навука пра рух, будову, паходжанне і развіццё касм. целаў, іх сістэм і Сусвету ў цэлым. Вывучае розныя аб’екты: планеты і іх спадарожнікі, каметы і метэорнае рэчыва, зоркі, зорныя сістэмы (галактыкі), міжзорны газ і дыфузнае рэчыва, рассеянае ў касм. прасторы, эл.-магн. выпрамяненне нябесных целаў. Асн. раздзелы астраноміі: астраметрыя, астрафізіка, зорная астраномія, касмагонія, касмалогія, нябесная механіка, пазагалактычная астраномія, радыёастраномія.
Астраномія ўзнікла ў глыбокай старажытнасці з практычных патрэб чалавецтва. Рух Месяца, планет і сузор’яў дапамагаў вызначаць прамежкі часу і змены пораў года, весці каляндар, арыентавацца на мясцовасці. Практычны характар астр. ведаў адлюстраваўся ў нар. назвах касм. аб’ектаў (напр., Млечны Шлях — «Птушыны Шлях», планета Венера — «Вечарніца» і інш.) і ў стварэнні найпрасцейшых аграрна-астр. «абсерваторый». Адно з такіх збудаванняў дахрысціянскіх часоў з арыентаваных валуноў выяўлена і на Беларусі каля воз. Янова ў Полацкім раёне. Астраномія паспяхова развівалася ў Вавілоне, Егіпце, Стараж. Грэцыі, Індыі і Кітаі. Стараж.-грэч. вучоны Пталамей распрацаваў у 2 ст.геацэнтрычную сістэму свету, якая была агульнапрынятай амаль 1,5 тыс. гадоў. У сярэднія вякі астраномія дасягнула значнага развіцця ў дзяржавах Усходу. У 15 ст. Улугбек пабудаваў паблізу Самарканда астр. абсерваторыю з дастаткова дакладнымі на той час вугламернымі інструментамі. Узнікненне сучаснай астраноміі звязана са стварэннем геліяцэнтрычнай сістэмы свету (М.Капернік, 16 ст.), вынаходствам тэлескопа (Г.Галілей, пач. 17 ст.), адкрыццём законаў руху планет (І.Кеплер, пач. 17 ст.) і сусветнага прыцягнення закону (І.Ньютан, канец 17 ст.).
У 18 — пач. 20 ст. назіральная астраномія атрымала шматлікія звесткі пра Сонечную сістэму, фіз. прыроду зорак і інш.касм. аб’ектаў, што спрыяла стварэнню навук. карціны свету. Выкарыстанне ў астр. даследаваннях метадаў спектраскапіі, фатаграфіі і фотаметрыі прывяло да ўзнікнення астрафізікі. Вялікае значэнне мела заснаванне многіх астранамічных абсерваторый, удасканаленне астранамічных інструментаў і прылад, складанне зорных каталогаў з указаннем дакладных каардынат зорак. Гэтыя дасягненні астраноміі звязаны з працамі У.Гершэля (Вялікабрытанія), Ж.Лагранжа, П.Лапласа, У.Левер’е (Францыя), М.В.Ламаносава, В.Я.Струве, Ф.А.Брадзіхіна (Расія), К.Доплера (Аўстрыя) і інш. Значны ўклад у назіральную астраномію і астрафіз. метады даследавання зрабілі астраномы Віленскай астранамічнай абсерваторыі і астраномы — выхадцы з Беларусі: С.М.Блажко, Дз.І.Дубяга, Г.А.Ціхаў, В.К.Цэраскі. Астр. даследаванні ў б.СССР звязаны з працамі В.А.Амбарцумяна, А.А.Белапольскага, С.У.Арлова, Я.К.Харадзе і інш. Даследаванні спектраў галактык дазволілі Э.Хаблу (ЗША) выявіць у 1929 агульнае расшырэнне Сусвету, прадказанае рас. вучоным А.А.Фрыдманам (1922) на падставе тэорыі гравітацыі А.Эйнштэйна (1915—16). Сярэдзіна 20 ст. характарызавалася з’яўленнем новых сродкаў назірання і выкарыстаннем касм. тэхнікі, што значна расшырыла магчымасці астр. даследаванняў. Стварэнне аптычных і радыётэлескопаў з высокай раздзяляльнай здольнасцю, выкарыстанне штучных спадарожнікаў Зямлі, ракет, а таксама аптычных і электронных сістэм, у стварэнні якіх бралі ўдзел вучоныя Беларусі, дало магчымасць у 1960—80 выявіць і даследаваць новыя касм. аб’екты: радыёгалактыкі, квазары, пульсары, крыніцы рэнтгенаўскага і нейтрыннага выпрамяненняў. Астраномія стала эксперыментальнай навукай, здольнай непасрэдна даследаваць касм. прастору, вывучаць Месяц і бліжэйшыя планеты. З дапамогай касм. апаратаў (напр., «Венера», «Марс», «Меркурый», «Рэйнджэр» і інш.) атрыманы фотаздымкі Месяца і амаль усіх планет Сонечнай сістэмы (акрамя Плутона), адкрыты новыя спадарожнікі планет, кольцы вакол планет-гігантаў, сфатаграфавана ядро каметы Галея.
Літ.:
Бакулин П.М., Кононович Э.В., Мороз В.И. Курс обшей астрономии. 5 изд. М., 1983;
Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;
Климишин И.А. Астрономия наших дней. 3 изд. М., 1986;
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех. апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд. вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.
У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст.Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.
У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр.з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоў СССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.
Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.
Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.
Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.
Літ.:
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,
ураўненні, якія змяшчаюць невядомыя функцыі, іх вытворныя любых парадкаў і незалежныя пераменныя. Уведзены ў матэматыку І.Ньютанам і Г.Лейбніцам. Іх сістэматычнае вывучэнне пачаў Л.Эйлер. У 19 ст. Д.ў. сталі самастойнай матэм. дысцыплінай. Заснавальнікі сучаснай тэорыі Д.у. — А.М.Ляпуноў, У.А.Сцяклоў і інш.
