СУ́ТНАСЦЬ І З’Я́ВА,
філасофскія катэгорыі, якія адлюстроўваюць дыялектычна ўзаемазвязаныя, агульныя і неабходныя бакі ўсіх прадметаў і працэсаў аб’ектыўнай рэальнасці. Сутнасць уяўляе сабой сукупнасць глыбінных, заканамерных, адносна ўстойлівых унутр. сувязей пэўнага прадмета, якія аб’ядноўваюць у адзінае цэлае яго істотныя рысы і тэндэнцыі развіцця, увасабляе якасную акрэсленасць пэўнай з’явы ці працэсу. З’ява служыць формай выяўлення сутнасці ў канкрэтных падзеях, знешніх уласцівасцях прадмета, якія даступны эмпірычнаму пазнанню, нясе ў сабе частковую, няпоўную інфармацыю пра законы, што фарміруюць сутнасць. Паняцці С. і з. цесна звязаны; аб’ектыўная сувязь паміж імі мае характар супярэчнасці дыялектычнай, калі адзін з бакоў пэўнага прадмета абумоўлівае існаванне інш. боку. Працэс пазнання чалавекам навакольнага асяроддзя ўяўляе сабой працэс пераходу мыслення ад разнастайнасці наяўных форм прадмета (з’ява) да іх унутр. зместу і адзінства (сутнасць).
У гісторыі філасофіі да разумення прыроды С. і з. існавалі розныя падыходы. У ант. філасофіі сутнасць разглядалася як крыніца існавання рэчаў, а з’ява — як бачны ілюзорны вобраз рэчаў. У сярэдневяковай філасофіі С. і з. рэзка супрацьпастаўляліся як божая (сапраўдная) рэальнасць і ілюзорнае зямное існаванне. І.Кант разумеў пад сутнасцю непазнавальную «рэч у сабе», а з’яву лічыў суб’ектыўным уяўленнем чалавека. Як дыялектычна звязаныя катэгорыі С. і з. разглядаў Гегель. У неапазітывізме абвяргаецца аб’ектыўнасць сутнасці і прызнаюцца рэальнымі толькі з’явы, у постпазітывізме сутнасць тлумачыцца як тэарэт. канструкт, неабходны для сістэматызацыі фактаў. У фенаменалогіі з’явы разглядаюцца як самавыяўляльнае быццё, а сутнасць — як ідэальнае ўтварэнне. У экзістэнцыялізме катэгорыя сутнасці выцясняецца паняццем існавання (гл. Сутнасць і існаванне).
В.І.Боўш.
т. 15, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫТА́Н (лац. Titanium),
Ti, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 22, ат. м. 47,87. Прыродны Т. — сумесь 5 стабільных нуклідаў з масавымі лікамі 46—50; найб. пашыраны 48Ti (73,45%). У зямной кары 0,57% па масе; у свабодным выглядзе не трапляецца (гл. Тытанавыя руды). Адкрыты ў 1791 англ. мінералогам У.Грэгарам у выглядзе дыаксіду; назва «Т.» (ад тытанаў) прапанавана ў 1795 ням. хімікам М.Клапратам.
Серабрыста-белы лёгкі метал, шчыльн. 4505 кг/м³, tпл 1671 °C. Існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: α-Ti з гексаганальнай шчыльнаўпакаванай рашоткай (устойлівы да 883 °C) і β-Ti з кубічнай аб’ёмна-цэнтраванай рашоткай (устойлівы пры t > 883 °C). Парамагнетык. У паветры пакрываецца ахоўнай аксіднай плёнкай, чым абумоўлена высокая каразійная ўстойлівасць Т. ў паветры (да 500 °C), разбаўленых растворах кіслот і шчолачаў, марской вадзе, растворах хларыдаў і азотнай к-це. Пры пакаёвай т-ры раствараецца ў плавікавай, канцэнтраваных салянай і сернай к-тах. Стружка і парашок Т. пірафорныя. Пры награванні Т. узаемадзейнічае з кіслародам (гл. Тытану аксіды), сухімі галагенамі (гл. Тытану галагеніды). Атрымліваюць хлараваннем рудных канцэнтратаў (пры перапрацоўцы ільменіту шлаку, што аддзяляецца ад жалеза плаўкай у электрапечах) з наступным аднаўленнем тэтрахларыду TiCl4 магніем (часам натрыем), здрабненнем і пераплаўкай атрыманага губчатага Т. ў зліткі. Выкарыстоўваюць пераважна для атрымання тытанавых сплаваў, а таксама стужкі, дрот з чыстага Т. для вырабу анодаў, сетак і інш. дэталей у электравакуумнай тэхніцы, парашкападобны Т. — як гетэр.
