АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),

самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л. аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.

Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.

Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.​Ж.​Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.​Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.

Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.

Літ.:

Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;

Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;

Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.

А.​С.​Рукцешэль.

Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́Р,

выданне ў выглядзе табліцы або кніжкі, у якім змешчаны пералік месяцаў года, дзён тыдня, святы, астранамічныя, гіст., статыстычныя і інш. звесткі. Пашыраны К. перакідныя, адрыўныя, настольныя, насценныя, ілюстраваныя агульнай тэматыкі або спецыяльныя (жаночыя, юбілейныя і Г.Д.).

Найб. стараж. К., што захаваўся, — рымскі К. 354 н.э. У Кіеўскай Русі пасля прыняцця хрысціянства рукапісныя каляндарныя звесткі (святцы для вызначэння пераходных свят, Вялікадня) складалі духоўныя асобы. Першыя ўказанні, што рабіць або не рабіць у пэўныя дні змешчаны ў «Ізборніку Святаслава» 1075. Пазней такія звесткі збіраліся ў «отреченных книгах», грамоўніках і інш. У 1493 у Парыжы выйшаў першы нар. К. У Польшчы з 15 ст. складаліся астранамічныя К., у 16 ст. з’явіліся К. з прадказаннямі. У Расіі сістэматычны выпуск К. пачаўся пры Пятру I (першы рус. друкаваны К. выдаў у Амстэрдаме ў 1702 беларус І.Ф.Капіевіч).

Вытокі бел. друкаванага К. ў «Пасхаліі» — заключнай частцы «Малой падарожнай кніжкі» Ф.​Скарыны (каля 1522). Гэта першы ўсх.-слав. друкаваны царк.-астранамічны К. на 1523—43. Пасля Брэсцкай уніі 1596 К. ў ВКЛ выдаваліся на польск. мове. У Любчанскай друкарні ў 1650-я г. выходзіў «Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел» С.​Фурмана (не выяўлены). У архіве Радзівілаў збярогся рахунак Слуцкай друкарні за 1673—79, у якім значацца «календары ў чацвёрку фармату — 1000 экзэмпляраў, календары меншыя — 200 экзэмпляраў» (не выяўлены). У канцы 17—1-й пал. 18 ст. на Беларусі пашыраліся К., што друкаваліся ў Кракаве. Яны змяшчалі звесткі і пра Беларусь. З 1713 у Супрасльскай друкарні выдаваўся «Каляндар польскі і рускі», у якім змяшчаліся і матэрыялы пра ВКЛ. Надворны тэолаг кн. Радзівіла Я.​Пашакоўскі першы пачаў выдаваць паліт. К. са звесткамі па ўсеагульнай і царк. гісторыі, гісторыі і культуры ВКЛ: «Каляндар палітычны і гістарычны» на 1737—39, «Каляндар езуіцкі большы Літоўскай правінцыі», «Каляндар езуіцкі меншы Літоўскай правінцыі», «Францысканскі каляндар» (усе на 1740). З 1730-х г. на Беларусі пашыраліся К., выдадзеныя ў Варшаве на ўзор віленскіх езуіцкіх. З 1760 выходзіў «Каляндар віленскі» са спісамі ўлад, гіст. і геагр. звесткамі пра Карону і ВКЛ. На Беларусі распаўсюджваліся «Каляндар палітычны для Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага» (1774—94), «Каляндарык, цікавы для Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага» (на 1776), «Новы эканамічны каляндар для гаспадароў у Кароне і Вялікім княстве Літоўскім» (на 1776), «Каляндар краёвы і замежны для Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» (на 1793).

У канцы 18—пач. 19 ст. ў Гродне і Вільні Т.​Дубіткоўскі выдаваў на польск. мове «Каляндар гаспадарчы» (1776—1800) і «Каляндар гродзенскі» (1801—07). У Магілёве на польск. мове выходзілі «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783», «Каляндар беларускі» (на 1784—95). У канцы 18 ст. ў Вільні на польск. мове выходзіла 5 К. Указам ад 10.12.1800 яны забаронены, але праз год іх дазволілі друкаваць. З 1840 у Вільні выдаваўся К. на рус. мове «Гаспадарчы месяцаслоў». Пасля паўстання 1863—64 па просьбе асобага к-та забаронены ўвоз на тэр. Рас. імперыі К. з Польшчы. 3.10.1864 выйшла 1-я кн. «Заходнярускага месяцаслова» (выдаваўся да 1917, у 1868—76 пад назвай «Літоўска-рускі месяцаслоў»). З 1883 выходзіў «Віленскі каляндар».

У 1889—90 у Маскве пад рэд. М.​В.​Доўнар-Запольскага выдаваўся «Каляндар Паўночна-Заходняга краю» з мэтаю пашырэння ведаў пра Беларусь. «Паўночна-заходні каляндар» на 1892 і 1893 (пад рэд. А.​І.​Слупскага; Мінск) змясціў нар. К., спіс чыгунак, параходстваў на рэках Беларусі, артыкулы па гісторыі Мінска і Магілёва, вершы Я.​Лучыны. У 1895—1918 у многіх гарадах Беларусі друкаваліся выданні з каляндарнымі звесткамі. У 1907—20 на польск. мове выходзіў «Мінскі каляндар». У Вільні на польск. мове У.​Дважачак выдаў кішэнны К. «Над Свіслаччу» (на 1913 і 1914) з інфармацыяй пра Мінск. У 1920 у Мінску на польск. і рус. мовах выйшаў «Каляндар-даведнік «Увесь Мінск». У Маладзечне выдадзены «Маладзечанскі каляндар на 1928 год».