Змена масы m радыеактыўнага рэчыва з каэфіцыентам распаду k за прамежак часу dt выражаецца Д.у. dm = kmdt (1). Тэмпература U = U(x, y, z), што ўстанавілася ў кожным пункце (x, y, z) цела, на мяжы якога падтрымліваецца зададзены цеплавы рэжым, задавальняе Д.ў.
(2).
Д.ў. віду (1) — звычайнае Д.ў. (змяшчае функцыю аднаго пераменнага), віду (2) — Д.ў. ў частковых вытворных (змяшчае вытворныя невядомай функцыі па розных пераменных). Парадак Д.ў. вызначаецца вытворнай самага высокага парадку ў гэтым ўраўненні Кожнае Д.ў. вызначае адразу цэлую сям’ю рашэнняў, залежную ад лікавых ці функцыянальных параметраў; яно выражае некаторы агульны закон, якому падпарадкоўваецца мноства канкрэтных працэсаў. Для вылучэння асобнага працэсу задаюць дадатковыя ўмовы, найчасцей — краявыя (пачатковыя і гранічныя). Для рашэння (1) задаецца пачатковае значэнне — маса m(0) = m0. Рашэнне (2) вызначаецца, напр., гранічнымі значэннямі — размеркаваннем тэмпературы на паверхні цела. Звычайнае лінейнае Д.ў. або сістэму гэтых Д.у. увядзеннем дапаможнай функцыі можна запісаць у выглядзе x′ = P(t)x + φ(t), дзе P — матрыца каэфіцыентаў, φ — вектар свабодных членаў, x = x(t) — вектар-функцыя. Калі Y — квадратычная матрыца, якая складаецца з незалежных рашэнняў адпаведнай аднароднай сістэмы (φ ≡ 0), а x* — адно з рашэнняў прыведзенага Д.ў., тады ўсе яго рашэнні дае формула x = x* + Yc, дзе c — адвольны пастаянны вектар. У шэрагу выпадкаў, напр. пры пастаяннай P, пабудова x* і Y зводзіцца да алгебраічных аперацый і інтэгравання. Існуюць і нелінейныя Д.ў., якія рашаюцца з дапамогай канечнага ліку прасцейшых аналітычных аперацый. Напр., калі My′= Mx′ тады ўсе рашэнні M(x,y)dx + N(x,y)dy = 0 дае формула ∫M(x,y)dx + N(x,y)dy = c, дзе c — адвольная пастаянная. Калі Д.ў. зададзена з дапамогай аналітычных функцый, тады рашэнне выяўляецца таксама аналітычнай функцыяй, раскладаецца ў ступенны рад каля кожнага неасаблівага пункта і знаходзіцца метадам неакрэсленых каэфіцыентаў. Вызначэнне рашэння Д.ў. ці сістэмы Д.у. x′ = ƒ(t,x) з зададзенай пачатковай умовай x(t0) = x0 раўназначнае рашэнню інтэгральных ураўненняў тыпу:
(3). Калі ƒ неперарыўная функцыя, то (3) мае хоць бы адно рашэнне. Калі, акрамя гэтага, неперарыўная ƒ′x, то рашэнне (3) адзінае і яго можна знайсці з дапамогай ітэрацый. Метад ітэрацый разам з метадам раздзялення пераменных, з метадам малога параметра і інш. ўжываецца і пры рашэнні Д.ў. з частковымі вытворнымі. Прыбліжанае рашэнне Д.ў. атрымліваюць, замяняючы ў Д.у. вытворныя адносінамі прырашчэнняў і пераходзячы да ўраўненняў у канечных рознасцях. Тэорыя Д.ў. выкарыстоўваецца ў варыяцыйным злічэнні, у тэорыі аптымальных працэсаў, у тэорыі кіравання рухам і ў большасці раздзелаў прыкладной матэматыкі. Вывучэнне краявых задач для Д.у. з частковымі вытворнымі — гал. частка матэм. фізікі.
На Беларусі развіццё тэорыі Д.у. звязана з імем М.П.Яругіна; распрацоўка новых раздзелаў тэорыі Д.у., арыентаваных на тэорыю кіравання, пачата ў 1966 Я.А.Барбашыным. Даследаванні па Д.у. вядуцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі, БДУ і інш. (І.В.Гайшун, М.А.Ізобаў, Э.І.Груда, Ф.М.Кірылава, В.І.Карзюк і інш.). У Мінску выдаецца міжнар. навуковы час.«Дифференциальные уравнения».
