Лоўж, лоўш ’галлё, скінутае ў кучу’, ’куча галля’ (Бяльк., Некр., Шат., Янк. 2, ТСБМ; Сл. ПЗБ; староб., Мат. дыял. канф.; кліч., Маладосць, 6, 1975), ц.-палес. ловж, лёўж, ливж, лимж, ломж, ломж, лож, лемж ’тс’ (ЛАПП, Бел.-укр. ізал.), лоўж ’куча ўвогуле’ (Янк. 2; ст.-дар., Нар. сл.), ’куча бруднай бялізны’, ’вялікая колькасць чаго-небудзь’, ’рэчы, складзеныя ў пэўным парадку’, ’рыззё’ (Сл. ПЗБ), віц. лоўжа ’курган’ (Яшк.). Старажытны літуанізм (Арашонкава і інш., БЛ, 3, 30), параўн. літ. láužas ’куча галля’ (Урбуціс, Baltistica, 5, 64; Толстой, Лекс. балтызмы, 48; Непакупны, Связи, 187; Чарапанава, Бел.-рус. ізал., 123). Гл. таксама лаўж ’тс’. Сюды ж лоўжышча ’беспарадак’ (лаг., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лясковачка1, лесковачка ’гаршчочак’ (светлаг., Мат. Гом., Ян.). Няясна. Магчыма, звязана з ляска ’ляшчына’ — дубчыкі з ляшчыны, якімі аплятаўся слабы гаршчок для большай моцы. Параўн. берасцень ’гаршчок, які быў аплецены берастам’. Не выключана найменне гаршка паводле палосак, нанесеных на паверхню. Параўн. польск. laskować ’рабіць жалабкі’, ’пакрываць дранкай, ляскай’, laskowaty ’рыфлены’, а таксама ст.-бел. ляска ’нейкая судзіна’ (Скурат, БЛ, 8, 11). Гл. таксама лязкоўка.

Лясковачка2 ’дзіцячая гульня’ (Ян.), ляскоўка (іграць у ляскоўку) — бел.-рус. ізалекса (Герд, там жа, 32). Відаць, да ляскаць. У пацвярджэнне можна прывесці апісанне гульні ў Бялькевіча: адзін нагінаецца і зажмурвае вочы, яго па спіне б’юць (= ляскаюць), а ён павінен адгадаць, хто ўдарыў (Бяльк., 256).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́рхал (БРС) ’гоман, малая звадка’ (КЭС); ’беспарадак’ (Бір. Дзярж.); ’лямант, гвалт’ (Жд.). Таго ж паходжання, што і ва́рхал ’тс’ (гл.), г. зн. запазычанне з польск. warchoł. Форма вэ́рхал (падобнай формы ў польскай мове няма) другасная, узнікла ў бел. мове, відаць, з формы тыпу вархо́л (апошняя, напр., засведчана ў гаворках Слаўгарадчыны; гл. Яшкін, Бел.-польск. ізал., 157) пры перанясенні націску на першы склад. Параўн. багно́, але бэ́гна, барса́ць, але бэ́рсаць і да т. п. Яшкін (там жа) лічыць вэ́рхал, ва́рхал не запазычаннем, а агульным утварэннем для беларуска-польскай зоны. Гэта няправільна, бо ў польск. мове слова з’яўляецца спрадвечным і адлюстроўвае (разам са шматлікімі вытворнымі; гл. Брукнер, 601–602) прасл. адносіны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гале́тнік ’бядняк’ (БРС, Касп., Нас.). Ад прыметніка *golъ ’голы; бедны’ ў слав. мовах утвараецца шмат назоўнікаў з рознымі суфіксамі, у тым ліку з суф. *‑eta (паралельная фармацыя, быццам з апафоніяй, да ‑ota). Адсюль шырока вядомае слав. *golota і менш пашыранае *goleta. Гэта апошняе мы знаходзім, напр., у бел. галіта́ ’беднасць’ (у Нас. голита́) < *gol‑eta. Адсюль пры дапамозе суф. ‑нік утворана гале́тнік (або з суфіксам ‑ік ад прыметніка *gol‑et‑ьnъ). Суфікс *‑eta з элементам ‑j‑ (*‑et‑ja) дае пачатак новаму фарманту — *‑eč‑a (усх.-слав.). Параўн. бел. гале́ча ’беднасць’ (Касп.), укр. голе́ча ’галота, беднякі’ (у рус. мове голе́ча мае больш абстрактнае значэнне ’галалёдзіца’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глі́ца ’вясенні вецер’ (БРС, Гарэц., Байк. і Некр.). Не вельмі яснае слова. Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), гэта лексема, магчыма, з’яўляецца праславянскім лексічным дыялектызмам бел. мовы. Паходжанне яго лічыцца няясным. Але можна паспрабаваць аб’яднаць слова глі́ца ’вясенні вецер’ з бел. словам іглі́ца ’хвоя, адна хваінка’, укр. гли́ця ’хвоя, адна хваінка; драўляная іголка і да т. п.’ (Грынч.), польск. iglica, ст.-польск. glica (гл. Слаўскі, 1, 443–444). Тады глі́ца, магчыма, паходзіць з іглі́ца. Паршапачаткова глі́ца як назва ветру магла быць метафарай (’штосьці калючае, як ігла’). У такім выпадку няма патрэбы гаварыць аб спецыфічна беларускім лексічным дыялектызме праславянскага характару, таму што такая метафарызацыя можа здарыцца ў любы час.