткападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек., фарбавальныя, дубільныя, харч., меданосныя і дэкар. расліны. Некат. віды ядавітыя для авечак і коней.