Літ.:
Еругин Н.П. Книга для чтения по общему курсу дифференциальных уравнений. 3 изд. Мн., 1979;
Яго ж. Линейные системы обыкновенных дифференциальных уравнений с периодическими и квазипериодическими коэффициентами. Мн., 1963;
Барбашин Е.А. Введение в теорию устойчивости. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНО́САЎ (Міхаіл Васілевіч) (19.11. 1711, в. Дзянісаўка, цяпер с. Ламаносава Халмагорскага р-на Архангельскай вобл., Расія — 15.4.1765),
рускі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак, гісторык, асветнік. Акад. Пецярбургскай АН (1745), чл.рас. Акадэміі мастацтваў (1763). Ганаровы чл. Шведскай (1760) і Балонскай (1764). Вучыўся ў Славяна-грэка-лац. акадэміі ў Маскве (1731—35), у акад. ун-це ў Пецярбургу (1735), у Германіі (1736—41). З 1742 у Пецярбургскай АН, праф. хіміі (з 1745). З 1748 працаваў у першай у Расіі хім. лабараторыі пры АН (створана па яго ініцыятыве), адначасова (з 1756) на заснаванай ім шкляной ф-цы. Навук. даследаванні па хіміі, фізіцы, астраноміі, геаграфіі, геалогіі, металургіі. Распрацаваў асновы карпускулярнага (атамна-малекулярнага) вучэння; малекулярна-кінетычную тэорыю цяпла і газаў, тэорыю колераў. Эксперыментальна даказаў закон захавання масы рэчыва ў хім. рэакцыях (1756), сфармуляваў прынцып захавання матэрыі і руху. Адзін з заснавальнікаў фіз. хіміі. Абгрунтаваў неабходнасць выкарыстання фіз. метаду ў хіміі, даў фіз. хіміі азначэнне, блізкае да сучаснага, напісаў «Увядзенне ў сапраўдную фізічную хімію» (1752). Прапанаваў канструкцыю шэрагу (каля 100) розных прылад, у т. л. аптычных. Адкрыў існаванне атмасферы на Венеры (1761). У працы «Першыя асновы металургіі або рудных спраў» (1763) апісаў уласцівасці металаў і практычныя метады іх атрымання. Выклаў асновы тэорыі геал. развіцця Зямлі і зямной кары. Растлумачыў паходжанне многіх карысных выкапняў і мінералаў. Быў кіраўніком Геагр. дэпартамента. З яго ўдзелам складаўся геагр. «Атлас Расійскі». Даследаваў марскія льды і даў іх першую класіфікацыю. Выказаў ідэю аб важнасці для Расіі даследавання Паўн. марскога шляху і асваення Сібіры. У 1755 па ініцыятыве Л. створаны Маскоўскі ун-т.
Л. — адзін з пачынальнікаў новай рус. л-ры, рэфарматар рус. вершаскладання. У «Лісце аб правілах расійскага вершаскладання» (1739, апубл. 1778) абгрунтаваў сілаба-танічную сістэму вершаскладання. Стваральнік новыхліт. жанраў, у т. л.рус. оды філас. і высокага грамадз. гучання («На ўзяцце Хаціна», 1751, і інш.). Аўтар паэмы «Пётр Вялікі» (незавершаная, часткова апубл. 1760—61), трагедый у вершах «Таміра і Селім» (1750), «Дземафонт» (1752) і інш., вершаў на выпадак (надпісы, эпіграмы і г.д.). Яго сатыра «Гімн барадзе» распаўсюджвалася ў спісах (апубл. 1859). Асн. рысы паэзіі Л. — грамадзянскасць, патрыятызм, пачуццё ўласнай годнасці паэта. Перакладаў Гамера, Вергілія, Авідзія і інш.ант. аўтараў. Напісаў фундаментальныя філал. працы: «Кароткі дапаможнік красамоўства» (1748; першая рус. рыторыка), «Расійская граматыка» (1757; першая рус. граматыка), «Прадмова пра карысць кніг царкоўных у расійскай мове» (1758; першая спроба рус. стылістыкі). На дакумент. аснове склаў «Старажытную расійскую гісторыю ад пачатку расійскага народа да... 1054 года» (ч. 1—2, 1754—58, апубл. 1766), «Кароткі расійскі летапісец з радаводам» (1760), у якіх крытыкаваў нарманскую тэорыю. Вынайшаў і распрацаваў новы спосаб вырабу смальты для мазаік, заснаваў мазаічную майстэрню, у якой ствараліся партрэты, абразы, ландшафты («Вобраз Хрыста», 1753; пано «Палтаўская баталія», 1762—64).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАЁНАК (Андрэй Ягоравіч) (12.11.1920, в. Борхаў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.11.1982),
бел.драматург.Нар. пісьменнік Беларусі (1977). Скончыў Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1949). У Вял.Айч. вайну цяжка паранены. У 1944—47 на камсамольскай і парт. рабоце. З 1949 у час. «Вожык», у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У 1966—77 гал. рэдактар час. «Нёман». Друкаваўся з 1946. Пісаў гумарэскі, фельетоны, нарысы. Першая п’еса — аднаактовая драма «Добра, калі добра канчаецца» (1946). Аднаактоўкі «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе» (1950), «Аксеніна цялушка» і «Крымінальная справа» (1951), «Першае пытанне» (1952) вызначаліся актуальнасцю праблематыкі. Шматактовыя драмы «Ворагі», «Узыходы шчасця» (абедзве 1947), «Выйгрыш» (1948) пры жыцці аўтара не друкаваліся і не ставіліся. У 1952 на сцэне Бел.т-ра імя Я.Купалы пастаўлена яго паліт. драма «На досвітку» пра пасляваен. Францыю. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» (паст. тамсама ў 1954) бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва нар. гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Камедыі «Каб людзі не журыліся» (паст. тамсама ў 1959) і «Лявоніха на арбіце» (паст. тамсама ў 1961; Літ. прэмія імя Я.Купалы 1962) прысвечаны жыццю пасляваен. вёскі. Сац.-паліт. накіраванасцю вызначаюцца наватарскія п’есы «Зацюканы апостал» (паст. тамсама ў 1971) і «Трыбунал» (паст.Бел. т-рам Я.Коласа, 1970), якія засведчылі значную эвалюцыю ў выяўл. манеры аўтара. Сатыр. камедыя-памфлет «Зацюканы апостал», насычаная прыёмамі сцэнічнай умоўнасці, часам з падкрэсленым ігнараваннем праўдападобнасці, вызначаецца своеасаблівасцю маст. тыпізацыі, гранічнай абагульненасцю персанажаў, не трацячы пры гэтым маст. канкрэтнасці. У трагікамедыі «Трыбунал», блізкай да традыцый нар. драмы, М. спалучыў нізкае з узвышаным, фарсавае з трагедыйным. Упершыню ў бел. драматургіі высокая героіка ўвасоблена ў камедыйным жанры. У пошуках новых жанравых і структурна-кампазіцыйных форм М. прыйшоў да камедыі-рэпартажу «Таблетку пад язык» (паст. т-рам імя Я.Купалы ў 1973; разам з «Трыбуналам» Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1974), да складанай у жанравых адносінах камедыі «Кашмар» (паст. тамсама пад назвай «Святая прастата» ў 1976), якая падкупляе клопатам пра ўсталяванне разумных сац,паліт. узаемаадносін, гуманіст. пафасам. У канцы 1970 — пач. 1980-х г. на сцэне з’явіліся трагікамедыя «Пагарэльцы» (нап. 1966, апубл. 1980, паст. тамсама ў 1981) і камедыя «Верачка» [аўтарскае вызначэнне: сентыментальны фельетон, паст. Брэсцкім і Магілёўскім («Не сумуй, Верачка») абл. т-рамі ў 1979], якія адкрылі новыя грані драматургічнага таленту М. У «Пагарэльцах», прысвечаных выкрыццю прыстасавальніцтва, апалітычнасці, шкурніцтва, аўтар адмовіўся ад традыц. сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора, даў толькі «пралог і эпілог адной трагікамічнай гісторыі».