Літ.:
Титан: Свойства, сырьевая база, физ.-хим. основы и способы получения. М., 1983.
т. 16, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАСІ́НТЭЗ (ад фота... + сінтэз),
утварэнне клеткамі вышэйшых раслін, водарасцей і некат. бактэрыямі арган. рэчываў з удзелам энергіі святла; працэс аўтатрофнага харчавання арганізмаў. Адзіны працэс, які прыводзіць да павелічэння свабоднай энергіі біясферы за кошт знешняй крыніцы — Сонца і забяспечвае існаванне раслін і гетэратрофных арганізмаў, у т. л. чалавека. З’яўляецца асновай для атрымання прадуктаў харчавання, кармоў, тэхн. сыравіны, а назапашаная ў яго прадуктах энергія (розныя віды паліва) — асн. крыніца энергіі для чалавецтва.
Адбываецца з дапамогай пігментаў (хларафілаў і інш.), што знаходзяцца ў хларапластах і храматафорах клетак. Аснова Ф. — акісляльна-аднаўленчы працэс, у якім электроны пераносяцца ад донара-аднаўляльніка (вада, вадарод і інш.) да акцэптара (напр., вуглякіслы газ) з утварэннем адноўленых злучэнняў (вугляводы) і выдзяленнем кіслароду (калі акісляецца вада). Адзін з асн. прадуктаў фотахім. светлавых стадый Ф., дзе назапашваецца энергія клеткі, — адэназінтрыфосфарная кіслата (АТФ).
Штогод на Зямлі ў выніку Ф. ўтвараецца 100 млрд. т. арган. рэчыва, назапашваецца каля 450×1015 ккал энергіі, паглынаецца каля 170 млрд. т. вуглякіслага газу і выдзяляецца каля 115 млрд. т. свабоднага кіслароду. Састаў атмасферы, неабходны для жыцця на Зямлі, утварыўся і падтрымліваецца ў працэсах Ф. кругаваротам кіслароду, вугляроду і інш. элементаў. Ён прадухіляе павелічэнне канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў атмасферы і перагрэў Зямлі (т.зв. парніковы эфект); выдзелены ў выніку фотахім. рэакцый кісларод неабходны для жыццядзейнасці арганізмаў. для аховы жывога ад ультрафіялетавага выпрамянення (кіслародна-азонавы экран атмасферы).
Літ.:
Фотосинтез: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1987;
Мокроносов А.Т., Гавриленко В.Ф. Фотосинтез: Физиол.-экол. и биохим. аспекты. М., 1992.
С.С.Мельнікаў.
т. 16, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАСА́НСКІ КАНФЛІ́КТ 1938,
баявыя дзеянні паміж сав. і яп. войскамі ў раёне воз. Хасан (Прыморскі край, Расія, каля граніцы з Кітаем і Карэяй) 29.7—11.8.1938. Справакаваны яп. бокам. У канцы 1936 яп. ўрад падпісаў «Антыкамінтэрнаўскі пакт» з фаш. Германіяй і распрацаваў план «Оцу», які прадугледжваў акупацыю сав. Прымор’я. 15.7.1938 павераны ў справах Японіі ў Маскве патрабаваў вывесці сав. войскі з вышынь на З ад воз. Хасан. Сав. ўрад дакументальна пацвердзіў, што, паводле дадатку да Хуньчуньскага пагаднення ад 26.6.1886, гэта тэр. належыць Расіі, значыць, — СССР. Аднак у ноч на 29.7.1938 яп. войскі перайшлі граніцу і захапілі вышыню Безыменная. Сав. пагранічнікі і стралк. рота адкінулі ворага на тэр. Маньчжурыі (акупіравана Японіяй у 1931). 31.7.1938 яп. войскі большымі сіламі перайшлі граніцу і захапілі вышыні Безыменная і Заазерная. 6.8.1938 сав. войскі (каманд. камандарм 2-га рангу Р.М.Штэрн, каардынатар дзеянняў Маршал Сав. Саюза В.К.Блюхер) пры падтрымцы авіяцыі і артылерыі пачалі наступленне і да 9.8.1938 вызвалілі гэтую тэрыторыю. Баявыя дзеянні спынены 11.8.1938. За мужнасць 26 удзельнікам баёў прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. беларусу А.С.Благавешчанскаму; сярод адзначаных інш. ўзнагародамі беларусы і ўраджэнцы Беларусі А.Р.Бацюня, А.Р.Галдовіч, Ф.А.Крыловіч, І.М.Мілавідаў, П.А.Пілютаў, М.Л.Аляксееў і інш.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 2. М., 1974;
Ежаков В.И. Герои Хасана. М., 1969;
Стрюченко И.Г. Об историографии хасанских событий 1938 г. // История СССР. 1990. № 5;
Катунцев В., Коц И. Инцидент: Подоплека хасанских событий // Родина. 1991. № 6/7.