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́сціп ’досціп’ (БРС, Байк. і Некр.), дасці́пнасць ’дасціпнасць’ (БРС). Паводле Кюнэ (Poln., 50), запазычанне з польск. dowcip, dowcipność ’тс’ (Кюнэ, там жа, як аргумент прыводзіць той факт, што гэтыя словы вядомы толькі заходнім славянам; параўн. і чэш. důvtip). Аб польск. словах гл. падрабязна Слаўскі, 1, 158. Няясным, аднак, застаецца фармальны бок запазычання. Бел. формы тыпу до́сціп, дасці́пны і г. д. маглі б зыходзіць да польск. форм тыпу dowścipny, але апошнія засведчаны толькі з тэрыторыі Беларусі (Litwy; гл. Слаўскі, там жа.). Ужо ў ст.-бел. мове засведчаны ўсе вядомыя сёння формы: довтипъ, довтепъ, довтыпъ, довстипъ, довципъ, довтипный, довтипность (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 98–99).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́г̌ды ’ніколі’ (навагр., З нар. сл.; Сцяц., Сл. ПЗБ), нігды ’тс’ (Жд. 1, Сцяшк., Сл. Брэс.), нігда ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), негдэ, ныгды ’тс’ (драг., Нар. словатв.), ныгдэ ’тс’ (камян., Сл. ПЗБЗ, ст.-бел. никгды (нигды9 никды) з 1392 г. Хутчэй за ўсё даўняе запазычанне з польск. nigdy, пра што сведчыць графічнае адлюстраванне выбуховага г, ст.-бел. кг ці г: никгды, нигды (Карскі 2–3, 370; параўн. таксама Жураўскі, SOr, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 157)Меркаванні Шубы (Прысл., 60) пра самастойнае развіццё никогды > никгды здаецца менш верагодным, параўн., аднак, гродз. нігады ’ніколі’, якое можна вывесці з нігод ’ніколі’ (гл.), што адкрывае шлях трансфармацыі нігадыжігды.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кат ’кат’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат. і інш.). Параўн. рус. кат ’тс’, укр. кат. У бел. мове лексема зафіксавана ў помніках XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 143). Слова вядома ў іншых славянскіх мовах. Параўн. яшчэ польск. kat, чэш. kat ’тс’. Паводле Фасмера, 2, 208 (з некаторымі сумненнямі), слова запазычана праз польск. мову з ням. дыял. (бавар.) kat(e), ням. Gatte ’падручны ката’. Не пераконваюць некаторыя старыя этымалагічныя версіі, якія прапанавалі раней (напр., тлумачэнне слова як вытворнага ад дзеяслова тыпу рус. ка́яться). Гісторыя лексемы патрабуе далейшых этымалагічных даследаванняў. Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 63, які з польск. katować выводзіць бел. катава́ць. Гл. таксама агляд у Шанскага, 2, К, 88.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каха́ць ’мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы другога полу; любіць’. Ст.-бел. кохати (вядомае ў помніках ужо на пачатку XVI ст.) лічыцца запазычаннем з польск. kochać. Гл. Булыка, Запазыч., 173; Гіст. лекс., 94; Фасмер, 2, 356; Брукнер, 242; Бернекер, 1, 538; Кюнэ, Poln., 66; Слаўскі, 2, 311–313; Трубачоў, Эт. сл., 10, 110–111. Слова запазычана з польск. і ва ўкр. мове. Магчыма, прамым паланізмам трэба лічыць і каха́нне (< польск. kochanie). Здаецца, прасл. *koxati было ў прасл. часы дыялектным словам: яго не зналі бел. і ўкр. мовы. Адносна рус. коха́ть Трубачоў, там жа, мяркуе, што яно шырока прадстаўлена ў гаворках і, магчыма, з’яўляецца спаконвечнай лексемай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клуміць ’тлуміць, дурыць, шумець’ (Нас., Гарэц., Юрч., Мат. Маг., Бяльк., Др.-Падб.), клуміць галаву ’задурваць, валакіціць, падманваць’ (Юрч. Фраз. 2). Насовіч (237) гаворыць аб тым, што клуміць аднаго паходжання з глуміць і тлуміць. Да клум (гл.). Супастаўляючы з клуміць не толькі тлуміць, але і глуміць. Насовіч, відаць, мае на ўвазе кантамінацыю тлуміць і глуміць. З гэтым тлумачэннем нельга пагадзіцца, паколькі рус. глумить, бел. глуміць маюць таксама значэнне ’дурыць, падманваць’. Трэба таксама ўлічваць, што лексемы tłum, tłumić толькі польскія і іх этымалогія няясная. Таму, па-першае, не абавязкова прымаць пераход t > k на беларускай глебе для тлумачэння бел. шум, шуміць, можна меркаваць і аб адваротным працэсе (гл. глум, глуміць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)