Камедыя «Верачка» напісана ў больш звыклых, хоць і не кананічных жанравых формах; у эмацыянальным ладзе яе дамінуе мяккая, сцішаная танальнасць. Лірычныя моманты ёсць і ў п’есах «Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык», «Кашмар», але прысутнічаюць там пераважна ў аўтарскіх рэмарках-пралогах. Апошні закончаны твор М. — трагікамедыя «Дыхайце эканомна» (апубл. 1983) — п’еса-прытча, у якой аб’ектам аўтарскага асэнсавання стала найважнейшая агульначалавечая праблема захавання Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы. Аўтар кінааповесці «Твой хлеб» (1956), сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Рагаты бастыён» (1975), тэлефільма «Пасля кірмашу» (1973). Імя М. прысвоена Гродзенскай цэнтр.гар. б-цы і Журавіцкай СШ Рагачоўскага р-на, у якой створаны музей М.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1987—90;
Выбр. тв Т. 1—2. Мн., 1980.
Літ.:
Вишневская И. Комедия на орбите. М., 1979;
Сохар Ю.М. На пульсе жыцця: Андрэй Макаёнак і бел.тэатр.Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,
спецыяльная гіст. навука, якая вывучае гіст. меры (даўжыні, масы, плошчы, аб’ёмаў сыпкіх і вадкіх рэчываў і інш. велічынь у іх развіцці. Задачы М.г. — вызначэнне суадносін адзінак розных велічынь паміж сабой і іх сувязі з адзінкамі метрычнай сістэмы мер.
Распрацоўка М.г. у Зах. Еўропе пачалася з трактатаў юрыстаў і купцоў 14—15 ст., у якіх сістэматызаваліся звесткі пра меры для патрэб гандлю. У трактатах землямераў выкладаліся спосабы вымярэння даўжыні і паверхні («Кульмская геаметрыя»). У 16 ст. з’явіліся матэм. працы па метралогіі («Майстэрскае лічэнне» К.Рудольфа). Уласна М.г. прысвечана праца Г.Агрыкалы «Пяць кніг пра меры і вагі рымлян і грэкаў» (1550). У цяперашні час дзейнічае міжнар. камісія па М.г., з 1975 склікаюцца кангрэсы па гэтай навуцы.
На Беларусі метралагічныя працы з’явіліся ў 16 ст. ў сувязі з правядзеннем валочнай памеры. У 18 ст. пытанні М.г. распрацоўвалі гісторыкі Ф.Ф.Лойка, Т.Чацкі, С.Богуш-Сестранцэвіч. З прыняццем у канцы 18 ст. ў Францыі метрычнай сістэмы мер і паступовым яе пашырэннем па еўрап. краінах з’явілася патрэба ў суаднясенні даўніх мер Рэчы Паспалітай з новымі. Гэтаму прысвечаны працы А.Сапегі «Табліцы суадносін новых французскіх мер і вагі з літоўскімі і польскімі» (1802) і А.Хадкевіча «Табліцы суадносін даўніх мер і вагі французскіх і каронна-літоўска-польскіх з мерамі і вагамі новымі і прынятымі ў Францыі» (1811). У 19 ст. М.г. Рэчы Паспалітай распрацоўвалі І.Лялевель, Ф.Пекасінскі. У канцы 19 — пач. 20 ст. меры феад. Беларусі вывучалі А.М.Семянтоўскі, М.В.Доўнар-Запольскі, У.І.Пічэта. Пытанням бел. М.г. прысвечаны працы Дз.Л.Пахілевіча, З.Ю.Капыскага, П.Р.Казлоўскага, А.П.Грыцкевіча, Я.К.Анішчанкі, Л.А.Малчанавай, К.У.Скурата, польскіх даследчыкаў Л.Калянкоўскага, У.Пацехі, Р.Мяніцкага, В.Кулі, С.Александровіча, Г.Дунін-Вансовіч, Я.Юркевіча. Важныя працы па стараж.-рус. і рас.феад. метралогіі належаць П.Р.Буткову, Дз.І.Празароўскаму, Ф.І.Петрушэўскаму, А.І.Нікіціну, І.І.Каўфману, Л.У.Чарапніну, В.Л.Яніну, Б.А.Рыбакову, А.І.Каменцавай, М.А.Шасцьіну, І.Э.Клейненбергу.