У 1910—13 газ. «Наша ніва», а з 1914 Бел. выдавецкае т-ва ў Вільні выдавалі «Беларускі каляндар» (на бел. мове, кірыліцай і лацінкай), які публікаваў бел. фальклор, творы бел. пісьменнікаў, розныя парады. Пры садзеянні газ. «Гоман» выйшаў К. на 1917 і 1918. Бел. К. «Сваяк» на 1919 (выдавец В.​Ластоўскі, Вільня) змясціў артыкул пра развіццё дзяржаўнасці і асветы ва ўсх. Беларусі. Бел. К. «Крыніца» на 1920 (Вільня, скл.

А.​Станкевіч) і на 1921 змясціў артыкулы пра бел. мову, неабходнасць стварэння бел. школ. Бел. выд-ва ў Вільні выпусціла «Беларускі каляндар» на 1921 і на 1922 (скл. П.​Станкевіч) з інфармацыяй пра розныя партыі Зах. Беларусі, выд-вы, газеты, з парадамі па стварэнні бел. школ, матэрыяламі пра Т-ва бел. школы. «Беларускі каляндар» на 1923 змяшчаў біягр. звесткі пра бел. паслоў у польскі сейм і сенат; на 1924 — пра гісторыю Беларусі ад часоў Полацкага княства, К. на 1925 — законы польск. ўрада аб правах нац. меншасцей, іх мовах; на 1927 — пра арганізацыю гурткоў ТБШ, Бел. сял.-работніцкай грамады, рэпрэсіі польскіх улад да яе гурткоў; на 1928 — пра мэты і задачы ТБШ, бел. гімназіі ў Зах. Беларусі і інш. У 1925—39 у Вільні выдаваўся бел. адрыўны К. У 1928 паралельна выдадзены бел. адрыўны, нар. і «Каляндарык «Хрысціянскай думкі» на 1929. На 1931 выйшлі кішэнны каляндарык «Шляху моладзі», адрыўныя К. т-ва «Культура» і бел. выд-ва, гасп. «Рольнік» і гумарыстычны. «Беларускі сялянскі каляндар» на 1937—39, задуманы як «Сялянская энцыклапедыя», змясціў багаты гіст. матэрыял. Бел. К. выдаваліся ў Латвіі.

У Мінску першы К. на бел. мове «Заранка» выйшаў у 1919 (правасл і каталіцкі). Першы бел. насценны К. у Мінску выйшаў у 1926. Выходзілі і адрыўныя К. «Беларускі сялянскі настольны каляндар» на 1928—30 (скл. А.​Матусевіч, выд. газ. «Беларуская вёска») змяшчаў багаты гіст., юрыд., літ. матэрыял. У Вял. Айч. вайну пад кантролем герм. улад у 1942—44 у Мінску выходзіў «Беларускі народны каляндар». У 1943—44 у Беластоку выдаваўся К. «Гаспадар». У 1947 выйшаў арыгінальны штомесячны адрыўны К. школьніка «Дванаццаць месяцаў» (скл. В.​Няміра). З 1971 выходзяць настольныя перакідныя К. на бел. мове. З 1990 выд-ва «Беларусь» выдае адрыўны К. «Родны край». Выдаюцца плакаты-К. З 1995 выходзіць «Беларускі праваслаўны каляндар» на бел. мове. З 1996 у Мінску выходзіць «Каляндар татар-мусульман Беларусі».

З 1957 Бел. грамадска-культ. т-ва ў Польшчы (Беласток) выдае «Беларускі каляндар». Выдаваліся бел. К. і на эміграцыі (у Аргенціне, Францыі, ЗША, Канадзе і інш.).

Літ.:

Мальдзіс А. Першыя календары Беларусі // ЛіМ. 1970. 7 жн.;

Яго ж. Календары, выдадзеныя ў Беларусі ў XVIII ст. // Книговедение в Белоруссии. Мн, 1977;