Г.Дз.Бабусенка.
т. 16, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАТЭ́РНІК Аляксандр Сяргеевіч (н. 16.10.1940, г. Іванава, Расія),
бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). Працуе ў станковай і манум.-дэкар. скульптуры, жывапісе. Яго творы вызначаюцца дынамічнай пластыкай, зваротам да ўнутр. свету чалавека, які раскрываецца з дапамогай дэкар. элементаў сімвалічнага і алегарычнага характару. Аўтар помнікаў невядомаму салдату ў в. Гарадзішча Мінскага р-на (1975), падпольшчыцам С.Бабаковай і Г.Каралёвай у г. Старыя Дарогі Мінскай вобл. (1984), сав. воінам і партызанам у г.п. Зэльва Гродзенскай вобл. (1985), землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну ў в. Янавічы Клецкага р-на Мінскай вобл. (1987), «Землякам-аднавяскоўцам» у г. Клецк (1990), «Крывічы» ў г. Полацк Віцебскай вобл. (2001); надмагільных помнікаў Я.Драздовічу ў в. Ліпляні Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. (1982, з А.Марачкіным), А.Макаёнку (1983), М.Ткачову (1993), Ф.Янкоўскаму (1995), Г.Каханоўскаму (1997), М.Грыбаву (2000); манум. дэкар. кампазіцыі «Вясна» на праспекце Машэрава ў Мінску (1982), мемар. дошак, партрэтаў. Сярод станковых кампазіцый: «Мацярынства» (1972), «Максім Багдановіч» (1981, 1986), «Якуб Колас — настаўнік» (1982), «В.Дунін-Марцінкевіч» (1983), «Мікола Гусоўскі», «Крывічы», «Вітаўт», «Хлеб партызанам», «Дрыгавічы» (усе 1984), «Спеў аб Ефрасінні» (1984, 1994), «Полацк — калыска нашай гісторыі» (1985), «Векапомнае (Рагнеда)» (1986), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Адлюстраванне» (1989, 1998), «Прысвячэнне Э.Рознеру» (1993), «А.Марачкін» (2000). Аўтар жывапісных твораў: «Золак» (1997), «Жнівень» (1998), «Грамніцы» (1999), «Бэз» (2003) і інш., трыпціха «Венецыя» (2000), серыі пейзажаў «Блакітныя азёры» (1996—97). Іл. гл. да арт. Скульптура.
т. 17, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ НАСЕЛЬНІЦТВА.
У пасляваенны час колькасць насельніцтва Беларусі пастаянна расла амаль да 1990-х г. Але тэмпы росту пачалі зніжацца ў 1970-я г., а ў 1990-я г. набылі інтэнсіўны характар, што абумоўлена зніжэннем натуральнага прыросту насельніцтва. У 1993 упершыню за пасляваенныя гады колькасць памерлых перавысіла колькасць народжаных, пачалася дэпапуляцыя (змена натуральнага прыросту натуральнай стратай) і тэмпы яе паступова нарастаюць. Сучасная дэмаграфічная сітуацыя — вынік развіцця краіны на працягу апошніх 25 гадоў. З канца 1970-х г. (у горадзе — з канца 1960-х г.) насельніцтва Беларусі не ўзнаўляе сваёй колькасці (за выключэннем сярэдзіны 1980-х г., калі часова адзначаўся рост каэфіцыентаў узнаўлення насельніцтва). Натуральны прырост насельніцтва краіны на працягу 15 гадоў забяспечваўся толькі за кошт назапашанага ў папярэднія гады дэмаграфічнага патэнцыялу ўзроставай структуры. У наш час усё насельніцтва краіны ўзнаўляецца на 65,3%, гарадское — на 58,4%, сельскае — на 88,7%. Апошняе дзесяцігоддзе краіна жыве ва ўмовах скарачэння насельніцтва за кошт натуральнага руху. Адмоўны натуральны прырост маюць усе адм. раёны і большасць гарадоў, у т. л. Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск і інш. У 1993 натуральныя страты насельніцтва складалі 11,2 тыс. чал., у 2002—58 тыс. чал. Колькасць насельніцтва за 10 гадоў скарацілася на 336 тыс. чал. (з 10 234,6 тыс. чал. на пач. 1993 да 9898,6 тыс. чал. на пач. 2003), натуральныя страты складаюць 389,3 тыс. чал. Дадатны міграцыйны прыбытак за гэты перыяд кампенсаваў натуральныя страты насельніцтва толькі на 53,3 тыс. чал. (гл. рыс. 2).