Даўнія бел. меры. Меры даўжыні. Міля = 5 вёрст; вярста = 798 сажняў = 1559,7 м; вярста вялікая = 1000 сажняў = 1948,8 м; сажань = 194,88 см; шнур = 75 локцяў = 10 прутоў (прэнтаў) = 100 прэнцікаў = 48,7 м; локаць = 64,96 см; стапа = 12 цаляў = 32,5 см; цаля = 2,7 см; гоні (гон) = 80—100 м. Меры плошчы. Валока = 30 маргоў = 9000 кв. прутоў = 67 500 кв. локцяў = 21,36 га; морг = 3 кв. шнуры = 0,71 га; шнур = 100 кв. прутоў = 0,237 га; прэнцік = 0,237 мМеры аб’ёму. Бочка віленская = 4 чвэрці = 8 асьмін = 72 вялікія гарцы = 144 малыя гарцы = 406,7 л (для сыпкіх рэчываў) і 406,54 л (для вадкасці); гарнец малы (шынковы) = 2,8237 л; гарнец вялікі (цэхавы) = 5,6474 л; чвэрць (карэц) = 1/4 бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л; кварта = 1/4 гарца = 0,7057 л; мядніца = 12 гарцаў = 33,84 л. Меры масы (вагі). Беркавец = 5 камянёў = 200 фунтаў = 74,96 кг; камень = 40 фунтаў = 14,993 кг; фунт = 32 лоты = 374,8 г; пуд = 40—50 фунтаў; бязмен = 5—6 фунтаў = 1,87—2,24 кг; кантар = 100 фунтаў 37,48 кг; грыўна = 195,5 г. Адзінкі лічэння. Капа = 60; саха (валы, нарогі для сох) = 2; пасма (у ткацтве) = 30 нітак; лібра = 25 аркушаў паперы; рэз = 20 лібраў = 500 аркушаў паперы; тузін = 12; фаска = 500. У розных мясцовасцях Беларусі ў розныя часы існавалі свае меры, якія адрозніваліся ад вышэй названых.
Літ.:
Скурат К.У. Даўнія беларускія меры (лексічны аналіз). Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ СІТУА́ЦЫЯ,
становішча (сітуацыя) на пэўнай тэрыторыі, якое склалася (узнікла) у выніку надзвычай неспрыяльных прыродных, тэхнагенных, экалагічных і інш. фактараў. Характарызуецца рэзкім адхіленнем ад нормы з’яў і працэсаў, аказвае значнае ўздзеянне на жыццядзейнасць людзей, эканоміку, сац. сферу і прыроднае асяроддзе. Н.с. падзяляюцца на аварыі (пашкоджанне станкоў, установак, энергасістэм, трансп. сродкаў, будынкаў, памяшканняў без чалавечых ахвяр), катастрофы (падзеі з трагічнымі вынікамі, буйныя аварыі з людскімі ахвярамі), стыхійныя бедствы (небяспечныя працэсы геафіз., геал., гідралагічнага, атм. паходжання, якія прыводзяць да катастроф).
У гісторыі чалавецтва вядомы шматлікія глабальныя, рэгіянальныя і аб’ектавыя катастрофы. Захаваліся легенды пра Сусветны патоп, знікненне Атлантыды ў водах акіяна. Вывяржэнне Везувія ў 79 н.э. знішчыла г. Пампеі. У час эпідэміі чумы ў 1340—60 загінула больш за 100 млн.чал., пры землетрасеннях у Кітаі (правінцыя Шаньсі) ў 1556—830 тыс.чал., у 1976 (Таншан-Фэнань) — каля 700 тыс.Найб. значныя тэхнагенныя катастрофы: у 1984, у Бхопале (Індыя), дзе таксічным газам атручана больш як 17 тыс.чал.; радыяцыйнае забруджванне ў выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986. Катастрофы на транспарце: гібель «Тытаніка» ў 1912 (загінула больш за 1500 чал.), «Індыгіркі» ў 1939 (1500 чал.), «Адмірала Нахімава» ў 1986 (больш за 400 чал.), «Эстоніі» ў 1994 (больш за 900 чал.). У авіякатастрофах 20 ст. загінула каля 100 тыс.чал. У дачыненні да Н.с. выключнае значэнне маюць прадухіленне і ліквідацыя. Прадухіленне Н.с. уключае комплекс прававых, арганізацыйных, эканам., інж.-тэхн., прыродаахоўных і інш.спец. мерапрыемстваў, накіраваных на недапушчэнне ці максімальна магчымае змяншэнне рызыкі іх узнікнення, на захаванне здароўя людзей, зніжэнне памераў страт у эканоміцы і маёмасці грамадзян, шкоды навакольнаму асяроддзю. Звядзенне да мінімуму імавернасці ўзнікнення Н.с. дасягаецца: забеспячэннем тэхнал. надзейнасці сістэм бяспекі ў прам-сці, на транспарце, у энергетыцы, сельскай гаспадарцы; неабходнымі даследаваннямі ў сферы забеспячэння жыццядзейнасці, абмежаваннем выкарыстання выбухова-, пажара-, хімічна, радыяцыйна, біялагічна небяспечных рэчываў і тэхналогій; увядзеннем новых бяспечных рэсурса- і энергазберагальных тэхналогій, супрацьаварыйнай аховы тэхн. аб’ектаў; аддаленнем патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў ад жылых зон і сістэм іх жыццезабеспячэння; кантролем і наглядам за станам патэнцыяльна небяспечных вытв-сцей і аб’ектаў; стварэннем рэзерваў, неабходных для ліквідацыі Н.с. Ліквідацыя Н.с. уключае: разведку (агульную і спецыяльную — біял., інж., мед., хім., пажарную, радыяцыйную, сан.-эпідэміялагічную) з мэтай высвятлення віду Н.С.; выяўлення крыніц небяспекі. вызначэнне маштабу і межаў Н.с.; назіранне за зменай становішча ў зоне Н.с.; правядзенне аварыйна-выратавальных і інш. неадкладных работ; ліквідацыю Н.с., жыццезабеспячэнне насельніцтва і сіл ліквідацыі Н.с. Першачарговыя дзеянні пры аварыях, выбухах, пажарах і інш. Н.с. — пошук і выратаванне пацярпелых, тушэнне пажару, лакалізацыя і падаўленне небяспечных фактараў, а таксама выратаванне матэрыяльных і культ. каштоўнасцей, ахова прыроднага асяроддзя, аказанне пацярпеламу насельніцтву мед. і інш. дапамогі, стварэнне ўмоў, мінімальна неабходных для захавання жыцця і здароўя людзей, падтрыманне іх працаздольнасці. Аварыйна-выратавальныя і інш. неадкладныя работы вядуцца ў небяспечных умовах і патрабуюць спец. падрыхтоўкі спецыялістаў, іх адпаведнай экіпіроўкі і аснашчэння.