Миловидов А.И. Русский календарь в Северо-Западном крае, его историческое значение. Вильна, 1908.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Валанты́р ’бадзяга, лодыр’ (Нас.). Магчыма, н устаўны гук, як у валанцуга < валацуга (КСП). Тады валантыр < валатыр, якое ў сваю чаргу да волат і суфікса ‑ыр. Адносна такой суфіксацыі гл. SP, 2, 28. Шанскі (1, В, 151) адзначае, што гэта слова ў формах валентир, волунтер, волунтир (< англ. volunteer ’добраахвотнік’) здаўна ўжывалася ў рускай мове. Не выключана, што адна з іх захавалася ў беларускай мове, набыўшы негатыўнае значэнне пад уплывам збліжэння з валачыцца, валэндацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Відзік ’пейзажны малюнак у рамцы пад шклом’ (гродз., Сцяц., Словаўтв.); ’паштоўка’ (маз. Мат. Гом.). Укр. видик, рус. видик (памянш. ад від), польск. widok ’від, перспектыва, пейзаж, пейзажны малюнак’, чэш. viděk ’вёска, правінцыя, перыферыя’; ’пейзаж, від’, славац. vidiek ’тс’, серб.-харв. вѝдик ’гарызонт’; ’від’, макед. видик ’тс’. Запазычана з польск. widok; пры гэтым суфікс ‑ok заменены на беларускі ‑ік (з памяншальна-ласкальным адценнем). Пазней стала ўспрымацца як памяншальнае ад від (Сцяц., Словаўтв., 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нібына́мкі ’няважна, пляваць’ (Некр.). Паводле Карскага (2–3, 69), утворана пры дапамозе суфікса ‑кі, аднак зыходная аснова няясная: нібы нам?, параўн. нібы штоняважна, абыякава’, нам нібы што = нам усёроўна. Малаверагодная сувязь з польск. bynajmniej ’па меншай меры, ва ўсякім выпадку’, параўн. бынаймней, бынамней ’калі б, чуць-чуць; без патрэбы; чуць не’ (Нас.), якую, аднак, нельга не прыняць пад увагу, калі дапусціць пераробку канца слова як у няупамкі (гл.), тады з ⁺ж бынамней ’нічуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Падру́ба ’ніжні вянок зруба’ (ТСБМ, Сцяшк.), падру́б (Янк. 1, Мат. Гом.), падру́б, падру́ба (Шат., Бяльк.), падру́ба, подру́ба, падру́бы (Сл. ПЗБ), подру́ба (Шушк., Тарнацкі, Studia), падру́біна ’адно з чатырох бярвенняў падрубу’ (Янк. 1). Рус. подру́б ’зруб або некалькі вянкоў, якія падведзены пад зруб’, подру́ба ’вуглы ў зрубе’, серб.-харв. по́друб ’рубец, падшыты край адзежы’. Аддзеяслоўныя ўтварэнні ад падрубіць < рубіць (гл.). У будаўнічай тэрміналогіі бел.-рус. ізалекса. Падру́бка ад падруб(а) з суф. ‑іна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аска́рак ’цвёрды засушаны агрызак хлеба’ (кліч., вусн. паведамл. Выхоты). Утворана паводле мадэлі а‑ + корань назоўніка + ‑ак (о‑ + корань + ‑ъkъ), як і апёнак са значэннем ’тое, што знаходзіцца побач з прадметам, пазначаемым коранем’. Корань ‑скар‑ адцягнуты, напэўна, ад скарынка (гл.), дзе, аднак, адлюстроўвае корань скор‑ і а пад націскам павінна было ператварыцца ў о, але дээтымалагізацыя кораня ў скарынка і падобных утварэннях прывяла да ўспрыняцця кораня з а‑ незалежна ад націску. Параўн. яшчэ аскор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

-нь, пастпазіцыйная партыкула, якая далучаецца да займеннікаў тыпу штонь ’што-небудзь’, хтонь ’хто-небудзь’, прыслоўяў тыпу калінь ’калі-небудзь’ і пад., вядома яшчэ ст.-бел. штонь (1387), какійньколи (якія калі) (1432). Паводле Карскага (1, 323), можа выводзіцца з займенніка *(j)ь (ст.-слав. иже, параўн. він. скл. *нь) або з’яўляецца вынікам скарачэння не ці ні, параўн. ст.-бел. штонь есть дохода; паводле Копечнага (ESSJ SG, 1, 323), звязана з займеннікам *onъ (гл. ён).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дра́бы ’рэбры, косці; касцяк, каркас’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.), ’воз’ (Касп., Сл. паўн.-зах.). Паводле Фасмера (1, 545), які і рус. дря́бы ’воз для снапоў’, бел. драбі́на, укр. драби́на, польск. drabina, роднаснае з с.-ням. treppe, trappe ’лесвіца’ (так і Бернекер, 1, 219). Іначай Трубачоў (Эт. сл., 5, 100–101), які пад праформамі *drabъ, *draby аб’яднаў вялікую групу слоў і лічыць, што ёсць сувязь з прасл. *dьrati ’драць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Памост ’узвышша ў выглядзе пляцоўкі, насланай з дошак; падлога’ (ТСБМ, Шат., Янк. 3., Сл. ПЗБ, Гарэц.), ’падлога’ (Касп., Сцяшк. МГ, ДАБМ, 954; Шпіл., Хрэст. па бел. дыялекталогіі, 334, Бір. дыс.), ’падстаўка з хворасту пад дуплянкі’ (Мат. Гом.), помосто́к ’ступенькі перад уваходам у дом’ (Шушк.). Рус. помо́ст, укр. помо́ст, ст.-рус. помостъ ’падлога, дах, ярус; рыначная плошча’, помостити. Фасмер (3, 323) лічыць ад po‑ і мост (гл.), але магчыма і аддзеяслоўнае ўтварэнне ад памасціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)