т. 18, кн. 2, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Прыкра́сіць ’аздобіць, упрыгожыць’; перан. ’упрыгожыць выдумкай, перабольшаннем апавяданне, пераказ’; ’дадаць у ежу што-небудзь для каларыйнасці або смаку; закрасіць’ (Нас., ТСБМ); сюды ж сінанімічныя аддзеяслоўныя назоўнікі: прыкра́са, часцей мн. л. прыкра́сы ’аздоба, упрыгожанні; перабольшанне, выдумка’ (ТСБМ), прікра́са ’аздоба’ (Бяльк.), прыкра́са ’тое, што дабаўляецца ў ежу для каларыйнасці або смаку (мяса, тлушч, пахучыя прыправы і пад.; закраса)’ (Нас., ТСБМ). Параўн. з антанімічнымі значэннямі, што надаюцца семантыкай прыстаўкі, якое ў дадзеным выпадку з’яўляецца сінанімічным значэнню прыстаўкі пера- ’давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку’: прыкрасі́цца ’паблякнуць’: краса прыкрасіцца, а розум прыгадзіцца (шуміл., Сл. ПЗБ), прыкра́са, перэкра́са ’непрыгожая дзяўчына’ (Растарг.). Да слаба адлюстраванага — і толькі на ўсходзе — мглін., зах.-бранск. кра́сіць ’упрыгожваць’ (Кос., Растарг.), якое яшчэ ў прасл. *krasiti набыло значэнне ’дадаць у ежу’ (ЭССЯ, 12, 99–100). Параўн. рус. дыял. прикра́сить ’прыправіць, закрасіць (пра страву)’, ’пахваліць некага’, укр. прикра́сити ’ўпрыгожыць, зрабіць прыгажэйшым’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
падаткну́ць, ‑ткну, ‑ткнеш, ‑ткне; ‑ткнём, ‑ткняце; зак.
1. што. Падабраўшы канец, край чаго‑н., падсунуць, засунуць пад што‑н. Мар’ян паклаў свой шынель на мяне, падаткнуў і мой, і свой мне пад бакі. Васілёнак. [Жанчына] скупа кінула мне «добры дзень», не саромеючыся, падаткнула падол спадніцы, выцерла рукой мокры ад дажджу твар і ўзялася мыць падлогу. Хомчанка. // Заткнуць пад што‑н. [Піліп] падаткнуў пад паху верхнюю адзежу, пералез цераз паркан і агародамі падаўся да свайго дому. Сачанка.
2. што і чаго. Разм. Падсунуць, падкінуць чаго‑н. куды‑н. — Каб ведалі, хто падаткнуў агню [у пасеку], — судзілі б, не шкадуючы. Пташнікаў.
3. перан.; каго. Разм. Падбухторыць на што‑н. Напіўшыся,.. [Антось Кнюх] успамінае ўсе крыўды і можа зрабіць усё, хто на што ні падаткне. Дуброўскі.
4. перан.; на каго і з дадан. сказам. Разм. Удаць, данесці на каго‑н. Нехта з «добрых» людзей падаткнуў, што стары ў партызанскім атрадзе. Кудравец.
•••
Камар носа не падаткне гл. камар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Перава́лкі, перэва́лкі ’канаплянае валакно, непрыгоднае на прадзіва’ (ельск., Уладз.: в.-дзв., Шатал.). Да пера- і вал 5 ’тоўстая пража’ (гл.). Слова незвычайнае тым, што дзеяслоўная прыстаўка пера- далучаецца да назоўніка вал ’адыходы пры трапанні льну: грубае пачассе, ільнавалакно, куча кастрыцы’ і ’тоўстае палатно з гэтага валакна, грубая пража’ (Сцяшк. МГ; Шн. 3; Янк. 2; гродз., ваўкав., беласт., Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Права́львацца, прова́львацца ’праломвацца, дзіравіцца’ (ТС), сюды ж палес. провалі́лосо неба (пра залеву, навальніцу), якое Талстыя (ПЭСб, 10) супастаўляюць у якасці палеска-паўднёваславянскай паралелі з серб.-харв. провалио се облак ’прайшоў лівень’, про̏вала облака ’лівень, залева’. Да праваліць ’прабіць, праламаць’, што да валіць ’біць, ламаць’, параўн. ням. Volkenhruch ’лівень’, літаральна ’пралом воблака, у воблаках’ (Гарачава, Этимология–1984, 45).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)