Для Беларусі найб. імаверныя Н.с.: аварыі і пажары з выкідам моцнадзейных атрутных рэчываў на хімічна небяспечных аб’ектах (іх у краіне больш за 370), аварыі на АЭС, што знаходзяцца каля межаў рэспублікі (Ігналінская, Літва; Смаленская, Расія; Чарнобыльская і Ровенская, Украіна); аварыі на магістральных нафта-, прадукта- і газаправодах. Магчымы таксама небяспечныя і разбуральныя прыродныя з’явы: паводкі, ураганы, смерчы, лясныя пажары, тарфяныя пажары, моцныя замаразкі. Для арганізацыі дзярж. мер па прадухіленні і ліквідацыі Н.с. прыроднага і тэхнагеннага характару створана Мін-ва па надзвычайных сітуацыях (1999).
Літ.:
Жалковский В.И., Ковалевич З.С. Защита населения в чрезвычайных ситуациях. Мн., 1998;
Ионина Н., Кубеев М. 100 великих катастроф. М., 1999;
Катастрофа и человек. Кн. 1. Российский опыт противодействия чрезвычайным ситуациям. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ДЖЭ́РСІ (New Jersey),
штат на У ЗША. Пл. 20,3 тыс.км². Нас. 8053 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Трэнтан. Найб. горад Ньюарк. Паўд.ч. штата ў межах забалочанай Прыатлантычнай нізіны, на Пн адгор’і Апалачаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад 1 °C у студз. да 23—25 °C у ліп. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважае культ. расліннасць, у гарах захаваліся шыракалістыя лясы. Адзін з найб. урбанізаваных, густанаселеных і эканам. развітых штатаў ЗША. Тэр. штата ўваходзіць у агламерацыю Вял. Нью-Йорка (Пн) і Філадэльфіі (ПдЗ). Маш.-буд., у т. л. авія- і суднабудаванне, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, зборка аўтамабіляў, электратэхн., электронная; паліграф., сілікатна-керамічная, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, тэкст., швейная прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, каляровая металургія (выплаўка медзі і цынку), металаапрацоўка. Вытв-сць тэлекамунікацыйнага і біятэхнал. абсталявання. Вылучаецца разнастайная харч.прам-сць, у т. л. кандытарская. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Вырошчваюць памідоры, ягады, перац, сою. Малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Парнікова-цяплічныя гаспадаркі, аранжарэі, гадавальнікі. Садоўніцтва (персікі, вішня). Прамысл. кветкаводства. На Пд на асвоеных балотах вял. плантацыі буйнаплодных журавін. Марское рыбалоўства. Узбярэжжа — раён курортаў, шмат атэляў і казіно. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.
Першымі еўрапейцамі, якія ў 1524 з’явіліся на тэр. штат, былі італьянцы і партугальцы. У 1617 галандцы заснавалі тут сваю калонію. Тэр. ўздоўж р. Дэлавэр засялілі шведы. У 1655 Н.-Дж. далучаны да галандскіх Новых Нідэрландаў. У 1664 акупіраваны англічанамі, сюды пачалі перасяляцца англ.квакеры. З 1676 частка Н.-Дж. (з 1682 поўнасцю) стала ўладаннем У.Пена. З 1702 каронная зямля. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83тэр. штата — месца ваен. дзеянняў: бітвы каля Трэнтана (1776), Прынстана (1777), Монмута (1778). З 1787 штат ЗША. У 19—20 ст. пачалася новая хваля еўрап. іміграцыі, у т. л. беларусаў.
Беларусы ў Нью-Джэрсі. Масавая эміграцыя сялян з Беларусі ў Н.-Дж. пачалася ў канцы 19 ст. У 1910-я г. некалькі бел. сем’яў далучыліся да слав. калоніі ў Хантэрдоне. У 1912 беларусы заснавалі ў Вайнлендзе птушкафабрыку, а пазней на гэтых землях рассяліліся больш за 300 сялян-беларусаў. У 1920—30-я г. яны ўваходзілі ў рас. арг-цыі: Рускае нар.т-ва ўзаемадапамогі ў Амерыцы, Амерыкана-рус.т-ва ўзаемадапамогі і інш.Вял. колькасць беларусаў пасялілася ў Н.-Дж. пасля 2-й сусв. вайны, найб. кампактна — у акругах Мідлсекс, Юніён, Самерсет, Гудзон, Пасейік; стварылі свае асяродкі ў г. Саўт-Рывер, Пасейік, Нью-Брансуік. У штате існуе больш за 20 бел. грамадскіх арг-цый, у т. л. аддзелы Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Нью-Брансуіку, Бел. каардынацыйнага к-та Амерыкі, Бел. жаночага згуртавання ў Амерыцы, Бел.-амер. студэнцкага аб’яднання (усе ў Саўт-Рыверы), Саюза бел,амер. моладзі ў Пасейіку, Саўт-Рыверы, Нью-Брансуіку, Арганізацыі беларуска-амерыканскай моладзі, Згуртавання беларуска-амерыканскіх ветэранаў і інш. Штат быў месцам правядзення 6-й (1964), 12-й (1976), 15-й (1982) і 20-й (1992) Сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (усе ў Нью-Брансуіку); I і II кангрэсаў беларусаў Амерыкі (Саўт-Рывер), Бел. фестываляў (1976, 1977, 1979). Рэліг. жыццё беларусаў штата сканцэнтравана вакол парафій Бел. аўтакефальнай правасл. царквы (Жыровіцкай Божай Маці ў Нью-Брансуіку, св. Троіцы ў Дораце, св. Ефрасінні Полацкай ў Саўт-Рыверы). З 1974 у Саўт-Рыверы праводзяцца штогадовыя выстаўкі твораў мастакоў і нар. умельцаў. У штаце жывуць мастакі Т.Стагановіч, В.Шудзейка, Н.Кудасава, Н.Русак, І.Рагалевіч, Л.Махнюк і А.Махнюк. Створаны маст. калектывы: жаночы хор «Каліна», ветэранскі хор, некалькі аркестраў. Выходзілі газеты і часопісы «Беларуская трыбуна», «Шыпшына», «Беларус у Амерыцы», «Царкоўны сьветач», «Беларуская думка» і інш. З 1960 дзейнічае Бел. выдавецкае т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭ́СНЫЯ СПЕ́ВЫ (ад позналац. partes галасы, мн. лік ад лац. pars частка, удзел),
від харавых шматгалосых прафес. царкоўных і свецкіх спеваў, заснаваны на акордава-гарманічным прынцыпе, гамафоннай мелодыі і падзеле хору на партыі (дыскант, альт, тэнар, бас). Усх.-слав. праваслаўныя П.с. ў адрозненне ад каталіцкіх і уніяцкіх (з удзелам аргана і інш.муз. інструментаў) не мелі інстр. суправаджэння. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 16 ст., у канцы 16—17 ст. пашырыліся на ўсёй тэрыторыі. У б-ках Аршанскага, Віцебскага, Крычаўскага, Магілёўскага, Мінскага, Мсціслаўскага, Навагрудскага, Нясвіжскага, Слуцкага брацтваў знойдзены рукапісы літургічных песнапенняў 1-й пал. 17 ст. на 4, 5, 6, 8, 12 галасоў. Узоры 4-галосых твораў змешчаны ў бел. Ірмалагіёне 1638. Стыль першых прафес. гарманізацый быў цесна звязаны з нар.-песенным шматгалоссем. Мелодыі часам пераймаліся са знаменнага спеву, кантаў, псальмаў. Запазычаны напеў змяшчаўся ў тэнары, бас выконваў функцыю гарманічнага фундаменту, адзін з верхніх галасоў рухаўся паралельна тэнару ў сексту ці тэрцыю, другі запаўняў гарманічную вертыкаль. Запісвалі творы 5-лінейнай кіеўскай (квадратнай) натацыяй (гл.Нотнае пісьмо). Тэксты браліся з літургіі, усяночнай і інш.царк. службаў; выкарыстоўваліся і свецкія тэксты. Першыя ўзоры П.с. — 2- і 3-галосыя канты. Іх зборнікі — канцыяналы, багагласнікі — вядомы з канца 15 ст. Першыя рас. канты пайшлі ад помніка бел.-рус. культуры «Псалтыр рыфматворны» Сімяона Полацкага і В.Цітова. Мелодыі «Псалтыра...» гарманізаваны адпаведна бел. традыцыі, у муз. адносінах цесна звязаны з бел. знаменным спевам. Адным з цэнтраў пашырэння П.с. на Беларусі быў Куцеінскі Богаяўленскі манастыр пад Оршай, які на пэўны час стаў цэнтрам развіцця новых плыней у музыцы, паэзіі, жывапісе. Шмат бел. тэкставых і муз. (пеўчых) рукапісаў было вывезена ў Маскву (захоўваюцца ў Дзярж.гіст. музеі ў Маскве, архівах). Навучаліся П.с. у брацкіх школах. Кожнае бел. брацтва мела хор, які ўдзельнічаў і ў паказах школьнага тэатра. Рас. разнавіднасць П.с. — радковыя спевы (на 2, 3, 4 галасы), што падрыхтавалі глебу для новага шматгалосага стылю.
У Расію П.с. прынесены ў сярэдзіне 17 ст. выхадцамі з Беларусі і Украіны (бел. музыканты З.Гламазінскі, І.Дзякоўскі, І.Календа, І.Канюхоўскі, І.Кокля, Д.Рагачэўскі, дзяк Тызенгаўз). Бел. спявак А.Беражанскі працаваў у Маскве ў 1652. У 1655 у маскоўскім Андрэеўскім манастыры 28 бел. («літоўскіх») пеўчых выконвалі партэсныя творы. У аснове рус. П.с. пач. 18 ст. — пералажэнні як асн. від кампазітарскай дзейнасці. Партытура пералажэнняў складалася з 4 галасоў (сапрана, 1-ы альт, тэнар і лёгкі бас, або дыскант, 1-ы і 2-і альты і тэнар). Гал. жанр П.с. — духоўны канцэрт. Вядомы канцэрты апошняй трэці 17—1-й пал. 18 ст. Яны выконваліся на 3—12, зрэдку на 16, 24 і 48 галасоў. Ім уласціва развітая шматгалосая фактура, муз. тэматызм узыходзіць да кантаў, знаменнага роспеву, слав. народна-песеннай (у вял. ступені да лірычнай зацягучай песні) і прафес.зах.-еўрап.інстр. музыкі. Вядома больш за 50 аўтараў партэсных твораў, у т. л. В.Цітоў, М.Дылецкі, М.Бавыкін, С.Пекаліцкі, М.Калашнікаў, С.Бяляеў, Вінаградскі, Дз.Папоў, пратадыякан Растоўскі, Ф.Светлы, Давідовіч, Г.Падольскі. Творы П.с. 2-й чвэрці 18 ст. зазналі ўплыў зах.-еўрап., асабліва італьян., музыкі, напісаны пераважна ў жанры духоўнага хар. канцэрта (на 6, 8, 12, 24 галасы). Найб. росквіту дасягнуў у творчасці Дз.Бартнянскага. П.с. адыгралі вял. ролю ў развіцці прафес. мастацтва, у фарміраванні жанраў кантаты, гімна, панегірычнага і віктарыяльнага канта.
Літ.:
Разумовский Д.В. Церковное пение в России. М., 1867;
Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983;
Вознесенский И. Церковное пение православной юго-западной Руси по нотнолинейным ирмологам XVII и XVIII вв. Киев, 1890;
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1, 3. М.;
Пг., 1916, 1922;
Feicht H. «Krakow» Musik in Geschichte und Gegenwart. Basel, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОСТМАДЭРНІ́ЗМ (ад пост... + мадэрнізм),
мнагазначнае паняцце для характарыстыкі новага перыяду і тыпу культуры, новыхмаст. стыляў, кірункаў, сістэм, што склаліся ў архітэктуры, жывапісе, л-ры і г.д. у 2-й пал. 20 ст., стылю навук. мыслення і тэарэт. рэфлексій на гэтыя з’явы ў філасофіі, эстэтыцы. Тэрмін «П.» — вытворнае ад паняцця постмадэрн (літар. тое, што пасля мадэрну). У значнай ступені з’яўляецца вынікам развіцця найноўшых сродкаў масавай камунікацыі (тэлебачання, відэа- і камп’ютэрнай тэхнікі). Тэорыя П. пачала складвацца ў ЗША, куды ў 1970-я г. праніклі філас., постфрэйдысцкія і літ.-знаўчыя канцэпцыі франц. постструктуралістаў (Ж.Бадрыяр, Ж.Дэрыда, Ж.Ф.Ліятар). 1980-я г. лічаць часам узлёту П. Паняцце «П.» суадносіцца таксама з паліт. ладам, стандартамі паводзін, сродкамі масавай інфармацыі, мараллю (гуманіст. бок культуры і яе парадыгма), тыпам усведамлення, які рэалізуе пэўную сістэму духоўных каштоўнасцей. Для П. характэрна адмаўленне ўстаноўкі на строга навук. мысленне, успрыманне свету як самаарганізаванага хаосу, як тэксту, што прыводзіць да плюралізму ідэалогій у культуры, дэанталагізацыі мыслення. Культура П. характарызуецца адмаўленнем усякіх абмежаванняў — нарматыўнасці, традыцыі, рэгламенту, парадку. Постмадэрнісцкія творы ствараюцца пры дапамозе мадэліравання штучнай рэальнасці і дэканструкцыі т.зв. інтэртэксту культуры. У літаратуры вызначальнымі рысамі паэтыкі П. з’яўляюцца: «шматадраснасць» л-ры (зварот адначасова да розных чытачоў: ад высокаінтэлектуальнага да масавага), гібрыднасць (у аснове якой — кадзіраванне, што параджае прынцыпова новую літ. мову), мутантная змена жанраў, інтэртэкстуальнасць, дэкананізацыя, іронія, безасабовасць, карнавалізацыя, прынцып множнасці ісціны і множнасці яе інтэрпрэтацый. Сярод прадстаўнікоў П.Дж.Барнс, Дж.Барт, К.Вонегут, Х.Картасар, Г.Мюлер, М.Павіч, Т.Пінчан, С.Рушдзі, Т.Стопард, Дж.Фаўлс, У.Эка, А.Бітаў, В.Ерафееў, У.Набокаў і інш. Элементы постмадэрнісцкай паэтыкі сустракаюцца ў творчасці паэтаў-маладнякоўцаў М.Танка, А.Вярцінскага, А.Разанава, некат. маладых пісьменнікаў. У выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе) і архітэктуры для П. характэрна аб’яднанне ў адным творы сродкаў розных стыляў, гіст., традыцый і нац. школ. У жывапісе П. адвяргае імкненне мадэрнізму да захавання чысціні маст. форм і метадаў, проціпастаўляе абнаўленню маст. мовы перайманне і змешванне асобных элементаў з існуючых маст. сістэм (С.Кія, Ф.Клементэ, Э.Кукі, М.Паладзіна ў Італіі, Г.Базеліц у Германіі і інш.). У архітэктуры П. — супастаўленне элементаў гіст. стыляў у нязвыклым кантэксце стварае тэатралізаванае эстэт. асяроддзе, часта з элементамі іроніі і гратэску. З канца 1970-х г. будаваліся грамадскія цэнтры, акружаныя ярка расфарбаванымі аркадамі і калонамі, дзе арх. формы пераасэнсаваны і дапоўнены нетрадыц. матэрыяламі: анадзіраваны алюміній, нержавеючая сталь, неонавыя трубкі і інш. («П’яцца д’Італія ў г. Нью-Арлеан, ЗША, арх. Ч.Мур); гарады-спадарожнікі з восевай планіроўкай, забудаваныя дамамі з цяжкімі карнізамі і франтонамі, магутнымі дэкар. калонамі на руставаных стылабатах (гарады-спадарожнікі Парыжа, ісп.арх. Р.Банфілья); асабнякі з развітымі схільнымі дахамі і звісаючымі карнізамі, дахавымі вокнамі і дымавымі трубамі (праекты амер.арх. Р.Вентуры) і інш. У кінематографе ў рознай ступені да прадстаўнікоў П. належаць П.Грынуэй, Д.Джармен, Р.В.Фасбіндэр, Ф.Феліні, А.Сакураў, А.Таркоўскі; у музыцы — Л.Доўсан, Р.Хайнарэ, А.Шнітке; у тэатры — А.Хэйге, Р.Вікцюк, Б.Юханаў.
Літ.:
Иконников А.В. Зарубежная архитектура: От «новой архитектуры» до постмодернизма. М., 1982;
Дженкс Ч.А. Язык архитектуры постмодернизма: Пер. с англ.М., 1985;
Барт Р. Избр. работы: Семиотика. Поэтика: Пер. с фр.М., 1994;
Философия эпохи постмодерна. Мн., 1996;
Ильин И.П. Постмодернизм от истоков до конца столетия: Эволюция науч. мифа. М., 1998;
Лиотар Ж.Ф. Состояние постмодерна. СПб., 1998;
Скоропанова И.С. Русская постмодернистская литература. М., 1999;
Курицын В. Русский литературный постмодернизм. М., 2000;
Эпштэйн М. Постмодерн в России: Лит. и теория. М., 2000.